Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
— Пракляні, Алах, гэтую гульню, о Вотруб’янае Пуза! Хіба зняволенне і пабоі таксама частка гульні?
I Джафар звярнуўся да халіфа:
— О ўладар прававерных, гэты бядак прыйшоў да рэчкі, і як яму вярнуцца назад, не наталіўшы смагі? Мы просім ласкі ўладара прававерных, каб рыбак узяў яшчэ адну паперку. Можа, яму пашанцуе і ён атрымае што-небудзь, што дапаможа яму ў беднасці.
— Клянуся Алахам, о Джафар, — сказаў халіф, — калі ён возьме паперку і выйдзе яму смерць, я абавязкова заб’ю яго, і ты станеш прычынай гэтаму.
— Калі ён памрэ, то адпачне, — сказаў Джафар.
I Халіфа-рыбак усклікнуў:
— Ды не абрадуе цябе Алах добраю весткаю! Вам цесна зрабілася з-за мяне ў Багдадзе ці што, калі хочаце мяне забіць?
— Вазьмі паперку і прасі рашэння ў вялікага Алаха,— сказаў яму Джафар.
I рыбак узяў паперку, Джафар прачытаў яе і маўчаў.
— Што ты маўчыш, о сын Ях’і? — запытаўся халіф.
I Джафар адказаў:
— О ўладар прававерных, у паперцы выйшла: “He даваць рыбаку нічога”.
— Няма яму ў нас надзелу, — мовіў халіф, — скажы яму, каб ён ішоў з маіх вачэй.
— Заклінаю цябе тваімі прачыстымі бацькамі, — сказаў Джафар, — дай яму ўзяць трэцюю: можа, яму выпадзе дастатак.
— Няхай возьме яшчэ адну паперку, і на гэтым усё, — сказаў халіф.
I рыбак ўзяў трэцюю паперку, і раптам у ёй аказалася: “Даць рыбаку дынар!”
I Джафар сказаў Халіфу-рыбаку:
— Я шукаў для цябе шчасця, але не захацеў даць табе Алах нічога, акрамя гэтага дынара.
I Халіфа выгукнуў:
— Кожная сотня палак за дынар — вялікае дабро, няхай Алах не дасць табе здароўя!
I халіф засмяяўся, а Джафар узяў Халіфу-рыбака за руку і выйшаў. Перад варотамі рыбака ўбачыў еўнух Сандаль і сказаў яму:
— Ідзі сюды, о рыбак, дай нам што-небудзь з таго, што атрымаў ад уладара прававерных, калі ён жартаваў з табой.
— Хіба ты хочаш, каб я падзяліўся з табой, о Рыжанькі? Я з’еў сотню палак і ўзяў адзін дынар!
I ён кінуў еўнуху дынар і пайшоў, а слёзы цяклі ў яго па шчоках. Еўнух зразумеў, што рыбак гаворыць праўду, і крыкнуў слугам, каб яны прывялі яго назад. I калі рыбак падышоў, еўнух дастаў з кішэні чырвоны кашалёк са ста дынарамі і сказаў.
— 0 рыбак, вазьмі гэта золата за тваю рыбу і ідзі сваёй дарогай.
Халіфа-рыбак абрадаваўся і, узяўшы сотню дынараў, выйшаў, адразу забыўшыся на пабоі.
I так як Алах жадаў, каб збылося тое, што было ім вырашана, Халіфа-рыбак праходзіў па рынку нявольніц і ўбачыўгурт людзей. Ён наблізіўсяда іх, паглядзеўібачыць: стаіць стары чалавек, перад ім — скрыня, а на скрыні сядзіць еўнух, і стары крычыць:
— 0 купцы, хто адважыцца з вас купіць гэтую скрыню з дома Сіт Зубэйды, дачкі аль-Касіма, жонкі ўладара прававерных ар-Рашыда?
I адзін з купцоў сказаў:
— Скрыня мая за дваццаць дынараў!
I другі сказаў:
— За пяцьдзесят дынараў!
Купцы набаўлялі цану, пакуль яна не дайшла да ста дынараў.
— Ці будзе ад вас дабаўка, а купцы?
I Халіфа-рыбак крыкнуў:
— Даю сто дынараў і дынар!
Купцы падумалі, што ён жартуе, і засмяяліся.
— О еўнух, прадай яму за сто дынараў і дынар! — сказалі купцы.
— Клянуся Алахам, я прадам толькі яму! — усклікнуў еўнух. — Забірай, рыбак, і няхан благаславіць цябе Алах і тваё золата!
I Халіфа аддаў золата еўнуху, які потым раздаў яго, як міласціну, і вярнуўся ў палац, і паведаміў Сіт Зубэйдзе аб усім, і яна абрадавалася.
А Халіфа-рыбак панёс скрыню на плячы, але яна была цяжкая — і ён панёс яе на галаве. Усю дарогу ён думаў: “О, калі б ведаць, што ў гэтай скрыні!”
Ён адчыніў дзверы свайго дома, унёс скрыню і паспрабаваў яе адчыніць, але не змог. Тады ён вырашыў зламаць замок, і зноў не змог гэтага. “Пакіну я скрыню да заўтра”, — падумаў ён і пачаў азірацца, дзе б легчы спаць. Справа ў тым, што скрыня заняла амаль усё месца ў пакоі. Халіфа ўзлез на скрыню, прымасціўся там зручней і гэтак ляжаў у чаканні сну. Раптам ён чуе: у скрыні нешта варушыцца. Халіфа так перапалохаўся, што і сон, і розум пакінулі яго.
— Відаць, што ў скрыні джыны, — сказаў ён. — Дзякуй Алаху, які не даў мне адчьініць яе! Калі б я адчыніў, яны накінуліся б на мяне ў цемры і пагубілі б мяне.
Потым ён зноў лёг на скрыню і зноў пачуў, што ў скрыні нехта заварушыўся — мацней, чым у першы раз. Халіфа ўскочыў на ногі і пабег па лямпу, але не знайшоў яе. Тады рыбак выскачыў на вуліцу і закрычаў:
— 0 жыхары вуліцы!
Многія людзі прачнуліся ад яго крыку, выйшлі і запыталіся:
— Што з табою, о Халіфа?
I Халіфа сказаў:
— Прыйдзіце да мяне з лямпаю: на мяне напалі джыны.
3 яго пасмяяліся, але далі лямпу, і Халіфа са святлом вярнуўся ў свой дом. Цяпер ён з усяе сілы ўдарыў каменем па замку і зламаў яго. Потым ён адчыніў скрыню — і раптам бачыць: там дзяўчына. У гэтае ж імгненне яна зрыгнула бандж, якім была адурманена, і расплюшчыла вочы.
Халіфа наблізіўся да яе і сказаў:
— Дзеля Алаха, о пані, адкуль ты?
— Падай мне Ясмін і Нарджыс1! — заказала яна.
— Тут ёсць толькі тамр-хіна, — адказаў рыбак.
Дзяўчына прыйшла да памяці і, убачыўшы Халіфу, спытала:
— Што ты такое? А дзе я?
— Ты ў мяне ў доме, — адказаў Халіфа.
— А хіба я не ў палацы халіфа Харуна ар-Рашыда? — здзівілася яна.
I рыбак усклікнуў:
— Які там ар-Рашыд, о вар’ятка! Ты ўсяго толькі мая нявольніца, і я купіў цябе сёння за сто дынараў і дынар, прынёс дамоў, а ты ляжала ў гэтай скрыні.
I пачуўшы яго, дзяўчына спыталася:
— Як тваё імя?
— Маё імя Халіфа, — адказаў рыбак. — 3 чаго раптам мая зорка стала шчаслівай, калі я ведаю, што мая зорка не такая?
Дзяўчына засмяялася і сказала:
— Пакінь гэтыя размовы! Ці знойдзецца ў цябе штонебудзь паесці?
— Няма, клянуся Алахам, і піць таксама нічога няма! — адказаў Халіфа. — Клянуся Алахам, я ўжо два дні нічога не еў.
— Хіба ў цябе няма грошай? — спыталася дзяўчына.
I Халіфа адказаў:
— Алах, зберажы гэтую скрыню, якая зрабіла мяне бедным! Я аддаў за яе ўсё, што меў, і разарыўся.
I дзяўчына засмяялася і сказала:
— Папрасі для мяне ў суседзяў чаго-небудзь паесці — я галодная.
I Халіфа выйшаў з дому і закрычаў:
— 0 жыхары вуліцы!
Людзі прачнуліся і запыталіся:
— Што з табою, о Халіфа?
— О суседзі, — адказаў Халіфа, — я галодны, і ў мяне няма чаго есці!
I адзін сусед прынёс яму праснак, другі — кавалачак хлеба, трэці — крыху сыру, чацвёрты — агурок. Ён вярнуўся ў дом і паклаў усё гэта перад дзяўчынай, і тая сказала:
— А як я стану есці, калі няма нават збанка вады, каб напіцца? Баюся падавіцца кавалкам і памерці.
Халіфа ўзяў збан і зноў выйшаў на вуліцу і закрычаў:
— Гэй, жыхары вуліцы!
Людзі запыталіся:
— Што ў цябе за бяда сёння ноччу, о Халіфа?
I ён сказаў:
— Вы далі мне ежу, і я паеў, але мне захацелася піць — напаіце ж мяне.
I суседзі напоўнілі яго збан вадою, і ён прынёс яго дзяўчыне і сказаў:
— О пані, цяпер у цябе не засталося ніякіх жаданняў? Калі так, то паразмаўляй са мною і раскажы мне сваю гісторыю.
— Гора табе, — усклікнула дзяўчына, — што ты мяне не ведаеш! Я — Кут аль-Кулуб, нявольніца халіфа Харуна арРашыда. Сіт Зубэйда прыраўнавала яго да мяне і адурманіла мяне банджам, і паклала ў гэтую скрыню. Хвала Алаху, што абышлося ўсё яшчэ так! Але здарылася гэта, — звярнулася потым яна да рыбака, — на тваё іпчасце: ты абавязкова павінен узяць у халіфа ар-Рашыда шмат грошай, і ты станеш багатым.
— А ці не той гэта ар-Рашыд, у палацы якога мяне затрымалі? — спытаўся Халіфа.
I дзяўчына сказала:
— Так, той самы.
— Клянуся Алахам, — усклікнуў Халіфа, — я не бачыў нікога за яго скупей! Флейтыст з малым дабром і розумам. Ён збіў мяне ўчора сотняю палак і даў мне адзін дынар, хаця я навучыў яго лавіць рыбу і мы сталі сябрамі, але ён падмануў мяне.
— Пакінь гэтыя дурныя словы і расплюшчы вочы, — сказала дзяўчына. — Трымай сябе прыстойна, калі ўбачыш яго ў наступны раз, і ты дасягнеш жаданага.
Гэтыя словы нібыта знялі заслону з яго розуму — дзеля ягонага ж шчасця. I потым ён сказаў дзяўчыне:
— У імя Алаха, кладзіся спаць!
I яны праспалі ўсю ноч воддаль адзін ад аднаго.
А на раніцу Кут аль-Кулуб запатрабавала ў яго чарнільніцу і ліст паперы, Халіфа прынёс іх. I яна напісала таму купцу, што быў сябрам халіфа, і распавяла яму аб сваіх акалічнасцях і аб усім, што здарылася з ёю, а таксама пра тое, што яна ў Халіфы-рыбака, які яе купіў. А потым яна аддала ліст Халіфу і сказала:
— Вазьмі гэту паперку і паспяшайся на рынак каштоўных камянёў. Запытайся, дзе лаўка Ібн аль-Кірнаса, ювеліра, аддай яму паперку і нічога не гавары.
— Слухаю і падпарадкоўваюся, — сказаў Халіфа.
Халіфа ўзяў у яе паперку, адшукаў на рынку Ібн альКірнаса, прывітаў яго і падаў яму паперку. Але купец падумаў, што перад ім адзін з беднякоў, які просіць міласціну, і не стаў чытаць паперку, а загадаў свайму слугу даць бедняку паўдзірхема.
— Мне не патрэбна міласціна, але ты прачытай паперку, — сказаў яму Халіфа.
I Ібн аль-Кірнас прачытаў паперку і, зразумеўшы, што ў ёй, пацалаваў яе.
— 0 брат мой, дзе твой дом? — падняўшыся на ногі, спытаў ён у Халіфы.
— А навошта табе мой дом? Хіба ты хочаш пайсці туды і ўкрасці маю нявольніцу? — спытаўся Халіфа.
— He, насупраць, я куплю табе з ёю што-небудзь паесці, — адказаў Ібн аль-Кірнас.
I Халіфа сказаў, дзе яго дом, а Ібн аль-Кірнас гукнуў двух рабоў і сказаў ім:
— Ідзіце з гэтым чалавекам у лаўку Мухсіна, мянялы, і скажыце яму: “О Мухсін, дай яму тысячу залатых дынараў!” А потым вяртайцеся з ім хутчэй да мяне.
Рабы пайшлі з рыбаком у лаўку мянялы, Мухсін даў яму тысячу залатых дынараў, і яны вярнуліся да Ібн аль-Кірнаса. Калі яны прыйшлі да яго, то ўбачылі ювеліра верхам на рабым муле, наўкола яго стаялі нявольнікі і слугі, а побач такі ж рабы мул пад сядлом. I Ібн аль-Кірнас сказаў Халіфу:
— У імя Алаха! Сядай на гэтага мула!
— Я не сяду! — усклікнуў Халіфа. — Клянуся Алахам, ён мяне скіне!
— Клянуся Алахам, ты абавязкова павінен на яго сесці, — сказаў яму купец.
I Халіфа падышоў да мула, узлез на яго і сеў задам наперад, і, ухапіўшы мула за хвост, закрычаў — і мул скінуў яго на зямлю. 3 Халіфы пачалі рагатаць, а ён падняўся і сказаў:
— Ці ж не гаварыў я табе: “ Я не сяду на гэтага асла!”
Тады Ібн аль-Кірнас пакінуў Халіфу на рынку і выправіўся да ўладара прававерных, паведаміў яму пра нявольніцу, а потым вярнуўся і забраў дзяўчыну ў свой дом.