Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Вы ўчора тут праязджалі? — спытала Пат.
— Праязджалі.
Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёс-
тэр спыніўся. Від адсюль зверху быў дзівосны. Напярэдадні, калі мы з цяжкасцю прабіраліся праз ледзяны сіні вечар, мы глядзелі толькі на дарогу.
За горнымі скаламі адкрывалася маляўнічая даліна. Абрысы далёкіх гор рэзка і выразна вылучаліся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяціліся золатам. Залацістыя плямы, нібы пыл, ляжалі на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схілы з кожнай хвілінай усё больш набывалі шыкоўны светла-ружовы колер, а сінія цені рабіліся ўсё цямнейшымі. Сонца стаяла якраз паміж дзвюма полымнымі вяршынямі, а шырокая даліна са сваімі пагоркамі і схіламі здавалася магутным, нямым, бліскучым парадам перад уладаром, які вось-вось схаваецца за небакраем. Фіялетавая стужка дарогі вілася вакол пагоркаў, знікала, зноў з’яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала міма вёсак і ўпіралася якраз на перавале ў небасхіл.
— Так далёка ад вёскі я яшчэ ніколі не была,— сказала Пат.— Гэта дарога вядзе дадому?
—• Так.
Яна маўчала, глядзела ўніз. Потым выйшла з машыны і засланіла даланёй вочы ад сонца.
— А колькі да горада? — спытала яна.
— Каля тысячы кіламетраў. У маі мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.
— У маі,— паўтарыла яна.— Божа мой, у маі.
Сонца паволі садзілася. Даліна ажывала. Цені, жія да гэтага нерухома хаваліся ў складках зямлі, пачалі бясшумна вылазіць і паўзці ўсё вышай, нібы сінія агромністыя павукі. Пахаладала.
— Трэба вяртацца, Пат,— сказаў я.
Яна зірнула на мяне, і яе твар раптам перамяніўся, нібы ад болю. Я імгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо ніколі не перасячэ гэты бязлітасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як і мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае імгненне яна страціла пільнасць, і ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.
— Давайце яшчэ крыху праедзем,— сказала яна.— Зусім крышачку ўніз.
— Паехалі,—■ сказаў я, зірнуўшы спачатку на Кёстэра.
Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе і накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўніз, у даліну, у цені.
— Робі, каханы,— шаптала Пат мне на вуха,— здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.
— Праўда,— сказаў я і нацягнуў на яе коўдру да шыі. Чым ніжэй мы спускаліся, тым цямней рабілася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзі, я адчуваў яе руку целам, а потым яе дыханне, яе вусны, а потым — слёзы.
Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскі, апісаўшы вялізную дугу, і мы паволі паехалі назад.
Калі мы дабраліся да вяршыні, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе паміж воблакамі ўжо плыў бледны і чысты месяц. Мы ехалі назад, ланцугі аднастайна стукалі, перабіраючы зямлю. Зрабілася вельмі ціха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывяніла рана.
Праз гадзіну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накіраваўся на метэаралагічную станцыю, каб даведацца пра надвор’е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамі панаваў вечар, шэры і мяккі, як аксаміт. Неўзабаве падышоў Антоніа і сеў за мой столік. За адным з суседніх столікаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пінжаку і кароценькіх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляці з адтапыранымі вуснамі і халоднымі вачыма. Круглая чырвоная лысіна блішчала, як більярдны шар. Побач з ім сядзела хударлявая жанчына з глыбокімі ценямі пад вачыма, з пакутлівым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцілася, ружовыя ручкі ўвесь час абводзілі плаўныя кругі.
— Цудоўна тут наверсе, проста шыкоўна! Гэтая панарама, гэта паветра, гэта абслуга! Тут сапраўды добра...
— Бернгард,— ціха прамовіла жанчына.
— Дальбог, мне хоць раз так пажыць бы спешчана, так дагледжана... — Ён тлуста рагатнуў.— Ну, хоць ты пакарыстайся...
— Ах, Бернгард,— бездапаможна сказала жанчына.
— А што, а што,— весела зашумеў таўстун.— Лепш і быць не можа! Ты тут нібы ў раі! Ты ўяўляеш сабе, што робіцца ўнізе? А мне заўтра трэба зноў у гэтую мітусню! Радуйся, што ты не бачыш нічога гэтага. Што ж, я вельмі рады быў убачыць, што табе тут добра.
— Бернгард, мне не добра,— сказала жанчына. .
— Але, міленькая,— завуркатаў Бернгард,— не капрызнічай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткі... ну, але працуеш...
Жанчына маўчала.
— Спрытнюга,— сказаў я Антоніа.
— I яшчэ які! — адказаў той.— Ён прыехаў сюды пазаўчора і не дае жанчыне слова сказаць, дабіваючы яе сваімі: «Табе тут цудоўна!» Ён не хоча нічога бачыць, ведаеце,— ні яе страху, ні хваробы, ні адзіноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берліне з іншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзіць ужо паўгода, выконваючы абавязак, паціраючы рукі, нахабна жартуючы, думаючы толькі пра сябе. Толькі каб нічога не чуць! Такое тут не рэдкасць!
— Даўно тут гэтая жанчына?
— Каля двух гадоў.
Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.
— Вяртаюцца з пошты. Паслалі Роту тэлеграму.
— Хто гэта — Рот?
— Гэта той, хто ад’язджае першы. Яны тэлеграфавалі яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпідэмія грыпу, і таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што ім самім трэба заставацца, разумееце?
Я зірнуў у акно на шэры аксаміт, якім былі завешаны горы. «Усё гэта няпраўда,— падумаў я.— Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькі нейкі тэатр, дзе злёгку іграюць смерць. Калі сапраўды памірае чалавек, дык гэта жахліва сур’ёзна». Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць іх па плячы і сказаць: «Тут жа толькі салонная смерць, ці не праўда, а вы толькі вясёлыя артысты, што іграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланіцца. Ад павышанай тэмпературы і жорсткага дыхання не паміраюць. Трэба, каб стралялі, паранілі каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма...»
— Вы таксама хворы? — спытаў я Антоніа.
— Вядома,— сказаў ён з усмешкай.
— Сапраўды, выдатная кава,— грукатаў побач таўстун.— У нас такой удзень з агнём не знойдзеш.
Кёстэр вярнуўся з метэастанцыі.
— Мне трэба ехаць, Робі,— сказаў ён.— Барометр пайшоў уніз, відаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабіцца. Сёння яшчэ праеду.
— Добра. Павячэраем разам?
— Так. Я хуценька ўпакую рэчы.
— Я дапамагу,— сказаў я.
Мы ўпакавалі рэчы Кёстэра і занеслі іх у гараж. Потым вярнуліся, каб паклікаць Пат.
— Калі што, звані мне, Робі,— сказаў Ота.
Я кіўнуў галавой.
— Праз некалькі дзён атрымаеш грошы. На першы час хопіць. Рабі ўсё, што неабходна.
— Добра, Ота.— Я павагаўся.— У нас дома ёсць некалькі ампул морфію. Ты можаш прыслаць іх мне?
— Навошта яны табе?
— He ведаю, што і як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькі тады, калі бачу Пат. Застаўшыся адзін, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. He хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нічога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калі я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.
— Толькі для гэтага, Робі? — спытаў Кёстэр.
— Толькі для гэтага. Вядома. А то я і не сказаў бы табе.
— Мы засталіся толькі ўдвух,— няспешна сказаў ён.
— Так.
— Добра, Робі.
Мы пайшлі ў кафэ, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралі, неба зацягвалася хмарамі. Кёстэр вывеў «Карла» з гаража, пад’ехаў да пад’езда.
— Бывай, Робі,— сказаў ён.
— I ты, Ота.
— Да пабачэння, Пат.— Ён падаў ёй руку і паглядзеў у вочы.— Вясной я прыеду па вас.
— Усяго вам добрага, Кёстэр.— Пат цвёрда паціснула яму руку.— Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывітанне ад мяне Готфрыду Ленцу.
— Добра,— сказаў Кёстэр.
Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалі. Раптам яна ступіла крок наперад і пацалавала яго.
— Жывіце шчасліва,— ціха прамовіла яна прыглушаным голасам.
Твар Кёстэра раптам на імгненне асвяціўся ярка-чырвоным полымем.
Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, ірвануў яе з месца і паімчаў па звілістай горнай дарозе не азірнуўшыся. Мы глядзелі яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вуліцы і пачала ўзбірацца на гару, як адзінокі светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршыні машына спынілася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамі. Потым ён знік, і мы доўга яшчэ чулі гул машыны.
Пат нахілілася і слухала, пакуль было чуваць. Але гул заціх. Тады яна павярнулася да мяне.
— Апошні карабель адплыў, Робі.
— Перадапошні,— адказаў я.— Апошні — я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсці іншае месца, каб кінуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. He разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой бліжэй да цябе.
— Немагчыма! He знойдзеш! Як ты думаеш зрабіць гэта?
— Ты будзеш рада, калі я змагу?
— Што за пытанне? Было б цудоўна, мілы! Амаль як у маіухны Залеўскі.
— Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзінкі.
— Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антоніа ў шахматы. Я тут навучылася.
Я пайшоў у кантору і растлумачыў, што застаюся тут надоўга і хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымі грудзьмі глянула на мяне незадаволена і адмовіла мне, спасылаючыся на рэжым.
— Хто ўстанаўліваў рэжым? — спытаў я.
— Дырэкцыя,— адказала дама і разгладзіла зморшчыны на спадніцы.
3 вялікай неахвотай яна паведаміла мне нарэшце, што дазволіць пайсці на парушэнне можа толькі галоўны ўрач.
— Але яго ўжо няма,— дадала яна.— А дадому да яго звяртацца можна толькі па службе.
— Цудоўна,— сказаў я.— Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.
Галоўны ўрач жыў у маленькім дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне і без усялякай валакіты даў мне дазвол на перасяленне.
— Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца,— сказаў я.
Ён засмяяўся.
— А, вы, відаць, натрапілі на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй пазваню.
Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знікла, убачыўшы выклік на маім твары. Я ўсё ўладзіў з сакратаркай і даручыў швейцару перанесці мае рэчы і купіць мне некалькі бутэлек спіртнога. Потым я вярнуўся да Пат.
— Уладзіў? — спытала яна.
— Пакуль што — не, але праз некалькі дзён усё будзе ў парадку.