Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
Пасля каравана мулаў нам ужо больш нічога не траплялася насустрач, і мы ўзбіраліся з узвышша на ўзвышша і затым па доўгім пакатым схіле спусціліся ў рачную даліну. Тут дарога была абсаджана дрэвамі, і за правай шпалерай дрэў я ўбачыў раку, неглыбокую, празрыстую і хуткую. Рака стала плыткай і цякла вузкімі пратокамі сярод палосаў пяску і галькі, а часам, як ззянне, разлівалася па высланым галькай дне. Ля самага берага я бачыў глыбокія ямы, вада ў іх была блакітная, як неба. Я бачыў каменныя масткі, якія былі дугой перакінутыя цераз раку, да іх вялі сцяжынкі, што адгаліноўваліся ад дарогі, і сялянскія хаты з каменю з кандэлябрамі грушавых дрэў уздоўж паўднёвай сцяны, і нізкія агароджы з каменю на палях. Дарога доўга ішла па даліне, а затым мы збочылі і зноў пачалі падымацца ўгару. Дарога крута падымалася ўгару, выгіналася і кружылася ў каштанавым гаі і нарэшце пайшла ўздоўж кража гары. У прасветах паміж дрэвамі была відна даліна, і там, далёка ўнізе, блішчала на сонцы звіліна ракі,
якая падзяляла дзве арміі. Мы паехалі новай камяністай ваеннай дарогаю, пракладзенай па самым грэбені кража, і я глядзеў на поўнач, дзе працягнуліся два ланцугі гор, зялёныя і цёмныя да лініі вечнага снегу, а вышэй белыя і яркія ў промнях сонца. Затым, калі зноў пачаўся пад’ём, я ўбачыў трэці ланцуг гор, высокія снежныя горы, белыя, як крэйда, і спаласаваныя вычурнымі складкамі, а за імі ўдалечыні ўзнікалі яшчэ горы, і нельга было сказаць, ці бачыш іх, ці гэта толькі здаецца. Гэта аўстрыйскія горы, а ў нас такіх не было. Спераду быў закруглены паварот направа, і ў прасвеце паміж дрэвамі я ўбачыў, як дарога крута спускалася ўніз. Па гэтай дарозе рухаліся войскі, і грузавікі, і мулы з горнымі гарматамі, і, калі мы ехалі па ёй уніз, трымаючыся самага краю, далёка ўнізе мне была відна рака, шпалы і рэйкі, якія былі побач, стары чыгуначны мост, а за ракой, ля падножжа гары, разбураныя дамы гарадка, якім мы павінны былі авалодаць.
Ужо амаль сцямнела, калі мы спусціліся ўніз, выехалі на галоўную дарогу, пракладзеную ўздоўж берага ракі.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Дарога была забітая транспартам і людзьмі, з абодвух бакоў ад яе былі шчыты з рагожы і саламяных цыновак, і цыноўкі накрывалі яе зверху, што нагадвала ўваход у цырк альбо пасяленне дзікароў. Мы марудна рухаліся па гэтым саламяным тунэлі і нарэшце выехалі на голае, расчышчанае месца, дзе некалі была чыгуначная станцыя. Далей дарога была вырыта ў берагавым насыпе, і па ўсёй яе даўжыні ў насыпе былі зробленыя сховы, і ў іх засела пяхота. Сонца заходзіла, і, гледзячы паўзверх насыпу, я бачыў аўстрыйскія назіральныя аэрастаты, якія цямнелі на вячэрнім небе над гарамі на тым беразе ракі. Мы спынілі машыны за развалінамі цаглянага завода. У печах для абпальвання і некаторых глыбокіх ямах былі абсталяваныя пункты для перавязкі. Сярод дактароў было трое маіх знаёмых. Галоўны доктар сказаў мне, што, калі пачнецца і нашы машыны прымуць параненых, мы павязём іх па замаскаванай дарозе ўздоўж берага і затым угару, да перавалак, дзе знаходзіцца пост і дзе параненых будуць чакаць іншыя машыны, Каб толькі на дарозе не ўтвараўся затор,
сказаў ён. Іншага шляху не было. Дарогу замаскавалі, бо яна была навідавоку з аўстрыйскага берага. Тут, на цагляным заводзе, берагавы насып абараняў нас ад аружэйнага і кулямётнага агню. Цераз раку быў пракладзены толькі адзін напаўразбураны мост. Калі пачнецца артылерыйскі абстрэл, навядуць яшчэ адзін мост, а частка войска пяройдзе ўброд ля выгібу ракі, дзе плытка. Галоўны доктар быў нізенькі чалавек з падкручанымі ўгару вусамі. Ен быў маёрам, удзельнічаў у лівійскай вайне і меўдзве нашыўкі за раненне. Ен сказаў, што, калі ўсё пройдзе добра, ён прадставіць мяне да ўзнагароды. Я сказаў, што, спадзяюся, усё пройдзе добра, і падзякаваў яму за дабрыню. Я спытаў, ці ёсць тут вялікі бліндаж, дзе маглі б размясціцца шафёры, і ён выклікаў салдата, каб ён правёў мяне. Я пайшоў за салдатам, і мы вельмі хутка дайшлі да бліндажа, які выявіўся вельмі зручным. Шафёры былі задаволеныя, і я пакінуў іх там. Галоўны доктар запрасіў мяне выпіць з ім і яшчэ з двума афіцэрамі. Мы выпілі рому, і я адчуў сябе сярод сяброў. Цямнела. Я спытаў, калі пачнецца атака, і мне сказалі, што як толькі зусім сцямнее. Я вярнуўся да шафёраў. Яны сядзелі ў бліндажы і размаўлялі, і калі я зайшоў, яны змоўклі. Я даў ім пачак цыгарэт «Македонія», слаба набітых цыгарэт, з якіх высыпаўся тытунь, і трэба было закруціць KaHeu, перш чым закурваць. Маньера пстрыкнуў запальнічкай і даў усім прыпаліць. Запальнічка нагадвала радыятар фіата. Я расказаў ім усё, пра што даведаўся.
— Чаму мы не ўбачылі паста, калі ехалі сюды? — спытаў Пасіні.
— Ён якраз за паваротам, дзе мы збочылі.
— Так, весела будзе ехаць па гэтай дарозе,— сказаў Маньера.
— Дадуць нам дыхту аўстрыйцы, так іх разгэтак.
Дадуць.
— А як наконт таго, каб паесці, лейтэнант? Калі пачнецца, не будзе калі і думаць пра яду.
— Зараз схаджу даведаюся,— сказаў я.
— Нам сядзець тут ці можна выйсці?
— Лепш сядзіце тут.
Я пайшоў да галоўнага доктара, і ён сказаў, што паходная кухня зараз з’явіцца і шафёры могуць прыйсці па пахлёбку.
Кацялкі ён ім дасць, калі ў іх няма сваіх. Я сказаў, што, здаецца, у іх ёсць свае. Я вярнуўся назад і сказаў шафёрам, што паклічу іх, як толькі прывязуць ежу. Маньера сказаў, што добра, калі б яе прывезлі да пачатку абстрэлу. Яны маўчалі, пакуль я не пайшоў. Усе чацвёра былі механікамі і ненавідзелі вайну.
Я сышоў праведаць машыны і паглядзець, што робіцца навокал, а пасля вярнуўся ў бліндаж да шафёраў. Мы ўсе сядзелі на зямлі, прыхінуўшыся да сценкі, і курылі. Звонку было ўжо амаль цёмна. Зямля ў бліндажы была цёплая і сухая, і я прыхінуўся да сценкі плячыма і разняволіў усё цела.
— Хто ідзе ў атаку? — спытаў Гавуцы.
— Берсальеры.
— Адны берсальеры?
— Здаецца, так.
— На сапраўдную атаку тут вельмі мала войска.
— Відаць, гэта проста дыверсія, а сапраўдная атака будзе не тут.
— А салдаты, якія ідуць у атаку, гэта ведаюць?
— He думаю.
— Вядома, не ведаюць,— сказаў Маньера.— Калі б ведалі, не пайшлі б.
— Яшчэ як пайшлі б,— сказаў Пасіні,— Берсальеры дурні.
— Яны храбрыя салдаты і захоўваюць дысцыпліну,— сказаў я.
— Яны дужыя хлопцы, і ў іх шырокія грудзі. Але ўсё адно яны дурні.
— А грэнадзёры малайцы,— сказаў Маньера. Гэта быў жарт. Усе чацвёра засмяяліся.
— Гэта пры вас было, tenente, калі яны адмовіліся ісці, a пасля кожнага дзясятага расстралялі?
He.
— Была такая справа. Іх выстраілі і адлічылі кожнага дзясятага. Карабінеры іх расстрэльвалі.
— Карабінеры,— сказаў Пасіні і сплюнуў на зямлю.
— Але грэнадзёры — ого! шэсць футаў росту. I адмовіліся ісці.
— Вось калі б адмовіліся ўсе, то і вайна скончылася б,— сказаў Маньера.
— Але ж грэнадзёры зусім пра гэта не думалі. Проста спалохаліся. Афіцэры ж былі ўсе са знаці.
