Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Абу-ль-Хасан звярнуўся да старшага еўнуха і загадаў яму даць вяльможам дазвол увайсці. I вяльможы ўвайшлі, пакланіліся і пажадалі славы Абу-ль-Хасану, і сказалі:
— О ўладар прававерных і намеснік Бога, няхай Алах падаруе табе перамогу над ворагамі!
Яны пацалавалі перад ім зямлю, і Абу-ль-Хасан загадаў ім сесці. I кожны з іх заняў сваё месца. Затым Джафар паведаміў Абу-ль-Хасану пра ўсе блізкія, аддаленыя і неадкладныя справы, якія тычыліся кіраўніцтва дзяржавай. I Абу-ль-Хасан забараняў і загадваў, адымаў і ўзнагароджваў, нібыта ён халіф, а Джафар з пашанаю стаяў перад ім.
Потым Абу-ль-Хасан азірнуўся і ўбачыў начальніка варты горада, і сказаў:
— О Джафар, у мяне ёсць справа да валі і яго людзей.
I калі валі гэта пачуў, ён падышоў са сваімі людзьмі да Абу-ль-Хасана і сказаў:
— Загадвай, уладар прававерных, мы слухаем і падпарадкоўваемся.
I тады Абу-ль-Хасан загадаў ім:
— Выпраўляйцеся ў такі і такі квартал і схапіце чатырох старых вартаўнікоў, якія там жывуць, а потым ідзіце ў саборную мячэць квартала і схапіце імама. Дайце кожнаму з гэтых людзей па чатырыста ўдараў слановым хвастом, пасадзіце кожнага на вярблюда, загадайце ім трымаць за хвост вярблюда і правядзіце іх так па горадзе. А паперадзе няхай ідзе вяшчальнік і крычыць: “Вось адплата, найменшая з адплат, таму, хто суецца ў справы, якія яго не тычацца, і любіць сеяць сваркі і звадкі паміж суседзямі!” A калі вы іх зняславіце, праганіце прэч з горада — няхай яны ніколі болып тут не жывуць. Пасадзіце іх у якую-небудзь мячэць за варотамі Багдада, і няхай людзі адпачнуць ад іхняга зла. А калі ўсё гэта выканаеце, што я загадаў, вяртайцеся да мяне і раскажыце. I бойся, о валі, мяне
аслухацца! Клянуся маёй галавой, іпто, калі ты зробіш інакш, я адсяку галаву табе.
I валі пацалаваў зямлю перад Абу-ль-Хасанам і сказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся, о ўладар прававерных! — і зараз жа выйшаў са сваімі людзьмі, каб выканаць загад уладара.
А халіф, калі пачуў загад Абу-ль-Хасана, зусім зрабіўся непрытомным ад смеху і сказаў сам сабе: “Клянуся Алахам, Абу-ль-Хасан не забыўся пра чатырох вартаўнікоў і імама з мячэці, і клянуся Алахам вялікім, ён учыніў правасуддзе і справядлівасць, бо яны гэтага заслужылі! Менавіта гэта ён хацеў і жадаў зрабіць, калі стане халіфам”.
I Абу-ль-Хасан вяршаў справы ў дыване да таго часу, пакуль не вярнуўся валі. Ён нізка пакланіўся Абу-льХасану, і той запытаўся:
— Зрабіў ты тое, што я табе загадваў?
— Так, о ўладар прававерных, — адказаў валі, — і таму пацвярджэнне — вось гэтае сведчанне жыхароў квартала. Усе радуюцца твайму загаду і жадаюць тваёй вялікасці вечнай славы. — I начальнік падаў Абу-ль-Хасану паперу, і той узяў яе, прачытаў і пазнаў почырк тых, хто сведчыў.
I абрадаваўся Абу-ль-Хасан вялікай радасцю і сказаў сам сабе: “Вось тое, чаго ты жадаў, Абу-ль-Хасан, і Алах падараваў табе гэта, і ты дасягнуў мэты!” — а потым ён звярнуўся да візіра Джафара і загадаў:
— Прынясі зараз жа кашалёк з пяццю сотнямі дынараў, пайдзі з імі ў той жа самы квартал і спытайся там старую жанчыну па імені Ум Абу-ль-Хасан*. Сын гэтан жанчыны чалавек вядомы на ўвесь квартал, яго ведаюць і па ўсім горадзе, таму вас адразу прывядуць да яе. Дык вось — аддай ёй гэты кашалёк.
Калі халіф пачуў гэта, ён так засмяяўся, што нават ухапіўся за бакі. А візір Джафар аблабызаў зямлю і зараз жа пайшоў у казну. Ён аднёс кашалёк з пяццю сотнямі дынараў маці Абу-ль-Хасана і аддаў яго з такімі словамі:
— Уладар прававерных пасылае табе гэты кашалёк.
I маці Абу-ль-Хасана ўзяла кашалёк і моцна здзівілася. Яна ж нічога не ведала аб здарэнні са сваім сынам. Потым візір Джафар вярнуўся ў дыван і з паклонам сказаў:
— Я выканаў твой загад, о ўладар прававерных.
А неўзабаве галоўны еўнух увайшоў у дыван і зрабіў знак візіру заканчваць справы. Вяльможы папрасілі ў Абу-льХасана дазволу пакінуць дыван і выйшлі, а галоўны еўнух узяў Абу-ль-Хасана за рукі і адвёў у палац. I Абу-ль-Хасан папрасіўся схадзіць па патрэбе ў дом адпачынку*, і яму прынеслі, па звычаю халіфаў, шаўковыя шлёпанцы, вышытыя золатам. Абу-ль-Хасан паклаў іх на калені, але яму так закарцела, што ён выбег босы, са шлёпанцамі ў руках, а халіф так смяяўся, што паваліўся дагары.
Потым Абу-ль-Хасана адвялі ў пакоі, дзе яму быў прыгатаваны абед. Нявольніцы, рабы і наложніцы ўсталі перад ім і ўдарылі па струнах, і заспявалі. I калі Абу-льХасан пачуў гэтую чароўную музыку і спевы, убачыў, якія прыгожыя, цудоўныя нявольніцы — кожная з іх сваёй прыгажосцю магла паспрачацца з сонцам, ён збянтэжыўся і разгубіўся, і сказаў сабе: “Як можна думаць, што ўсё, што бачыў і бачу я — сон! Наўрад! Але ж: я ведаю, што ўчора я быў Абу-ль-Хасанам, а сёння раптам зрабіўся халіфам... Клянуся Алахам, гэта цуд! Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага, вялікага! О літасцівы, о міласэрны, абарані мяне ад наступстваў гэтага сну! Але ж гэта не сон. Ва ўсім свеце ёсць толькі адзін халіф, а я ж бачу, што халіф — гэта я. Значыць, іншага халіфа няма”.
Потым ён адкінуў усе гэтыя роздумы і сеў за столік з залатым посудам і заможнай ежай. Абу-ль-Хасан пасадзіў каля сябе некалькі нявольніц, а астатнія стаялі, трымаючы ў руках залатыя вееры. Раптам ён убачыў, што адна з нявольніц, якіх ён пасадзіў разам з сабою, нічога не есць. I ён пачаў запрашаць іх і частаваць, а некаторых нават карміў сваёй рукой. Потым пачаў пытацца, як іх імёны. А халіф, назіраючы, як Абу-ль-Хасан разглядвае і распытвае нявольніц, яшчэ больш весяліўся і смяяўся.
Калі ж нявольніцы ўбачылі, што Абу-ль-Хасан насыціўся, яны паклікалі старшага еўнуха. I той падышоў, узяў яго за руку, падняў і пасадзіў на канапку. Потым прынёс таз і збан і вымыў Абу-ль-Хасану рукі. I адна рабыня трымала збан, а другая несла ручнік, а трэцяя — курыльніцу з алоэ і амбрай. Затым Абу-ль-Хасана прывялі ў іншы пакой, і ў яго ажно закружылася галава — так там было прыгожа. Яго чакала мноства нявольніц, яшчэ
прыгажэйшых, чым ён бачыў, і кожная трымала ў руках які-небудзь музычны інструмент. I як толькі ён увайшоў, яны ўдарылі па струнах і пачалі спяваць. А любая з іх сваёй прыгажосцю магла б ператварыць багамольца ў бязбожніка. Абу-ль-Хасан заўважыў, што столік з пладамі і празрыстым віном падрыхтаваны, кубкі і чашы стаяць радамі, і прысмакі ляжаць на залатым посудзе, упрыгожаным каштоўнымі камянямі.
Потым галоўны еўнух пасадзіў Абу-ль-Хасана, а той паклікаў нявольніц і пасадзіў з сабою, і стаў узірацца ў дзяўчат. Але ён так быў ашаломлены іх прыгажосцю, што не ведаў, якую болып любіць. I ён пачаў есці і частавацца. Нарэшце ён звярнуўся да адной наложніцы і сказаў:
— О любая, вазьмі кавалачак гэтага яблыка — залячы маё сэрца і здымі цяжар, ускладзены табою на мяне з таго часу, як я цябе пабачыў.
I так ён звяртаўся па чарзе ад адной да другой, і халіф усё гэта бачыў і чуў.
Калі ж Абу-ль-Хасан закончыў есці, яго ўзялі і прывялі ў трэці пакой, яшчэ болып багаты і дзівосны. I ён усё болып і больш здзіўляўся, асабліва калі пабачыў там нявольніц, прыгажэйшых за тых, што бачыў раней.
Пасля гэтага яго прывялі ў чацвёрты пакой — ізноў багацейшы і цудоўнейшы за ранейшыя. А сонца ўжо было на захадзе. I ён убачыў тут тры падсвечнікі, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, а ў падсвечніках — камфарныя свечкі. I там таксама былі нявольніцы, з якімі ранейшыя не маглі зраўніцца ў прыгажосці. Як толькі Абу-ль-Хасан увайшоў, яны падняліся і ўдарылі па струнах сваіх музычных інструментаў і заспявалі, як райскія птушкі. Абу-ль-Хасан азірнуўся наўкола і бачыць: перад ім столік, увесь з чыстага золата, а далей — басейн, таксама з золата, а навокал басейна — чашы, і ў іх замест вады — чыстае віно. Абу-ль-Хасан моцна ўзрадаваўся. Ён сеў да століка, пасадзіў нявольніц каля сябе, і пачаў іх карміць і частаваць, і дапытвацца, як іх клічуць. I адна з іх адказвала:
— Маё імя Хабл аль-Лулу.
— Тваё імя Хабл аль-Лулу*? — усклікнуў Абу-ль-Хасан. — Цябе трэба было б назваць не “нітка жэмчугу”, а “ўвесь
' Хабл аль-Лулу — па-арабску “нітка жэмчугу”.
жэмчуг, які толькі ёсць на свеце”. Але калі ўжо цябе так назвалі, налі мне кубак, і я вып’ю з тваіх рук за тваё здароўе.
А халіф слухаў гэтыя словы Абу-ль-Хасана і надта рагатаў.
Між тым нявольніца наліла Абу-ль-Хасану віна і з пашанай паднесла кубак.
— О Хабл аль-Лулу, я зараз вып’ю за тваё здароўе, але я хачу, каб ты наліла яшчэ і таксама выпіла, — усклікнуў ён.
I калі Абу-ль-Хасан выпіў віна, дзяўчына наліла наноў кубак і выпіла таксама, а потым узяла лютню і заспявала:
Вы кароткія ці доўгія, о ночы, Мне ўсё роўна — бо заснуць не маю моцы.
Каб падобную на месяц мне знайсці маю, Я тады не стаў бы поўню сцерагчы тваю.
I да таго абрадаваўся Абу-ль-Хасан, што ледзь не з’ехаў з глузду. Ен кінуўся ў скокі без музыкі, і яму здавалася, што пакой танцуе разам з ім, і ён не разбіраў — у сне гэта ці на яве.
Потым ён звярнуўся да другой нявольніцы, і да трэцяй, і да наступнай — пакуль па чарзе не абышоў усіх і не выпіў з усімі, і не паслухаў іхніх спеваў. А халіф глядзеў і смяяўся з усяго гэтага. Нарэшце халіф паслаў загад Хабл аль-Лулу, і яна наліла віна ў кубак і паклала туды бандж. А потым паднесла кубак Абу-ль-Хасану і сказала:
— О ўладар прававерных, твая рабыня склала сёння прыгожую песню, і я хачу, каб твая вялікасць выпіла з маіх рук гэты кубак, а я праспяваю табе песню.
А Абу-ль-Хасан закахаўся ўжо ў гэтую нявольніцу, і ён узяў у яе кубак і мовіў:
— Ты непараўнальная прыгажуня свайго часу і мая каханая!
Потым ён паднёс кубак да вуснаў,а Хабл аль-Лулу ўзяла лютню і заспявала Абу-ль-Хасану такую песеньку:
О вандроўнік! Колькі ночак яшчэ мне не спаць?
Колькі дзён мне мой смутак хаваць?
Майго любага ўбачыш — шапні: “Ці надоўга ёй сумныя дні?”
Абу-ль-Хасан у захапленні ад нявольніцы ўсклікнуў:
— 0 душа мая, о жамчужына ўсяго свету, о сарцавіна майго сэрца! Калі я ўладар прававерных, паўтары мне тваю песеньку яшчэ раз!
I Хабл аль-Лулу праспявала яшчэ раз, а калі скончыла, Абу-ль-Хасан выпіў кубак і ўсклікнуў:
— Я выпіў гэты кубак за твае вочы!
I не паспела віно разысціся па ягоных жылах, як ён упаў і заснуў як забіты.
I тут халіф выйшаў са схованкі, не памятаючы сябе ад смеху, і загадаў нявольніцам зняць з Абу-ль-Хасана халіфскае адзенне і апрануць у плацце, у якім яго прынеслі ў палац. Затым ён паслаў па раба Масрура і сказаў яму: