Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Расказваюць таксама, о шчаслівы цар, што ўладар прававерных Муавія* сядзеў аднойчы ў адной са сваіх залаў у Дамаску, і вокны яго палаца былі расчыненыя з усіх бакоў. Халіф сядзеў і глядзеў у нейкі бок, а дзень здарыўся спякотлівы, калі не было павеву ветрыку. Апоўдні ж гарачыня яшчэ больш узмацнілася.
I раптам Муавія ўбачыў чалавека, які апякаўся аб гарачую зямлю і падскокваў ад гэтага, бо ішоў босы. Халіф пазіраў на яго і запытаўся ў сваіх суразмоўцаў:
— Ці стварыў Алах — вялікі ён і слаўны! — каго-небудзь няшчасней за таго, хто павінен быць у гэтакі час у дарозе, як той чалавек?
— Можа, ён ідзе да ўладара прававерных, — сказаў хтосьці.
I халіф усклікнуў:
— Клянуся Алахам, калі ён ідзе да мяне, я адару яго, a калі ён пакрыўджаны, я заступлюся за яго! Гэй, хлопчык, стань да варотаў, і калі гэты араб* захоча ўвайсці да мяне, не перашкаджай яму.
I слуга выйшаў і, калі араб наблізіўся, ён запытаўся:
— Чаго ты хочаш?
— Я хачу ўладара прававерных, — адказваў араб.
— Заходзь! — сказаў слуга.
I бедуін* увайшоў і прывітаў уладара прававерных.
А Муавія спытаў яго:
— 3 якіх ты людзей, о чалавек?
— 3 Бену-Цемім, — адказаў бедуін.
— А што цябе прывяло сюды ў такі час? — спытаў халіф.
— Я прыйшоў да цябе, каб паскардзіцца, — адказваў той, — і шукаю ў цябе абароны.
— Ад каго? — спытаў Муавія.
— Ад Мервана ібн аль-Хакама* — твайго намесніка, — адказаў бедуін.
А затым ён прамовіў такія вершы:
Муавія, ты шчодры і добры, вялікі ўладар, Ахоўваць і розум, і праўду Алах дараваў табе дар.
Прыйшоў да цябе, калі клінам сышліся шляхі, Бо я справядлівасць шукаю, мой цар!
Малю, каб ты злодзея ўладай сваёй пакараў, Жахлівей за смерць маёй крыўды цяжар.
Ён стаў мне сапернікам, жонку адняў, Адверне Алах ад нягодніка твар!
Хацеў і мяне ён забіць, ды не выйшаў мой час. Мяне ўратаваў сам нябесны ўладар!
I калі Муавія пачуў вершы ад гэтага чалавека, з вуснаў якога зрываўся агонь, ён сказаў:
— Прытулак і мір, о брат арабаў! Раскажы сваю гісторыю і паведамі аб сваёй справе.
— О ўладар прававерных, — сказаў тады бедуін, — была ў мяне жонка, і я кахаў яе, захапляўся ёю, і радаваліся мае вочы на яе, а душа была спакойнай. Меў я некалькі вярблюдаў, якія дапамагалі ў гаспадарцы. Але надарыўся недарод і загубіў ён і ступню і капыт*. Я застаўся ні з чым, Прапала мая маёмасць і пагоршылася маё становішча, я стаў пагарджаным і нежаданым для тых, хто раней з радасцю прыходзіў да мяне ў госці.
I бацька Суады даведаўся, што ў мяне дрэнныя справы, забраў яе ад мяне і выгнаў мяне. Я прыйшоў да твайго намесніка Мервана ібн аль-Хакама ў надзеі на падтрымку. I калі ён паклікаў бацьку Суады і запытаў у яго пра мяне, той адказаў:
— Я яго зусім не ведаю.
Тады я сказаў:
— Няхай даручыць Алах справу эміруі Калі ён вырашыць паклікаць тую жанчыну і запытацца ў яе, тады будзе відна праўда.
I Мерван паслаў па Суаду. Калі яна з’явілася, то моцна спадабалася яму, і Мерван стаў мне сапернікам. Ён разгневаўся і адправіў мяне ў турму. Я адчуў, што неба ўпала на мяне, а вецер знёс мяне на край свету.
А потым Мерван сказаў бацьку Суады:
— Ці не хочаш ты ажаніць мяне з ёю за тысячу дынараў і дзесяць тысяч дзірхемаў? Даю слова, што я вызвалю яе ад гэтага араба!
Бацька Суады спакусіўся на грошы і пагадзіўся. Тады эмір загадаў прывесці мяне. Ён выглядаў, як раз’юшаны леў, і сказаў:
— О бедуін, развядзіся з Суадай!
— Я не развядуся з ёй, — адказаў я.
I эмір напусціў на мяне зграю слуг, якія сталі здзекавацца нада мной, мучыць і катаваць. Я зразумеў, што мне не пазбегнуць разводу, і развёўся. Эмір жа вярнуў мяне назад у турму. Я знаходзіўся там, пакуль не скончыўся тэрмін ачышчэння*. Тады эмір ажаніўся з Суадай, а мяне выпусціў з турмы. I вось я прыйшоў да цябе ў надзеі знайсці абарону.
I ён прамовіў такія вершы:
У сэрцы маім агонь, Пульсуе, як свечка, кроў.
Мяне не ўратуюць далонь I веды любых дактароў.
3 душы маёй іскры лятуць, Іскрацца, нібы з вугалёў,
3 вачэй маіх слёзы цякуць, Нібыта вада з ручаёў.
Жыццё мне вярнуць і мір, Душу ўратаваць толькі б мог
Праўдзівы і мудры эмір Або ўсемагутны сам бог.
I ён закалаціўся, у яго заляскалі зубы, і ён упаў у бяспамяцтве, і стаў выгінацца, як забітая змяя. А Муавія, пачуўшы яго словы і вершы, усклікнуў:
He палічыўся Мерван ібн Хакам з законамі веры і ўчыніў крыўду, бо пасягнуў на гарэм мусульманіна. О бедуін, — сказаў ён потым, — ты прыйшоў да мяне з расказам, падобнага якому я не чуў ніколі!
I ён запатрабаваў чарнільніцу і паперу і напісаў Мервану ібн аль-Хакаму: “Мне стала вядома, што ты парушыў законы веры, а належыць таму, хто правіць, адводзіць позірк ад страсцей і ўтрымліваць душу ад асалод”.
Пасля ён выклаў доўгія развагі і, згарнуўшы пісьмо, паставіў на ім сваю пячатку, і паклікаў аль-Кумейта і Насра
ібн Зібана, якім заўжды давяраў важныя справы з-за іх вернасці. Яны ўзялі пісьмо і паехалі ў горад Медыну.
Прыехаўшы ў Медыну, яны прыйшлі да Мервана ібн аль-Хакама, прывіталі яго і аддалі пісьмо. Мерван пачаў чытаць і плакаць, а потым пайшоў да Суады і расказаў ёй аб усім. Ён не мог пярэчыць Муавію і развёўся з Суадай у прысутнасці аль-Кумейта і Насра ібн Зібана.
Потым ён сабраў іх у дарогу, а разам з імі і Суаду, і напісаў Муавію пісьмо, у якім гаварылася:
He спяшайся, эмір, вырашаць беззваротна.
Твой загад я прымаю з пакорай ахвотна.
Я нядбайным не быў — запытайся наўкола ў людзей; Нагавор, што распуснік я і ліхадзей.
Хутка зможаш пабачыць маё ты свяціла, Што людзей, нават джынаў красой захапіла.
I ён запячатаў пісьмо і аддаў яго пасланцам, а тыя ехалі, пакуль не прыбылі да Муавіі. Халіф прачытаў пісьмо і сказаў:
— Ён вызначыўся паслухмянасцю і надта расхвальвае гэтую жанчыну.
I халіф загадаў прывесці Суаду. Убачыўшы яе прыгожае аблічча, ён быў уражаны. А калі звярнуўся да яе, то знайшоў, што яна красамоўная і разумная.
— Да мяне таго бедуіна! — сказаў ён тады.
I прывялі бедуіна, і выглядаў ён жахліва, такі след наклаў на яго час.
— О бедуін, — звярнуўся да яго Муавія, — ці суцешышся ты, калі я дам табе ўзамен Суады трох нявольніц — высакагрудых дзяўчат, падобных да поўні. I з кожнай нявольніцай я дам табе тысячу дынараў і прызначу табе з казны столькі ў год, што ты будзеш багатым?
I бедуін ад гэтых слоў Муавія так ускрыкнуў, што той падумаў, нібыта ён памёр. А калі бедуін апрытомнеў, халіф запытаўся:
— Як ты адчуваеш сябе?
— Я ў найгоршым стане і самым кепскім становішчы. Я іпукаў абароны ў тваёй справядлівасці супраць
несправядлівасці ібн аль-Хакама. У каго ж мне шукаць абароны ад тваёй несправядлівасці? — адказаў бедуін і дадаў: — Клянуся Алахам, о ўладар прававерных, калі б ты аддаў мне ўсё, чым валодаеш у халіфаце, я не ўзяў бы гэтага за Суаду!
I ён прамовіў такі верш:
He любіць нікога душа — адна толькі ў свеце Суада. Каханне маё — мне паветра, жыццё мне і радасць.
I Муавія сказаў яму:
— Ты прызнаеш, што развёўся з ёю, і Мерван прызнае, што ён развёўся з ёю. Мы дадзім ёй выбраць — калі яна абярэ іншага, мы аддадзім яе за яго, а калі яна выбера цябе, то перададзім яе табе.
— Зрабі так, — сказаў бедуін.
I Муавія запытаўся:
— Што ты скажаш, Суада, — хто табе мілей: або ўладар прававерных з яго высакароднасцю, веліччу, палацамі, уладаю, багаццем і ўсім, што ты ў яго бачыла, або Мерван ібн аль-Хакам з яго несправядлівасцю і жорсткасцю, або вось гэты бедуін з яго беднасцю і голадам?
I Суада адказала такімі вершамі:
Вось гэты, вось гэты, хоць ён абадраны да дзіраў, Патрэбней мне больш, чым радня, чым палацы, амбары,
Патрэбней за шахаў, Мервана, магутных эміраў, Чым тыя, хто мае без ліку дзірхемы, дынары.
I потым яна сказала:
— Клянуся Алахам, о ўладар прававерных, я не такая, каб пакінуць яго з-за часовых выпадковасцей і падману. Яму належыць старое сяброўства, якое не забываецца, і каханне, якое не зносіцца. I мне належыць годна перажыць з ім беды, бо я зведала з ім радасці.
I здзівіўся Муавія яе розуму, каханню і вернасці і загадаў выдаць ёй дзесяць тысяч дзірхемаў. Ён аддаў іх бедуіну, і той забраў сваю жонку і пайшоў.
АПОВЯД ПРА ІБРАХІМАIІОНАКА
Расказваюць таксама, што Ібрахім, сын Ісхака*, гаварыў:
— Я быў заўсёды адданы Бармакідам*. I аднойчы, калі я сядзеў дома, у вароты раптам пагрукалі, і мой слуга выйшаў, а потым вярнуўся і сказаў:
— Каля варотаў прыгожы юнак, і ён просіць дазволу ўвайсці.
Я дазволіў, і ўвайшоў да мяне юнак са слядамі хваробы на твары і сказаў:
— Я ўжо даўно імкнуся сустрэцца з табою, і ў мяне да цябе ёсць клопат.
— Які? — запытаўся я.
I юнак паклаў перада мною трыста дынараў і сказаў:
— Прашу цябе, вазьмі іх ад мяне і сачыні мне напеў да верша, які я табе прачытаю.
— Скажы мне яго, — папрасіў я.
I юнак прамовіў:
Алахам заклінаю і малення не спыню:
Залі слязьмі маімі жар сардэчнага агню!
Нас ганьбяць за каханую і чалавек, і Бог, Каб нават яе ў саване пабачыць я не змог.
I я сачыніў яму напеў, падобны да галашэння, і праспяваў яго. Юнак, здалося, страціў прытомнасць, a потым абудзіўся і сказаў:
— Паўтары!
Я стаў заклінаць яго Алахам і сказаў:
— Баюся, што ты памрэіп.
— О, калі б гэтак здарылася! — усклікнуў юнак. I ён не пакінуў прыніжацца і ўпрошваць, пакуль я не пашкадаваў яго і не паўтарыў напеў. Юнак ускрыкнуў жахлівым крыкам, і я падумаў, што ён памёр. Я пачаў паліваць яго ружавай вадой, пакуль ён не апрытомнеў і не сеў. Я падзякаваў Алаху і, паклаўшы перад ім ягоныя дынары, сказаў:
— Забірай свае грошы і ідзі прэч ад мяне!
— Я не маю ў іх патрэбы, — адказаў юнак, — а табе будзе яшчэ столькі ж, калі ты паўторыш напеў.
Тады я сказаў:
— Я паўтару, але з трыма ўмовамі: першая — каб ты застаўся ў мяне і паеў, бо табе трэба падсілкаваць душу; другая — каб ты выпіў віна, якое стрымае тваё сэрца; і трэцяя — каб ты мне расказаў сваю гісторыю.
Юнак паслухаўся мяне, пад’еў, выпіў віна, а пасля пачаў расказваць:
— Я з жыхароў Медыны. Аднойчы разам са сваімі братамі я ішоў па дарозе ў бок Аль-Акіка* і ўбачыў сярод дзяўчат дзяўчыну, падобную да галінкі ў pace. Яны спыніліся ў цяньку, а калі дзень падыходзіў да канца — пайшлі. I я адчуў у сэрцы раны, якія доўга гояцца. Тады я пачаў распытваць пра дзяўчыну, але ніхто не ведаў яе, і я з гора захварэў. Аднойчы я расказаў аб гэтым аднаму сваяку, а ён супакоіў мяне: “He бяда! Вясна не скончылася, хутка неба пачне дажджыць, і тады яна выйдзе. Я пайду з табою, і мы сустрэнем яе”.