• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Я паглядзеў на слухачоў. Тут былі людзі ўсіх прафесій, бухгалтары, дробныя рамеснікі, чыноўнікі, нейкая частка рабочых і шмат жанчын. Яны цяпер сядзелі ў душнай зале, адкінуўшыся ці нахіліўшыся, рад за радам, галава ля галавы. Хвалі слоў накатваліся на іх, і было дзіўна: якія розныя яны ні былі б, твары ва ўсіх мелі аднолькавы адсутны выраз, сонныя позіркі, скіраваныя ў туманную далячынь у пошуках фаты-марганы. У вачах была пустэча і адначасова магутнае чаканне, у якім растваралася ўсё — крытыка, сумненні, супярэчлівасці і пытанні, штодзённасць, сучаснасць, рэчаіснасць. Той чалавек на сцэне ведаў усё, у яго былі адказы на любое пытанне, рада ў любой бядзе. Было прыемна даверыцца яму. Добра было, што быў такі, хто думаў за цябе. Было прыемна верыць.
    Кёстэр штурхануў мяне пад бок. Ленца тут не было. Ён паказаў галавой на выхад. Я кіўнуў, і мы пайшлі. Хлопцы, што стаялі на варце каля дзвярэй, зірнулі на нас змрочна і падазрона. У вестыбюлі пастроіўся аркестр, гатовы крочыць у залу. За ім быў лес сцягоў і процьма значкоў.
    — Выдатна арганізавана, праўда? — спытаўся Кёстэр на вуліцы.
    — Першакласна. Mary судзіць пра гэта як стары кіраўнік аддзела рэкламы.
    Мы праехалі некалькі кварталаў да месца, дзе праходзіў другі сход. Іншыя сцягі, іншыя уніформы, іншая зала. Але ўсё астатняе амаль тое самае. На тварах той самы выраз няпэўнай надзеі і верніцкай спустошанасці. Перад радамі крэслаў — стол прэзідыума, накрыты белым стольнікам. За ім — партыйныя сакратары, прэзідыум, некалькі энергічных старых дзеў. Прамоўца, відаць, чыноўнік, быў слабейшы за папярэдняга. Ён гаварыў казённай нямецкай мовай, прыводзіў лічбы, доказы, усё было правільна, але, нягледзячы на гэта, ён пераконваў слабей, чым той, другі, які ўвогуле нічога не даказваў, а толькі сцвярджаў. Зморана драмалі ў прэзідыуме партыйныя сакратары, яны ўжо бачылі сотні такіх сходаў.
    — Пайшлі,— праз хвіліну сказаў Кёстэр.— Яго тут таксама няма. Дарэчы, я так і думаў.
    Мы паехалі далей. Пасля духаты ў перапоўненых залах паветра было халоднае і свежае. Машына імчала па вуліцах. Мы ехалі міма канала. Ліхтары кідалі жаўтлявыя рэфлексы на цёмную ваду, якая ціха плёхалася каля бетоннай набярэжнай. Міма паволі праплыла чорная баржа. Яе цягнуў буксірны параходзік з чырвонымі і зялёнымі сігнальнымі агнямі. Адтуль забрахаў сабака, потым пад ліхтаром з’явіўся чалавек і знік у люку, які на імгненне бліснуў залацістым святлом. На тым баку канала ярка свяціліся дамы заходняй часткі горада. Да іх вёў мост з шырокай аркай. Бесперапынна туды-сюды снавалі машыны, аўтобусы, трамваі. Усё гэта было падобна да іскрыстай стракатай зямлі пад нерухомай чорнай вадой.
    — Давай пакінем машыну тут і пройдзем астатак дарогі пехатой,— праз хвіліну сказаў Кёстэр.— He так будзем кідацца ў вочы.
    Мы спынілі «Карла» пад ліхтаром каля шынка. Калі мы выйшлі, ад нас наўцёкі кінулася белая кошка. Некалькі прастытутак у фартушках стаялі крыху паводдаль пад аркай варотаў. Калі мы праходзілі міма, яны прымоўклі. Катрыншчык спаў, прыхіліўшыся да сцяны дома. Старая жанчына корпалася ў адкідах, зваленых у кучу каля вуліцы.
    Мы падышлі да вялізнага будынка дома-казармы з мноствам флігеляў, двароў і праходаў. На ніжнім паверсе месціліся крамы, булачная і пункт прыёму рыззя і лому. На вуліцы перад першым праходам стаялі два грузавікі з паліцэйскімі.
    У адным з куткоў першага двара быў абсталяваны стэнд, на якім вісела некалькі картаў зорнага неба. За сталом
    з паперамі на невялічкім узвышэнні стаяў чалавек у турбане. Над яго галавой вісела шыльда: «Астралогія, графалогія, прадказанне будучыні. Ваш гараскоп за 50 пфенігаў». Яго акружаў натоўп. Зыркае святло карбіднага ліхтара падала на яго жоўты зморшчаны твар. Ён нешта настойліва ўнушаў слухачам, якія моўчкі глядзелі на яго — тым жа самым згубленым, адсутным позіркам з надзеяй на цуд, як і слухачы на сходах са сцягамі і аркестрамі.
    — Ота,— звярнуўся я да Кёстэра, які крочыў перада мной,— цяпер я ведаю, чаго хочуць людзі. Яны хочуць не палітыкі. Яны хочуць замены рэлігіі.
    Ён азірнуўся.
    — Вядома. Яны зноў хочуць у нешта верыць. Усё роўна, у што. Вось чаму яны фанатычныя.
    Мы трапілі ў другі двор, дзе быў шынок, у якім праходзілі сходы. Ва ўсіх вокнах гарэла святло. Потым мы пачулі з сярэдзіны шум. У той самы момант з цёмнага бакавога праходу ў двор як па сігнале ўляцелі некалькі хлопцаў у непрамакальных спартыўных куртках. Яны кінуліся, прыціскаючыся да сцяны, у дзверы шынка. Пярэдні рыўком адчыніў іх, і ўсе рынуліся ўсярэдзіну.
    — Ударная група,— сказаў Кёстэр.— Хадзем сюды да сцяны, станем за піўнымі бочкамі.
    У зале ўзняўся грукат і гвалт. У наступную секунду дзынкнула шыба і нехта вылецеў праз акно. Адразу ж пасля гэтага трэснулі дзверы, з іх вываліўся клубок людзей, першыя спатыкнуліся, заднія паваліліся на іх. Завішчала, просячы дапамогі, жанчына і пабегла праз вароты на вуліцу. Затым вываліўся другі клубок. Людзі былі ўзброены ножкамі ад крэслаў і піўнымі куфлямі. Выскачыў вялізны цясляр, стаў крышку ўбаку, і кожны раз, убачыўшы перад сабой твар праціўніка, ён сваёй доўгай рукой апісваў круг і ўдарамі заганяў таго назад у кучу. Ён рабіў гэта спакойна, быццам сек дровы.
    Яшчэ адзін ком вываліўся, і раптам мы ўбачылі на адлегласці трох метраў рыжую галаву Готфрыда, якая трапіла пад руку ашалеламу вусачу.
    Кёстэр прыгнуўся і нырнуў у бойку. Праз некалькі секунд вусач выпусціў Готфрыда, з выразам надзвычайнага здзіўлення падняў рукі ўгору і ўпаў у натоўп, як падпілаванае дрэва. Адразу пасля гэтага я ўбачыў Кёстэра, які цягнуў за каўнер Ленца.
    Ленц вырываўся.
    — Пусці мяне яшчэ на хвілінку, Ота,— хрыпеў ён.
    — Глупства,— крычаў Кёстэр.— Зараз паявіцца паліцыя. Пайшлі! Сюды!
    Мы пабеглі праз двор, да цёмнага бакавога праходу. Мы спяшаліся недарма. У той самы момант у дварэ загучалі залівістыя свісткі, замільгалі чорныя каскі паліцэйскіх, яны ачапілі двор. Мы пабеглі ўверх па лесвіцы, каб не трапіць у рукі паліцыі. 3 акна на лесвічнай пляцоўцы мы бачылі, што адбылося потым. Паліцыя працавала бліскуча. Яна перакрыла выйсці, убіла ў клубок клін, рассекла натоўп на часткі і пачала адразу вывозіць удзельнікаў. Першым трапіў разгублены цясляр, які спрабаваў яшчэ нешта растлумачыць. За нашымі спінамі адчыніліся дзверы. Жанчына ў сарочцы з голымі тонкімі нагамі са свечкай у руцэ высунула ў калідор галаву.
    — Гэта ты? — спытала яна змрочна.
    — He,— сказаў Ленц, які ўжо ачомаўся. Жанчына грымнула дзвярыма. Ленц кішэнным ліхтарыкам пасвяціў на дзверы. Тут чакалі Герхарда Пешкэ, муляра.
    Унізе стала ціха. Паліцыя паехала, двор апусцеў.
    Мы яшчэ крыху пачакалі, потым спусціліся ўніз па лесвіцы. За чыімісьці дзвярыма плакала дзіця. Яно румзала ціха, на нешта скардзячыся ў змроку.
    —■ Правільна плача,— сказаў Готфрыд,— у аванс.
    Мы прайшлі праз пярэдні двор. Астролаг, усімі пакінуты, стаяў перад сваімі зорнымі картамі.
    — Вам гараскоп, панове? — усклікнуў ён.— Ці паваражыць, што будзе, па руцэ?
