Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
3 задумення мяне вывеў крык. Роза падхапілася, ачнуўшыся ад забыцця. Яна стаяла за сталом, вырачыўшы вочы, са збітым набакір капелюшом. Яна не заўважала, што кава паволі цячэ з перакуленага кубачка па стале ў яе адкрытую сумачку.
— Артур! — з цяжкасцю прамовіла яна.— Няўжо — ты?
Я перастаў іграць. У кафэ ўвайшоў хударлявы развязны чалавек у капелюшы, збітым на патыліцу.
У яго быў жоўты, нездаровы колер твару, вялікі нос і маленькая, падобная да яйца, галава.
— Артур,— усё яшчэ мармытала Роза.— Ты?
— Ну, а хто яшчэ? — прабурчаў Артур.
— Божа мой, адкуль ты ўзяўся?
— Адкуль я мог узяцца? 3 вуліцы праз дзверы.
Хаця Артур вярнуўся пасля працяглага расстання, ён быў не вельмі ветлівы. Я з цікаўнасцю назіраў за ім. Вось ён — легендарны ідэал Розы, бацька яе дзіцяці. Здавалася, ён толькі што выйшаў з турмы. Я не мог знайсці ў ім нічога такога, за што Роза магла яго так палымяна любіць. Магчыма, у тым і сакрэт. Дзіўна, чым спакушаюцца гэтыя цвёрдыя, як алмаз, знаўцы мужчын.
Артур, нічога не пытаючыся, узяў поўны куфаль піва, які стаяў на стале каля Розы, і выпіў. Адамаў яблык на яго тонкай жылістай шыі хадзіў пры гэтым уверх-уніз, нібы ліфт. Роза глядзела на яго, і вочы яе гарэлі.
— Вып’еш яшчэ? — спытала яна.
— Вядома,— сказаў Артур.— Але вялікі куфаль.
— Алоіс! — Роза, шчаслівая, паклікала афіцыянта.— Ён хоча піва.
— Бачу,— абыякава заявіў Алоіс і наліў піва.
— А дзіцятка! Артур, ты яшчэ не бачыў маленькай Эльвіры.
— Слухай! — Артур упершыню ажывіўся. Нібы абараняючыся, ён прыклаў руку да грудзей.— Пра гэта мне не балбачы! Мяне гэта не датычыць! Я ж хацеў, каб ты пазбавілася байструка. I так бы яно і было, каб я не...— Ён змрочна задумаўся,— А цяпер і на дзіця трэба грошы.
— Нічога страшнага, Артур. А потым... гэта ж дзяўчынка.
— Таксама каштуе грошай,— сказаў Артур і заліў у глотку другі куфаль.— Магчыма, знойдзецца дурная багатая баба, якая ўдачарыць дзіця. За прыстойную плату, вядома. Адзінае выйсце.
Ён схамянуўся.
— Ёсць грошы?
Роза паслужліва ўзяла сумачку, заляпаную кавай.
— Толькі пяць марак, Артур, я ж і не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Дома ёсць яшчэ.
Артур, як які паша, абыякава сыпануў серабро ў кішэню жылеткі.
— Праціраючы задніцай крэсла, не заробіш нічога,— незадаволена сказаў ён.
— Ужо іду, Артур. Але цяпер няма чаго лавіць. Час
вячэры.
— Хто стараецца, той і мае,— заявіў Артур.
— Ужо іду.
— Ну...— Артур дакрануўся да капелюша.— Заскочу зноў каля дванаццаці.
Развінчанай хадой ён пайшоў да дзвярэй. Роза праводзіла яго шчаслівым позіркам. Ён не азірнуўся і не зачыніў за сабой дзвярэй.
— Вярблюд,— вылаяўся Алоіс і зачыніў дзверы.
Роза горда глянула на нас.
— Ці ж не маладзец? Цвёрды, як крэмень. I дзе ён прападаў столькі часу?
— Бачна па колеры скуры,— адказала Валі.— У турме. Герой!
— Ты яго не ведаеш...
— Як аблупленага,— сказала Валі.
— Табе гэтага не зразумець,— Роза ўстала.— Ён сапраўдны мужчына. He якісьці смаркач. Ну, я пайшла. Прывітанне, дзеткі!
