Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Вы хочаце ўмыцца? — спытаў ён мяне.
— He,— адказаў я.
Твар Готфрыда пажаўцеў і запаў. Рот крыху скрывіўся, вочы былі прыплюшчаны, адно больш, другое менш. Ён глядзеў на нас. Ён увесь час глядзеў на нас.
— Як гэта здарылася? — спытаў урач.
Ніхто не адказаў. Готфрыд глядзеў на нас. Ён глядзеў на нас неадрыўна.
— Ён можа застацца тут,— сказаў урач.
Кёстэр зварухнуўся.
— He,— запярэчыў ён.— Мы яго забяром.
— Нельга,— сказаў урач.— Трэба пазваніць у паліцыю. I крыміналістам. Трэба ўсё адразу зрабіць, каб знайсці злачынцу.
— Злачынцу? — Кёстэр зірнуў на ўрача, быццам не разумеючы яго.— Добра,— сказаў ён потым,— я паеду і прывязу паліцыю.
— Вы можаце пазваніць. Тады яны хутчэй прыедуць.
Кёстэр ціха пахітаў галавой.
— He. Я іх прывязу.
Ён выйшаў, і я пачуў, як загудзеў матор «Карла». Урач падсунуў мне крэсла.
— He хочаце прысесці пакуль што?
— Дзякую,— сказаў я, застаючыся стаяць. Яркае святло ўсё яшчэ падала на акрываўленыя грудзі Готфрыда. Урач крыху падняў лямпу.
— Як жа Тэта здарылася? — спытаў ён яшчэ раз.
— Я не ведаю. Мусіць, з некім пераблыталі.
— Ён быў на вайне? — спытаў урач.
Я кіўнуў галавой.
— Гэта бачна па рубцах,— сказаў ён.— I па прастрэленай руцэ. Ён быў паранены некалькі разоў.
— Якая подласць,— сказаў санітар.— Вашывыя падшыванцы. Тады, пэўна, яшчэ ў полках ляжалі.
Я нічога не адказаў. Готфрыд глядзеў на мяне. Увесь час.
Кёстэр вярнуўся не скора. Ён быў адзін. Урач адклаў газету, якую чытаў.
— Ёсць прадстаўнікі ўлады? — спытаў ён.
Кёстэр спыніўся. Ён не чуў, што сказаў урач.
— Паліцыя прыехала? — спытаў урач яшчэ раз.
— А-а,— адказаў Кёстэр,— паліцыя. Трэба пазваніць, каб прыехала.
Урач глянуў на яго, але нічога не сказаў і пайшоў да тэлефона. Праз некалькі хвілін прыйшлі два паліцэйскія чыноўнікі. Яны селі за стол, і адзін з іх пачаў запісваць звесткі пра Готфрыда. He ведаю чаму, але мне здалося вар’яцтвам адказваць, як яго звалі, і калі ён нарадзіўся, і дзе ён жыў, адказваць цяпер, калі ён быў мёртвы. Я ўтаропіўся на чорны агрызак алоўка, які час ад часу чыноўнік слініў. Я адказваў механічна.
Другі чыноўнік пачаў складаць пратакол. Кёстэр даваў патрэбныя звесткі.
— Вы можаце мне сказаць, як прыкладна выглядаў забойца? — спытаўся чыноўнік.
— He,— адказаў Кёстэр.— Я не звярнуў увагі.
Я зірнуў на яго. Я прыпомніў жоўтыя крагі і уніформу.
— Вы не ведаеце, да якой партыі ён належаў? Вы не бачылі значкоў альбо уніформы?
— He,— сказаў Кёстэр.— Да стрэлаў я нічога не бачыў. А потым я толькі зай...— ён на імгненне запнуўся,— займаўся маім таварышам.
— Вы ўваходзіце ў якую-небудзь партыю?
— He.
— Я пытаю таму, што вы сказалі, што ён ваш таварыш...
— Ён мой таварыш з вайны,— сказаў Кёстэр.
Чыноўнік павярнуўся да мяне.
— Вы можаце апісаць забойцу?
Кёстэр цвёрда зірнуў на мяне.
— He,— сказаў я.— Я таксама нічога не бачыў.
— Дзіўна,— сказаў чыноўнік.
— Мы размаўлялі і ні на што не звярталі ўвагі. Усё адбылося вельмі хутка.
Чыноўнік уздыхнуў. 313
— Мала надзеі, што мы зловім малайцоў.
Ён закончыў пратакол.
— Мы можам забраць яго? — спытаў Кёстэр.
— Шчыра кажучы...— чыноўнік глянуў на ўрача.— Прычына смерці вызначана дакладна?
Урач кіўнуў галавой.
— Я ўжо склаў акт.
— А дзе куля? Я павінен забраць кулю.
— Былі дзве кулі. Яны ў целе. Мне трэба было б...— урач завагаўся.
