Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Вяльможы царства занепакоіліся і паскардзіліся аб гэтым візіру Джафару Бармакіду. Візір дачакаўся пятніцы і ў саборнай мячэці сустрэў уладара прававерных. Ён пачаў расказваць цару розныя дзівосныя гісторыі аб каханні, каб выведаць, што адбываецца з халіфам.
I ўладар прававерных сказаў яму:
— 0 Джафар, клянуся Алахам, гэта здарылася са мной не па ўласнай волі, але маё сэрца патрапіла ў сетку кахання, і я не ведаю, што рабіць.
— Ведай, о ўладар прававерных, — адказаў Джафар, — што гэта твая любіміца, Кут аль-Кулуб, табе падуладная і стала адной з тваіх служанак. А чым валодае рука — таго не хоча душа. Я скажу табе яшчэ і іншае: самае лепшае, чым хваляцца цары і царэвічы, — гэта паляванне, ловы і ўменне карыстацца выпадкам і весяліцца. Зрабі так, і, можа стацца, ты забудзешся на яе.
— Цудоўна, о Джафар, тое, што ты сказаў, — усклікнуў халіф. — Паедзем зараз жа на паляванне.
I калі скончылася пятнічная малітва, яны выйшлі з мячэці і паехалі на паляванне і ловы. Уладар прававерных
і візір Джафар ехалі верхам на мулах і вялі цікавую гутарку, а войска апярэдзіла іх. Паліла гарачыня, і ар-Рашыд сказаў:
— 0 Джафар, мною авалодала моцная смага.
А потым ар-Рашыд напружыў зрок і ўбачыў на высокай кручы нейкую постаць. Ён спытаўся ў візіра:
— Ці бачыш ты, што бачу я?
— Так, о ўладар прававерных, — адказаў візір, — бачу постаць на высокай кручы, і гэта або вартаўнік саду, або вартаўнік агароду. Ясна, што ў тым баку будзе вада. Я паеду і прывязу ад яго крыху вады табе, — сказаў візір.
Але ар-Рашыд мовіў:
— Мой мул хутчэйшы за твайго. Пастой тут і пачакай войска, а я сам паеду, нап’юся ў гэтага чалавека і вярнуся.
I ар-Рашыд паімчаў, як вецер, і ў імгненне вока быў каля Халіфа-рыбака — аказалася, што тая постаць і быў рыбак, a не хто іншы. I ар-Рашыд убачыў, што ён голы, загорнуты ў сетку, а вочы яго гэтак пачырванелі, што сталі, як вогненныя факелы. Воблік ягоны быў жахлівы, а сам ён быў ускудлачаны і запылены, нібыта іфрыт ці леў.
Ар-Рашыд пажадаў яму міру, і Халіфа вярнуў яму пажаданне, раз’юшаны, і яго дыханне паліла агнём. I арРашыд спытаў у яго:
— О чалавек, ёсць у цябе крыху вады?
— Гэй, ты, — адказваў Халіфа, — ты аслеп ці звар’яцеў? За гэтым пагоркам рэчка Тыгр!
Ар-Рашыд спусціўся да рэчкі, напіўся і напаіў мула, a затым вярнуўся да Халіфы-рыбака і спытаўся:
— Чаго, о чалавек, ты стаіш тут і якое твае рамяство?
— Гэтае пытанне яшчэ больш дзіўнае, чым калі ты пытаўся аб вадзе, — адказаў Халіфа. — Хіба ты не бачыш прыладаў майго рамяства на маіх плячах?
— Ты, як быццам, рыбак, — сказаў ар-Рашыд.
— Так, — пацвердзіў Халіфа.
— А дзе ж твой халат, дзе твая павязка, пояс, вопратка?
А рэчы, якія зніклі ў Халіфы, былі якраз тыя, якія пералічваў зараз халіф. I пачуўшы ад халіфа гэтыя словы, рыбак падумаў, што гэта ён забраў ягоныя рэчы. Маланкаю зляцеў Халіфа з кручы, схапіў халіфавага мула за аброць і сказаў:
— О чалавек, аддай мае рэчы і кінь жарты!
Ар-Рашыд усклікнуў:
— Клянуся Алахам, я не бачыў і не ведаю тваіх рэчаў!
А ў ар-Рашыда былі вялікія шчокі і маленькі рот, і Халіфа сказаў яму:
— Можа, ты спявак або флейтыст? Але аддай маю вопратку па-добраму, а не то буду біць цябе гэтай палкай, пакуль ты не абальешся і не запэцкаеш сабе адзежу.
Халіф, убачыўшы палку Халіфы і яго перавагу, сказаў сабе: “Клянуся Алахам, я не вытрымаю ад гэтага вар’ятажабрака і палову ўдара такой палкай!” А на ар-Рашыдзе быў аксамітавы кафтан, ён зняў яго і сказаў рыбаку:
— 0 чалавек, вазьмі гэты кафтан замест твайго адзення.
Халіфа ўзяў яго, пакруціў у руках і сказаў:
— Мая вопратка каштуе дзесяці такіх, як гэты стракаты халат.
— Апрані яго, а я прынясу табе тваю адзежу, — сказаў ар-Рашыд.
Халіфа апрануў кафтан і ўбачыў, што ён задоўгі. А ў Халіфы быў нож, і ён узяў яго і абрэзаў адно і другое крысо кафтана прыкладна на трэць, так што ён аказаўся рыбаку ніжэй каленаў.
— Дзеля Алаха, о флейтыст, — звярнуўся ён потым да халіфа, — скажы мне, колькі плаціць табе твой гаспадар за ігру на флейце?
— Маё жалаванне кожны месяц — дзесяць дынараў золатам, — сказаў халіф.
I Халіфа ўсклікнуў:
— Клянуся Алахам, о бядняк, ты абцяжарыў мяне сваім клопатам! Дзесяць дынараў я зарабляю штодня. Хочаш быць са мной — служыць у мяне? Я навучу цябе лавіць рыбу і стану дзяліцца з табою заробкам. Ты кожны дзень будзеш зарабляць па пяць дынараў, станеш маім слугою, і я ад твайго гаспадара буду бараніць цябе гэтай палкай.
— Я згодны, — мовіў ар-Рашыд.
I Халіфа сказаў:
— Цяпер злазь са спіны мула і прывяжы яго, каб ён дапамагаў нам вазіць рыбу. А сам ідзі сюды — я пачну цябе вучыць зараз жа.
Ар-Рашыд злез з мула, прывязаў яго, падаткнуў ніз адзежы за пояс, а Халіфа загадаў:
— 0 флейтыст, вазьмі сетку вось так, пакладзі яе на руку вось гэтак і закінь яе ў рэчку вось так.
I ар-Рашыд, сцяўшы зубы, зрабіў усё, як паказаў яму Халіфа, закінуў сетку ў Тыгр і пацягнуў яе, але не змог выцягнуць. Халіфа пачаў яму дапамагаць, але яны не змаглі яе выцягнуць.
— О злашчасны флейтыст, — сказаў тады Халіфа, — калі я ўзяў у цябе кафтан узамен на маю адзежу, то на гэты раз я вазьму ў цябе мула за маю сетку, калі яна разарвалася, і буду біць цябе палкай.
— Пацягнем з табой разам, — сказаў ар-Рашыд.
I яны з вялікай цяжкасцю выцягнулі сетку на бераг, паглядзелі і раптам бачаць: яна поўная рыбы ўсіх сартоў і самых розных колераў.
— Клянуся Алахам, о флейтыст, — сказаў Халіфа, — калі ты будзеш старанна займацца рыбнай лоўляй, то станеш вялікім рыбаком. А зараз сядай на мула, едзь на рынак і прывязі пару кашоў, у якія мы пагрузім рыбу. У мяне ёсць вагі і ўсё неабходнае, ты будзеш трымаць вагі і браць грошы. У нас рыбы на дваццаць дынараў. To спяшайся прывезці кашы і не марудзь.
I халіф адказваў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся!
Ён пакінуў рыбака сцерагчы рыбу, а сам пагнаў мула, усю дарогу смеючыся з таго, што ў яго адбылося з рыбаком.
Калі Джафар убачыў халіфа, ён сказаў:
— О ўладар прававерных, калі ты паехаў піць, то, відаць, знайшоў цудоўны сад і адпачыў там адзін?
Ар-Рашыд засмяяўся з ягоных слоў. I ўсе Бармакіды падняліся, пацалавалі зямлю паміж яго рук і сказалі:
— О ўладар прававерных, няхай увекавечыць Алах над табою радасці і няхай знішчыць над табой засмучэнні! 3 якое прычыны ты затрымаўся, калі паехаў піць, і што здарылася з табой?
— Са мною здарылася дзіўная гісторыя і вясёлая прыгода, — адказаў халіф і затым расказаў, што ў яго адбылося з рыбаком.
— 0 ўладар прававерных, я хацеў запытацца ў цябе пра кафтан, — сказаў Джафар. — Я зараз жа паеду да гэтага рыбака і куплю ў яго кафтан!
— Клянуся Алахам, ён адрэзаў трэцюю частку кафтана і сапсаваў яго! — усклікнуў халіф. — Але я стаміўся, о Джафар, так як налавіў многа рыбы, і яна на беразе рэчкі, у майго гаспадара Халіфы, які там стаіць і чакае, калі я вярнуся з кашамі і разаком. А потым я пайду з ім на рынак, і мы прададзім рыбу і падзелім заробак.
— 0 ўладар прававерных, — сказаў Джафар, — я прывяду вам пакупнікоў.
— Джафар, — усклікнуў халіф, — кожнаму, хто прынясе мне рыбіну з той рыбы, якую мы налавілі з Халіфам, я дам за яе залаты дынар!
I вяшчальнік абвясціў сярод світы:
— Ідзіце купляць рыбу ўладара прававерных!
Халіфа чакаў, калі ар-Рашыд прывязе яму кашы, а ў гэты час з’явіліся нявольнікі, слугі і воіны халіфа і сталі хапаць, нібы арлы, у яго рыбу. Яны клалі яе ў хусцінкі, расшытыя золатам, і нават біліся з-за рыбы. I Халіфа ўсклікнуў:
— Няма сумненняў, што гэта рыба — райская рыба! — Ён узяў дзве рыбіны ў правую руку і дзве ў левую, зайшоў па горла ў ваду і пачаў крычаць: — Алах! Дзеля гэтай рыбы няхай твой раб-флейтыст, мой сябар, зараз жа прыйдзе!
I раптам да яго падышоў адзін негр. А ён быў начальнікам над усімі неграмі ў халіфа. Ён крыху запазніўся ў дарозе, і калі прыехаў, то ўбачыў, што рыбы ўжо не засталося. Негр азірнуўся направа і налева і заўважыў, што Халіфа-рыбак стаіць у вадзе з рыбай, і сказаў:
— Гэй, рыбак, ідзі сюды!
— Ідзі адгэтуль без лішніх слоў, — адказаў рыбак.
I еўнух падышоў да яго і запатрабаваў:
— Аддай мне гэту рыбу, а я дам табе грошы.
— Хіба ты не маеш розуму? — сказаў Халіфа. — Я яе не прадаю.
I еўнух дастаў дубінку, а Халіфа закрычаў:
— He бі, няшчасны! Узнагарода лепш, чым дубінка!
Ён кінуў негру рыбу, а той загарнуў яе ў хусцінку і сунуў руку Ў кішэню, але не знайшоў там ніводнага дзірхема.
— 0 рыбак, — сказаў негр, — твая доля няшчасная: клянуся Алахам, пры мне няма грошай. Але заўтра прыходзь у палац халіфа і скажы: “Прывядзіце мяне да еўнуха Сандаля”, — і слугі прывядуць цябе да мяне, і ты атрымаеш тое, у чым будзе тваё шчасцеі
I Халіфа ўсклікнуў:
— Сёння благаславенны дзень! Яго боскую ласку было відаць з самага пачатку!
А потым ён паклаў сетку на плячо і пайшоў у Багдад. Ён ішоў праз рынкі, і людзі бачылі на ім адзежу халіфа і азіраліся.
I вось Халіфа ішоў па сваёй вуліцы паўз лаўку краўца, і кравец убачыў Халіфу-рыбака ў халаце, які каштаваў тысячу дынараў і належаў да адзежы халіфа.
— О Халіфа, адкуль у цябе гэта фарджыя? — запытаўся ён.
— Што ты вярзеш? — адказаў Халіфа. — Я ўзяў яе ў таго, каго я навучыў лавіць рыбу. Ён стаў у мяне за слугу, і я дараваў яму і не адсек яму рукі за тое, што ён украў маё адзенне.
I кравец зразумеў, што халіф сустрэў рыбака і пажартаваў з яго. Рыбак жа пайшоў дамоў, і вось тое, што з ім было.
А што да Харуна ар-Рашыда, то ён паехаў на паляванне і ловы, толькі каб забыцца на нявольніцу Кут аль-Кулуб. Зубэйда ж ведала, што халіф у захапленні ад нявольніцы, і яе ахапіла рэўнасць. Яна адмовілася ад ежы і вады, яе пакінуў сон, і яна чакала таго моманту, калі халіф кудынебудзь паедзе, каб расправіцца з Кут аль-Кулуб.
I вось, калі халіф выправіўся на паляванне, яна загадала нявольніцам увабраць палац дыванамі і многімі дарагімі рэчамі.
Яна паставіла стравы і прысмакі і прыгатавала халву, паклаўшы ў яе бандж. А потым загадала аднаму з еўнухаў паклікаць Кут аль-Кулуб на трапезу Сіт Зубэйды, дачкі альКасіма, жонкі ўладара прававерных, і сказаць: “Жонка ўладараправаверных піла сёння лекі, ёй нездаровіцца. Але яна чула, што ты добра спяваеш, і хоча паслухаць цябе”.
I нявольніца ў той жа час узяла музычныя інструменты і прыйшла з еўнухам да Сіт Зубэйды. Яна пацалавала