Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
Непадалёк было даволі вялікае кафэ. Мы зайшлі ў яго і селі за столік каля дзвярэй. На наша здзіўленне, кафэ было амаль поўнае. Іграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былі стракатыя папяровыя шапачкі, многія наведнікі былі ў маскарадных вопратках, над столікамі лёталі стужкі серпанціну, паветраныя шары плавалі пад столлю, афіцыянты бегалі з поўнымі падносамі. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.
— Што тут адбываецца? — спытаў Кёстэр.
Суседка-бландзінка абсыпала нас жменяй канфеці.
— Адкуль вы зваліліся? — засмяялася яна.— Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?
— Ах, вось што,— сказаў я.— Тады прыйдзецца вымыць рукі.
Мне трэба было прайсці праз усю залу, каб трапіць да ўмывальнікаў. На нейкі час дарогу мне заступілі п’яныя, якія ўздымалі на стол жанчыну, каб яна спела ім. Жанчына з віскам супраціўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалі і людзі. Я пачакаў, пакуль вызваліцца праход, ды раптам мяне нібы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знікла — і шум, і музыка,— засталіся толькі невыразныя мігатлівыя цені. Але выразна, незвычайна рэзка і ясна мне бачыўся стол, адзіны стол, а за сталом — малады чалавек у блазнерскім каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпітку. Шкляны тупы позірк, вельмі тонкія губы, а пад сталом — светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагі.
Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п’яны, адышоўся крыху і зноў спыніўся. Зрабілася невыносна горача, я калаціўся ўвесь, далоні мае ўзмакрэлі. Цяпер я ўжо бачыў і астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымі тварамі хорам спявалі нейкую песню, адбіваючы па стале такт куфлямі. Мяне зноў нехта штурхнуў.
— He заступайце ж праход,— прабурчаў нехта.
Я механічна прайшоў далей, знайшоў умывальнікі, памыў рукі. Толькі цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукі гарачай вадой. Я вярнуўся.
— Што з табой? — спытаў Кёстэр.
Я не мог нічога вымавіць.
— Табе кепска? — спытаў ён.
Я пахітаў галавой і глянуў на суседні столік, адкуль
скоса пазірала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузіліся. Ён нахіліўся над сталом.
— Ён? — ціха спытаў.
— Ён,— адказаў я.
— Дзе?
Я паказаў позіркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.
— Асцярожна,— шапнуў я.— He тут, Ота!
Ён адмахнуўся кароткім жэстам і паціху пайшоў наперад. Я быў гатовы кінуцца за ім. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, і яна адчапілася ад яго, здзіўлена гледзячы яму ўслед. Зрабіўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.
— Яго ўжо няма.
Я ўстаў і глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.
— Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? — спытаў я.
Кёстэр паціснуў плячыма. Толькі цяпер ён заўважыў каўпак на галаве і скінуў яго.
— He разумею. Я ж мыў рукі адну-дзве мінуты.
— Цябе не было мінут пятнаццаць.
— Няўжо? — Я яшчэ раз зірнуў на той стол.— Астатнія таксама пайшлі. 3 імі была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калі б ён пазнаў мяне, ён знік бы, пэўна, адзін.
Кёстэр паклікаў кельнера.
— Тут ёсць другі выхад?
— Ёсць, з другога боку, на вуліцу Гардэнберга.
Кёстэр дастаў з кішэні грошы і падаў кельнеру.
— Пайшлі,— сказаў ён.
— Шкада,— сказала дзяўчына за суседнім столікам і ўсміхнулася.— Такія сур’ёзныя кавалеры.
На вуліцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кафэ ён здаўся ледзяным.
— Ідзі дадому,— сказаў Кёстэр.
— Ён быў не адзін,— адказаў я і сеў у машыну.
Машына панеслася. Мы прачасалі ўсе вуліцы вакол кафэ, усё шырэй і шырэй, але нікога не ўбачылі. Нарэшце Кёстэр спыніўся.
— Выслізнуў,— сказаў ён.— Але нічога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.
— Ота,— сказаў я,— давай пакінем яго.
Ён зірнуў на мяне.
— Готфрыд мёртвы,— працягваў я на здзіўленне самому сабе.— Ад гэтага ён не ўваскрэсне.
Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.
— Робі,— павольна адказаў ён,— я ўжо не памятаю, колькі я забіў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забіў маладога англічаніна. У яго заела патрон, і ён нічога не мог зрабіць. Я быў са сваім кулямётам за некалькі метраў ад яго і бачыў яго спуджаны дзіцячы твар зусім блізка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведаліся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год — і ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзіцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу... Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабіў мне нічога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне гэтым заклятым апраўданнем: вайна ёсць вайна. Але я кажу табе: калі я не заб’ю таго, хто забіў Готфрыда, хто застрэліў яго, як сабаку, без усялякай прычыны, тады эпізод з англічанінам — жахлівае злачынства, ты разумееш?
— Разумею,— сказаў я.
— А цяпер ідзі дадому. Я хачу давесці справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсці, не разбурыўшы яе.
— Я не пайду дадому, Ота. Калі так, то мы застанемся разам.
— Глупства,— нецярпліва сказаў ён.— Ты мне непатрэбны.
Ён падняў руку, не даючы мне гаварыць.
— Я буду вельмі асцярожны. Я яго сустрэну аднаго, без астатніх, зусім аднаго! He бойся.
Ён хутка саштурхнуў мяне з сядзення і пакаціў. Я ведаў, што яго цяпер не стрымаць. Я ведаў таксама, чаму ён не ўзяў мяне. Праз Пат. Готфрыда ён узяў бы.
Я пайшоў да Альфонса. Толькі з ім я мог пагаварыць. Я хацеў параіцца з ім, ці нельга штосьці зрабіць. Але Альфонса не было. Заспаная дзяўчына сказала мне, што ён гадзіну таму пайшоў на сход. Я вырашыў пачакаць і сеў за СТОЛІК.
Кафэ было пустое. Над стойкай гарэла маленькая лямпачка. Дзяўчына села і зноў заснула. Я думаў пра Альфонса і пра Готфрыда, я пазіраў праз акно на вуліцу, якую зараз асвятляла поўня, што паволі плыла над дахамі, я думаў пра магілу за чорным драўляным крыжам са сталёвай каскай, надзетай на яго, і раптам я заўважыў, што плачу. Я выцер слёзы.
Праз нейкі час я пачуў нечыя хуткія, ціхія крокі. Дзверы адчыніліся, увайшоў Альфонс. На яго твары блішчаў пот.
— Гэта я, Альфонс,— сказаў я.
— Хутка сюды!
Я пайшоў за ім у пакой справа за стойкай. Альфонс падышоў да шафы і дастаў два старыя салдацкія перавязачныя пакункі.
— Перавяжы мяне,— сказаў ён і спусціў штаны.
У яго на сцягне была рана.
— Як кулявое раненне,— сказаў я.
— Так і ёсць,— буркнуў Альфонс.— Давай, перавязвай.
— Альфонс,— сказаў я, выпростваючыся.— Дзе Ота?
— Адкуль я ведаю, дзе Ота,— прамармытаў ён і выціснуў кроў з раны.
— Вы былі не разам?
— He.
— Ты яго не бачыў?
— I не блізка. Разгарні другі пакунак і накладзі зверху. Толькі драпіна.
Ён, нешта мармычучы, займаўся сваёй ранай.
— Альфонс,— сказаў я,— мы бачылі сёння таго... ты ведаеш, які Готфрыда... Ота палюе на яго.
— Што? — Ён адразу насцярожыўся.— Дзе ён? Цяпер ужо не мае сэнсу. Яму трэба пакінуць гэта...
— Ён не пакіне.
Альфонс адкінуў убок нажніцы.
— Едзь туды! Ты ведаеш, дзе ён? Ён павінен знікнуць. Скажы яму, што справа Готфрыда закрыта. Я справіўся раней, чым вы. Ты ж бачыш! Страляў у мяне, але я адбіў яму руку. Потым выстраліў я. Дзе Ота?
— Дзе-небудзь у раёне Мёнкештрасэ.
— Дзякуй богу. Ён там даўно не жыве. Але ўсё ж забяры яго.
Я падышоў да тэлефона і пазваніў на стаянку таксі, дзе звычайна спыняўся Густаў. Ён быў там.
— Густаў,— сказаў я,— ты можаш хутка пад’ехаць да рога вуліцы Візэнштрасэ і плошчы Бэльвю? Хуценька! Я чакаю цябе там.
— Дамовіліся. Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў трубку і вярнуўся да Альфонса.
— Я не ведаў, што вы ездзілі па горадзе,— сказаў ён. Яго твар быў яшчэ ўспацелы.— Было б лепш, калі б вы сядзелі дзе-небудзь. Для алібі. Можа здарыцца, што вас будуць дапытваць. Ніколі не ведаеш...
— Падумай лепш пра сябе,—■ сказаў я.
— Нічога! — Ён гаварыў хутчэй, чым звычайна.— Мы былі адзін на адзін. Я чакаў яго ў пакоі. У летнім дамку. Вакол ніякіх суседзяў. Акрамя таго — самаабарона. Мне алібі не патрабуецца. А калі захачу, то ў мяне іх будзе дзесятак.
Ён зірнуў на мяне, павярнуўшы ў мой бок мокры шырокі твар. Валасы зліпліся, рот скрывіўся, а яго позірк немагчыма было вытрымаць — столькі пакуты, болю і любові непрыкрыта і безнадзейна раптам адлюстравалася ў ім.
— Цяпер Готфрыд можа спаць спакойна,— сказаў ён ціхім хрыплым голасам.— У мяне дагэтуль было пачуццё, што яму неспакойна.
Я анямела стаяў перад ім.
— Ідзі,— сказаў ён.
Я праз кафэ выйшаў на вуліцу. Дзяўчына ўсё яшчэ спала. Яна гучна дыхала. Месяц падняўся, было вельмі светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блішчалі ў месячным святле, нібы срэбныя люстэркі. Вецер улёгся. Навокал было ціха.
Густаў пад’ехаў праз некалькі хвілін.
— Што здарылася, Роберт? — спытаў ён.
— Нашу машыну ўкралі сёння вечарам. Цяпер мне сказалі, што яе бачылі ў раёне Мёнкештрасэ. Пад’едзем туды?
— Вядома! — Густаў заспяшаўся.— Чаго цяпер толькі не крадуць. Што ні дзень, то некалькі машын. Але найчасцей катаюцца толькі, пакуль хапае бензіну. А потым кідаюць.
— Магчыма, і з нашай будзе тое самае.
Густаў расказаў, што хоча жаніцца. Нявеста ўжо чакае дзіця, і тут нічога не зробіш. Мы праехалі па Мёнкештрасэ, потым — па папярэчных вуліцах.
— Вунь яна! — раптам крыкнуў Густаў.
Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставіў ключ і ўключыў запальванне.
— Усё ў парадку, Густаў,— сказаў я.— Вялікі дзякуй, што падвёз мяне.
Ці не выпіць нам па чарцы? — спытаў ён.
— He. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.
Я палез у кішэнь, каб разлічыцца з ім.
— Ты звар’яцеў? — спытаў ён.
— Тады дзякуй, Густаў. He затрымлівайся. Да пабачэння.
— А можа, пасочым, ці не зловім таго зладзея?
— He, не, той, напэўна, ужо далёка.— Я раптам заспяшаўся.— Да пабачэння, Густаў.
— У цябе хопіць бензіну?
— Хопіць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ і на трэцяй хуткасці паволі пакаціўся ўніз. Калі я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
— Што гэта значыць?
— Садзіся,— хутка сказаў я.— Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён... ён знайшоў таго ўжо.
— I?
— Усё,— сказаў я.
Кёстэр моўчкі сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасціўся каля мяне, крыху паніклы. Я паехаў.
— Паедзем да мяне? — спытаў я.
Ён кіўнуў галавой. Я даў газу і накіраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцілася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другім баку чарнелі, накрытыя ценем, а на вуліцах ляжала нерухомае блакітнае святло, па якім, як па снезе, слізгалі шыны. Над радамі дамоў узвышаліся шырокія вежы сабора ў стылі барока. Яны мігцелі на далёкім фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымі водсветамі. Над усім, як светлавая ракета, вісеў месяц.