— Мне патрэбны абедзве,— сказаў чыноўнік.— Трэба паглядзець, ці з адной зброі стралялі.
— Няхай,— сказаў Кёстэр на позірк урача.
Санітар паправіў насілкі і апусціў святло. Урач узяў свае інструменты і запусціў пінцэт у рану. Першую кулю ён знайшоў хутка. Яна сядзела не вельмі глыбока. Каб дастаць другую, давялося рабіць надрэз. Ён нацягнуў гумавыя пальчаткі да локцяў і ўзяў заціскі і скальпель. Кёстэр паспешліва падышоў да насілак і закрыў Готфрыду вочы, якія ўсё яшчэ былі прыплюшчаны. Пачуўшы лёгкі шоргат скальпеля, я адвярнуўся. У нейкі момант я хацеў падскочыць і адштурхнуць урача, бо мне раптам здалося, што Готфрыд толькі страціў прытомнасць, а ўрач зараз сапраўды зарэжа яго... але я потым ачнуўся. Мы бачылі дастаткова нябожчыкаў, каб разумець...
— Вось яна,— сказаў урач і выпрастаўся. Ён выцер кулю і аддаў яе чыноўніку.
— Такая ж самая. 3 той самай зброі, праўда?
Кёстэр нахіліўся і пачаў уважліва разглядаць маленькія, з матавым бляскам, кулі, якія качаліся на далоні паліцэйскага чыноўніка.
— Так,— сказаў ён.
Чыноўнік загарнуў іх у паперку і схаваў у кішэнь.
— Папраўдзе, гэта не дазволена,— сказаў ён праз нейкі час,— але калі вы хочаце ўзяць яго дадому... састаў злачынства высветлены, ці не так, доктар? — Урач кіўнуў.— Вы ж і судовы ўрач,— працягваў чыноўнік,— ну тады... як хочаце... вам толькі трэба... можа здарыцца, што заўтра з’явіцца яшчэ адна камісія...
— Я ведаю,— сказаў Кёстэр.— Мы ўсё пакінем, як было.
Чыноўнікі пайшлі.
Урач ізноў закрыў і заклеіў раны Готфрыда.
— Што вы хочаце рабіць? — спытаў ён.— Вы можаце
ўзяць з сабой насілкі. Толькі вярніце іх сюды заўтра да вечара.
— Добра, дзякуй,— сказаў Кёстэр.— Пайшлі, Робі.
— Я дапамагу вам,— сказаў санітар.
Я пахітаў галавой.
— Справімся.
Мы паднялі насілкі, вынеслі іх і ўладкавалі на два левыя сядзенні, якія ўтварылі плоскасць з адкінутымі спінкамі. Санітар і ўрач выйшлі і назіралі, што мы робім. Мы накрылі Готфрыда яго плашчом і паехалі. Праз некалькі хвілін Кёстэр павярнуўся да мяне.
— Мы потым яшчэ раз праедзем па той вуліцы. Я ўжо раз быў там. Але было зарана. Магчыма, яны паявяцца.
Паволі пайшоў снег. Кёстэр вёў машыну амаль нячутна. Ён часта выціскаў счапленне і выключаў запальванне. Ён не хацеў, каб нас чулі, хоць чацвёрка, якую мы шукалі, не ведала, што ў нас ёсць машына. Бясшумна, як белы прывід, мы плылі праз снег, які падаў усё гусцей. Я дастаў з інструментаў малаток і паклаў каля сябе, каб нечакана выскачыць з машыны і ўдарыць. Мы ехалі па вуліцы, на якой адбылася трагедыя. Пад ліхтаром яшчэ можна было бачыць чорную крывавую пляму. Кёстэр выключыў святло. Мы ехалі каля самага бардзюра і сачылі за вуліцай. Нікога не было бачна. Толькі з асветленага шынка чуліся галасы.
Кёстэр спыніўся на скрыжаванні.
— Застанься тут,— сказаў ён,— я зазірну ў шынок.
— Пойдзем разам,— не згадзіўся я.
Ён кінуў на мяне позірк, які я запомніў з таго часу, калі ён адзін хадзіў у разведку.
— У шынку я нічога ўсчынаць не буду,— сказаў ён.— Ён можа ўлізнуць ад мяне. Я толькі гляну, ці ёсць ён там. Мы тады пачакаем яго. Застанься тут каля Готфрыда.
Я згодна кіўнуў, і ён знік у завірусе. Сняжынкі білі мне ў твар і раставалі. Мне раптам зрабілася не па сабе, што Готфрыд закрыты, як быццам ён ужо не з намі, і я адкінуў плашч з твару. Цяпер снег падаў яму на твар, на вочы, на вусны, але не раставаў. Я ўзяў сваю хусцінку, абцёр яго і зноў накінуў на яго плашч.
Вярнуўся Кёстэр.
— Няма?
— He,— адказаў ён.
Ён сеў у машыну.
