Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
А Ала ад-Дзін, пабачыўшы, што ён пазбавіўся ад свайго суровага бацькі, стаў яшчэ больш сваволіць і гарэзнічаць, a дамоў прыходзіў, толькі каб пад’есці. Яго ж бедная маці прала і працавала з апошніх сіл, каб здабыць сродкі на
пражыццё для сябе і сына. I жылі яны так, пакуль не споўнілася яе сыну Ала ад-Дзіну пятнаццаць гадоў.
I вось аднойчы, калі Ала ад-Дзін гуляў на вуліцы з іншымі бесталковымі хлапчукамі, раптам спыніўся непадалёку ад іх нейкі чалавек, чужаземец, і стаў назіраць за Ала ад-Дзінам, не звяртаючы ўвагі ні на кога з яго таварышаў. А гэты чалавек быў магрыбінскай пароды*, вядзьмак, здатны на розныя хітрасці, і ведаў ён усякія філасофіі і ўсе навукі, і добра разбіраўся ў астралогіі. I калі ён убачыў Ала ад-Дзіна і прыгледзеўся ўважлівей да яго, то сказаў сабе: “Сапраўды, гэты хлопчык — той, хто мне патрэбны, і, каб яго адшукаць, я пакінуў сваю краіну!”
Ён адвёў аднаго з хлопчыкаў убок і пачаў распытваць у яго пра Ала ад-Дзіна: чый ён сын, як клічуць яго бацьку, і даведаўся аб усіх акалічнасцях яго жыцця. А потым падышоў да Ала ад-Дзіна, адвёў яго і спытаўся:
— Хлопчык, ты сын такога і такога краўца?
— Так, пан паломнік, — адказваў Ала ад-Дзін, — але мой бацька ўжо даўно памёр.
I калі магрыбінец пачуў гэта, ён кінуўся Ала ад-Дзіну на шыю, абняў і стаў цалаваць, а сам плакаў. А Ала ад-Дзін, убачыўшы, што магрыбінец так сябе паводзіць, вельмі здзівіўся.
— Чаму ты плачаш і адкуль ты ведаеш пра майго бацьку?
— О дзіця маё, — адказаў магрьібінец слабым і сумным голасам, — я плачу, бо ты сказаў мне аб смерці твайго бацькі, а ён мне брат па маці і бацьку. Я стаміўся, ішоўшы з далёкіх краін, але радаваўся, бо спадзяваўся яго пабачыць. А ты, пляменнік, кажаш, што ён памёр! Таму я і плачу па ім. А яшчэ я плачу аб сваёй злой долі — ён жа памёр раней, чым я яго пабачыў. I ледзь толькі я зірнуў на цябе, дзіця маё, то адчуў, клянуся Алахам, што ты сын майго брата. Я пазнаў цябе сярод хлопчыкаў, з якімі ты гуляў. Мой жа брат, калі мы рассталіся, яшчэ не ажаніўся. Клянуся Алахам, дзіця маё, мне лепш бы пабачыць брата і памерці замест яго... Але ад таго, чаму быць, не ўцячэш, і няма хітрыкаў супраць улады Алаха над яго стварэннямі. Але ты,
сынок, заменіш мне яго, бо ты яго сын. I я буду суцешаны табою: хто пакінуў падобнага да цябе, той не памёр.
Потым магрыбінец засунуў руку ў кішэню, выняў дзесяць дынараў, працягнуў іх Ала ад-Дзіну і сказаў:
— О дзіця маё, дзе вы жывяце і дзе твая маці, жонка майго брата?
I Ала ад-Дзін узяў магрыбінца за руку і прывёў яго да іхняга дома. I магрыбінец сказаў:
— Вазьмі, сынок, гэтыя грошы, аднясі іх маці, перадай ад мяне прывітанне і скажы: “Мой дзядзька, брат майго бацькі, вярнуўся з чужыны”. А я, калі дазволіць Алах, заўтра прыйду да вас, каб павітацца з тваёй маці, паглядзець на той дом, дзе жыў мой брат, і пабачыць яго магілу.
I потым магрыбінец пацалаваў Ала ад-Дзіна і пайшоў сваёй дарогай, а Ала ад-Дзін, радуючыся грошам, пабег хутчэй дамоў. Ён прыйшоў не ў звыклы час, бо з’яўляўся дома, толькі каб паабедаць ці павячэраць. Перапоўнены радасцю, ён забег у пакой і закрычаў:
— Матуля, я цябе абрадую: мой дзядзька, брат бацькі, вярнуўся з чужыны і перадае табе безліч прывітанняў!
— Ты, здаецца, смяешся з мяне сынок! Дзе ў цябе дзядзька і адкуль яму ўзяцца? Няма ў цябе ніякага дзядзькі! — сказала яму маці.