Памаладзелая і акрыленая, яна пайшла, круцячы сцёгнамі. Цяпер зноў паявіўся чалавек, якому яна будзе здаваць грошы на прапой. А потым ён яе за гэта аддупцуе. Яна была шчаслівая.
Праз паўгадзінкі пайшлі астатнія. Толькі Лілі засталася сядзець. Твар яе закамянеў. Я яшчэ крыху пабарабаніў на піяніна, потым з’еў бутэрброд і таксама пайшоў. Было цяжка доўга заставацца сам-насам з Лілі. Я павольна ішоў па мокрых цёмных вуліцах. Каля могілак выстраіўся атрад Арміі выратавання. У суправаджэнні труб і трамбонаў яны спявалі пра нябесны Ерусалім. Я спыніўся. Раптам з’явілася пачуццё, што мне не вытрываць аднаму, без Пат. Я ўтаропіўся на бляклыя магільныя пліты. Я сказаў сабе, што год назад я быў куды бальш адзінокі, што ў той час я быў увогуле незнаёмы з Пат. А цяпер яна была, хоць і не са мной. Але нічога не дапамагала — настрой мой раптам зусім сапсаваўся. Я адчуў сябе бездапаможным. Нарэшце я вярнуўся ў свой пакой, каб паглядзець, ці няма ад яе пісьма. Гэта не мела сэнсу, бо пісьма не магло быць і не было, але я ўсё роўна падняўся ў пакой.
Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпіленым паліто быў бачны смокінг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, ці не чуў ён што пра фраў Хасэ.
— He,— сказаў ён.— Яна яшчэ не вярталася. I ў паліцыю не заявілася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася.
Мы разам ішлі па вуліцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамі і вугалем. Шафёр падняў капот і корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калі мы праходзілі каля машыны, ён завёў матор і даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зірнуў на яго. Ён збялеў.
— Вам нездаровіцца? — спытаў я.
Ён усміхнуўся збялелымі вуснамі і пахітаў галавой.
— He... але я часам пужаюся, калі нечакана чую такі гук. Калі ў Расіі расстрэльвалі майго бацьку, на вуліцы таксама завялі матор грузавіка, каб заглушыць выстралы. Але мы іх усё роўна чулі.
Ён зноў усміхнуўся, быццам просячы прабачэння.
— 3 маці доўга не важдаліся. Яе расстралялі раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. I былі яшчэ каштоўнасці. Але мой брат замёрз па дарозе.
— За што расстралялі вашых бацькоў? — спытаў я.
— Мой бацька да вайны камандаваў казацкім палком, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лічыў гэта, так бы мовіць, у парадку рэчаў. Мая маці так не лічыла.
— А вы?
Ён зрабіў змораны адмоўны жэст.
— 3 таго часу так шмат было ўсяго.
— У тым-та і справа,— сказаў я.— Было больш, чым месціцца ў галаве.
Мы падышлі да гатэля, дзе ён працаваў. 3 «б’юіка» ў гэты час выйшла дама і з радасным воклічам кінулася да яго. Гэта была даволі поўная элегантная бландзінка гадоў сарака.
Па яе прывялым бяздумным твары было відаць, што яна не зведала ні турбот, ні гора.
— Прабачце,— сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок,— справы...
Ён пакланіўся бландзінцы і пацалаваў ёй руку.
У бары былі Валянцін, Кёстэр і Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за іх столік і заказаў паўбутэлькі рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмі дрэнна.
Фердынанд — шырокі, масіўны — сядзеў у кутку. У яго былі запалыя шчокі і ясныя блакітныя вочы. Ен ужо выпіў.
— Ну, малыш Робі,— сказаў ён і ляпнуў мяне па плячы.— Што з табой здарылася?
— Нічога, Фердынанд,— адказаў я.— I гэта дрэнна.
Хвілінку ён узіраўся ў мяне.
— Нічога? — сказаў ён потым.— Нічога? Гэта шмат! Нічога — гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет.
— Брава! — крыкнуў Ленц.— Надзвычай арыгінальна, Фердынанд!
— Супакойся, Готфрыд,— Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой.— Такія рамантыкі, як ты,— толькі патэтычныя конікі, што скачуць па краі жыцця. Яны разумеюць яго няправільна, і ўсё для іх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НІЧОГА, ты—легкавагавая істота?
— Ведаю тое-сёе. I гэтага дастаткова, каб любіць сваю вагу,— заявіў Ленц.— Прыстойныя людзі паважаюць НІЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў ім, як краты.
Граў утаропіўся ў яго.
— Будзь здароў,— сказаў Готфрыд.
— Будзь здароў,— адказаў Фердынанд.— Будзь здароў, корак.
Яны выпілі да дна.
— Хацеў бы я быць коркам,— сказаў я і таксама выпіў сваю чарку;— Каб, што ні зробіш, усё атрымлівалася як трэба. Хоць бы нядоўга.
— Здрада! — Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала.— Хочаш стаць дэзерцірам? Здрадзіць нашаму братэрству?
— He,— адказаў я.— Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нічога не крышылася.
Фердынанд нахіліўся да мяне. Яго вялізны дзікаваты твар перасмыкнуўся.
— Ты — член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з іх бязмэтнымі жаданнямі, з іх сумам, што не прыносіць карысці, з каханнем без будучыні, з адчаем, што не мае сэнсу.— Ён усміхнуўся.— Ты — з таго братэрства, члены якога лепш загінуць, чым зробяць кар’еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз — той вобраз, брат, які яны носяць у сэрцы, які непагасна гарыць у гадзінах, днях і начах, дзе нічога няма, акрамя аднаго: голага жыцця і голай смерці.
Ён падняў чарку, звяртаючыся да Фрэда за стойкай:
— Дай мне выпіць.
Фрэд прынёс бутэльку.
— Завесці яшчэ патэфон? — спытаў ён.
— He трэба,— сказаў Ленц.— Выкінь свой патэфон і прынясі большыя чаркі. А потым выключы палову святла, пастаў на стол некалькі бутэлек і знікні ў сваім кабінеце.
Фрэд кіўнуў галавой і выключыў верхняе святло. Засталіся гарэць толькі лямпачкі пад пергаментнымі абажурамі са старых геаграфічных картаў. Ленц наліў у шклянкі.
— Будзьце здаровы, дзеці! Вып’ем за тое, што жывыя! За тое, што дыхаем! За тое, што мы так моцна адчуваем жыццё, што нават не ведаем, што з ім рабіць!
— Сапраўды,— сказаў Фердынанд.— Толькі няшчасны ведае, што такое шчасце. Шчаслівы — як манекен. Ён толькі дэманструе шчасце жыцця. Ён ім не валодае. Святло не свеціць на святле. Яно свеціць у змроку. За змрок! Хто хоць раз перажыў навальніцу, той разумее, што такое электрычны разрад. Да д’ябла навальніцы! Няхай будзе блаславёна наша кароткае жыццё! Любячы яго, мы не закладзём яго пад працэнты! Мы скарыстаем яго самі! Піце, дзеці! Ёсць зоркі, што свецяць кожную ноч, хоць яны пагаслі ўжо дзесяць тысяч светлавых гадоў назад! Піце, пакуль ёсць час! Няхай жыве няшчасце! Няхай жыве змрок!
Ром стукнуў мне ў галаву. Я ціха ўстаў і пайшоў да Фрэда ў кабінет. Ён спаў. Я разбудзіў яго і папрасіў заказаць тэлефонную размову з санаторыем.
— Пачакайце,— сказаў ён.— У гэты час хутка даюць.
Праз пяць хвілін тэлефон зазваніў.
— Я хачу пагаварыць з фройляйн Хольман,— сказаў я.
— Хвілінку, я звяжу вас з дзяжурнай.
Мне адказала старшая сястра:
— Фройляйн Хольман ужо спіць.
— У яе пакоі няма тэлефона? — Вы не можаце разбудзіць яе?
Голас павагаўся.
— He. Сёння ёй ужо нельга ўставаць.
— Штосьці здарылася?
— Нічога. Толькі ў гэтыя дні ёй трэба паляжаць.
— Сапраўды нічога не здарылася?
— He, не, спачатку заўсёды так. Яна павінна паляжаць у пасцелі і адаптавацца.
Я павесіў трубку.
— Запозна? — спытаў Фрэд.
— Што ты маеш на ўвазе?
Ён паказаў на свой гадзіннік.
— Ужо дванаццатая гадзіна.
— Сапраўды,— сказаў я.— He трэба было званіць.
Я вярнуўся і выпіў яшчэ.
У дзве гадзіны мы сабраліся ісці. Ленц завёз на таксі Валянціна і Фердынанда дамоў.