Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
А сэрца ў Абу-ль-Хасана было чыстае, і ён дружалюбна сказаў:
— 0 сябра мой, з-за таго, што ты чужаземец, я табе дарую. Сядай са мною побач, і я раскажу табе, што адбылося са мною з-за цябе. Тады ты даведаешся, ці ёсць у мяне вялікае права злавацца на цябе ці не.
I ён расказаў халіфу аб усім, што з ім было. А халіф слухаў яго і смяяўся, і рагатаў яшчэ мацней, чым у дзень, калі Абу-ль-Хасан быў халіфам.
Абу-ль-Хасан сказаў яму:
— Вось што са мною здарылася, і ўсё з-за цябе, бо ты раніцай пайшоў і пакінуў дзверы адчыненымі, хаця я табе наказваў: “Калі выйдзеш раней за мяне, замкні за сабою дзверы”. А ты пакінуў іх адчыненымі, і сатана ўвайшоў, і зрабіў мяне халіфам, і набіў мне галаву сненнямі і прывідамі — і калі я на раніцу прачнуўся гэтакім, як быў, я пачаў клікаць нявольніц, якіх бачыў у сне. Атрымліваецца, ты віноўнік
усяму гэтаму. I ты ўвёў мяне ў грэх, што я ўявіў сябе халіфам. А калі маці хацела вярнуць мяне да розуму, то я раззлаваўся, схапіў палку і пачаў яе біць. Я гатовы быў забіць яе насмерць, калі чуў, як яна кажа: “Дзіця маё, Абуль-Хасан”, — бояж быў упэўнены, што я ўладар прававерных, намеснік Алаха. Апрача гэтага, ты быў прычынай таму, што я зняважыў сваіх суседзяў, з якімі жыву ўсё жыццё ў сяброўстве і любові. — I Абу-ль-Хасан расказаў халіфу пра ўсё, што здарылася з ім — ад пачатку і да канца. Халіф слухаў яго і не мог стрымацца ад смеху. I Абу-ль-Хасан мовіў: — Мала з цябе таго, што з-за цябе здарылася, дык ты яшчэ смяешся з мяне прама ў твар! Ты, відаць, думаеш, што я жартую. Паглядзі на мяне і ўпэўнішся, наколькі праўдзівыя мае словы і колькі паскудства ты мне ўтварыў.
I ён агаліў свае бакі і жывот і паказаў халіфу сляды ран ад пабояў і катаванняў, якія перанёс у бальніцы. I калі халіф убачыў гэта, ён зразумеў, што прычыніў гэтаму чалавеку шкоду: пажартаваўшы, ён наклікаў на Абу-ль-Хасана бяду. I халіф абняў яго, пацалаваў і ўсклікнуў:
— Слава Алаху, о Абу-ль-Хасан, брат мой, што ты застаўся цэлы! Я не ведаў, што ўсё гэта здарыцца з табою з прычыны незачыненых дзвярэй. Няхай пасароміць Алах сатану, які зрабіў так, што я забыўся зачыніць дзверы. Пойдзем да цябе дадому, мой дарагі, і калі дасць мне ўладу творца, — ды ўзвысіцца яго імя! — я дапамагу табе забыць усе беды, якія здарыліся з табою з-за мяне.
А сэрца Абу-ль-Хасана, як мы гаварылі, было чыстае, і калі ён убачыў, як яго перапрашае і ўгаворвае халіф, ён, хаця і даваў абяцанне двойчы не частаваць чужаземца, усётакі сказаў:
— Слухай, прыяцель, я пачастую цябе сёння ўвечары, але пры адной умове: раніцай, калі ты выйдзеш, зачыні дзверы, каб сатана не вярнуўся да мяне і не зрабіў са мною таго самага, што і ў мінулы раз!
I халіф абяцаў, і даў клятву, што, калі выйдзе, зачыніць пасля сябе дзверы і зробіць так, як сказаў Абу-ль-Хасан, і не аслухаецца:
— He трывожся, о Абу-ль-Хасан. Клянуся вялікім Алахам, ты ўбачыш ад мяне толькі добрае і забудзеш усе беды, якія здарыліся з табою з-за мяне.
I Абу-ль-Хасан разам з халіфам, апранутым у плацце масульскага купца, якога суправаджаў па-ранейшаму раб Масрур, пайшоў да сябе дамоў. I халіф бачыў, што Абу-льХасан увесь час думае аб тым, што з ім здарылася, і не перастае сумаваць.
Калі яны прыйшлі, то аказалася, што бедная маці Абуль-Хасана ўжо прынесла камфарную свечку і запаліла яе. Абу-ль-Хасан, халіф і Масрур увайшлі ў дом, і Абу-ль-Хасан з халіфам селі і размаўлялі, пакуль перад імі не паставілі столік і не прынеслі вячэру. Яны пачалі есці, і Абу-льХасан, глытаючы кавалак, кожны раз азіраўся на дзверы.
— Што гэта ты, Абу-ль-Хасан, усё абарочваешся да дзвярэй? — спытаўся халіф.
— Я ўвесь час баюся таго, што са мною здарылася, — адказаў Абу-ль-Хасан.
I халіф мовіў:
— Згадай імя ўселітасцівага, міласэрнага, давер сваю справу Алаху і не бойся.
Потым, калі яны пад’елі, маці Абу-ль-Хасана прыбрала столік і падала плады, прысмакі, бутлю з віном, чашы і кубкі — і Абу-ль-Хасан з халіфам сталі адзін за другім напаўняць кубкі і выпіваць іх. Калі ж халіф заўважыў, што яго сябар захмялеў, ён запытаўся:
— Скажы, Абу-ль-Хасан, няўжо ты ў жыцці не быў закаханы ні ў адну дзяўчыну або жанчыну?
— Клянуся Алахам, мойгосць, — адказаў Абу-ль-Хасан, — я ні разу ў жыцці не думаў пра жанчын. Я толькі шукаў, дзе б добра паесці і выпіць ды павесяліцца з добрымі людзьмі, якія, як і я, любяць пажартаваць і не супраць апаражніць бутэльку. Якая ў жанчынах карысць? Клянуся Алахам, о госць мой, вось яна — мая каханая, сказаў ён, напоўніў чашу і выпіў яе. А потым напоўніў у другі раз і падаў халіфу: — Вазьмі, выпі, павесялімся за гэтай бутляй!
О Абу-ль-Хасан, у маіх словах няма нічога дрэннага, — мовіў халіф. — Мужчыну заўсёды вабіць да жанчыны, і калі ён балюе і весяліцца, каля яго сядзіць прыгожая дзяўчына, адчаго яму робіцца яшчэ прыемней і весялей. Заклінаю цябе жыццём, скажы мне, няўжо ты ні ў адну жанчыну не быў закаханы?
— Клянуся Алахам, о госць мой, — адказаў Абу-льХасан, — у мяне ў жыцці не было да гэтага ахвоты, і я ніколі аб гэтым не думаў. Але калі са мной здарылася няшчасце і калі сатана зрабіў мяне халіфам, бачыў я каля сябе многа наложніц. I, клянуся Алахам, о госць мой, я прыкмеціў сярод іх адну дзяўчыну. Яна іграла на лютні і спявала, і, клянуся Алахам, яна адняла ў мяне розум. Вядома, усё гэта сны і мроі, але калі б гэта дзяўчына стала маёй, я ажаніўся б з ёю і лічыў бы, што дасягнуў вышыні шчасця. О госць мой, калі б толькі ты пачуў яе голас і паглядзеў на яе твар, то ты, як і я, згубіў бы апошні розум! He думаю, што недзе ў свеце ёсць роўная ёй прыгажуня. А калі ёсць, то хіба што ў доме халіфа ці такога чалавека, як Джафар, яго візір, ці яшчэ ў каго-небудзь з вяльможаў царства, у каго не злічыць золата і срэбра. У такіх людзей, магчыма, і адшукаеш падобную дзяўчыну, а мне, нікчэмнаму выпівоху, дзе яе ўзяць? Але затое у мяне ёсць бутля, мая сяброўка і каханка, і, клянуся Алахам, я яе нікому не аддам. А раздабыць яе — самая лёгкая справа. Пакінем, аднак, гэту размову і не будзем марнаваць час. Давай лепш вып’ем!
I Абу-ль-Хасан наліў і прапанаваў халіфу, і халіф мовіў:
— Клянуся Алахам, о сябар мой Абу-ль-Хасан, шкада мне цябе! Прападае твая маладосць. Жывеш ты без маладой жонкі і гібееш, як дэрвіш*.
— 0 госць мой, — адказаў Абу-ль-Хасан, — лепш за ўсё — жыць спакойна і ціха-мірна. Ты бачыш, як у згодзе я жыву і сябрую з гэтай бутляй. Хіба лепш узяць жонку, якая мне не спадабаецца або будзе мець дрэнны характар? Я ж тады пачну каяцца і гаварыць, але нішто ўжо мне не дапаможа.
I Абу-ль-Хасан з халіфам балявалі і гутарылі аб гэтым да апоўначы. А калі халіф убачыў, што Абу-ль-Хасану час класціся спаць, ён мовіў:
— Так як ты чалавек добры і сын паважаных людзей і хочаш узяць дзяўчыну прыгожую, з прыемнымі якасцямі, то, калі захоча Алах, я ажаню цябе па сваім разуменні.
I тут халіф узяў бутлю, напоўніў чашу, паклаў у яе бандж і падаў яе Абу-ль-Хасану, гаворачы:
— О брат мой Абу-ль-Хасан, выпі гэту чашу за здароўе, за каханне да той, якую ты ўбачыў у сне і пакахаў. Алах
няхай пашле яе табе — і ты пражывеш з ёй свой век у поўным шчасці і радасці.
Абу-ль-Хасан прыняў з рук халіфа чашу і сказаў:
— Калі ты гэтак гаворыш, о госць мой, я вып’ю за яе здароўе, бо, клянуся тваім жыццём, моцна пакахаў яе, хаця да гэтага часу жыў без яе.
Потым Абу-ль-Хасан падняў чашу, выпіў яе і заснуў як забіты. А халіф загадаў свайму рабу Масруру ўзваліць яго на спіну і аднесці ў палац. Сам жа ён зачыніў дзверы і разам з Масрурам накіраваўся ў палац. Там Абу-ль-Хасана паклалі ў пакоі, дзе ён быў раней. I халіф загадаў зняць з Абу-ль-Хасана адзежу і апрануць яго ў халіфскае плацце. Ён наказаў усім нявольніцам і наложніцам, еўнухам і слугам служыць Абу-ль-Хасану, як і мінулы раз, быццам ён і ёсць халіф. А таксама загадаў усім, хто быў у палацы, прыслужваць Абу-ль-Хасану, як халіфу. I ўсе адказалі: “Увага і пакора твайму загаду, о ўладар прававерных!”
А потым халіф сказаў галоўнаму еўнуху:
— Раніцай табе належыць пабудзіць мяне раней, чым прачнецца Абу-ль-Хасан.
I ён пайшоў і лёг спаць. I ўсе ў палацы праспалі гэту ноч, а раніцай, калі занялася зара, усе падняліся і сталі рыхтавацца, каб служыць Абу-ль-Хасану. Галоўны еўнух паспяшаў пабудзіць халіфа і апрануў яго, і халіф вымыў твар і памаліўся. А рабыні, наложніцы, еўнухі і ўся чэлядзь сабраліся каля ложка Абу-ль-Хасана, нават нявольніцы з бубнамі і іншымі музычнымі інструментамі і спявачкі занялі сваё месца ў пакоі Абу-ль-Хасана. Халіф увайшоў да іх, навучыў, што гаварыць, і сам зноў схаваўся ў ранейшым зацішным месцы.
Неўзабаве Абу-ль-Хасан прачнуўся і чыхнуў, бо яму далі напой супраць банджу. У тое ж імгненне зайграла музыка і заспявалі спявачкі — і Абу-ль-Хасан знямеў, пачуўшы гукі. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў нявольніц і наложніц, якія ўжо былі яму знаёмыя. Ён пазнаў іх і пачаў азірацца, і ён пазнаў пакой, у якім быў раней. “Клянуся Алахам, — сказаў ён сабе, — гэта той самы пакой, у якім вячэраў, калі быў халіфам. Што за дзіва?!” Калі ж убачыў, што перад ім стаяць з поўнай пашанай і павагай слугі, рабы, еўнухі і наложніцы, гатовыя служыць яму, Абу-ль-Хасан закрычаў ад жаху і так
укусіў сябе за пальцы, што ледзь не адхапіў іх. Халіф ажно пакаціўся з рогату, а нявольніцы працягвалі стаяць у поўнай пашане і прыстойнасці.
— Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага, вялікага! — усклікнуў Абу-ль-Хасан. — Мы вярнуліся да таго, што было раней! Застаецца толькі мне вярнуцца ў бальніцу, каб зноў мяне пасадзілі да вар’ятаў. Клянуся Алахам, прыйдзе да мяне сёння начальнік бальніцы са сваімі людзьмі, прынясе свае прылады і валовую жылу і пачне гэты пракляты мяне катаваць, як раней. Сапраўды, мы належым Алаху і да яго вяртаемся! Абарані, о ўладар, і паратуй ад гэтай бяды! Я ж яшчэ не адышоў ад ран і пабояў, якія перанёс у бальніцы! Але прычына ўсяму — той пракляты купец-масулец. Абяцаў жа ён зачыніць за сабою дзверы і, няйначай, пакінуў іх зноў адчыненымі, і ўвайшоў да мяне сатана, і зрабіў са мною тое самае, што ў мінулы раз. О масулец, пракляты! Прыкідваешся, быццам ты з Масула, і прыходзіш да мяне ў Багдад у абліччы купца, a сам ты сатана і сын сатаны. Бо няйначай як з Масула прыходзіць да нас сатана, каб сваімі праклятымі снамі папсаваць людзям розум. Пасарамаці, Алах, праклятага купца, што быў у мяне! Клянуся Алахам, ты не хто іншы, як сам сатана! Клянешся, о мярзотнае стварэнне, клянешся, што зачыніш дзверы, а сам выходзіш і пакідаеш іх адчыненымі! Ты сапраўды сатана, бо сатана ў жыцці не гаворыць праўды, і ў нас праверана, што сатана — вораг Алаха і заўсёды дае хлуслівыя клятвы. Учора вечарам ты кляўся мне імем Алаха, што зачыніш дзверы, і не зачыніў. Праўду сказала мая маці: усё, што са мною здарылася ў мінулым месяцы, — з-за гэтага праклятушчага купца.