— Як гэта ты, матуля, гаворыш, што ў мяне няма дзядзькі і няма нікога з родзічаў, калі я толькі што бачыў свайго дзядзьку і ён мяне абдымаў і цалаваў, а сам плакаў! — усклікнуў Ала ад-Дзін. — Ён пазнаў мяне, і ён ведае ўсю нашу сям’ю. А калі ты не верыш, паглядзі: вось дзесяць дынараў. Ён мне іх даў і сказаў: “Аднясі іх маці”, — і, калі дазволіць Алах, ён заўтра прыйдзе да нас, каб з табою павітацца. I ён казаў перадаць табе гэтыя словы.
— Так, сынок, — сказала маці Ала ад-Дзіна, — я ведаю, што ў цябе быў дзядзька, але ён памёр раней за твайго бацьку. А другога твайго дзядзькі я не ведаю.
I яна ўсю ноч думала аб гэтай падзеі. А вядзьмакмагрыбінец, калі настала раніца, падняўся, апрануўся і накіраваўся на тую вуліцу шукаць Ала ад-Дзіна, бо яго душа імкнулася да хлопчыка. Ала ад-Дзін, як заўсёды, гуляў з дзецьмі. Магрыбінец абняў яго, пацалаваў, а потым выняў з кашалька два дынары і сказаў:
— Вазьмі іх сынок, аддай сваёй маці і скажы: “Мой дзядзька хоча прыйсці да нас сёння ўвечары і павячэраць з намі, вазьмі гэтыя грошы і зрабі на іх добрую вячэру”. Але перш чым мы расстанемся, правядзі мяне яшчэ раз да твайго дома, каб я не памыліўся і знайшоў яго.
— Слухаюся, — сказаў Ала ад-Дзін і павёў магрыбінца да свайго дома. Яны развіталіся, і магрыбінец пайшоў па сваіх справах, а Ала ад-Дзін пабег да маці, перадаў ёй грошы і словы свайго дзядзькі.
I маці Ала ад-Дзіна пайшла на базар, купіла ўсё неабходнае і, вярнуўшыся дамоў, стала гатаваць вячэру. Посуд жа яна пазычыла ў суседзяў. Калі прыйшоў час вячэры, яна звярнулася да свайго сына:
— Сыночак, вячэра гатовая. Можа, твой дзядзька не ведае дарогі да нашага дома — пайдзі сустрэнь яго!
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказаў Ала ад-Дзін. I калі ён выходзіў з дома, у вароты пастукалі. Ён зараз жа адчыніў вароты і ўбачыў магрыбінскага ведзьмака і раба з ім, які нёс збан з набізам*, плады, прысмакі і іншае.
Ала ад-Дзін узяў усё гэта ад раба, і той пайшоў, а Ала ад-Дзін павёў магрыбінца ў дом. Увайшоўшы ў пакой, магрыбінец прывітаўся з маці хлопчыка, паплакаў і запытаўся ў яе, дзе звычайна сядзеў яго брат. Янапаказала месца мужа, і магрыбінец падышоў і пачаў цалаваць там зямлю, прыгаворваючы:
— 0 горкі мой лёс! Як жа я страціў цябе, о брат мой, о слязінка майго вока, о мой дарагі!
I ён плакаў, галасіў, біў сябе па шчоках, ажно маці Ала ад-Дзіна спалохалася, каб яму не зрабілася блага. Яна падышла да магрыбінца, узяла яго за руку, падняла яго і сказала:
— Што толку, о дзевер*, ад усяго гэтага! Ты толькі сам сябе забіваеш!
