• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Пазней Жафэ мне расказаў, як яны ехалі.
    Кёстэр адразу пасля майго званка тэлефанаваў Ленцу, каб той быў напагатове. Потым ён забраў «Карла», і яны з Ленцам паімчаліся ў клініку Жафэ. Сястра выказала меркаванне, што прафесар пайшоў вячэраць. Кёстэр пачуў ад яе шэраг назваў рэстаранаў, дзе ён мог быць цяпер. Кёстэр паехаў. Ён парушаў правілы руху, ён не звяртаў увагі на перапуджаных паліцэйскіх. Ён гнаў машыну, як стаенніка, па запруджанай вуліцы. У чацвёртым рэстаране ён знайшоў прафесара. Жафэ адразу зразумеў, пра каго ідзе гаворка. Ён пакінуў яду і пайшоў з ім. Яны паехалі да прафесара на кватэру, каб узяць неабходныя рэчы. Гэта быў адзіны ўчастак, дзе Кёстэр ехаў хоць і хутка, але не парушаючы правілаў. Ён не хацеў без пары пужаць доктара. Па дарозе Жафэ спытаў, дзе ляжыць Пат. Кёстэр назваў месца на адлегласці сарака кіламетраў. Трэба было, каб прафесар сеў у машыну. Усё астатняе потым пойдзе само сабой. Пакуль Жафэ пакаваў сваю сумку, ён тлумачыў Ленцу, што трэба сказаць па тэлефоне. Потым ён сеў да Кёстэра ў машыну.
    — Гэта небяспечна? — спытаў Кёстэр.
    — Так,— сказаў Жафэ.
    У гэты момант «Карл» ператварыўся ў белую здань. Ён зрабіў рывок і паімчаў. Ён праціскаўся паміж машын, ён імчаў супроць усіх па вуліцах з аднабаковым рухам, ён шукаў самы кароткі шлях з горада.
    — Вы звар’яцелі? — закрычаў прафесар.
    Кёстэр абмінуў высокі бампер аўтобуса, на момант збавіў газ. Потым матор зноў зароў.
    — Едзьце павольней,— крычаў урач.— Якая карысць трапіць у аварыю?
    — He трапім.
    — Пры такой яздзе — праз дзве хвіліны.
    Кёстэр кінуў машыну ўлева, аб’язджаючы трамвай.
    — Мы не трапім у аварыю.— Цяпер перад ім была шаша. Ён зірнуў на ўрача.— Я сам ведаю, што вы нам патрэбны жывы. Даверцеся мне... я паеду, як ехаў.
    — Але якая карысць ад гэтай гонкі! Вы выйграеце некалькі хвілін.
    — He,— сказаў Кёстэр, ухіляючыся ад сутыкнення з грузавіком, нагружаным каменнем.— Нам трэба праехаць яшчэ дзвесце сорак кіламетраў.
    — Што?
    — Праўда...— Машына прабіралася паміж паштовым аўтамабілем і аўтобусам.— Я проста не хацеў гаварыць вам раней.
    — Гэта было б усё роўна,— прабурчаў Жафэ.— Мая дапамога не залежыць ад адлегласці. Едзьце на вакзал. Па чыгунцы мы дабяромся хутчэй.
    — He,— Кёстэр выбраўся ў прыгарад. Вецер зрываў у яго словы з вуснаў.— Я ўжо ведаю... цягнік спазняецца...— Ён яшчэ раз зірнуў на Жафэ, і урач, відаць, нешта заўважыў у яго твары.
    — Божа,— прамармытаў ён.— Ваша сяброўка?
    Кёстэр пахітаў галавой. Ён ужо не адказваў.
    Мінулі дачны пасёлак. Кёстэр выехаў на роўную дарогу. Цяпер машына імчала на поўнай хуткасці. Урач скурчыўся за вузкім ветравым шклом. Кёстэр падаў яму свой скураны шлем. Бесперапынна гудзела сірэна. Лясы вярталі яе рык назад. Толькі ў вёсках, калі ўжо інакш нельга было, Кёстэр збаўляў хуткасць. На машыне не было глушыцеля. Грамавым рэхам аддаваўся гул матора паміж сценамі дамоў, якія змыкаліся за ім і ляскаталі, як палатно пад ветрам. «Карл» праносіўся між імі, асвятляючы іх на імгненне бледным святлом фараў, і зноў угрызаўся ў ноч ікламі промняў.
    Колы рыпелі, шыпелі, вылі, свісталі — матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахіліўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялізнае вуха, у фільтр, які прасейваў гул і свіст на зразумелыя яму шумы і які гатовы быў вылавіць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып ці шоргат, што пагражалі аварыяй і смерцю. Шаша стала
    мокрай. На гліністай дарозе машына віхляла і падскоквала. Кёстэру давялося знізіць хуткасць. Павароты патрабавалі яшчэ большага напружання. Кёстэр кіраваў ужо не так з дапамогай розуму, як інстынкту. Фары высвечвалі павароты толькі напалову. У той момант, калі машына паварочвала, дарогі відаць не было. Пражэктар-шукальнік не дапамагаў, прамень быў занадта тонкі. Урач маўчаў. Раптам паветра перад фарамі завіхрылася, яно афарбавалася ў бледнасерабрысты колер, з’явіліся стракатыя клубы. Гэта быў адзіны момант, калі Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвіліну яны былі ў густым тумане.
    Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылі ў ваце, міма праносіліся цені, дрэвы, невыразныя сілуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькі выпадак і прыблізнасць, плямы, якія вырасталі і знікалі ў рыку матора.
    Калі яны праз дзесяць хвілін выбраліся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зірнуў на Жафэ і штосьці прамармытаў. Потым ён даў поўны газ... насуплены, халодны і зноў упэўнены ў сабе.
    У пакоі панавала ліпкая цеплыня, гнятучая, як свінец.
    — He перастае? — спытаўся я.
    — He,— адказаў урач.
    Пат зірнула на мяне. Я паспрабаваў усміхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.
    — Яшчэ паўгадзіны,— сказаў я.
    Урач ускінуў позірк на мяне.
    — Яшчэ паўтары гадзіны, калі не дзве. Ідзе дождж.
    Кроплі з ціхім шоргатам падалі на лісце і кусты ў садзе. Аслеплымі вачыма я ўзіраўся ў цемру. Колькі часу прайшло, як мы ўставалі ўначы і масціліся паміж ляўкоямі і рэзедой і Пат напявала дзіцячыя песенькі? Ці даўно тое было, калі дарога блішчала ў белым сонечным святле і Пат бегла паміж кустоў, падобная да гнуткага звярка?
    Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.
    — Заткніся,— прабурчаў я. На ўспамін прыйшлі расказы пра птушак — вестуноў смерці.
    — Глупства! — сказаў я гучна, і ўсё роўна па спіне пабеглі мурашкі. Недзе гудзеў хрушч... але не набліжаўся...
    не набліжаўся. Ён гудзеў аднастайна ціха; а вось перастаў... цяпер зноў пачуўся... гэта быў не жук, гэта быў далёкі гул матора, які на высокай хуткасці браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў... зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзіць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбіраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, які быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлівасць... Я ўскочыў у пакой і, трымаючыся за дзверы, сказаў:
    — Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую.
    Урач увесь вечар лічыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў і таксама прыслухаўся.
    — Гэта, пэўна, іншая машына,— сказаў ён нарэшце.
    — He, я пазнаю матор.
    Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лічыў сябе спецыялістам па аўтамашынах. 3 Пат ён абыходзіўся цярпліва і асцярожна, як маці з дзіцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры і пярэчыў.
    — Немагчыма,— коратка сказаў ён і вярнуўся ў пакой. Я застаўся ў двары. Мяне калаціла ад хвалявання. — «Карл»! «Карл»! — выгукнуў я.
    Цяпер матор то прыціхаў, то ўзвываў; машына, відаць, была ўжо ў вёсцы і на шалёнай хуткасці імчала між дамоў. Вось і выццё аслабла, машына была за лесам... і вось гул зноў набраў сілы, імклівы, нястрымны, светлы прамень прабіваў туман, фары, грымоты, гуд... Разгублены ўрач стаяў каля мяне, раптам нас асляпіла блізкае святло... і рыпнулі тармазы, і машына спынілася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазіў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагі, пайшоў да ўрача. За ім выйшаў Кёстэр.
