Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Я рады, Ота, што так атрымалася,— сказаў я.
— А я — не,— адказаў ён.
У фраў Залеўскі яшчэ гарэла святло. Калі я адчыніў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
— Вам тэлеграма,— сказала яна.
— Тэлеграма? — здзіўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеі вечара. Потым я зразумеў і пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркім святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзі сціснуліся, літары расплыліся, пабеглі, зноў з’явіліся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоілася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
— Дзякаваць богу, я ўжо думаў...
Там былі толькі тры словы: «Робі, прыязджай хутка».
Я забраў лісток. Палёгка знікла. Вярнуўся страх.
— Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нічога не паведамляе? Нешта, відаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
— Калі ты апошні раз гутарыў з ёю?
— Тыдзень назад. He, даўней...
— Закажы размову. Калі што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнік?
Я заказаў размову з санаторыем і прынёс з гасцёўні фраў Залеўскі даведнік. Кёстэр разгарнуў яго.
— Наступны цягнік ідзе толькі заўтра аполудні,— сказаў ён.— Лепш паедзем на машыне і дабяромся як мага бліжэй да санаторыя. А там можам перасесці на цягнік. Мы некалькі гадзін абавязкова зэканомім. Як ты думаеш?
— Мусіць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявіць, як я вытрываю некалькі гадзін пасіўнай язды ў цягніку.
Зазваніў тэлефон. Кёстэр забраў даведнік і пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасіў паклікаць Пат. Праз мінуту сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
— Што з ёй? — закрычаў я.
— Некалькі дзён назад была невялікая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
— Перадайце ёй, што я еду,— закрычаў я.— 3 Кёстэрам і «Карлам». Мы зараз выязджаем. Вы зразумелі?
— 3 Кёстэрам і Карлам,— паўтарыў голас.
— Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
— Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпісваў расклад цягнікоў.
— Пакуй чамадан,— сказаў ён.— Я паеду дадому і вазьму свой. Праз паўгадзіны вярнуся.
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымі наклейкамі гатэляў. Я хутка ўпакаваўся і сказаў пра ад’езд фраў Залеўскі і гаспадару «Інтэрнацыяналя». Потым сеў у сваім пакоі каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмі ціха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, і раптам мяне ахапіла гарачае, дзікае нецярпенне, перад якім усё астатняе адступала — страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявіць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. 3 часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан і спусціўся ўніз. Раптам усё прыблізілася і пацяплела: лесвіца, застаялы пах калідора, халодная бліскучая гумавая шэрсць асфальту, па якім толькі што падкаціў «Карл».
— Я ўзяў дзве коўдры,— сказаў Кёстэр.— Будзе холадна. Ухутайся як след.
— Мы павядзём машыну па чарзе? — спытаў я.
— Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполудні.
Праз паўгадзіны мы выехалі з горада, і нас паглынула бязмежная маўклівасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалі фараў. Шум матора быў падобны да нізкіх гукаў аргана, але ён не парушаў цішыні.
-— Табе трэба паспаць,— сказаў Кёстэр.
— He магу, Ота.
— Тады хоць прыляж, каб заўтра раніцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германію.
— Я і так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намі. Палі блішчалі, як перламутр. Час ад часу міма праляталі вёскі, зрэдку — горад, сонны, пусты. Цясніны вуліц паміж радамі дамоў былі залітыя прывідным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кіно.
...Пад раніцу зрабілася холадна. Лугі раптам заблішчалі ад інею, дрэвы, як сталёвыя, стаялі на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комінаў там-сям паплыў дым. Мы памяняліся месцамі, і да дзесяці гадзін руляваў я. Потым мы хуценька паснедалі ў шынку каля дарогі, і да дванаццаці я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзіў хутчэй, і я больш не падмяняў яго.
На змярканні мы пад’ехалі да гор. У нас у машыне былі ланцугі на колы і рыдлёўка. Мы спыталі, ці далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
— Паспрабуйце з ланцугамі,— сказаў сакратар аўтаклуба.— Сёлета мала снегу. He ведаю толькі, як будзе на апошніх кіламетрах. Там, магчыма, засядзеце.
Да прыходу цягніка ў нас было шмат часу, і мы вырашылі паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. «Карл» браў горны серпанцін віток за вітком. На сярэдзіне дарогі мы паставілі на колы ланцугі. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многіх месцах абледзянела. Машына буксавала і ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзілася вылазіць і падпіхваць яе. Два разы мы правальваліся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылі вядро пяску, бо на такой вышыні мы пабаяліся, што пры з’ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусім сцямнела, над намі ў змроку навісалі адвесныя голыя скалы, дарога звузілася, матор напінаўся на першай хуткасці, паварот за паваротам вёў нас уніз. Раптам промні фараў сарваліся са скалаў, горы расступіліся, і мы ўбачылі ўнізе перад сабой сузор’е вясковых агнёў.
Машына, равучы, імчала паміж стракатых крамаў на галоўнай вуліцы. Пешаходы адскоквалі ўбок, напуджаныя нязвыклым відовішчам. Нечыя коні панеслі, санкі перавярнуліся, а наша машына хутка дабралася па звілістай дарозе да санаторыя і спынілася каля пад’езда. Я выскачыў, як у тумане прамільгнулі цікаўныя твары, постаці, кантора, ліфт. Я прабег праз белы калідор, рыўком адчыніў дзверы і ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотні разоў у сне і ў марах. Яна пайшла мне насустрач, і я трымаў яе ў абдымках — як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.
— Дзякуй богу,— сказаў я, калі прыйшоў у сябе.— Я баяўся, што ты ў пасцелі.
Яна прытулілася да майго пляча і пахітала галавой. Потым выпрасталася, сціснула далонямі мой твар і ўважліва паглядзела мне ў вочы.
— Ты тут! — прашаптала яна.— Аж не верыцца!
Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур’ёзна, пяшчотна, нібы дакрануўшыся да нечага і баючыся, каб не разбіць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, і я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут і не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора і дарогі. Я адчуваў сябе як чалавек, які з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.
— Мы ехалі хутка,— сказаў я.
Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкі глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваім выразам, яе вочы былі вельмі блізка, і здавалася, што яна шукае і хоча знайсці штосьці вельмі важнае. Я абняў яе за плечы і апусціў позірк долу.
— Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.
Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькі дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позіркам я не мог сказаць.
— Праўда,— сказаў я.— Я застануся тут. Пачакаю, калі можна будзе паехаць разам.
Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нібы асветлены з сярэдзіны.
— Ах,— прашаптала яна.— Я не вытрывала б...
Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лісток, скамячыла яго і шпурнула пад ложак.
— Цяпер гэта не мае значэння,— сказала яна.
Я заўважыў, дзе ляжала паперка, і вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.
— Ты хварэла? — спытаў я.
— Крышку. Але ўсё прайшло.
— А што сказаў урач?
— He пытай цяпер пра ўрача. Увогуле ні пра што не пытай. Ты тут, і гэтага дастаткова.
Яна раптам змянілася. He ведаю, ці таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была іншая, не такая, як раней. Яе рухі былі больш плаўныя, яе цела цяплейшае, і нават да мяне яна наблізілася неяк інакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з’явілася новае. Калі я раней часта сумняваўся, ці любіць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нічога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём і блізкая мне як ніколі... напоўненая жыццём, блізкая і прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але і ўсяляла ў мяне дзіўным чынам нейкую трывогу.
— Пат,— сказаў я,— мне трэба спусціцца ўніз. Там Кёстэр. Трэба знайсці сабе жытло.
— Кёстэр? А дзе Ленц?
— Ленц,— адказаў я,— застаўся дома.
Яна ні пра што не здагадалася.
— Табе потым можна будзе сысці ўніз? — спытаў я.— Ці нам падняцца?
— Мне можна ўсё. Цяпер мне можна ўсё. Мы спусцімся ўніз і чаго-небудзь вып’ем. Я пагляджу на вас, як вы будзеце піць.
— Добра. Мы будзем чакаць цябе ўнізе.
Яна падышла да шафы, каб узяць сукенку. Я выкарыстаў момант, падняў і схаваў тэмпературны лісток.
— Пакуль што, Пат.
— Робі!
Яна падышла да мяне ззаду і абняла за шыю.
— А я так шмат хацела сказаць табе.
— А я — табе, Пат. Але цяпер у нас будзе час. Мы будзем увесь дзень штосьці расказваць адно аднаму. Заўтра. Спачатку адразу не разгаворышся.
— Праўда, давай усё раскажам адно аднаму. Тады ўвесь час, што мы не бачыліся, не будзе для нас расстаннем. Тады мы будзем ведаць усё, быццам былі ўвесь час разам.
— Мы і так былі,— сказаў я.
— Я не была з табой. У мяне няма столькі сілы. Мне
было цяжэй. Я не магу ўсцешыць сябе марамі, калі я адна. Тады я думаю толькі пра сваю адзіноту. Калі не любіш, тады лягчэй быць аднаму.
Яна ўсё яшчэ ўсміхалася. Яна трымалася, але было бачна, што гэта ўсмешка праз слёзы.
— Пат,— сказаў я,— стары адважны сябра.
— Гэтага я даўно не чула,— сказала яна, і яе вочы напоўніліся слязьмі.
Я спусціўся ўніз да Кёстэра. Ён ужо выгрузіў чамаданы. Нам адвялі два суседнія пакоі ў флігелі.
— Паглядзі,— сказаў я і паказаў яму скамячаны лісток.— Як скача тэмпература.
Мы пайшлі па лесвіцы ў флігель. Снег рыпеў пад нагамі.
— Раніцай спытай ва ўрача,— сказаў Кёстэр,— па тэмпературы цяжка што вызначыць.
— Для мяне дастаткова,— адказаў я, склаў лісток і схаваў у кішэнь.
Мы ўмыліся. Потым Кёстэр прыйшоў да мяне ў пакой. Ён быў свежы, быццам добра выспаўся.
— Табе трэба апрануцца, Робі,— сказаў ён.
— Добра.— Я ачнуўся ад сваіх думак і распакаваў чамадан.