Яна пасадзіла магрыбінца і пачала яго суцяшаць. I калі ён крыху супакоіўся, то сказаў:
— 0 жонка майго брата, не здзіўляйся, што ты мяне не ведаеш і што пры жыцці майго брата ты мяне ні разу не бачыла. Я пакінуў наш горад і расстаўся з братам сорак гадоў таму. I я абышоў Хінд*, Сінд* і ўсе гарады Магрыба. Я не ўступаў у Каір, а жыў у прамяністай Медыне — няхай
вечна будуць над яе ўладаром найлепшыя благаславенні і прывітанні Алаха! Адтуль я выправіўся ў краіны няверных і прабыў там чатырнаццаць гадоў. I вось, о жонка майго брата, аднойчы я пачаў думаць пра брата, мой горад і родную зямлю, і ўзраслі ўва мне сум і жаданне пабачыць брата. Я плакаў і сумаваў, і нарэшце сказаў сабе: “О чалавек, колькі часу ты ў чужыне, далёка ад роднай зямлі! Ёсць у цябе адзінадзіны брат і нікога больш, пайдзі ж, сустрэнься з ім. Хто ведае, якія могуць быць удары лёсу і зменлівасць часу? Вельмі горка, калі ты памрэш, не пабачыўшы брата. Дзякуй Алаху, ты маеш вялікія багацці і грошы, а твой брат, магчыма, жыве сціпла. Знайдзі ж яго і, калі ўбачыш, што ён бедны, — дапамажы яму”. Я падумаў над усім гэтым і раніцай сабраўся ў дарогу. Я схадзіў на пятнічную малітву*, а потым сеў на свайго чыстакроўнага каня і рушыў у шлях. Праз усе цяжкасці і небяспечнасці Алах дапамог мне шчасліва прайсці, і я прыбыў у ваш горад. I калі я хадзіў па яго вуліцах, пабачыў твайго сына Ала ад-Дзіна. Ён гуляў з хлопчыкамі, і, клянуся вялікім Алахам, о жонка майго брата, з той хвіліны, як я яго пабачыў, маё сэрца раскрылася для яго — бо імкнецца да роднай крыві. Я пазнаў яго па абліччы. I мая радасць была такой вялікай, што я забыўся пра ўсе цяжкасці і нягоды, якія перанёс. Але Ала ад-Дзін расказаў мне, што мой нябожчык брат памёр. О жонка майго брата, калі я пачуў гэта, я засмуціўся, і, можа, Ала ад-Дзін гаварыў табе, якое вялікае гора ахапіла мяне. Але маё суцяшэнне — Ала ад-Дзін, і надзея, што, калі на тое воля Алаха, ён мне заменіць нябожчыка. Хто пакінуў пасля сябе замену — той не памёр.
Маці Ала ад-Дзіна стала плакаць ад такіх слоў. I магрыбінец, убачыўшы гэта, звярнуўся да Ала ад-Дзіна, каб той пацвердзіў, што ён сапраўды брат яе мужа. А каб удаліся яго хітрасць і падман, пацікавіўся, якому рамяству навучаны Ала ад-Дзін і ці дае яно заробак на пражыццё яму і маці.
Ала ад-Дзін засаромеўся, збянтэжыўся, апусціў галаву, а маці яго сказала:
— Адкуль у яго рамяство?! Няма ў яго рамяства! Ён толькі і ведае, што свавольнічаць і бадзяцца цэлы дзень з хлапчукамі з вуліцы. Бо адчаго ж памёр ягоны бацька?
Бедны, ён памёр, бо праз яго захварэў. А я, гора мне, дзень і ноч працую і праду бавоўну, каб зарабіць на два праснакі хлеба, якімі мы і жывём цэлы дзень. Вось ён які, дзевер, а ў мяне няма ўжо сілы, каб утрымліваць такога дарослага юнака, і я ледзь магу зарабіць на пражыццё. Мне самой патрэбны хто-небудзь, каб утрымліваў мяне.
I тут магрыбінец звярнуўся да Ала ад-Дзіна і сказаў:
— Чаму ж гэта ты, пляменнік, паводзіш сябе, як бесталковы? Сорам, так рабіць не след! Ты — мужчына ўжо і разумны чалавек, і да таго ты — сын добрых людзей. Сорамна табе, што твая маці, жанчына, удава, б’ецца, каб цябе пракарміць, а ты, мужчына, нічога не робіш. Трэбатабе навучыцца рамяству, каб зарабляць на жыццё і сабе, і маці. Паглядзі, сынок, у вас у горадзе шмат усякіх майстроў. Выберы, якое рамяство табе падабаецца, і я дамоўлюся з майстрам, каб ён навучыў цябе сваёй справе. А, можа, табе не па душы рамяство твайго бацькі? Ты выберы, што табе падабаецца, і скажы мне, а я дапамагу табе ўсім, чым магу.
Але магрыбінец бачыў, што Ала ад-Дзін маўчыць і не адказвае, і зразумеў, што хлопчыку гэта размова непрыемная і што ён не жадае вучыцца ніякаму рамяству — бо так ён выхаваны, і што прывык гультайнічаць. Тады магрыбінец прапанаваў адчыніць для яго купецкую лаўку і напоўніць яе самымі дарагімі тканінамі.
— Ты пазнаёмішся з людзьмі, будзеш гандляваць і станеш вядомым у горадзе купцом, — сказаў магрыбінец.
Пачуўшы гэту прапанову, Ала ад-Дзін абрадаваўся, што стане купцом. Ён быў упэўнены, што купцы заўсёды ходзяць у чыстай і святочнай адзежы і што ўсе яны — вялікія людзі. Ён паглядзеў на магрыбінца, засмяяўся і паківаў галавою, што згодны. I магрыбінец зразумеў, што хлопчыку хочацца стаць купцом.