• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    Калі Аль-Акік пацёк і людзі выйшлі, я таксама выйшаў разам з братамі і сваякамі. Мы селі на ранейшым месцы, a неўзабаве прыбеглі і дзяўчаты. I я папрасіў адну сваю сваячку: “Скажы гэтай дзяўчыне: “Гаворыць вунь той чалавек, што праславіўся паэт, які сказаў такі верш:
    Стралу пусцілі — і разбілі сэрца.
    Пайшла, а я — на крок адзін ад смерці.”
    Сваячка падышла да дзяўчыны і сказала ёй гэта. I дзяўчына мовіла: “Скажы яму, што праславіўся той, хто адказаў такім вершам:
    Са мной было такое ж, але, можа, Нас нехта вылечыць і дапаможа.”
    Я не стаў больш гаварыць, бо збаяўся сораму, і падняўся. Дзяўчына таксама паднялася, і я рушыў за ёю ўслед. I яна мяне заўважыла. Я даведаўся, дзе яе дом. Мы пачалі сустракацца, і хутка пра гэта даведаўся яе бацька. Я аб усім расказаў свайму бацьку, і ён сабраў сваякоў і пайшоў да бацькі той дзяўчыны, каб пасватацца.
    — Калі б вы з’явіліся да мяне раней, чым ён зняславіў яе, — сказаў бацька дзяўчыны, — я, напэўна, пагадзіўся б. Але пра іх ужо гавораць людзі, і я не такі, каб пацвердзіць чуткі.
    — I я паўтарыў юнаку песню, — гаварыў Ібрахім, — і паміж намі ўзнікла сяброўства. А потым Джафар ібн Ях’я наладзіў прыём, ія з’явіўся, і, па звычаю, праспяваў... яму вершы юнака. Джафар з захапленнем спытаўся ў мяне:
    — Гора табе, чыя гэта песня?
    I я расказаў яму гісторыю юнака, а ён загадаў, каб я прывёў таго. I калі юнак прыйшоў, Джафар прымусіў яго паўтарыць гэту гісторыю. Юнак расказаў усё, і Джафар усклікнуў:
    — Ты пад маёй апекай, пакуль я не ажаню цябе з ёк>1
    I душа юнака заспакоілася, ён застаўся з намі, а калі наступіла раніца, Джафар паехаў да ар-Рашыда і расказаў яму гэтую гісторыю. Халіф палічыў яе прыгожай. Ён загадаў усім нам з’явіцца і сказаў паўтарыць песню, і выпіў пад яе. Затым па яго загадзе было напісана пісьмо да правіцеля Хаджаза, каб той з пашанаю прывёз да яго бацьку жанчыны і яе сям’ю і не шкадаваў на іх грошай.
    У хуткім часе яны былі ўжо тут. I ар-Рашыд сказаў прывесці бацьку дзяўчыны. I калі той з’явіўся, загадаў яму аддаць сваю дачку замуж за юнака, і даў яму сто тысяч дынараў.
    I юнак быў адным з тых, хто дзяліў трапезу з Джафарам, пакуль здарылася тое, што здарылася. I тады юнак вярнуўся са сваёй сям’ёй у Медыну, няхай злітуецца Алах вялікі з іхніх душаў!
    АПОВЯД ПРА ХАЛІДА ІБН АБДАЛАХА АЛЬ-КАСРЫ
    Расказваюць таксама, што Халід ібн Абдалах аль-Касры быў эмірам Басры. I да яго натоўп людзей прывёў юнака, па якім адразу было бачна, што ён прыгожы, адукаваны і вялікага розуму. I вылучаўся ён спакоем і годнасцю.
    Юнака падвялі да Халіда, і той запытаўся, што за гісторыя здарылася. I яму адказалі:
    — Гэта злодзей, якога мы злавілі ўчора ў нашым доме.
    Халід паглядзеў на юнака, і яму спадабалася яго прыгажосць і чысціня адзення.
    — Адпусціце яго! — сказаў ён, а потым запытаўся ў юнака, што здарылася з ім.
    — Гэтыя людзі былі праўдзівыя ў тым, што гаварылі, усё менавіта так і было, — адказаў юнак.
    — Што змусіла цябе пайсці на гэта, калі ты прыгожа апрануты і цудоўны воблікам? — спытаў у яго Халід.
    I юнак сказаў:
    — Мяне падштурхнулі да гэтага сквапнасць і вырак Алаха — слава яму і веліч!
    — Няхай страціць цябе твая маці! Хіба не было ў прыгажосці твайго твару, дасканаласці твайго розуму і ў цудоўнай адукаванасці для цябе забароны, якая б утрымала ад крадзяжу? — усклікнуў Халід.
