Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Але я паленаваўся з ёй ісці, і яна паклялася Алахам, што, калі я не падымуся, яна не будзе мяне карміць і паіць і пакіне мяне паміраць з голаду і смагі. 0 ўладар прававерных, я зразумеў, што яна так і зробіць.
— Пасадзі мяне! — сказаў я ёй, і яна пасадзіла мяне. Тады я сказаў:
— Прынясі мне туфлі! — і калі яна прынесла, то загадаў: — Надзень іх мне на ногі!
Яна абула мяне, падняла з зямлі і падпірала мяне, каб я мог ісці. Нарэшце мы дайшлі да берага, прывіталі шэйха, і я запытаўся ў яго:
— 0 дзядзечка, ты Абу-ль-Музафар?
I ён адказваў:
— Да тваіх паслуг, — бо быў чалавекам добрым і дапамагаў бедным.
А я сказаў:
— Вазьмі гэтыя дзірхемы і купі мне на іх што-небудзь у краях кітайскіх, можа, Алах пашле мне на іх прыбытак.
Ці ведаеце вы гэтага юнака? — запытаўся ў сваіх людзей Абу-ль-Музафар.
Яны адказалі:
— Так, яго клічуць Абу Мухамед-гультай, і мы ніколі не бачылі, каб ён калі-небудзь выходзіў з дому раней.
0 дзіця маё, — мовіў шэйх. — давай грошы, з благаславення Алаха вялікага.
Ён узяў у мяне грошы, а я з маці вярнуўся дамоў.
Шэйх з многімі купцамі паехаў у Кітай, і там яны прадавалі і куплялі, пакуль не закончылі ўсе свае справы. А потым селі на караблі і паплылі дамоў. Праз тры дні шляху ў моры шэйх сказаў:
— Спыніце карабель!
— Што здарылася? — запыталіся ў яго.
— Ведаеце, — адказваў ён, — што я запамятаваў аб грашах Абу Мухамеда, якія ў мяне. Вернемся і купім на іх што-небудзь, што прынясе яму карысць.
— Просім цябе, дзеля Алаха вялікага, не паварочвай назад: мы прайшлі вельмі вялікі шлях, і нам выпалі на ім вялікія жахі і цяжкасці, — сказалі яму.
Але ён усклікнуў:
— Нам вярнуцца — непазбежнасць!
I тады яму сказалі:
— Вазьмі ў нас у некалькі разоў болей, чым прыбытак з пяці дзірхемаў, але не вяртайся.
I Абу-ль-Музафар паслухаўся, яму сабралі вялікія грошы. Яныпаплылідалейінаблізіліся давострава, на якім жылі людзі. Купцы прысталі да яго, сышлі на бераг, каб купіць у іх тавары — металы, каштоўныя камяні, жэмчуг і іншае. I Абу-ль-Музафар убачыў чалавека, які сядзеў, a вакол яго было шмат малпаў. Сярод іх была адна з выскубанай шэрсцю.
I кожнага разу, як гаспадар адварочваўся, астатнія малпы хапалі і білі абскубаную малпу, а гаспадар, заўважыўшы гэта, накідваўся на іх, звязваў і мучыў. I ўсе малпы злаваліся на абскубаную і зноў жа білі яе. Шэйх Абуль-Музафар пашкадаваў гэту малпу і спытаўся ў гаспадара:
— Ці прадасі ты мне яе?
— Купляй, — адказваў той.
I тады Абу-ль-Музафар сказаў:
— У мяне ёсць пяць дзірхемаў, якія належаць аднаму дзіцяці-сіраце. Ці прадасі ты за гэту цану малпу?
— Я прадам яе табе, няхай благаславіць цябе Алах! — адказаў гаспадар малпы.
Абу-ль-Музафар атрымаў малпу, аддаў грошы, і рабы шэйха аднеслі яе на карабель і прывязалі. Потым яны распусцілі ветразі і паплылі да іншага вострава, каля якога
зноў прысталі. Да купцоў прыйшлі ныральшчыкі, якія дастаюць з марскога дна каштоўнасці, жэмчуг і розныя дарагія камяні, купцы далі ім грошай і — тыя пачалі ныраць.
Малпа ж убачыла, што яны робяць і, развязаўшы на сабе вяроўкі, саскочыла з карабля і нырнула разам з імі.
— Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага! — усклікнуў Абу-ль-Музафар. — Прапала малпа гэтага бедняка, для якога мы яе купілі.
Яны ўжо не спадзяваліся яе ўбачыць, але, калі вынырнулі ныральшчыкі, раптам паказалася з вады і малпа. I ў яе лапах было шмат каштоўных камянёў. Яна кінула іх перад Абу-ль-Музафарам, і той здзівіўся і сказаў:
— Сапраўды, у гэтай малпы вялікая тайна!
Потым яны расправілі ветразі і плылі да таго часу, пакуль не дасягнулі вострава Зінджэй*, не ведаючы, што на ім жыве племя чорных, якія ядуць мяса сыноў Адама. I калі чорныя ўбачылі карабель, яны падплылі на чоўнах і ўсіх, хто быў на караблі, звязалі і прывялі да свайго цара. I цар загадаў зарэзаць мноства купцоў. Іх зарэзалі і з’елі мяса. Астатнія купцы, звязаныя, сядзелі ў цямніцы.
Уначы малпа падышла да Абу-ль-Музафара і развязала яго. Купцы ўбачылі гэта і абрадаваліся:
— 3 дапамогаю Алаха, о Абу-ль-Музафар, ты вызвалі нас!
— Ведайце, — сказаў шэйх, — што вас вызваліць гэта малпа, і на тое воля Алаха. Я дам ёй тысячу дынараў.
— Кожны з нас таксама не пашкадуе тысячы дынараў, калі яна вызваліць нас, — сказалі купцы.
I тады малпа падышла і пачала развязваць купцоў аднаго за адным, пакуль усіх не вызваліла. Купцы паспяшаліся да карабля, узышлі на яго і ўбачылі, што карабель цэлы і анічога з рэчаў не прапала.
Яны распусцілі ветразі і рушылі ў мора. I Абу-льМузафар нагадаў:
— 0 купцы, выканайце тое, што вы абяцалі малпе.
Кожны выклаў ёй па тысячы дынараў, і Абу-ль-Музафар таксама даў ёй тысячу, адчаго ў малпы сабралася вялікая колькасць грошай. Неўзабаве яны вярнуліся ў Басру, там іх сустрэлі сябры. I Абу-ль-Музафар запытаўся:
— Дзе Абу Мухамед-гультай?
Вестка аб гэтым дайшла да маёй маці і, калі я ляжаў, маці прыйшла да мяне і сказала:
— 0 дзіця, шэйх Абу-ль-Музафар прыбыў у горад. Падымайся, ідзі да яго, прывітайся і спытай, што ён табе прывёз — можа стацца, Алах вялікі што-небудзь паслаў табе.
— Падымай мяне з зямлі і падпірай мяне, каб я змог выйсці і пайсці на бераг, — сказаў я.
I калі я прыйшоў, шэйх Абу-ль-Музафар сказаў:
— Прывітанне таму, чые дзірхемы былі прычынай майго выратавання і выратавання гэтых купцоў згодна волі Алаха! Забірай гэту малпу — я купіў яе табе — і ступай дамоў, а я прыйду да цябе.
Я павёў малпу перад сабой, думаючы: “Клянуся Алахам, сапраўды дарагі тавар”. А дома сказаў маці:
— Кожнага разу, як я ляжу, ты загадваепі мне падымацца, каб гандляваць. Паглядзі ж на гэты тавар!
Але неўзабаве з’явіліся рабы Абу-ль-Музафара і запыталіся:
— Ты Абу Мухамед-гультай?
— Так, — адказаў я ім.
I раптам прыйшоў Абу-ль-Музафар, і я падняўся і пацалаваў яму рукі, а ён сказаў мне:
— Пойдзем да мяне дамоў.
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказаў я.
Мы прыйшлі да яго дамоў, і ён загадаў сваім рабам прынесці грошы.
— Дзіця маё, Алах паслаў табе гэтыя грошы, як прыбытак з тых пяці дзірхемаў, — сказаў Абу-ль-Музафар.
I затым рабы панеслі скрыні з грашыма, а Абу-льМузафар даў мне ад іх ключы і сказаў:
— Ідзі паперадзе рабоў да свайго дома — усе гэтыя грошы твае.
Маці абрадавалася, калі я з’явіўся, і сказала:
— 0 дзіця маё, Алах магутны паслаў табе вялікія грошы: кінь жа ленавацца, ідзі на рынак і гандлюй.
I я пакінуў гультайства і адчыніў на рынку лаўку. Малпа ж заўсёды сядзела каля мяне. I калі я еў — яна ела са мной, і калі піў — яна піла са мной. Кожны раз з раніцы да апоўдня яна некуды знікала, а потым прыходзіла з мяшком, у якім было тысячу дынараў, клала яго перада мной і сядала побач.
Праз нейкі час у мяне сабралася шмат грошай, і я набыў маёнткі і палі, пасадзіў сады і купіў нявольнікаў і нявольніц.
Аднаго разу малпа сядзела на лавачцы каля мяне і раптам пачала паварочвацца направа і налева. Я падумаў: “Што гэта з малпай?” А яна нечакана сказала:
— О Абу Мухамед!
Пачуўшы яе словы, я моцна спалохаўся, а малпа прамовіла:
— He палохайся, я раскажу табе пра сябе. Я марыд з джынаў. Я з’явілася да цябе, каб дапамагчы. Але я маю патрэбу, у якой для цябе тоіцца дабро.
— Што гэта? — запытаўся я.
I малпа сказала:
— Я хачу ажаніць цябе з жанчынаю, якая падобная да поўні.
— А як гэта? — пацікавіўся я.
— Заўтра апрані сваё багатае плацце, сядай на мула з залатым сядлом і выпраўляйся на рынак, дзе гандлююць кармамі. Спытай лаўку шэрыфа*, сядзь з ім побач і скажы яму: “Я прыйшоў да цябе, каб пасватацца, і хачу ўзяць тваю дачку за сябе”. — I калі ён скажа: “У цябе няма ні грошай, ні становішча, ні паходжання”, — дай яму тысячу дынараў. Калі ён скажа: “Дабаў!” — дай яму яшчэ і спакушай яго грашыма.
Iя сказаў:
— Заўтра зраблю гэта, калі захоча Алах вялікі!
I, падняўшыся раніцай, я апрануў сваё самае раскошнае плацце, сеў на мула з залатым сядлом і выправіўся на рынак, дзе гандлююць кармамі. Я знайшоў шэрыфа, які сядзеў каля сваёй лаўкі, спешыўся і прывітаў яго, і сеў побач. А са мной былі дзесяць рабоў і нявольнікаў.
— Можа, у цябе ёсць да нас патрэба, якую мы будзем мець шчасце выканаць? — спытаўся ў мяне шэрыф.
I я сказаў яму:
— Так, у мяне ёсць да цябепатрэба. Я прыйшоў сватацца і хачу ўзяць тваю дачку за сябе.
— У цябе няма ні грошай, ні становішча, ні паходжання, — сказаў шэрыф.
Тады я дастаў мяшок, дзе была тысяча дынараў чырвоным золатам, і мовіў:
— Вось маё становішча і паходжанне. Бо сказаў прарок (няхай благаславіць яго Алах і прывітае!): “Прыгожае становішча, створанае багаццем”. А якія цудоўныя вось гэтыя словы:
Хто мае ў кашальку хоць два дзірхемы, Вярзеён глупства — а здаецца, што паэмы.
Бягуць сябры на першы яго ўскрык.
Ён ходзіць па зямлі надзьмуты, як індык.
Калі ж надарыцца застацца без граша, Пакоры хай павучыцца спярша.
Калі ж бядняк гаворыць праўду, хай святую. To за хлусню палічаць праўду тую.
Бо сапраўды ў любым краі дзірхемы — Вялікасці і мудрасці эмблемы.
Яны за мову тым, хто хоча гаварыць, I зброя для таго, хто хоча пакарыць.
Калі шэрыф пачуў ад мяне гэтыя словы і зразумеў вершы, ён схіліў на нейкі час галаву да зямлі, а потым узняў яе і сказаў:
— Калі гэта непазбежна, то я хачу ад цябе яшчэ тры тысячы дынараў.
I я адказваў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся!
А затым я паслаў аднаго з нявольнікаў дамоў, і ён прынёс мне грошы, якія патрабаваў шэрыф. Убачыўшы іх, шэрыф загадаў слугам зачыніць лаўку, а потым паклікаў сваіх сяброў да сябе ў дом і зрабіў мой запіс з ягонай дачкой.
— Праз дзесяць дзён я цябе да яе ўвяду, — сказаў ён потым.
I я, радасны, вярнуўся дамоў. Застаўшыся адзін на адзін з малпай, я расказаў ёй усё, што адбылося. I яна пахваліла мяне:
— Цудоўна тое, што ты зрабіў!
А калі наблізіўся час, прызначаны шэрыфам, малпа сказала мне:
— У мяне ёсць да цябе патрэба, і калі ты яе задаволіш, то атрымаеш тое, што хочаш. У тым пакоі, дзе адбудзецца тваё вяселле з дачкою шэрыфа, ёсць каморка і на яе дзвярах — меднае кольца, пад кольцам — ключы. Вазьмі іх і адамкні дзверы. Ты знойдзеш жалезную скрыню, на вуглах якой чатыры сцягі — талісманы, а паміж імі таз, напоўнены грашыма. Вакол яго адзінаццаць змей. У тазе будзе звязаны певень з раздвоеным грэбенем, і побач са скрыняй — нож. Вазьмі нож, зарэж ім пеўня, парві сцягі і перавярні скрыню, а пасля гэтага выйдзі да нявесты і пазбаў яе дзявоцкасці. Вось што мне патрэбна ад цябе.