• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    Неяк у панядзелак я, як звычайна, прыйшоў у лаўку да аднаго купца, якога звалі Бедр ад-Дзін аль-Бустані. Ён прывітаў мяне, і мы гутарылі, пакуль не адчыніўся рынак.
    I раптам падышла жанчына з гнуткім станам і гордай паходкай, цудоўная хустка акрывала яе галаву, і ад жанчыны разыходзіліся наўкола духмяныя пахі. Яна прыўзняла покрыва над тварам — і я ўбачыў яе чорныя вочы. Жанчына прывітала Бедр ад-Дзіна, ён адказаў на прывітанне і, стоячы, гутарыў з ёй.
    Калі я пачуў яе словы, каханне авалодала маім сэрцам. А яна сказала Бедр ад-Дзіну:
    — Ёсць у цябе адрэз тканіны, з малюнкамі і залатымі прашыўкамі?
    Ён падаў ёй адрэз з тых, што купіў у мяне. Яны сышліся ў цане на тысячы двухстах дзірхемах.
    — Я вазьму тканіну і прышлю табе грошы, — сказала жанчына купцу.
    Але ён запярэчыў:
    — Нельга, пані, вось гаспадар тканіны, і я звязаны з ім тэрмінам.
    — Гора табе, — усклікнула жанчына. — Я заўжды ў цябе набывала тканіну за вялікую цану і пасля аддавала грошы. Я даю табе нажыць больш таго, што ты хочаш.
    А купец адказаў:
    — Так, але я змушаны расплаціцца сёння.
    Тады яна ўзяла адрэз і кінула яму ў твар:
    — Ваша племя нікому не ведае вартасці! і паднялася.
    3 яе адыходам я адчуў, што мая душа пайшла за ёю ўслед. Я падняўся і запыніў яе:
    — О пані, зрабі ласку, звярні да мяне свае высакародныя крокі!
    Яна вярнулася і, усміхнуўшыся, сказала:
    — Дзеля цябе вяртаюся, — і села насупраць.
    Я запытаўся ў Бедр ад-Дзіна:
    — За колькі ты купіў гэты кавалак?
    — За тысячу сто дзірхемаў, — адказаў ён.
    — Табе будзе яшчэ сто дзірхемаў прыбытку, — сказаў я. — Дай паперу, я напішу распіску.
    Я ўзяў тканіну, напісаў Бедр ад-Дзіну распіску сваёй рукой і аддаў жанчыне адрэз:
    — Вазьмі і ідзі і, калі пажадаеш, прынясі грошы ў наступны рыначны дзень, а калі хочаш — гэта табе падарунак, як маёй госці.
    — Ды пашле табе Алах дабро і мае грошы і зробіць цябе маім мужам! — сказала жанчына.
    I Алах пачуў яе словы.
    — 0 пані, лічы гэты адрэз сваім, я табе падару яшчэ такі, але дай мне зірнуць на твой твар!
    I калі я пабачыў яе твар, каханне ахапіла маё сэрца, і я перастаў валодаць сваім розумам. А потым яна апусціла пакрывала на твар, узяла адрэз і сказала:
    — 0 пане, не змушай мяне сумаваць! — і пайшла.
    Я прасядзеў на рынку да другой паловы дня, розум пакінуў мяне, бо каханне апанавала маю душу. Нарэшце я падышоў да купца і запытаўся пра гэту жанчыну. А ён сказаў:
    — У яе ёсць грошы. Яна дачка аднаго эміра, бацька яе памёр і пакінуў ёй у спадчыну вялікае багацце.
    Я развітаўся з купцом і прыйшоў у хан. Успаміны пра гэту жанчыну завалодалі мною, і я не мог ні есці, ні піць, ні спаць. Раніцай я апрануўся ў тую ж адзежу, што была на мне ўчора, выпіў кубак віна, злёгку паснедаў і пайшоў у лаўку Бедр ад-Дзіна. Я прывітаў яго і сеў чакаць. Неўзабаве прыйшла тая жанчына. Яна была апранута яшчэ больш багата, чым учора, і з ёй была нявольніца.
    Яна прывіталася са мной, а не з Бедр ад-Дзінам красамоўнымі словамі, пяшчотней і саладзей якіх я не чуў, і сказала:
    — Адпраў са мною каго-небудзь, каб забраць тысячу дзвесце дзірхемаў — плату за адрэз тканіны.
    — Навошта спяшацца? — сказаў я.
    I яна ўсклікнула:
    — Ды не пакінеш ты нас!
    Жанчына аддала мне грошы, і мы сядзелі і гутарылі. A потым яна пайшла, а маё сэрца імкнулася за ёй услед.
    Праз колькі часу да мяне падышла дзяўчына і сказала: — 0 пане, паразмаўляй з маёй пані!
    Я здзівіўся:
    — Мяне ніхто тут не ведае.
    Але дзяўчына ўсклікнула:
    — О пане, як ты хутка пра яе забыўся! Мая пані — тая, што была сёння ў лаўцы купца.
    I я пайшоў разам з дзяўчынай. Калі мяне ўбачыла яе пані, то прытуліла да сябе і сказала:
    — 0 мой каханы, ты запаў мне ў душу, і каханне да цябе авалодала маім сэрцам. 3 той хвіліны, як я цябе ўбачыла, мне сталі не ў радасць ні сон, ні ежа.
    — У маёй душы яшчэ большае пачуццё, — адказаў я.
    — О каханы, дзе мы змаглі б сустрэцца? — спыталася яна.
    — Я чалавек тут чужы і жыву ў хане. Калі ты зробіш ласку, то няхай мы сустрэнемся ў цябе.
    I яна адказала:
    — Добра, але сёння пярэдадне пятніцы, таму давай сустрэнемся заўтра, пасля малітвы. Памаліся, сядай на асла і запытайся квартал аль-Хабанія. А калі прыедзеш, распытай, дзе дом Бакарата-начальніка, па мянушцы Абу Шама. Я там жыву. I не марудзь, я чакаю цябе.
    Я абрадаваўся вялікай радасцю, потым мы развіталіся. У хане я правёў ноч без сну і не верыў, што занялася зара. Я апрануў новую адзежу, нацёрся пахучым маслам і духамі. Маючы з сабою пяцьдзесят дынараў, я каля варотаў Зувейле сеў на асла і загадаў яго гаспадару:
    — Адвязі мяне ў аль-Хабанію.
    Хутка мы спыніліся перад варотамі квартала, і я сказаў: — Зайдзі ў квартал і запытайся, дзе дом начальніка. Аслятнік пайшоў і неўзабаве вярнуўся.
    — Ідзі паперадзе мяне да дома, — сказаў я яму. A заўтра раненька прыйдзеш сюды і адвязеш мяне назад.
    — У імя Алаха! — адказаў ён. I я даў яму чвэрць дынара
    золатам.
    Насустрач мне выйшлі дзве маладыя дзяўчыны, прыгожыя і высакагрудыя, і сказалі:
    — Уваходзь, наша пані цябе чакае! Яна не спала ноч, радуючыся табе.
    Я зайшоў у верхняе памяшканне з сямю дзвярамі і мноствам акон, якія выходзілі ў сад, а ў ім — безліч разнастайных пладоў, пеўчых птушак і шмат паўнаводных каналаў. Пакой быў пабелены султанскай вапнай, у якой чалавек, як у люстэрку, бачыў свой твар. Столь пакрывалі залатыя надпісы, выкананыя лазуракам, якія змяшчалі мудрыя і цудоўныя выслоўі. Падлога была выкладзена мармурам, а пасярод пакоя знаходзіўся вадаём з залатымі птушкамі-фантанамі па краях. Памяшканне ўсцілалі рознакаляровыя шаўковыя дываны, паўсюль стаялі канапкі.
    Я прысеў на адну з іх і не паспеў авалодаць сабою, як з’явілася пані — у вянцы з жамчугоў і каштоўных камянёў, увабраная і нафарбаваная. Яна ўсміхнулася мне ў твар, абняла мяне і прытуліла да сваіх грузей.
    — Гэта праўда? Ты прыйшоў да мяне? — сказала яна.
    I я адказаў ёй:
    — Я твой раб!
    Яна ўсклікнула:
    — Вітаю цябе! Клянуся Алахам, з таго дня, як пабачыла цябе, мне не ў радасць быў сон і не ў смак ежа.
    — I мне таксама, — сказаў я.
    Мы селі і пачалі размаўляць. Ад хвалявання і пачуцця сораму мая галава была апушчана да зямлі.
    Неўзабаве падалі багатую ежу: мяса ў воцаце, падсмажаны гарбуз у пчаліным мёдзе і курыцу з начынкай. Мы паелі, і мне падалі таз і збан, каб вымыць рукі. А потым мы надушыліся ружавай вадой з мускусам і размаўлялі далей. Яна прамовіла такія вершы:
    Калі б мы ведалі, што прыйдзеце навекі, Мы б вам пад ногі зрэнкі разаслалі,
    А нашы шчокі да зямлі мы прытулялі б, Каб вы прайшлі па сэрцах і павеках!
    Яна дзялілася тым, што адчувала, і я расказваў, што адчуваў. Каханне да яе паланіла мяне, і ўсе грошы зрабіліся
    для мяне нікчэмнымі. Мы гулялі, забаўляліся і цалаваліся, пакуль не надышла ноч. Служанкі прынеслі нам вячэру, нібыта на цэлы баль. Мы разам праспалі да раніцы, і я ў жыцці не ведаў ночы, лепшай за гэту.
    Раніцай я падняўся, пакінуў ёй хусцінку з дынарамі і стаў развітвацца. А яна заплакала і сказала:
    — 0 пане мой, калі я зноў пабачу гэты цудоўны твар?
    Я адказаў:
    — Буду ў цябе вечарам.
    Каля варотаў мяне чакаў аслятнік, ён давёз мяне да месца, дзе я яго наймаў, і я даў аслятніку паўдынара. A потым сказаў:
    — Прыходзь зноў на захадзе сонца!
    I ён адказаў:
    — Добра!
    Я паснедаў і пайшоў збіраць грошы за тавар. Пасля вярнуўся, падрыхтаваў для яе смажанае ягня і прысмакі і, паклікаўшы насільшчыка, адаслаў ёй усё гэта. Астатні час да захаду сонца я знаходзіўся ў розных клопатах.
    Калі сонца пачало заходзіць, з’явіўся аслятнік. Я зноў загарнуў у хусцінку пяцьдзесят дынараў і паехаў да яе.
    Да майго прыходу ў доме выцерлі мармур, начысцілі медзь і заправілі свяцільні. Пры святле свечак я ўбачыў расстаўленую ежу і працэджанае віно.
    Мая каханая абвіла маю шыю рукамі і ўсклікнула:
    — Ты змусіў мяне сумаваць!
    А потым мы селі за сталы і елі, пакуль не насыціліся. Служанкі прыбралі сталы і прынеслі віно. Мы пілі і гутарылі да апоўначы, а потым перайшлі ў спальню і праспалі да раніцы. А на світанні я падняўся, даў ёй зноў пяцьдзесят дынараў і развітаўся.
    Аслятнік прывез мяне ў хан. Я крыху паспаў, а затым сабраў вячэру, падрыхтаваў арэхі, міндаль да рысавага плову, смажаны ароннік, узяў свежых і сушаных пладоў і кветак і адаслаў усе гэта ей. Як звычайна, я загарнуў у хусцінку пяцьдзесят дынараў і надвячоркам паехаў з аслятнікам да яе дома.
    Мы зноў папілі і паелі, і спалі да раніцы, а потым я падняўся, пакінуў хусцінку з грашыма і развітаўся.
    Так працягвалася пэўны час. I вось аднойчы я прачнуўся, не меўшы ні дзірхема, ні дынара. I я сказаў сабе: “Усё гэта справа д’ябла!” — і прыгадаў наступныя вершы:
    Яго вачам закрыла свет нястача, Ён сам, як сонца жоўтае, здаецца.
    Адыдзе — усе думаюць: удача, А прыйдзе — то яму не хопіць месца.
    Блукае ён сярод людскога рынку, Яго пакутам не знайсці мяжы.
    Клянуся Богам: чалавек — пылінка, Калі ў нястачы — ён усім чужы!
    Я выйшаў з хана і пайшоў па вуліцы Бейн аль-Касрэйн да варотаў Зувейле. Там я пабачыў натоўп людзей. Мяне прыціснулі да салдата, і няўзнак мая рука апынулася ў яго кішэні. Я намацаў кашалёк і, не разумеючы сябе, узяў яго з кішэні салдата. Салдат заўважыў, што яго кішэня зрабілася лёгкай, і засунуў туды руку, але нічога не знайшоў. Ён павярнуўся да мяне і, падняўшы руку з дубінай, стукнуў мяне па галаве — і я ўпаў на зямлю.
    Людзі акружылі нас, схапілі за аброць каня салдата і сказалі:
    — 3-за цеснаты ты ўдарыў гэтага юнака такім моцным ударам!
    Але салдат закрычаў на іх:
    — Гэта пракляты злодзей!
    Якраз я апрытомнеў і пачуў, што людзі гавораць:
    — Гэта прыгожы юнак, ён нічога не ўкраў!
    Некаторыя верылі, іншыя не верылі, і здагадкі і абгаворы ўзмацняліся.
    Людзі хацелі мяне вызваліць з рук салдата, але па волі божай раптам з’явіліся ў варотах валі і начальнік з вартаю. Яны ўбачылі, што народ сабраўся наўкола мяне і салдата.
    Валі запытаўся:
    — У чым справа?
    I салдат сказаў:
    — Клянуся Алахам, гэта злодзей! У мяне ў кішэні быў блакітны кашалёк з дваццаццю дынарамі, а ён у натоўпе выцягнуў яго.
    — А ці быў з табою хто-небудзь? — спытаў валі ў салдата.
    — He! — адказаў той.
    Тады валі гукнуў начальніка, і той схапіў мяне, і ахоўны покрыў Алаха быў з мяне зняты. Валі сказаў начальніку: