Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — сказаў я.
Калі я застаўся сам-насам з нявестай, я дзівіўся і любаваўся яе прыгажосцю і радаваўся вялікай радасцю.
Апоўначы нявеста заснула, а я падняўся, узяў ключы, адамкнуў каморку і зарэзаў пеўня, скінуў сцягі і перавярнуў скрыню. Жанчына прачнулася і ўбачыла, што камора адчынена, певень зарэзаны, і ўсклікнула:
— Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага вялікага! Марыд дасягнуў мяне!
I не закончыла яна гаварыць, як з’явіўся марыд і выкраў нявесту. Узняўся вялікі шум, і раптам прыйшоў шэрыф, ён біў сябе па твары і казаў:
— О Абу Мухамед, што ты зрабіў з намі? Я паставіў гэты талісман у каморы, бо баяўся зла для маёй дачкі ад гэтага праклятага: ён шмат гадоў імкнуўся ўкрасці яе, але не мог. Цяпер табе тут няма месца, ідзі сваёй дарогай.
Я пакінуў дом шэрыфа і прыйшоў да сябе, і стаў шукаць малпу, але не ўбачыў нават яе следу. Тады я зразумеў, што яна і ёсць той марыд, які забраў маю жонку і схітраваў гэтак са мною. I я раскаяўся, і парваў свае адзежы, і пачаў біць сябе па твары, і ніякая зямля не была мне прасторнай. Я выйшаў прэч з дому і накіраваўся ў пустыню. Я ішоў увесь час, пакуль не апусціўся вечар.
Раптам да мяне наблізіліся дзве змяі — адна чырвоная, другая белая. Яны біліся паміж сабою. Я ўзяў з зямлі камень і, ударыўшы ім, забіў чырвоную змяю, калі тая ашалела накінулася на белую. ІІотым белая змяя знікла на хвіліну і вярнулася з дзесяццю белымі змеямі. Яны падышлі да
мёртвай чырвонай змяі, разарвалі яе на кавалкі і рушылі сваёй дарогай. А я, зняможаны стомай, прылёг на зямлю.
Раптам пачуўся голас, але я не бачыў, хто гаварыў. Голас прамовіў такія вершы:
Хай лёс ляціць пустэльнаю імжой, Сачы за зоркаю ты вольнаю душой.
Звядзеш ледзь вочы — воляю прарока — Ўсё зменіцца ў адно імгненне вока.
I калі я пачуў гэта, мяне ахапіла, о ўладар прававерных, нешта вялікае — роздум, глыбей за які не бывае. I раптам я пачуў за спіною голас, які прамаўляў такія вершы:
0 прававерны, паслухмяны ты Карану, Адплоціцца за справы поўнай мерай.
He бойся, не спыніць цябе шайтану’, Бо мы валодаем праўдзівай верай.
Iя сказаў:
— Заклінаю цябе тым, каму ты пакланяешся, хто ты?
Тады перада мною ён з’явіўся ў вобліку чалавека і сказаў:
— He палохайся, твая добрая справа стала вядома нам, а мы племя прававерных джынаў. Калі ў цябе ёсць патрэба, раскажы нам аб ёй, і мы будзем шчаслівыя табе паслужыць.
— У мяне ёсць вялікі клопат, — адказваў я, — бо ў мяне здарылася няшчасце, і няма таго, каму б выпала гора, роўнае майму.
— Можа, ты Абу Мухамед-гультай? — спытаў у мяне гэты чалавек, і я адказаў:
— Так!
— О Абу Мухамед, — сказаў ён, — я брат белай змяі, ворага якой ты забіў. Нас чацвёра братоў па бацьку і маці, і мы ўсе ўдзячныя табе за тваю ласку. Ведай, той, хто быў у вобліку малпы і ўчыніў з табою такую хітрасць, — марыд з марыдаў-джынаў. Калі б ён не ашукаў цябе гэтак, яму б ніколі не ўдалося захапіць дзяўчыну. Ён даўно ў яе закаханы і хацеў атрымаць яе, але яму ў гэтым перашкаджаў талісман. Але не сумуй, мы прывядзём цябе да нявесты і заб’ём марыда — твой добры ўчынак не застанецца без нашай падзякі.
I потым страшным голасам ён моцна закрычаў, і да яго падышоў натоўп. Ён запытаўся пра малпу, і адзін з натоўпу сказаў:
— Я ведаю, дзе яна.
— Дзе яе месцазнаходжанне? — запытаўся іфрыт.
— У медным горадзе, над якім не ўзыходзіць сонца, — адказаў запытаны.
Тады іфрыт сказаў:
— О Абу Мухамед, вазьмі раба з нашых рабоў, і ён аднясе цябе туды на сваёй спіне і навучыць цябе, як захапіць жанчыну. Але ведай, што гэта марыд з марыдаў, і калі ён будзе несці цябе, не згадвай імя Алаха, бо ён уцячэ ад цябе, а ты ўпадзеш і загінеш.
— Слухаю і падпарадкоўваюся, — адказаў я і ўзяў раба, а той нагнуўся і сказаў мне сядаць на яго верхам.
Я сеў, і марыд паляцеў у неба са мной, і зямля знікла, a я ўбачыў зоры, падобныя да гор, і пачуў галасы анёлаў на небе.
Марыд увесь час размаўляў са мною, каб адцягнуць увагу ад згадвання імя Алаха вялікага. I раптам да нас наблізіўся чалавек у зялёнай адзежы з кучаравымі валасамі. Твар яго свяціўся, а ў руках ён трымаў дроцік, ад якога разляталіся іскры. I гэты чалавек замахнуўся на мяне дроцікам і сказаў:
— О Абу Мухамед, скажы: “ Няма бога, акрамя Алаха*, Мухамед — пасланнік Алаха!”, — а не то я ўдару цябе.
У мяне разрывалася душа ад таго, што я маўчаў і не прамовіў імя Алаха вялікага, і я не вытрымаў і сказаў:
— Няма бога, акрамя Алаха, Мухамед — пасланнік Алаха*!
I тады чалавек ударыў марыда дроцікам, і марыд растаў і ператварыўся ў попел, а я ўпаў з ягонай спіны і паляцеў уніз, пакуль не зваліўся ў мора. Нечакана з’явілася судна, на якім было пяць маракоў. Яны заўважылі мяне і паднялі на карабель, і пачалі размаўляць са мною на мове, якой я не разумеў. Я зрабіў знак, што не разумею іх. Мы плылі цэлы дзень, а потым яны закінулі сетку, злавілі рыбу, засмажылі яе і накармілі мяне. I плылі мы па моры да таго часу, пакуль не дасягнулі іхняга горада. Мяне прывялі да цара, паставілі перад ім, і я пацалаваў зямлю перад царом.
а ён узнагародзіў мяне. А гэты цар разумеў па-арабску, ён сказаў мне:
— Я зраблю цябе сваім целаахоўнікам.
Я пацікавіўся:
— Як называецца гэты горад?
— Ён называецца Хінад, — адказаў цар, — і знаходзіцца ён у землях кітайскіх.
Потым цар аддаў мяне візіру і загадаў, каб ён паказаў мне горад. Раней жыхары гэтага горада былі язычнікамі, і Алах вялікі ператварыў іх у камяні. Я прайшоў па горадзе і нідзе не бачыў болей, чым там, дрэў і пладоў. I я заставаўся ў гэтым горадзе на працягу месяца, а потым аднаго разу прыйшоў да рэчкі і сеў на беразе. Раптам пад’ехаў вершнік і спытаў:
— Ты Абу Мухамед-гультай?
— Так, — адказаў я.
— He бойся, — сказаў чалавек на кані, — твая добрая справа вядома нам.
— Хто ты? — запытаўся я.
I ён прамовіў:
— Я брат белай змяі. Ты непадалёку ад месца, дзе знаходзіцца твая нявеста.
Затым ён зняў з сябе адзежу і апрануў яе на мяне.
— He бойся, — сказаў ён, — раб, які загінуў пад табой, адзін з нашых рабоў.
Ён пасадзіў мяне на каня ззаду сябе і прывёз у пустэльную мясціну.
— Злезь з каня, — сказаў ён, — і ідзі паміж гэтымі дзвюма гарамі, пакуль не пабачыш медны горад. Спыніся здалёку ад яго і чакай, пакуль я не вярнуся да цябе і не скажу, што рабіць.
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказваў я.
Я злез з каня і пайшоў, пакуль не дасягнуў горада, сцены якога былі з медзі. Я абышоў яго ў надзеі знайсці вароты, але так і не адшукаў іх. У гэты час з’явіўся брат змяі і працягнуў мне меч з талісманам, каб ніхто з жыхароў горада не бачыў мяне. Затым ён паспяшаўся па сваіх справах, а я пачуў крыкі і ўбачыў мноства людзей, у якіх вочы знаходзіліся на грудзях. Яны спыталіся ў мяне:
— Хто ты і як патрапіў сюды?
I калі я расказаў ім пра ўсё, што адбылося са мной, яны паведамілі:
— Жанчына, пра якую ты гаворыш, разам з марыдам у гэтым горадзе. Мы не ведаем, што ён зрабіў з ёю, а мы — браты той змяі. Ідзі да гэтага ручая, — сказалі яны потым, — і паглядзі, адкуль выцякае вада. А потым кіруйся за ёю — ручай прывядзе цябе ў горад.
I я пайшоў услед за вадою, ручай прывёў мяне ў паддзямелле, і я прайшоў праз яго і затым апынуўся пасярод горада. Я знайшоў сваю нявесту, яна сядзела на залатым ложы, завешаным парчовай фіранкай. А далей віднеўся сад з дрэвамі з золата, а плады яго — з дарагіх камянёў: яханту, тапазу, жэмчугу і каралаў.
Жанчына ўбачыла мяне і пазнала, і першай прывіталася.
Яна запытала:
— 0 пане мой, хто прывёў цябе сюды?
Я расказаў ёй аб усім, і яна сказала:
— Ведай, што гэты пракляты, з вялікага кахання да мяне, расказаў, што яму шкодна і што карысна. Ён паведаміў мне, што ў гэтым горадзе ёсць талісман, пры дапамозе якога ён, калі захоча, то пагубіць усіх, хто ў горадзе. I што б ён не загадаў іфрытам, яны выканаюць яго загад. Гэты талісман знаходзіцца на слупе.
— А дзе слуп? — запытаўся я.
I яна сказала месца.
— Які з сябе гэты талісман? — распытваў я.
— Гэта выява арла, і на ім надпіс, якога я не разумею, — адказвала дзяўчына. — Пастаў талісман перад сабой, вазьмі жароўню з агнём і кінь туды крыху мускусу — уздымецца дым, які прываблівае іфрытаў, і пасля гэтага яны ўсе да аднаго ўстануць перад табою. Падымайся ж і зрабі так, з благаславення Алаха вялікага.
I я адказаў ёй:
— Слухаю і падпарадкоўваюся!
Я знайшоў той слуп і зрабіў усё, як яна мне загадала. Да мяне з’явіліся іфрыты, паўсталі перада мной і сказалі:
— Да тваіх паслуг, о ўладар: усё, што ты нам загадаеш, мы зробім!
— Закуйце марыда, які выкраў гэту жанчыну з яе дома, — сказаў я ім.
I яны адказвалі:
— Слухаем і падпарадкоўваемся!
Яны паспяшаліся да марыда, закавалі яго і моцна звязалі, а потым прыйшлі да мяне і сказалі:
— Мы зрабілі тое, што ты нам загадаў.
Я загадаў ім вярнуцца назад, а сам пайшоў да жанчыны і расказаў ёй, што адбылося, і спытаўся:
— 0 жонка мая, ці пойдзеш ты са мною?
— Так, — адказала яна.
Браты белай змяі, якіх я сустрэў і якія мне падказалі, як знайсці жанчыну, на гэты раз давялі нас да берага мора і пасадзілі на карабель. Нам спадарожнічаў вецер, і на гэтым караблі мы прыплылі ў Басру. А калі жанчына ўвайшла ў дом свайго бацькі і родныя ўбачылі яе, яны вельмі абрадаваліся. Тады я абкурыў арла мускусам, і прада мною адусюль з’явіліся іфрыты.
— Мы да тваіх паслуг, — сказалі яны, — што хочаіп, тое і будзе.
Я загадаў перанесці ўсе, якія ёсць у медным горадзе багацці, металы і каштоўныя камяні, у мой дом у Басры. I яны гэта зрабілі. А потым па маім загадзе яны прывялі тую малпу, прыніжаную і пагарджаную. I я запытаўся ў яе:
— О праклятая, чаму ты мне здрадзіла?
А потым загадаў пасадзіць яе ў медны збан і закаркаваць свінцом.
I мы з жонкай зажылі ў асалодзе і радасці. I ў мяне цяпер, о ўладар прававерных, такія скарбы, дзівосныя камяні і вялізныя багавді, што іх не падлічыць і не правесці межаў. I калі ты патрабуеш, колькі захочаш, грошай, я загадаю джынам зараз жа табе іх прынесці. I ўсё гэта — з ласкі Алаха вялікага.
I ўладар прававерных бязмежна здзівіўся ад пачутага, a затым шчодра адарыў Абу Мухамеда, і дары і ласка халіфа былі адпаведнымі падарункам Абу Мухамеда.
АПОВЯД ПРА МУАВІЯI БЕДУІНА