Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
— О зорачка, я не магу прасіць грошай у халіфа, і ты таксама не можаш прасіць у Сіт Зубэйды. Праўда, халіф гаварыў мне: “Прыходзь кожны раз, калі табе спатрэбяцца грошы, і не прасі ў скарбніка, а прасі ў мяне”. Але мне сорамна і страшна, што ён падумае: “За кароткі час я даў яму шмат грошай, і ён ужо паспеў усё спусціць”.
— I ў мяне тыя самыя думкі, баюся, што, калі прыйду да Сіт Зубэйды, яна скажа: “Ты ўжо паспела патраціць усе грошы, якія ятабе дала...” I ўмяне, любы, тая жбоязь, што і ў цябе, — адказала Наджмат ас-Субх.
I тады Абу-ль-Хасан мовіў:
— Калі нам цяжка звярнуцца да іх з просьбай і мы баімся, што ў нас запытаюцца: “Куды вы падзелі грошы, якія мы вам давалі?” — то я прыдумаў адну хітрасць, сапраўдны жарт, які дапаможа нам здабыць у іх грошы без сораму і боязі. Але ў гэтым ты павінна быць са мной заадно і дапамагчы.
— 0 Абу-ль-Хасан, барані божа, каб я цябе аслухалася ў чым-небудзь, і мая душа — выкуп за цябе, — сказала Наджмат ас-Субх.
— Вельмі добра, — усклікнуў Абу-ль-Хасан, — няхай Алах падоўжыць твой род, о дачка высакародньіх! Я ўпэўнены ў тваім каханні да мяне! Паглядзі, што я мяркую зрабіць: памры спачатку ты, а потым я таксама памру — і кожны з нас будзе паміраць па чарзе смешным і незвычайным чынам. Такая выхадка развесяліць халіфа і Сіт Зубэйду, а мы раздабудзем грошай.
— Паслухай, Абу-ль-Хасан, — сказала Наджмат асСубх, — памірай, хаця гэта і будзе мне вельмі цяжка, а што да мяне, то я паміраць не хачу.
— Ты на праўду звар’яцела! — усклікнуў Абу-ль-Хасан. — Розум у цябе жаночы, а вы ўсе кранутыя ў розуме, і я цябе не папракаю. Гора табе, як жа гэта мы памром! Ты думаеш, кожны з нас сам сябе заб’е і памрэ? Як можна! Хітрасць мая не ў тым, каб забіць сябе і памерці. Паслухай, як я мяркую зладзіць гэты незвычайны жарт.
— Калі гэта гульня, у якой няма смерці, то я да тваіх паслуг ва ўсім, што захочаш, — сказала Наджмат ас-Субх. — Ты ведаеш, што жыццё ўсім дарагое...
— Няма патрэбы ў лішніх размовах, — мовіў Абу-льХасан. — Я раскажу табе, што збіраюся рабіць. Я лягу тут, пасярод пакоя, а ты прынясі вялікую коўдру, загарні мяне ў яе, спусці турбан мне на твар і павярні мяне ў бок кыблы*, быццам я мёртвы. А потым апраніся ў што-небудзь старое і зношанае і пайдзі да Сіт Зубэйды з плачам, і бі сябе па твары, і рві на сабе адзежу. Скажы ёй, што я памёр. Я ўпэўнены, калі яна гэта пачуе, яна дасць табе шмат грошай на пахаванне і падорыць адрэз шытай золатам тканіны, каб заслаць ім насілкі з маім целам. Тады мы атрымаем і грошы, і цудоўнае адзенне замест старога, якое ты на сабе падзярэпі.
— Слухаю і падпарадкоўваюся, — усклікнула Наджмат ас-Субх. — Клянуся Алахам, Абу-ль-Хасан, гэта вясёлая і карысная выхадка!
Потым Абу-ль-Хасан лёг пасярод пакоя і прыкінуўся мёртвым, а Наджмат ас-Субх загарнула яго ў коўдру і зрабіла так, як ён яе навучыў. Яна апранула адзежы жалобы, распусціла валасы, падрала на сабе сукенку і
пачала плакаць і стагнаць. У такім выглядзе яна пайшла да Сіт Зубэйды, галосячы і б’ючы сябе па твары. Калі Сіт Зубэйда пабачыла яе ў такім стане, то атарапела, у яе памутнела ў галаве, і яна ўсклікнула:
— О гора, о Наджмат ас-Субх! Што здарылася? Раскажы мне!
— Ах, гора мне, пані! — закрычала Наджмат ас-Субх. — Ах, Абу-ль-Хасан, мой каханы... Толькі што я на цябе радавалася, а ты памёр і пакінуў мяне, гаротную! Як жа ты памёр, калі толькі што радаваўся мне... — і Наджмат ас-Субх няўцешна плакала і галасіла, паўтараючы гэтыя словы.
I Сіт Зубэйда зразумела, што Абу-ль-Хасан сапраўды памёр. I яна засмуцілася вялікім смуткам і стала плакаць па Абу-ль-Хасану, бо моцна яго любіла: па-першае, з любові да сваёй служанкі і па-другое, з-за любові да яго халіфа. Потым Сіт Зубэйда пачала суцяшаць Наджмат ас-Субх.
— 0 дачка, што карысці плакаць? Хто памёр, той ужо не вернецца! Клянуся Алахам, цяжка мне губляць Абу-льХасана. Ён, бедны, не паспеў на цябе нарадавацца, і ты не паспела нарадавацца на яго. А які гэта быў добры чалавек — дабрадушны, вясёлы, дасціпны! I вельмі я смуткую па ім з-за цябе: ты, бедная, таксама не паспела з ім нацешыцца — ваша вяселле, здаецца, толькі ўчора згулялі. Але так было суджана і запісана, дачка, і ад гэтага не паратуешся, тут не схітруеш. Годзе табе плакаць!
I потым Сіт Зубэйда загадала сваёй скарбніцы выдаць Наджмат ас-Субх тысячу залатых на пахаванне Абу-льХасана і дала ёй адрэз шаўковай тканіны, каб накрыць яго насілкі. Наджмат ас-Субх ухапіла грошы, забрала адрэз тканіны і пайшла, радуючыся выхадцы, якую прыдумаў Абу-ль-Хасан. Яна прыйшла да мужа і расказала яму ўсё, што адбылося. I Абу-ль-Хасан падняўся, задаволены, і сказаў:
— А цяпер твая чарга! Лажыся, як я, і прытварыся мёртвай.
I Наджмат ас-Субх лягла, а Абу-ль-Хасан загарнуў яе ў коўдру, як памерлую, павярнуў тварам да кыблы, а потым узяў у рукі хусцінку і пайшоў да халіфа. А ў халіфа ў гэты час сядзеў візір Джафар. I калі Абу-ль-Хасан увайшоў з
плачам, галашэннямі і б’ючы сябе па твары — адзежу ён падраў на сабе яшчэ раней, — халіф здзівіўся і ўсклікнуў:
— Абу-ль-Хасан, што здарылася? Раскажы мне, што з табою?
— О ўладар прававерных, — адказаў Абу-ль-Хасан, — што можа здарыцца са мною горш за тое, што здарылася? Ды падоўжыцца тваё жыццё пасля Наджмат ас-Субх, о ўладар прававерных! Ах, Наджмат ас-Субх, душа мая, не паспеў я ўволю нацешыцца з табою шчасцем! О ўладар прававерных, не ведаю, што з ёю здарылася: зараз памерла! — і ён стаў біць сябе па шчоках, а халіф, пачуўшы гэту навіну, моцна засмуціўся: па-першае, з-за сваёй любові да Абу-льХасана і, па-другое, таму што Наджмат ас-Субх была Сіт Зубэйдзе даражэй за ўсіх нявольніц. I халіф пачаў суцяшаць Абу-ль-Хасана, і візір Джафар таксама, і яны гаварылі:
— Што карысці, Абу-ль-Хасан, плакаць і смуткаваць. Той, хто памёр, ніколі не вернецца... Так было суджача і запісана ў кнізе лёсаў, гэтага не пазбегнеш.
Але Абу-ль-Хасан толькі мацней плакаў і галасіў, удала разыграўшы свой жарт.
— О Абу-ль-Хасан, — спытаўхаліф, — ты, можа, зрабіў што-небудзь дрэннае ёй? Але я ведаю, што ты чалавек добры, і не магу ў гэта паверыць.
— О ўладар прававерных! — усклікнуў Абу-ль-Хасан. — Клянуся тваім жыццём: ты ведаеш, што Наджмат ас-Субх была мне даражэй за мае вочы не толькі з-за сваёй прыгажосці, дабрыні, адукаванасці, разважнасці і ведаў, але яшчэ і таму, што яна была для Сіт Зубэйды мілей за ўсіх нявольніц, ды іты, уладар прававерных, любіў яе. Клянуся Алахам, я бярог яе як зрэнку вока. — I гаворачы гэта, Абуль-Хасан плакаў і біў сябе па твары, нічога не забыўшы ў мастацтве хітрасці і падману.
Халіф моцна засмуціўся. Ён загадаў выдаць Абу-льХасану кашалёк з тысячай дынараў, каб той мог зладзіць урачыстае і багатае пахаванне. I яшчэ даў таксама тысячу дынараў дзеля суцяшэння і адрэз шытай золатам тканіны, каб загарнуць нябожчыцу. I Абу-ль-Хасан пацалаваў зямлю і памаліўся за халіфа.
Ён забраў грошы і адрэз і, радасны, прыйшоў да сваёй маладой жонкі. Абу-ль-Хасан расказаў ёй аб усім, што здарылася, і ўсклікнуў:
— Бачыш цяпер, як я магу жартаваць. Але слухай, Наджмат ас-Субх, гульня яшчэ не закончылася! Пачакай, я табе пакажу яшчэ тое-сёе.
А халіф з-за любові да Сіт Зубэйды, дачкі яго дзядзькі, калі Абу-ль-Хасан выйшаў ад яго, звярнуўся да свайго візіра Джафара і сказаў:
— О Джафар, Сіт Зубэйда любіла сваю служанку Наджмат ас-Субх вялікай любоўю. I цяпер яна, відаць, ведае пра смерць і плача, галосіць па ёй. А ты ведаеш, што Сіт Зубэйда мне вельмі дарагая.
— Так, уладар прававерных, — адказаў Джафар.
— Пагэтаму, — працягваў халіф, — нам трэба зараз пайсці да яе і суцешыць яе. I ты таксама пойдзеш са мной. Ты скажаш слоўца, і я скажу слоўца, і, можа, мы яе супакоім і суцешым, разгонім яе смутак.
— Слухаю і падпарадкоўваюся, уладар прававерных, — адказаў Джафар халіфу, — але толькі што пачаўся дыван, і людзі чакаюць, калі твая вялікасць выйдзе да іх.
— Ідзі і распусці дыван, — сказаў халіф. — Скажы ім: “У халіфа ёсць справа ў палацы, і дывану сёння не будзе”.
I візір Джафар распусціў дыван і паведаміў аб гэтым халіфу. Тады халіф загадаў свайму рабу Масруру даведацца, ці не занятая Сіт Зубэйда, і пасля гэтага разам з Джафарам пайшоў да яе. Ён увайшоў і ўбачыў, што Сіт Зубэйда сядзіць засмучаная і плача, і слёзы коцяцца ў яе па шчоках.
— Сіт Зубэйда, — сказаў халіф, — я ведаю прычыну твайго смутку. I таму я прыйшоў з маім візірам Джафарам, каб нам разам цябе супакоіць. Клянуся Алахам, Сіт Зубэйда, мне вельмі цяжка з-за цябе, бо ты так любіла гэту дзяўчыну, Наджмат ас-Субх была табе даражэй за ўсіх нявольніц. I яна — злітуйся з яе Алах вялікі! — была ўсімі любімая і адданая табе. А па-другое, клянуся Алахам, я перажываю з-за яе, бо бедны Абу-ль-Хасан не паспеў парадавацца на яе ўволю і пацешыцца з ёю шчасцем, як гэта належыць людзям. Ён плача па ёй, як малое дзіця: зараз прыходзіў да мяне, і галасіў, і біў сябе па шчоках, і быў у самым вялікім горы. Мы з візірам Джафарам нават самі заплакалі, гледзячы на яго, і я яго суцяшаў. А калі ён пайшоў, я падумаў, што ты таксама, відаць, гаруеш па ёй, і прыйшоў цябе суцешыць і супакоіць. Якая карысць, Сіт
Зубэйда, плакаць і гараваць? Хто памёр, той ужо не вернецца, і гэта чаша не абміне нікога. Ад таго, што напісана пры нараджэнні, нікуды не ўцячэш, і нам усім не пазбегнуць смерці. Баюся, каб з табою ад гора не зрабілася чаго-небудзь благога. I я хацеў бы, каб ты развеяла свой смутак, суцешылася і перастала гараваць.
Сіт Зубэйда пажадала халіфу дабра і падзякавала за спачуванне, але такія словы халіфа здзівілі яе, і яна мовіла:
— 0 ўладар прававерных, ты сваімі словамі збіў мяне з панталыку. Алах вялікі няхай падоўжыць тваё жыццё, уладар прававерных! Ты гаворыш пра маю служанку: “Злітуйся над ёю Алах!” — нібыта яна памерла і ты суперажываеш са мной з прычыны майго смутку па ёй. Але я гарую па Абу-ль-Хасану, бо ты яго моцна любіў, і гэта ты пазнаёміў мяне з ім; А ён, бедны, злітуйся над ім Алах вялікі, быў добры, вясёлы чалавек і жартаўнік. Яго жарты весялілі нам сэрцы. Я ж баялася за тваю вялікасць і чакала, пакуль галоўны еўнух Масрур прыйдзе да мяне, каб распытацца ў яго пра цябе. Я добра ведала, як ты любіш Абуль-Хасана, і я гаварыла сабе: “Напэўна, уладар прававерных сядзіць і смуткуе па ім”. Ды будзе тваё жыццё вечным, о ўладар прававерных! Гэта ж не служанка мая памерла, a наадварот — памёр Абу-ль-Хасан.