    — Давай,— сказаў Готфрыд і 'працягнуў яму руку. Мужчына нейкі час вывучаў яе.
    — У вас парок сэрца,— катэгарычна заявіў ён.— Вашы пачуцці моцна развітыя, ваша лінія мудрасці вельмі кароткая, затое ў вас добрыя музычныя здольнасці. Вы шмат марыце, але вы непрыгодны як муж. I ўсё ж я бачу трое дзяцей. Вы — дыпламатычная натура, схільны да замкнёнасці. Вы дажывяце да 80 гадоў.
    — Усё правільна,— заявіў Готфрыд.— Мая фройляйн мама таксама казала заўсёды: хто злуецца, той хутка састарыцца. Мараль — знаходка людзей, а не выснова жыцця.
    Ён заплаціў, і мы пайшлі далей. Вуліца была пустая. Чорная кошка перабегла нам дарогу. Ленц звярнуў увагу на яе.
    — Нам трэба вярнуцца.
    — Кінь,— сказаў я.— Нядаўна мы бачылі белую. Ёсць раўнавага.
    Мы пайшлі па вуліцы. Некалькі чалавек ішлі нам насустрач па другім баку. Гэта былі чатыры маладыя хлапцы. Адзін быў у новых светла-жоўтых крагах, астатнія — у ботах, падобных да вайсковых. Яны спыніліся і ўтаропіліся на нас.
    — Вось ён! — крыкнуў раптам той, што быў у крагах, і пабег да нас праз вуліцу. У наступны момант прагучалі два стрэлы, хлопец адскочыў убок, і ўсе чацвёра кінуліся з усіх ног наўцёкі. Я ўбачыў, як Кёстэр хацеў кінуцца за імі, але потым неяк дзіўна павярнуўся, выпрастаў рукі, выдаў прыглушаны дзікі ўскрык і паспрабаваў падхапіць Готфрыда Ленца, які цяжка грымнуўся на асфальт.
    На секунду я падумаў, што ён проста ўпаў. Потым я заўважыў кроў. Кёстэр рыўком расхінуў яму пінжак, сарваў сарочку... Кроў біла моцным струменем. Я прыціснуў да раны хусцінку.
    — Пабудзь тут, я прыганю машыну,— крыкнуў Кёстэр і пабег.
    — Готфрыд,— сказаў я,— ты чуеш мяне?
    Яго твар пашарэў. Вочы былі прыплюшчаны. Вейкі не варушыліся. Адной рукой я трымаў яго галаву, а другой прыціскаў хусцінку да месца, адкуль ішла кроў. Я ўкленчыў каля яго, прыслухоўваўся да яго хрыпаў, яго дыхання, але я нічога не чуў, усё як амярцвела: бясконцая вуліца, бясконцыя рады дамоў, бясконцая ноч... я толькі чуў, як кроў з ціхім плёскатам капала на зямлю, і ведаў, што так ужо не адзін раз магло здарыцца, і не верыў цяпер, што гэта праўда.
    Падляцеў на машыне Кёстэр. Ён адкінуў спінку левага сядзення. Мы асцярожна паднялі Готфрыда і паклалі на сядзенні. Я ўскочыў у машыну, Кёстэр даў газу. Мы паехалі ў бліжэйшы пункт хуткай дапамогі. Кёстэр асцярожна затармазіў.
    — Паглядзі, ці ёсць урач. Калі няма, паедзем далей.
    Я пабег. Насустрач мне выйшаў санітар.
    — Ёсць урач?
    — Ёсць. Вы некага прывезлі?
    — Так. Вазьміце насілкі, і хадзем.
    Мы паклалі Готфрыда на насілкі і ўнеслі ў бальніцу. Урач ужо стаяў з закасанымі рукавамі.
    — Сюды! — Ён паказаў на стол. Мы паставілі насілкі. Урач апусціў лямпу да самай раны.
    — Што гэта?
    — 3 рэвальвера.
    Ён узяў ваты, выцер кроў, памацаў пульс, праслухаў яго і выпрастаўся.
    — Ужо нічога не зробіш.
    Кёстэр утаропіўся ў яго.
    — Але ж куля прайшла зусім збоку. He можа быць, што так дрэнна.
    — Тут раны ад двух стрэлаў! — сказаў урач.
    Ён зноў выцер кроў. Мы нахіліліся. Цяпер мы бачылі, што наўскасяк ад той раны, якая так моцна крывяніла, была другая — маленькая цёмная адтуліна ў вобласці сэрца.
    — Ён памёр амаль імгненна,— сказаў урач.
    Кёстэр выпрастаўся. Ён узіраўся ў Готфрыда. Урач закрыў раны тампонамі і заклеіў іх палоскамі пластыра.