    — Як яна? — сказаў ён.
    — Кроў ідзе.
    — Здараецца,— сказаў ён.— Пакуль што няма чаго баяцца.
    Я моўчкі глянуў на яго.
    — Ёсць закурыць? — спытаў ён.
    Я даў яму цыгарэту.
    — Добра, што ты прыехаў, Ота.
    Ён рабіў глыбокія зацяжкі.
    — Падумаў, што так будзе лепей.
    — Ты вельмі хутка ехаў.
    — Нармальна. Быў крыху туман.
    Мы прыселі побач на лаўку. Чакалі.
    — Ты думаеш, што яна паправіцца? — спытаў я.
    — Вядома. Кравацеча... гэта нічога.
    — Яна мне ніколі пра гэта не гаварыла.
    Кёстэр кіўнуў галавой.
    — Яна павінна паправіцца, Ота,— сказаў я.
    Ён не глядзеў на мяне.
    — Дай мне яшчэ адну цыгарэту,— сказаў ён.— Я забыўся ўзяць свае.
    — Яна павінна паправіцца,— сказаў я,— інакш усё астатняе — дрэнь.
    Выйшаў прафесар. Я ўстаў.
    — Будзь я пракляты, калі яшчэ раз паеду з вамі,— сказаў ён Кёстэру.
    — Прабачце,— сказаў Кёстэр.— Гэта жонка майго сябра.
    — Вось як,— сказаў Жафэ і зірнуў на мяне.
    — Яна паправіцца? — спытаў я.
    Ён уважліва разглядваў мяне. Я пазіраў убок.
    — Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамі так доўга, калі б думаў, што яна не паправіцца? — сказаў ён.
    Я сціснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў.
    — Прабачце,— сказаў я,— занадта хутка ўсё адбылося.
    — Такія справы не адбываюцца занадта хутка,— сказаў Жафэ і ўсміхнуўся.
    — He злуйся, Ота,— сказаў я,— што я заплакаў.
    Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй.
    — Ідзі туды. Калі прафесар дазволіць.
    — Больш не буду,— сказаў я.— Можна пайсці?
    — Можна, толькі не размаўляйце,— адказаў Жафэ,— і толькі на хвілінку. Ёй нельга хвалявацца.
    Я нічога не бачыў, акрамя водбліску святла на вадзе. Я паміргаў. Святло паплыло, замігцела. Я не адважваўся выцерці вочы, каб Пат не падумала, быццам я плачу таму, што з ёй так кепска. Я паспрабаваў увайсці ў пакой з усмешкай. Потым я зноў хуценька адвярнуўся.
    — Вы патрэбны былі тут? — спытаў Кёстэр.
    — Так,— сказаў Жафэ,— правільна, што прыехаў.
    — Заўтра раніцай я магу адвезці вас назад.
    — Лепш не трэба,— сказаў Жафэ.
    — Я паеду спакойна.
    — Я хачу застацца яшчэ на дзень і паназіраць. Ваш ложак свабодны? — спытаў ён мяне. Я кіўнуў галавой.
    — Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсці сабе месца ў вёсцы?
    — Mary. Знайсці вам зубную шчотку і піжаму?
    — He трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькі, можа, не да гонак.
    — Прабачце,— сказаў Кёстэр.— Разумею, што вы раззлаваліся.
    — Зусім не,— сказаў Жафэ.
    — Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды.
    Жафэ засмяяўся.
    — Вы дрэнна думаеце пра ўрачоў. Цяпер ідзіце спакойна. Я застануся тут.
    Я хутка прыхапіў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накіраваліся ў вёску.
    — Ты замарыўся? — спытаў я.
    — He,— сказаў ён.— Пасядзім яшчэ дзе-небудзь.
    Праз гадзіну я занепакоіўся.
    — Калі ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота,— сказаў я.— Інакш навошта б яму...
    — Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасці,— адказаў Кёстэр.— Ён вельмі любіць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў і яе маці...
    — I ў яе быў...
    — Я не ведаю,— хутка адказаў Кёстэр.— Магчыма, было нешта іншае. Пойдзем спаць?
    — Ідзі, Ота. Я хачу яшчэ раз... хоць здалёку...