• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    — А як ты зрабіў гэта, спрытнюга?
    — 0 эмір, — адказваў чалавек, — я стаяў у Каіры на рынку мянялаў і ўбачыў гэтага чалавека, калі ён мяняў золата і клаў у кашалёк. Я пайшоў за ім след у след па завулках, але не знаходзіў магчымасці, каб узяць грошы ў яго. А потым ён паехаў, і я не адставаў ад яго з горада ў горад, учыняў розныя хітрасці ў час дарогі, але не мог завалодаць яго грашыма. Калі ж ён уступіў у гэты горад, я прыйшоў за ім у хан і размясціўся побач. Потым ён заснуў, я чуў яго храп. I я пачаў асцярожна падбірацца да яго, і парэзаў мяшок гэтым нажом, і забраў кашалёк.
    Ён працягнуў руку і ўзяў кашалёк, які ляжаў перад валі і салдатам, і адышоў назад. А людзі, валі і салдат глядзелі на яго і думалі, што ён паказвае, як узяў кашалёк з мяшка. Раптам гэты чалавек пабег і кінуўся ў сажалку. Валі закрьгчаў сваім людзям.
    — Даганіце яго!
    I яны пабеглі ўслед, але не паспелі яшчэ зняць з сябе вопратку і спусціцца з прыступак, як спрытнюга ўжо пайшоў сваёй дарогай. Яго сталі шукаць і не знайшлі, бо ўсе завулкі ў Аль-Іскандэрыі выходзяць адзін у другі. Людзі вярнуліся, не злавіўшы злодзея.
    I валі сказаў салдату:
    — Людзі больш нічога табе не павінны: ты даведаўся, хто твой крыўдзіцель, і атрымаў свае грошы, але не ўбярог іх.
    I салдат пайшоў, і прапалі ягоныя грошы, а людзі вызваліліся з рук салдата і валі, і было гэта з літасці Алаха вялікага.
    АПОВЯД ПРА ЖЫНЧЫНУ 3 АДСЕЧАНЫМІ РУКАМІ
    Расказваюць таксама, што адзін цар з цароў сказаў жыхарам свайго царства:
    — Калі хто-небудзь з вас падасць хоць якую міласціну, я адсяку яму руку!
    I ўсе людзі пачалі ўстрымлівацца ад міласціны, і ніхто не мог падаць міласціну нікому.
    Здарылася так, што адзін жабрак прыйшоў аднойчы да жанчыны, а ён пакутаваў ад голаду, і сказаў ёй:
    — Падай мне што-небудзь!
    I яна адказала:
    — Як жа я табе падам, калі цар адсякае руку кожнаму, хто падае?
    Але жабрак усклікнуў:
    — Прашу цябе, дзеля Алаха вялікага, падай мне!
    I калі ён папрасіў дзеля Алаха, жанчына пашкадавала яго і дала яму два праснакі. Гэта стала вядома цару, і ён загадаў прывесці тую жанчыну. Калі яна з’явілася, ён адсек ёй абедзве рукі, і яна пайшла дамоў.
    А праз які час цар сказаў сваёй маці:
    — Я хачу ажаніцца, ажані мяне з прыгожай жанчынай.
    I яна адказала:
    Па суседству з намі ёсць жанчына, лепей за якую не знайсці, але толькі ў яе вялікі недахоп.
    — А што? — запытаўся цар.
    I маці яго сказала:
    — У яе адсечаныя рукі.
    — Я хачу паглядзець на яе, — пажадаў цар.
    I калі маці прывяла да яго гэту жанчыну і ён убачыў яе, то пакахаў і ажаніўся з ёю. А гэта была тая жанчына, якая падала жабраку два праснакі, і цар адсек ёй рукі.
    Хутка яна нарадзіла сына. Іншыя царскія жонкі з зайздрасці, што цар ажаніўся з ёю, напісалі цару пісьмо, у якім называлі яе распусніцай. I цар напісаў пісьмо сваёй маці і загадаў адвезці гэтую жанчыну ў пустыню і пакінуць яе там, а самой вярнуцца. Маці гэтак і зрабіла. А тая жанчына няўцешна плакала і рыдала ад таго, што з ёй здарылася.
    Яна ішла і плакала, а дзіця было ў яе падвязана на шыі. I калі яна спынілася каля ручая, стала на калені, каб напіцца, і нахілілася, дзіця ўпала ў ваду. I жанчына загаласіла на ўвесь голас. У гэты час побач праходзілі два чалавекі, і яны запыталіся:
    — Аб чым ты плачаш?
    — У мяне было дзіця на шыі, і яно ўпала ў ваду, — адказвала яна.
    I гэтыя людзі сказалі:
    — Ці хочаш ты, каб мы яго выцягнулі?
    — Так, — адказвала яна.
    Яны памаліліся Алаху вялікаму, і дзіцятка выйшла да яе цэлае і здаровае, і не было яму шкоды ніякай.
    — Ці хочаш ты, каб Алах вярнуў табе рукі? — запыталіся ў жанчыны гэтыя людзі.
    I яна адказала:
    — Так.
    Тады яны памаліліся Алаху — вялікі ён і славуты! — і рукі вярнуліся да яе, нават лепшыя, чым былі.
    А потым людзі спыталіся ў жанчыны:
    — Ці ведаеш ты, хто мы?
    Яна адказала:
    — Алах лепш ведае.
    I яны сказалі:
    — Мы тыя два праснакі, якія ты падала жабраку. 3-за міласціны табе адсеклі рукі. Усхваляй жа Алаха вялікага, які вярнуў табе і сына, і рукі!
    I яна ўсхваліла Алаха вялікага і ўславіла яго.
    АПОВЯД ПРА ЗЛОДЗЕЯ I ПРАСЦЯКА
    Расказваюць таксама, піто ішоў адзін прасцяк і трымаў у руках аброць свайго асла, якога вёў следам. Яго ўбачылі два спрытнюгі, і адзін сказаў другому:
    — Я ўкраду асла ў гэтага чалавека.
    — Як ты яго ўкрадзеш? — спытаўся той.
    I спрытнюга адказаў:
    — Ідзі за мною, і я пакажу.
    Ён падышоў да асла, адвязаў павадок і накінуў яго на шыю сябру, а сам забраў і павёў асла ў іншы бок. Прасцяк жа нічога не заўважыў і па-ранейшаму ішоў сваім шляхам. I вось прасцяк пацягнуў за павадок, але чалавек не зрушыў з месца. Гаспадар асла азірнуўся і ўбачыў, што павадок надзеты на шыю чалавеку.
    — Што ты такое? — запытаўся ў яго прасцяк.
    — Я твой асёл, — адказаў чалавек, — і ў мяне незвычайная гісторыя. Мая маці была праведнай жанчынай, і калі аднойчы я прыйшоў п’яны, яна сказала: “0 дзіця маё, раскайся перад Алахам вялікім у гэтым граху”. А я ўзяў палку і набіў маці, і яна пракляла мяне. Алах вялікі ператварыў мяне ў асла і аддаў табе ў рукі. У весь гэты час я служыў у цябе. А сёння мая маці ўспомніла пра мяне, сэрца яе памякчэла, і яна памалілася за мяне. I Алах зноў зрабіў мяне чалавекам, як раней.
    — Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага, вялікага! — усклікнуў прасцяк. — Заклінаю цябе Алахам, о брат мой, не вінаваць мяне за тое, што я ездзіў на табе, і за ўсё іншае!
    Затым ён адпусціў чалавека, а сам, хістаючыся ад клопату і засмучэння, прыйшоў дахаты. I жонка спыталася ў яго:
    — Што з табою і дзе твой асёл?
    I прасцяк расказаў, што ў яго адбылося з аслом. Жонка ўсклікнула:
    — Гора нам ад Алаха вялікага! Як магло здарыцца такое, што мы прымушалі сабе служыць сыноў Адама?
    I потым яна пачала раздаваць міласціну і прасіць у Алаха даравання. А чалавек той сядзеў нейкі час дома, без працы. Нарэшце жонка сказала:
    — Да якога часу ты будзеш гэтак сядзець без справы? Ідзі на рынак, купі асла і працуй на ім.
    Ён пайшоў на рынак і раптам бачыць — прадаюць яго асла! Пазнаўшы асла, чалавек гэты падышоў і сказаў яму на вуха:
    — Гора табе, няшчасны! Мусіць, ты вярнуўся да п’янства або пабіў сваю маці? Клянуся Алахам, я ніколі больш цябе не куплю!
    I ён пакінуў яго і пайшоў.
    АПОВЯД ПРА ШЫРЫН I РЫБАКА
    Расказваюць таксама, што Хосру, а гэта быў цар з цароў, лавіў рыбу. Аднойчы ён сядзеў у сваіх пакоях з Шырын, ягонай жонкай, і да яго прыйшоў рыбак і прынёс вялікую рыбіну. Цару спадабалася гэта рыбіна і ён загадаў даць рыбаку чатыры тысячы дзірхемаў. Рыбаку выдалі грошы, і ён пайшоў, а Шырын сказала цару:
    — Дрэнна тое, што ты зрабіў.
    — Чаму? — спытаўся Хосру.
    I Шырын тады мовіла:
    — Таму што, калі ты пасля гэтага дасі каму-небудзь са сваёй чэлядзі такую ж суму грошай, то ён палічыць гэта нікчэмным і скажа:” Ён даў мне столькі ж, колькі даў рыбаку”. А калі ты дасі меней, ён скажа: “Цар грэбуе мною і даў мне меней, чым даў рыбаку”.
    — Ты праўду кажаш, — згадзіўся Хосру, — але яшчэ больш дрэнна, калі цар забірае назад падараванае.
    — Я прыдумаю, як табе вярнуць падарунак, — мовіла Шырын.
    — А як гэта? — пацікавіўся цар.
    I тут Шырын сказала:
    — Пакліч рыбака і запытай у яго: ‘Тэта рыбіна самец або самка?” Калі ён адкажа: “Самец”, — скажы яму: “Мы хацелі самку”. А калі адкажа: “Самка”, — скажы: “Мы хацелі самца”.
    I цар паслаў па рыбака. Той вярнуўся, а трэба сказаць, што рыбак быў надзелены дасціпным розумам і кемлівасцю. Цар Хосру запытаўся ў яго:
    — Гэта рыбіна самец ці самка?
    I рыбак пацалаваў перад ім зямлю і адказаў:
    — Гэта рыбіна двухполая — ні самец, ні самка.
    I Хосру засмяяўся з ягоных слоў і загадаў даць яму яшчэ чатыры тысячы дзірхемаў. Рыбак пайшоў да скарбніка, атрымаў ад яго восем тысячаў дзірхемаў і паклаў грошы ў мяшок, які быў пры ім. А калі ўскінуў яго на спіну і хацеў выйсці, то з мяшка выпаў адзін дзірхем. I рыбак зняў мяшок з пляча, нагнуўся і падняў дзірхем, а цар і Шырын назіралі за ім.
    I Шырын тады кажа цару:
    — 0 цар, ці бачыў ты сквапнасць гэтага чалавека і яго нізкасць: калі ўпаў дзірхем, ён пашкадаваў, каб дзірхем падняў хто-небудзь са слуг цара.
    Цар ад яе слоў адчуў да рыбака пагарду і ўсклікнуў:
    — Ты кажаш праўду, Шырын!
    I цар Хосру загадаў вярнуць таго рыбака і сказаў яму:
    — О нізкі думкамі! Ты не чалавек! Памятаеш, як ты зняў з пляча мяшок з грашыма і нагнуўся дзеля аднаго дзірхема, бо пашкадаваў пакінуць яго?
    Рыбак пацалаваў зямлю і сказаў:
    — Няхай падоўжыць Алах век цараі Я падняў гэты дзірхем з зямлі не таму, што сквапны. He, я таму падняў яго з зямлі, о вялікі цар, што на адным з яго бакоў — выява цара, а на другім баку — яго імя. Я баяўся, што хто-небудзь з людзей выпадкова наступіць на яго, і гэтым будзе абражана імя цара і яго выява, а на мяне ўпадзе за гэта грэх.
    I цар здзівіўся адказу рыбака, словы якога здаліся яму цудоўнымі, і загадаў даць яму яшчэ чатыры тысячы дзірхемаў. А вяшчальніку сказаў крычаць па ўсім царстве: “He варта нікому рабіць так, як скажуць жанчыны, — хто паслухаецца іх, той страціць з кожным сваім дзірхемам яшчэ два дзірхемы!”
    АПОВЯД ПРА МАСРУРА IІБН АЛЬ-КАРЫБІ
    Расказваюць, што ўладар прававерных Харун ар-Рашыд аднойчы ноччу прачнуўся ў моцным неспакоі. I ён сказаў свайму візіру Джафару ібн Ях’ю Бармакіду:
    — Я сёння ноччу не сплю, і мае грудзі сціскае, і я не ведаю, што рабіць.
    А яго еўнух, Масрур, стаяў перад ім і засмяяўся. I халіф спытаў у яго:
    — Чаму ты смяешся? Можа, ты смяешся з пагарды да мяне?
    I Масрур адказваў:
    — He, клянуся Алахам, о ўладар прававерных! Клянуся верай у Бога, які паслаў нам прарокаў, гэта атрымалася не па маёй волі. Я ўчора выйшаў з палаца прайсціся, і дайшоў да берага рэчкі Тыгр, і ўбачыў народ, які там сабраўся. Я
    спыніўся і ўбачыў чалавека, што смяшыў людзей, яго клічуць Ібн аль-Карыбі. I вось цяпер я ўспомніў ягоныя словы, і на мяне напаў смех. Я прашу дараваць мне, о ўладар прававерных.
    — Да мяне яго зараз жа! — усклікнуў халіф.
    I Масрур паспяшаўся да Ібн аль-Карыбі.
    — Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказаў Ібн альКарыбі.
    Але Масрур сказаў яму:
    — Толькі з умоваю: калі ты прыйдзеш да халіфа і ён узнагародзіць цябе чым-небудзь, то чвэрць з гэтага будзе тваё, а астатняе — маё.	*
    — He, табе палова і мне палова, — сказаў Ібн аль-Карыбі.