• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    Але Масрур не пагадзіўся, і тады Ібн аль-Карыбі сказаў: — Табе будзе дзве трэці, а мне трэць!
    I Масрур пасля доўгіх ваганняў згадзіўся. А затым Ібн аль-Карыбі пайшоў з ім да халіфа і, прыйшоўшы, прывітаў, як вітаюць халіфаў, і ўстаў перад ім. I ўладар прававерных сказаў яму:
    — Калі ты мяне не рассмешыш, я стукну цябе гэтым мяшком тры разы.
    Ібн аль-Карыбі сказаў сабе: “А што можа быць ад трох удараў гэтым мяшком, калі нават удары бізуна мне не страшныя?” — I ён думаў, што мяшок пусты.
    А затым ён пачаў гаварыць тое, што магло рассмяшыць разгневанага, пачаў расказваць самыя вясёлыя гісторыі. Аднак уладар прававерных не засмяяўся і нават не ўсміхнуўся. I тады Ібн аль-Карыбі здзівіўся, засмуціўся і адчуў страх. А ўладар прававерных сказаў яму:
    — Цяпер ты заслужыў удары.
    I ён узяў мяшок і стукнуў Ібн аль-Карыбі (а ў мяшку было чатыры галышы*, і кожны галыш вагою ў два рытлі). Удар патрапіў якраз па шыі, і Ібн аль-Карыбі моцна закрычаў. Ён успомніў пра ўмову, якая была ў яго з Масрурам, і сказаў:
    — Даруй, о ўладар прававерных! Выслухай ад мяне два словы.
    — Гавары, што табе прыйшло на розум! — мовіў халіф.
    I Ібн аль-Карыбі сказаў:
    — Масрур паставіў мне ўмову, і я пагадзіўся з ім, што з ласкі, якая выпадзе мне ад уладара прававерных, трэць будзе мне, а яму дзве трэці. Ты ўзнагародзіў мяне ўдарамі, і гэты ўдар — мая доля, а два астатніх — яго доля. Я ўжо атрымаў сваю долю, а ён — вунь ён стаіць, о ўладар прававерных, —дай яму яго долю.
    I калі ўладар прававерных пачуў гэта, ён так засмяяўся, што ўпаў. Потым паклікаў Масрура і ўдарыў яго адзін раз. Масрур закрычаў і сказаў:
    — 0 ўладар прававерных, мне годзе адной трэці, аддай яму дзве трэці!
    I халіф пачаў смяяцца з іх і даў кожнаму па тысячы дынараў. I яны пайшлі радасныя ад таго, чым іх узнагародзіў халіф.
    КАЗКА ПРА РЫБАКА ХАЛІФУ
    — Расказваюць таксама, — пачала новую казку Шахразада, — што быў у даўнія часы і мінулыя стагоддзі ў горадзе Багдадзе чалавек — рыбак па імені Халіфа. Быў ён бедняком і яшчэ не жанатым.
    Аднаго разу ўзяў ён снасці і пайшоў, як звычайна, раней за іншых рыбакоў, лавіць рыбу. Ён прыйшоў да рэчкі, падперазаўся, падаткнуў плацце і, разгарнуўшы сваю сетку, закінуў яе. I першы раз, і другі раз у яе нічога не патрапіла. I ён закідваў яе да таго часу, пакуль не закінуў дзесяць разоў — але сетка вярталася пустая. Сціснула грудзі рыбаку, зблыталіся думкі яго, і ён усклікнуў:
    — Прашу даравання ў Алаха вялікага, акрамя якога няма бога, жывога, самаіснага, і звяртаюся да яго! Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага, вялікага! Чаго хоча Алах — тое бывае, а чаго не хоча ён — тое не бывае. I калі дае Алах рабу, не адмаўляе яму ніхто; і калі адмаўляе Алах рабу, не дае яму ніхто! — А потым, у вялікім засмучэнні, ён прамовіў такія два вершы:
    Калі надзвычай лёс няласкавы, суровы, Цярплівасць май і ў грудзі ўдыхні вецер.
    He забывай, што бог суеветаў шчодры ў слове, Што, акрамя няшчасцяў, радасць ёсць на свеце!
    Ён пасядзеў крыху ў роздуме, схіліў галаву да зямлі і пасля сказаў наступныя вершы:
    Ты горыч вытрывай і асалоду дзён I памятай: Алах — магутны ён.
    Падобны на гнайнік халодны змрок. Праткнуць яго хацеў, але не змог.
    Сум юнакоў мінае без слядоў, Забудзеш пра яго ў хадзе гадоў.
    I потым ён сказаў сам сабе: “Кіну яшчэ раз і даверуся Алаху. Можа, ён не падмане маёй надзеі”.
    I ён закінуў сетку ў рэчку з размаху на ўсю руку, a счакаўшы, пачаў яе выцягваць і адчуў, што яна цяжкая. Рыбак асцярожна дастаў яе і раптам убачыў, што ў сетку трапіла малпа, аднавокая і кульгавая! I Халіфа ўсклікнуў:
    — Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха! Сапраўды, мы належым Алаху і да яго вяртаемся! Што гэта за дрэннае шчасце і злавесны знак?! Што здарылася са мною ў гэты благаславенны дзень?! Але ўсё — па волі вялікага Алаха!
    I ён узяў малпу на вяроўку і прывязаў яе да дрэва на беразе рэчкі. А ў рыбака быў бізун, і ён узяў яго ў руку і замахнуўся на малпу. Але Алах прымусіў гэту малпу гаварыць яснай мовай, і яна сказала:
    — О Халіфа, не бі мяне. Пакінь мяне каля гэтага дрэва, а сам ідзі да рэчкі і закінь сваю сетку. Даверся Алаху — ён дасць табе тваю долю.
    Халіфа паслухаўся малпу. Ён закінуў сетку, а калі пацягнуў яе, то яна аказалася яшчэ цяжэйшан, чым у мінулы раз. I ён да таго часу шчыраваў, пакуль не выцягнуў сетку на бераг. I раптам у ёй аказалася другая малпа, з расстаўленымі зубамі, насурмленымі вачамі і нафарбаванымі рукамі, а на поясе ў яе была парваная ануча. I Халіфа ўскрыкнуў:
    — Хвала Алаху, які замяніў рыб у рэчцы на малпаў!
    А затым ён падышоў да прывязанай да дрэва малпы і
    сказаў ёй:
    — Паглядзі, о ліхадзейка, як блага тое, што ты мне параіла! Ад тваёй парады я стаў пераможаным і стомленым і не маю ні дзірхема, ні дынара!
    Ён узяў у рукі дубінку і, пакруціўшы ёю тройчы ў паветры, хацеў апусціць на малпу. А тая закрычала аб дапамозе да Алаха і сказала рыбаку:
    — Прашу цябе, у імя Алаха, даруй мне дзеля майго таварыша і прасі ў яго, што табе трэба: ён прывядзе цябе да таго, чаго ты жадаеш.
    I Халіфа кінуў дубінку і дараваў малпе. А потым ён падышоў да другой малпы, і яна сказала яму:
    — О Халіфа, калі ты выслухаеш мяне і паслухаешся, не станеш пярэчыць, то праз мяне ты разбагацееш.
    — Што ты мне скажаш, каб я цябе паслухаўся? — спытаўся Халіфа.
    I малпа сказала:
    — Пакінь мяне тут прывязанай, а сам ідзі да рэчкі, закінь сетку, а я табе скажу, што далей рабіць.
    Халіфа паслухаўся яе, а калі пачаў выцягваць сетку, то адчуў, што яна цяжкая. I ён біўся над сеткаю, пакуль не падняў яе на сушу. I раптам у сетцы аказалася яшчэ адна малпа, толькі яна была чырвоная, а на поясе ў яе была сіняя ануча. Рукі і ногі яе былі нафарбаваныя, а вочы насурмленыя. I ўбачыўшы яе, Халіфа ўскрыкнуў:
    — Слава Алаху вялікаму, слава ўладару ўлады! Сапраўды, сённяшні дзень благаславенны ад пачатку да канца, бо зорка яго прынесла шчасце ў асобе першай малпы, а змест старонкі відаць па загалоўку. Сённяшні дзень — дзень малпаў, і не засталося ў рэчцы ніводнай рыбіны, і мы сёння робім тое, што ловім малпаў. Хвала Алаху, які замяніў рыбу на малпаў!
    I потым ён запытаўся ў трэцяй малпы:
    — А ты яшчэ што такое, злашчасная?
    Малпа сказала яму:
    — Хіба ты не ведаеш мяне, о Халіфа?
    — He, — адказваў Халіфа.
    I малпа сказала:
    — Я малпа Абу-с-Саадата, яўрэя-мянялы.
    — А што ты робіш? — пацікавіўся Халіфа.
    — Я жадаю яму добрай раніцы на пачатку дня — і ён нажывае пяць дынараў, я жадаю яму добрага вечара ў канцы дня — і ён нажывае яшчэ пяць дынараў, — сказала малпа.
    I Халіфа звярнуўся да першай малпы і сказаў:
    — Паглядзі, о злашчасная, якія ў людзей добрыя малпы! А ты? Ты пажадаеш мне добрай раніцы сваёй кульгавасцю, і аднавокасцю, і злавесным выглядам — і я стану бедным і галодным.
    Ён узяў дубінку, пакруціў ёю ў паветры тройчы і хацеў ударыць малпу, але малпа Абу-с-Саадата сказала яму:
    — Пакінь яе, о Халіфа, апусці сваю руку і падыдзі да мяне, а я цябе навучу, што рабіць.
    I Халіфа кінуў дубінку, наблізіўся да малпы і запытаўся:
    — Што ты мне скажаш, о царыца ўсіх малпаў?
    — Бяры сетку і закінь яе ў рэчку, — адказала тая, — a мяне пакінь на беразе з астатнімі малпамі. Што б не патрапілася ў сетку, ты вазьмі гэта і падыдзі да мяне. I я раскажу табе нешта, што цябе абрадуе.
    — Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказаў Халіфа.
    А потым згарнуў сетку, паклаў яе на плячо і прамовіў такія вершы:
    Калі мне нясцерпна, малюся я творцу майму, Бо ўсё падуладна яму аднаму.
    Мы нават міргнуць не паспеем, як ласкаю божай Разбітае цела, нявольнік пакінуў турму.
    Даверце Алаху свой сум і свой клопат, Відушчы ж убачыць, як бог дапаможа яму.
    I яшчэ ён прамовіў такія два вершы:
    0 ты, хто зрынуў у юдоль людзей, дзе шмат бяды, Турботы знішчы і няшчасця ўсе сляды.
    1 да таго, што недасяжна, смагі не будзі.
    3 надзей, што згіпулі, не прарастуць сады.
    А потым падышоў да рэчкі, закінуў у яе сетку, крыху пачакаў і пацягнуў. Раптам у сетцы аказалася рыбіна акунь — з вялізнай галавой і з хвастом, які нагадваў апалонік, а вочы ў яе былі, як два дынары. Халіфа абрадаваўся, раней ніколі ў жыцці ён не лавіў такой рыбы. Дзівячыся з яе, ён прынёс рыбіну малпе Абу-с-Саадата, яўрэя, і пры гэтым выглядаў так, нібыта валодаў цэлым светам. I малпа яўрэя запыталася:
    — Што ты намерваешся рабіць, Халіфа, з тваёй малпай?
    — Я раскажу табе, о царыца ўсіх малпаў, — мовіў Халіфа, — што я зраблю. Па-першае, я прыдумаю, як пагубіць гэту праклятую маю малпу, а замест яе вазьму цябе і буду карміць кожны дзень, чым пажадаеш.
    — Калі ты выбраў мяне, — сказала малпа, — то я навучу, што табе рабіць, і калі на тое воля Алаха, — ты станеш багатым. Запомні і зразумей жа тое, што я табе скажу. Прывяжы і мяне да дрэва, а сам выйдзі на сярэдзіну водмелі і закінь сетку ў рэчку Тыгр. Счакай крыху і выцягні сетку: у ёй ты знойдзеш рыбіну, цудоўней за якую яшчэ не бачыў у жыцці. Прынясіяе да мяне, а я скажу, што зрабіць потым.
    Халіфа ў тое ж імгненне падняўся і закінуў сетку ў рэчку, а потым выцягнуў яе і ўбачыў бялугу велічынёй з баранчыка. Такой вялікай рыбіны ён яшчэ ў сваім жыцці не бачыў. I Халіфа падышоў з ёй да малпы. I яна сказала:
    — Прынясі крыху зялёнай травы, палову яе пасцялі ў кошык і пакладзі рыбіну, а зверху прыкрый травой, якая засталася. Пакінь нас прывязанымі да дрэва, а сам ідзі з рыбай у Багдад, і ні з кім не гавары, пакуль не прыйдзеш на рынак мянялаў. Там ты знойдзеш лаўку майго гаспадара, Абу-с-Саадата, яўрэя, шэйха мянялаў. Ён будзе сядзець у крэсле, з падушкай за спінай, а перад ім убачыш дзве скрыні — адну з золатам, другую з срэбрам, а наўкола — яго нявольнікаў, рабоў і слуг. Пастаў перад ім кошык і скажы: “О Абус-Саадат, я сёння выйшаў лавіць рыбу і закінуў сетку на тваё імя — і Алах вялікі паслаў гэту рыбіну”. I ён скажа: “Ці паказваў ты яе каму іншаму?” — “He, клянуся Алахам!” — скажы яму. I ён возьме рыбіну і дасць табе дынар, а ты вярні яму грошы. I кожны раз вяртай тое, што ён табе будзе даваць, не бяры ў яго нічога. I ён скажа: “Чаго ты хочаш?” А ты адкажы: “Клянуся Алахам, я прадам яе толькі за два словы!” — “Якія?” — запытаецца ён. I ты скажы: “Падыміся на ногі і прамові: “Засведчыце, о тыя, хто ёсць на рынку, што я абмяняў малпу Халіфы-рыбака на маю малпу і абмяняў яго долю на маю долю, і яго шчасце на маё шчасце”. I вось плата за рыбу, і мне не трэба золата”. Калі ён гэта зробіць, я стану табе кожны дзень жадаць добрай раніцы і добрага вечара — і ты штодня будзеш нажываць дзесяць дынараў золатам. А Абу-с-Саадату, яўрэю, будзе жадаць