• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Шкада,— яна перавярнула шахматы і ўстала.
    — Што будзем рабіць? — спытаў я.— Пойдзем у бар?
    — Вечарам мы часта гуляем у карты,— сказаў Антоніа.— Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такі час найлепш гуляць у карты.
    — У карты? Пат? — здзіўлена спытаў я.— У якія гульні ты ўмееш? У дурня і ў пасьянс?
    — У покер, каханы,— заявіла Пат.
    Я засмяяўся.
    — Яна, праўда, умее,— сказаў Антоніа.— Толькі занадта рызыкоўная. Жахліва блефуе.
    — Я таксама,— адказаў я.— Трэба паспрабаваць.
    Мы селі ў куток і пачалі гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзіну Антоніа звярнуў нашу ўвагу, што робіцца за акном. Ішоў снег. Паволі, нібы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалі буйныя сняжынкі.
    — Зусім бязветрана,— сказаў Антоніа.— Будзе шмат снегу.
    — Цікава, дзе цяпер Кёстэр? — спытала Пат.
    — Ён ужо праехаў перавал,— сказаў я.
    На нейкую секунду я выразна ўявіў сабе «Карла» з Кёстэрам за рулём, які вёў машыну праз белую ноч, і ўсё раптам здалося мне нерэальным — тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат — побач са мной. Яна шчасліва ўсміхнулася мне, абапіраючыся рукой з картамі на стол.
    — Хадзі, Робі.
    Таўстун перабраўся да нашага стала, спыніўся і пачаў зычліва зазіраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты і глянуў на яго так злосна, што ён знік.
    — Я не сказала б, што ты ветлівы,— задаволена сказала Пат.
    ■— He,— адказаў я.— I не хачу быць ветлівым.
    Мы яшчэ зайшлі ў бар і выпілі некалькі шклянак «спецыяльнага». Потым Пат трэба было ісці спаць. Я развітаўся ў вестыбюлі. Яна пачала павольна падымацца па лесвіцы, азіраючыся і спыняючыся, пакуль не збочыла ў калідор. Я крыху пачакаў, потым папрасіў у канторы ключ ад свайго пакоя. Сакратарка заўсміхалася.
    — Нумар семдзесят восем,— сказала яна.
    Пакой суседнічаў з пакоем Пат.
    — Мусіць, па распараджэнні фройляйн Рэксрот? — спытаў я.
    — He, фройляйн Рэксрот пайшла ў малітоўны дом,— адказала яна.
    — Малітоўныя дамы часам — бласлаўленне,— сказаў я і хутка пайшоў наверх. Mae рэчы былі ўжо распакаваныя. Праз паўгадзінкі я пастукаў у дзверы ў суседні пакой.
    — Хто там? — усклікнула Пат.
    — Паліцыя маралі,— адказаў я.
    Ключ заскрыгатаў, і дзверы імгненна расчыніліся.
    ■— Ты, Робі? — прамовіла Пат разгублена.
    — Я! — сказаў я.— Той, хто перамог фройляйн Рэксрот! Уладальнік каньяку і «порта-ронка».— Я выцягнуў бутэльку з кішэні.— А цяпер прызнавайся, колькі мужчын тут ужо пабывала.
    . — Нікога, акрамя футбольнай каманды і пашыранага філарманічнага аркестра,— заявіла са смехам Пат.— Ах, каханы, зноў вярнуліся старыя часы.
    Яна заснула на маім плячы. Я яшчэ доўга не спаў. У куточку пакоя гарэла маленькая лямпачка. Сняжынкі ціха стукаліся ў акно, час, здавалася, спыніўся, заблытаўшыся ў гэтым мяккім залацістым змярканні. У пакоі было цёпла. Час ад часу патрэсквалі трубы цэнтральнага ацяплення. Пат паварушылася ў сне, і коўдра з лёгкім шоргатам павольна спаўзла на падлогу. Ах, гэта бронзавая з адлівам скура! Цуд тонкіх каленяў! Пяшчотная таемнасць грудзей! Я адчуваў плячом дотык яе валасоў і вуснамі ўспрымаў біццё яе пульсу. «Табе наканавана памерці,— падумаў я.— Ты не можаш памерці. Ты — маё шчасце».
    Я асцярожна зноў падняў коўдру. Пат нешта прамармытала і зноў змоўкла і паволі, у сне, падсунула мне далонь пад галаву.
    XXVII
    Усе наступныя дні падаў снег. У Пат была тэмпература, і яна мусіла ляжаць у пасцелі. Шмат у каго ў санаторыі была тэмпература.
    — Надвор’е такое,— сказаў Антоніа.
    — Занадта цёпла і ветрана. Якраз для тэмпературы.
    — Каханы, выйдзі крыху на волю,— сказала Пат.— Ты ўмееш катацца на лыжах?
    — He. Дзе мне было вучыцца? Я ніколі не быў у гарах.
    — Антоніа навучыць. Яму гэта будзе забава. Ты яму падабаешся.
    — Мне куды лепш тут.
    Яна выпрасталася, сеўшы ў пасцелі. Начная кашуля
    агаліла ёй плечы. Яны былі вельмі худыя. Такая ж жахліва худая была і шыя.
    — Робі,— сказала яна,— зрабі мне ласку. Мне вельмі не хочацца, каб ты сядзеў тут каля ложка хворай. Учора і пазаўчора хапіла ўжо табе.
    — Мне добра сядзець тут,— адказаў я.— Няма ніякага жадання ісці пад снег.
    Яна цяжка задыхала, і я пачуў яе няроўнае дыханне.
    — У мяне ў гэтым больш вопыту, чым у цябе,— сказала яна і абаперлася на локці.— Так лепш нам абаім. Потым убачыш сам.— Яна пакутліва ўсміхнулася.— Сёння паполудні і ўвесь вечар ты яшчэ наседзішся тут. А ўранку мяне гэта непакоіць, каханы. Калі ў цябе тэмпература, то выгляд зранку неважнецкі. Увечары — зусім іншая справа. Я павярхоўная дурніца — не хачу выглядаць непрыгожай, калі ты глядзіш на мяне.
    — Ну што ты, Пат! — Я ўстаў.— Ну добра, я на нейкі час выйду з Антоніа. Аполудні я вярнуся. Калі не паламаю сабе касцей на гэтых нартах.
    — Ты хутка навучышся, каханы.— Яе твар страціў напружаны страх.— Скора ты будзеш выдатна катацца.
    — А ты хочаш, каб я хуценька адсюль выдатна выкаціўся,— сказаў я і пацалаваў яе. Рукі ў яе былі вільготныя і гарачыя, а вусны сухія і патрэсканыя.
    Антоніа жыў на трэцім паверсе. Ён пазычыў мне лыжы з чаравікамі. Яны падышлі мне, бо мы былі аднолькавага росту. Мы пайшлі на паляну недалёка за вёскай. Па дарозе Антоніа дапытліва пазіраў на мяне.
    — Тэмпература робіць чалавека неспакойным,— сказаў ён.— У такія дні тут ужо здараліся дзіўныя рэчы.— Ён паклаў лыжы перад сабой і прымацаваў іх.— Самае горшае — чакаць і не мець магчымасці штосьці зрабіць. Ад гэтага можна звар’яцець.
    — I здаровым не лягчэй,— адказаў я.— Быць побач і не магчы нічога зрабіць.
    Ён кіўнуў.
    — Той^сёй з нас працуе,— працягваў ён.— Той-сёй прачытвае цэлыя бібліятэкі. Але многія зноў ператвараюцца ў школьнікаў, якія ўцякаюць ад лячэння, як уцякалі з урокаў фізкультуры, і, палахліва хіхікаючы, хаваюцца ў крамах і кафетэрыях, толькі ўбачыўшы ўрача. Патаемна кураць, патаемна выпіваюць, гуляюцьу забароненыя гульні, пляткараць, выдумваюць дурныя жарты — так яны ратуюцца ад пустой бяздзейнасці. I ад праўды. Вось такое дзіцячае,
    легкадумнае, а магчыма, і гераічнае ігнараванне смерці. А што ім, урэшце, яшчэ за.стаецца?
    «Праўда,— падумаў я.— Што нам усім, урэшце, яшчэ застаецца?»
    — Паспрабуем? — спытаў Антоніа і ўбіў лыжныя палкі ў снег.
    — Давайце.
    Ён паказаў мне, як мацаваць лыжы і як трымаць раўнавагу. Гэта аказалася няцяжка. Я падаў даволі часта, але потым я паволі злаўчыўся, і ўжо справа пайшла. Праз гадзіну мы закончылі ўрок.
    — Хопіць,— вырашыў Антоніа.— Сёння вечарам вы адчуеце свае мускулы.
    Я зняў лыжы і адчуў, як энергічна б’ецца ўва мне кроў.
    — Добра, што мы пабылі на свежым паветры, Антоніа,— сказаў я.
    — Гэта мы можам рабіць кожную раніцу. Калі катаешся, прыходзяць іншыя думкі.
    — Ці не выпіць нам дзе-небудзь? — спытаў я.
    -— Можна. Па чарцы «дзюбанэ» ў Форстэра.
    Мы выпілі «дзюбанэ» і пайшлі ў санаторый. У канторы сакратарка сказала мне, што быў паштальён і перадаў, каб я прыйшоў на пошту. Мне прыйшлі грошы. Я глянуў на гадзіннік. Часу яшчэ хапала, і я вярнуўся. На пошце мне выдалі дзве тысячы марак. Тут жа быў і ліст ад Кёстэра. Ён пісаў, каб я не турбаваўся, грошы яшчэ ёсць. Варта мне толькі падаць звестку.
    Я ўтаропіўся на банкноты. Адкуль яны ў яго? I так хутка? Я ж ведаў усе нашыя крыніцы. I раптам я здагадаўся. Я ўявіў сабе аматара гонак канфекцыянера Больвіза, прыпомніў, як прагна ён абстукваў «Карла» каля бара пасля таго, як прайграў гонку, як ён сказаў: «Гэтую машыну я куплю ў любы час!» Д’ябальшчына! Кёстэр прадаў «Карла»! Вось адкуль раптам грошы! Прадаў «Карла», пра якога ён гаварыў, што лепш страціць руку, чым машыну. «Карла» ўжо не было. Ён цяпер быў у сытых руках фабрыканта, а Ота, чыё вуха пазнавала яго за кіламетры, будзе прыслухоўвацца да яго выцця на вуліцах. Так вые прагнаны сабака.
    Я схаваў ліст Кёстэра і пакунак з ампуламі морфію. Я ўсё яшчэ бездапаможна стаяў перад паштовым акенцам. Найлепш было б адразу адаслаць грошы назад, але нельга — яны былі нам патрэбныя. Я разраўняў паперкі, схаваў іх у кашалёк і выйшаў. Пракляцце! Цяпер я кожную машыну буду абыходзіць бокам. Машыны былі мне сябрамі, але
    «Карл» значыў куды больш. Таварыш! «Карл», прывід дарог. Мы былі адно цэлае. «Карл» і Кёстэр, «Карл» і Ленц, «Карл» і Пат. Я злосна і бездапаможна абтрос снег з ног. Ленц загінуў. «Карла» купілі. А Пат? Аслепленымі вачыма я ўзіраўся ў неба, гэтае шэрае бясконцае неба бога-вар’ята, які прыдумаў жыццё і смерць на сваю забаву.
    Пад вечар вецер перамяніўся, пасвятлела і пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай раніцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькі дзён, калі Рот — мужчына, які паправіўся,— ад’язджаў, яна змагла нават пачсці праводзіць яго на вакзал.
    Рота праводзіў вялікі натоўп. Такая тут была завядзёнка, калі хтосьці ад’язджаў. Сам Рот быў не вельмі вясёлы. Яму нейкім чынам не пашанцавала, Два гады назад нейкі свяціла, адказваючы на яго пытанне, ці доўга яму яшчэ засталося жыць, заявіў, што гады два яшчэ, калі будзе сцерагчыся. Для пэўнасці ён спытаў другога ўрача, просячы сказаць праўду па шчырасці. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады і спусціў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлі ў санаторый з моцнай кравацечай... I тут, замест таго каб паміраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступіўшы сюды, ён важыў усяго 45 кілаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кілаграмаў і настолькі паправіўся, што яго выпісалі. А грошай не было.
    — Што я там буду рабіць? — пытаўся ён у мяне, чухаючы рыжую патыліцу.— Вы ж толькі што адтуль, як там?
    — Усё памянялася,— адказаў я, разглядаючы яго круглы зморшчаны твар з бясколернымі вейкамі. Ён паправіўся, хоць быў асуджаны на смерць.
    — Прыйдзецца шукаць сабе працу,— сказаў ён. — Як там цяпер наконт гэтага?
    Я паціснуў плячыма. Ці варта было тлумачыць яму, што ён, відаць, працы не знойдзе. Ён скора ўбачыць гэта сам.
    — У вас ёсць сувязі, сябры? — спытаў я.
    — Сябры... ну, вы ж ведаеце... — Ён кпліва засмяяўся.— Калі ты раптам застаешся без грошай, яны разбягаюцца ад цябе, як блохі з мёртвага сабакі
    — Тады будзе цяжка.
    — He ўяўляеце сабе, што будзе. У мяне толькі некалькі соцень марак. I я нічога не ўмею, як толькі траціць грошы. Здаецца, той прафесар меў рацыю, хоць у інакшым сэнсе: гады праз два я аддам богу душу — праўда, ад кулі.