— А некаторыя афіцэры пайшлі адны.
— Двух афіцэраў застрэліў сяржант за тое, што яны не хацелі ісці.
— Некаторыя радавыя таксама пайшлі.
— Каторыя пайшлі, тых і не выстройвалі, калі бралі дзясятага.
— Аднак майго земляка там расстралялі,— сказаў Пасіні,— Рослы такі, прыгожы хлопец, якраз для грэнадзёра. Вечна ў Рыме. Вечна з дзяўчатамі. Вечна з карабінерамі,— Ен засмяяўся.— Цяпер ля яго дома паставілі вартавога са штыком, і ніхто не пасмее наведаць яго маці, і бацьку, і сясцёр, а ягонага бацьку пазбавілі ўсіх грамадзянскіх правоў, і нават галасаваць ён не можа. I закон іх больш не абараняе. Кожны можа прыйсці і забраць у іх, што захоча.
— Калі б не страх, што сям’і пагражае тое ж, ніхто не пайшоў бы ў атаку.
— Ну не. Альпійскія стралкі пайшлі б. Полк Віктора-Эмануіла пайшоў бы. Бадай, і берсальеры таксама.
— А і берсальеры ўцякалі таксама. Цяпер яны стараюцца забыцца на гэта.
— Вы дарэмна дазваляеце нам размаўляць на такія тэмы, tenente. Ewiva I’esercito!1 — з’едліва зазначыў Пасіні.
— Я гэтыя размовы ўжо чуў,— сказаў я.— Але пакуль вы седзіце за стырном і робіце сваю справу...
— ...і гаворыце дастаткова ціха, каб не маглі пачуць іншыя афіцэры,— закончыў Маньера.
— Я лічу, што мы павінны давесці вайну да канца,— сказаў я.— Вайна не скончыцца, калі адзін бок перастане змагацца.
— Горай быць не можа,— пачціва сказаў Пасіні — Няма нічога горшага за вайну.
— Параза яшчэ горш.
— He зусім,— сказаў Пасіні па-ранейшаму пачціва.
— Што такое параза? Ну, вернемся дамоў.
— Вораг пойдзе за вамі. Забярэ ваш дом. Забярэ вашых сясцёр.
1 Няхай жыве армія! (іты.)
— Наўрад ці пойдзе ён за кожным,сказаў Пасіні,— Няхай кожны абараняе свой дом. Няхай не выпускае сясцёр за дзверы.
— Вас павесяць. Вас забяруць і зноў адправяць ваяваць. I не ў санітарны транспарт, а ў пяхоту.
— Так ужо кожнага і павесяць.
— He можа чужая дзяржава прымусіць ваяваць за сябе,— сказаў Маньера.— У першым жа баі ўсе разбягуцца.
— Як чэхі.
— Вы проста не ведаеце, што азначае быць пераможаным, вось вам і здаецца, што гэта не надта дрэнна.
— Tenente,— сказаў Пасіні,— вы нібыта дазволілі нам гаварыць. Дык вось, слухайце. Страшней за вайну нічога няма. Мы тут у санітарных часцях не можам зразумець, якая гэта страшная рэч — вайна. А тыя, хто разумее, як гэта страшна, тыя ўжо не могуць перашкодзіць гэтаму, бо вар’яцеюць. Есць людзі, якім ніколі не зразумець. Есць людзі, якія баяцца сваіх афіцэраў. Вось такімі і робяць вайну.
— Я ведаю, што вайна — страшная рэч, але мы мусім давесці яе да канца.
— Канца няма. Вайна не мае канца.
— He, канец ёсць.
Пасіні пакруціў галавой.
— Вайну не выйграюць перамогамі. Ну, возьмем мы Сан-Габрыеле. Ну, возьмем мы Карсо, і Манфальконе, і Трыест. А што пасля? Вы бачылі сёння ўсе тыя далёкія горы? Што, вы мяркуеце, што мы здолеем імі авалодаць? Толькі калі аўстрыйцы перастануць змагацца. Адзін бок павінен перастаць змагацца. Чаму не перастаць змагацца нам? Калі яны дабяруцца да Італіі, яны стомяцца і адыдуць назад. У іх ёсць свая радзіма. Дык жа не, абавязкова трэба ваяваць.
— Вы сапраўдны аратар.
— Мы думаем. Мы чытаем. Мы не сяляне. Мы механікі. Але нават сяляне не такія дурні, каб верыць у вайну. Усе ненавідзяць гэтую вайну.
— Краінай кіруе клас, які неразумны і нічога не разумее і не зразумее ніколі. Вось чаму мы ваюем.