— Мы праедзем цяпер па іншых вуліцах. У мяне такое пачуццё, што мы яго вось-вось сустрэнем.
Матор зароў, але тут жа сцішыўся. Мы паціху ехалі праз белую завірушную ноч, з вуліцы ў вуліцу, на паваротах я прытрымліваў Готфрыда, каб ён не з’ехаў. Час ад часу мы спыняліся, ад’ехаўшы метраў сто ад якога-небудзь шынка, і Кёстэр шырокімі крокамі бег назад, каб зазірнуць у яго. Ён быў апантаны змрочным, халодным шаленствам. Ён не думаў пра тое, што спачатку трэба завезці Готфрыда. Двойчы ён памыкаўся зрабіць гэта, але потым зноў вяртаўся, бо яму здавалася, што якраз у гэты момант можа з’явіцца чацвёрка.
Раптам далёка наперадзе на пустой доўгай вуліцы мы ўбачылі цёмную групу людзей. Кёстэр адразу ж выключыў запальванне, і мы бясшумна, выключыўшы фары, пад’ехалі да іх. Тыя нас не пачулі. Яны размаўлялі паміж сабой.
— Чацвёра,— шапнуў я Кёстэру. У той самы момант машына зараўла, імгненна праляцела апошнія дзвесце метраў, амаль заскочыла на тратуар і з віскам, ледзь не перакуліўшыся, спынілася не больш чым за метр ад чатырох, якія спуджана ўскрыкнулі. Кёстэр павіс, нахіліўшыся з машыны, яго цела напружынілася, як сталёвы лук, ён быў гатовы выскачыць. Яго твар зрабіўся няўмольны, як смерць.
Мы ўбачылі чатырох бездапаможных пажылых людзей. Адзін з іх быў п’яны. Яны пачалі лаяцца. Кёстэр нічога не адказаў. Мы паехалі далей.
— Ота,— сказаў я,— мы сёння не знойдзем яго. Я не думаю, што ён адважыцца выйсці на вуліцу.
—• Можа, і так,— адказаў ён праз нейкі час і павярнуў машыну. Мы паехалі да дома, дзе жыў Кёстэр. У яго пакой быў асобны ўваход, так што нікога не трэба было будзіць. Калі мы выйшлі з машыны, я сказаў:
•— Чаму ты не захацеў гаварыць паліцыі, як той выглядаў? Нам дапамаглі б знайсці яго. А мы ж яго разгледзелі даволі добра.
Кёстэр зірнуў на мяне.
— Таму што мы самі з ім разлічымся, без паліцыі. Няўжо ты думаеш... — яго голас зноў прыціх, ён быў прыглушаны і жахлівы,— што я аддам яго паліцыі? Каб ён атрымаў некалькі гадоў турмы? Тыж ведаеш, чым канчаюцца ўсе гэтыя працэсы. Гэтыя малойчыкі ведаюць, што знойдуцца добранькія суддзі! Гэтага не будзе! Кажу табе: калі б яго нават злавіла паліцыя, я заявіў бы, што гэта не той, каб ён сам трапіў мне ў рукі. Готфрыд мёртвы, а той — жывы? Гэтага не будзе!
Мы знялі насілкі з сядзенняў і праз завіруху і вецер унеслі іх у пакой, і мне здалося, што мы зноў у Фландрыі нясём забітага таварыша з акопаў у тыл.
Мы купілі труну і месца на могілках. Яго хавалі ў ясны сонечны дзень. Мы самі закрылі труну і знеслі яе ўніз па лесвіцы. Працэсія была невялікая. Фердынанд, Валянцін, Альфонс, бармен Фрэд, Георгі, Юп, фраў Штос, Густаў, Стэфан Грыгаляйт і Роза.
Каля варотаў могілак мы вымушаны былі пачакаць. Перад намі былі яшчэ дзве працэсіі. Аднаго нябожчыка прывезлі на чорным катафалку, другога — на карэце, у якую былі запрэжаны коні, упрыгожаныя чорным і срэбным крэпам. За карэтай цягнулася бясконцая працэсія жалобнікаў, якія ажыўлена размаўлялі паміж сабой.
Мы знялі труну з машыны і самі апусцілі яе на вяроўках. Магільшчыку гэта было па душы, бо яму і без таго хапала работы. Мы запрасілі свяшчэнніка. Мы, праўда, не ведалі, што на гэта сказаў бы Готфрыд, але Валянцін настояў на сваім. Ва ўсякім разе мы папрасілі святара не гаварыць прамовы. Няхай ён толькі прачытае з Бібліі. Святар быў стары і блізарукі. Калі ён падышоў да магілы, то спатыкнуўся і ледзь не ўваліўся ў яе,— добра, што Кёстэр і Валянцін падхапілі і ўтрымалі яго. Але падаючы, ён выпусціў з рук Біблію і згубіў акуляры, якія хацеў надзець. Яны ўпалі ў магілу. Святар разгублена пазіраў уніз.