    — Пакінь гэта, о эмір, і слухайся валі Алаха вялікага! Гэта адплата за тое, што зрабілі мае рукі, і Алах не крыўдзіцель для рабоў, — адказаў юнак.
    Халід нейкі час маўчаў у роздуме, а затым загадаў яму наблізіцца і сказаў:
    — Тваё прызнанне ў прысутнасці сведкаў мяне бянтэжыць, але я не думаю, што ты злодзей. Магчыма, ты ўтойваеш нейкую гісторыю? Раскажы мне яе.
    — О эмір, — сказаў юнак, — няхай не западзе табе ў душу анічога, акрамя таго, у чым я перад табою прызнаўся. У мяне няма гісторыі, якую я мог бы табе расказаць. Я ўвайшоў у дом гэтых людзей і ўкраў, што мог. Мяне схапілі, адабралі ўкрадзенае і прывялі да цябе.
    I Халід загадаў зняволіць юнака, а вяшчальніку . крычаць у Басры: “ Гэй, хто хоча паглядзець, як будуць караць злодзея і адрэжуць яму руку, няхай прыходзіць з раніцы на такое вось месца!”
    Юнака ў турме закавалі ў жалеза, і ён глыбока ўздыхнуў, праліў слёзы і прамовіў такія вершы:
    Халід пагражаў мне руку адсячы, Калі не скажу пра сустрэчы ўначы.
    I я адказаў: “He, не выдам ніколі Таго, каго кляўся ў душы берагчы.
    Зняславіць каханую я не дазволю, На плаху ўзыду па сваёй лепей волі.”
    I людзі, якія сцераглі юнака, пачулі гэта. Яны прыйшлі да Халіда і ўсё яму пераказалі. А калі апусцілася ноч, Халід загадаў прывесці да сябе юнака і пачаў у яго дапытвацца. Халід убачыў, што юнак разумны, адукаваны, кемлівы і дасціпны. Ён загадаў прынесці юнаку ежу, і той паеў і нейкі час гутарыў з эмірам. Потым Халід звярнуўся да юнака:
    — Я ведаю, што акрамя крадзяжу ты ўтойваеш сваю гісторыю. Калі наступіць раніца, прыйдуць людзі, з’явіцца кадзі і запытае ў цябе аб ўсім. He прызнавайся ў крадзяжы і скажы што-небудзь, што прадухіліць кару — адсячэнне рукі. Сказаў жа пасланнік Алаха (няхай благаславіць яго Алах і прывітае!): “Адводзьце пакаранне пры дапамозе няпэўных акалічнасцей”.
    Затым ён сказаў адвесці юнака ў турму, і той там начаваў. Калі ж надышла раніца, людзі сабраліся паглядзець, як будуць адсякаць юнаку руку. I не засталося ў Басры анікога, ні мужчыны, ні жанчыны, хто б не прыйшоў паглядзець на пакаранне. I прыехаў верхам Халід, а з ім знатныя жыхары Басры, а затым эмір паклікаў суддзяў і загадаў прывесці юнака.
    I ён прыйшоў, кульгаючы ў кайданах, і ўсе яго ўбачылі і заплакалі, а жанчыны загаласілі.
    Суддзя загадаў жанчынам змоўкнуць і сказаў юнаку:
    — Гэтыя людзі сцвярджаюць, што ты прыйшоў да іх у дом і ўкраў іх маёмасць. Можа, ты ўкраў менш таго, за што караюць цябе?
    — He, я ўкраў якраз гэтулькі, — адказваў юнак.
    — Магчыма, ты валодаў той маёмасцю сумесна з гэтымі людзьмі? — спытаўся суддзя.
    I юнак адказаў:
    — He, яна належыць ім, і я не маю на яе правоў.
    I тады Халід раззлаваўся і сам падышоў да гэтага юнака і ўдарыў яго па твары бізуном, пры гэтым сказаў такі верш:
    Чагосьці ён дабіцца ў справах хоча, А дасць яму Алах, што сам захоча.
    Потым ён паклікаў ката, каб той адсек руку юнаку. Кат падышоў і ўзяў нож, а юнак падаў яму руку, і кат ужо
    прыклаў нож да яе. Раптам выбегла з натоўпу жанчын дзяўчына, у брудным адзенні, і ўскрыкнула. Яна кінулася да юнака, а затым адкрыла твар, падобны да месяца, і людзі з абурэннем зашумелі, і ледзь не ўсчалася смута. А дзяўчына крыкнула на ўвесь голас:
    — Заклінаю цябе Алахам, о эмір, не спяшайся сячы, перш прачытай гэтую паперку!
    I яна падала яму паперку, і Халід разгарнуў яе і прачытаў:
    О Халід, прад табой закаханы, ён хворы ад страсці, Ён паранены мной, і ён сёння няшчасны.
    Бо стралою кахання працяты быў ён,
    I ад раны ўздыхнуць больш не можа з тых дзён.
    Прызнаецца ж у тым, чаго сам не тварыў.
    Ён зманіў, а кахання свайго не адкрыў.
    Асцярожней будзь з ім! Гэта хворы юнак, Ён за іншых вышэй і не злодзей, аднак.
    I калі Халід прачытаў гэтыя вершы, ён адышоў убок ад людзей і, паклікаўшы жанчыну, запытаўся ў яе, у чым справа, I яна расказала яму, што гэты юнак кахае яе, і ён толькі хацеў пабачыцца з ёй, і пайшоў да яе дома, і кінуў камень, каб падаць ёй знак аб сабе. А яе бацька і браты пачулі шум ад каменя і выйшлі да юнака. Тады ён пачаў хапаць рэчы, каб падумалі, што гэта злодзей, і каб не западозрылі яго каханую.
    — Калі яго заспелі за гэтым, то схапілі, сказаўшы: “Злодзей!” — і прывялі да цябе, — гаварыла дзяўчына. — I ён прызнаўся ў крадзяжы, каб не зняславіць мяне. Вось так зрабіў той, хто абвінаваціў сябе ў крадзяжы з прычыны сваёй высакароднасці і велічы душы.
    — Сапраўды, ён варты таго, каб яму дапамаглі дасягнуць жадаемага! — усклікнуў Халід.
    А затым ён паклікаў да сябе юнака, пацалаваў яго паміж вачэй і загадаў прывесці бацьку дзяўчыны, якому сказаў:
    — О стары, мы намерваліся ўчыніць расправу над гэтым юнаком і адсячы яму руку, але Алах — вялікі і славуты! — засцярог мяне ад гэтага. I я загадаў выдаць юнаку дзесяць
    тысяч дзірхемаў, так як ён не пашкадаваў сваёй рукі, каб зберагчы твой гонар і гонар тваёй дачкі. I я загадаў выдаць тваёй дачцэ дзесяць тысяч дзірхемаў, бо яна расказала мне праўду. I я прашу цябе, каб ты мне дазволіў аддаць яе за яго замуж.
    — О эмір, я дазваляю табе гэта, — сказаў стары.
    I Халід уславіў Алаха і прамовіў цудоўную пропаведзь.
    — Я ажаніў цябе з гэтай дзяўчынай з яе дазволу і згоды і дазволу яе бацькі, за гэтыя грошы ў памеры дзесяці тысячаў дзірхемаў, — сказаў ён.
    — Я згодны на гэты шлюб, — адказаў юнак.
    I затым Халід загадаў аднесці грошы ў дом юнака на падносах, і людзі разышліся радасныя. I я не бачыў ніколі больш дзівоснага дня за гэты! У пачатку яго быў плач і засмучэнне, а ў канцы — весялосць і радасць.
    АПОВЯД ПРА ВАЛІ ХУСАМА АД-ДЗІНА
    Расказваюць таксама, што быў у крэпасці АльІскандэрыя* валі па імені Хусам ад-Дзін, і калі ён сядзеў аднойчы ўвечары ў зале, да яго раптам прыйшоў адзін салдат і сказаў:
    — Ведай, о ўладар наш валі, што я трапіў у гэты горад сёння вечарам і спыніўся ў хане, праспаў там трэцюю частку ночы, а калі прачнуўся — то мой мяшок быў парэзаны, і з яго знік кашалёк з тысячай дынараў.
    Салдат яшчэ не скончыў гаварыць, як валі паслаў па варту і загадаў прывесці ўсіх, хто быў у хане, і зняволіць да раніцы.
    Калі ж надышла раніца, ён сказаў прынесці прылады для катавання і паклікаў гэтых людзей. У прысутнасці салдата, уладальніка грошай, валі хацеў дапытваць іх. Але раптам з ’ явіўся нейкі чалавек, прайшоў праз натоўп да валі і салдата і сказаў:
    — О эмір, адпусці ўсіх гэтых людзей, — яны несправядліва пакрыўджаныя! Гэта я ўзяў грошы ў салдата, і вось ён —кашалёк, які я ўкраў з яго мяшка.
    Ён выцягнуў кашалёк з рукава і паклаў перад валі і салдатам. I валі сказаў салдату:
    — Забірай свае грошы — табе няма ўжо вяртання да гэтых людзей.
    А народ і ўсе прысутныя сталі хваліць таго чалавека і благаслаўляць яго. А той чалавек сказаў:
    — О эмір, спрыт не ў тым, што я сам прыйшоў да цябе і прынёс кашалёк, — спрыт у тым, каб у другі раз адабраць грошы ў салдата.
    I валі пацікавіўся: