Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
— О сын майго брата, — сказаў ён, — толькі не забывайся, што ты мужчына! А я заўтра вазьму цябе з сабою на рынак і закажу табе святочнае адзенне. А потым я нагледжу для цябе ў купцоў лаўку і напоўню яе ўсякімі дарагімі тканінамі. I ты будзеш сядзець, прадаваць і купляць.
I калі маці Ала ад-Дзіна пачула гэтыя словы, апошнія яе сумненні наконт магрыбінца рассеяліся. Яна цвёрда
вырашыла, што магрыбінец і праўда брат яе мужа, — бо немагчыма, каб чужы чалавек усё гэта рабіў для яе сына! Яна стала павучаць і настаўляць свайго сына, што яму час выкінуць глупства з галавы, каб ён ва ўсім слухаўся свайго дзядзьку і не пярэчыў яму ні ў чым, бо дзядзька для яго — што родны бацька. Потым маці Ала ад-Дзіна падала вячэру, і ўсе селі есці, а насыціўшыся, вымылі рукі і сядзелі, гутарылі аб гандлёвых справах, аб куплі, продажы і іншым.
I Ала ад-Дзін усю ноч не спаў і нібы лётаў ад радасці. A магрыбінец прасядзеў у іх да апоўначы, а потым падняўся, развітаўся і пайшоў да сябе дамоў. Раніцай магрыбінец пастукаўся ў вароты, і маці Ала ад-Дзіна паднялася і адчыніла яму. Але ён не пажадаў заходзіць і запатрабаваў Ала ад-Дзіна, каб узяць яго з сабою. У адзін момант, хутчэй за маланку, Ала ад-Дзін апрануўся і выскачыў. Ён пажадаў магрыбінцу добрай раніцы і пацалаваў яму руку, a магрыбінец узяў яго за руку і пайшоў з ім на рынак. Там ён зайшоў у лаўку аднаго з багатых купцоў і запатрабаваў перамену плацця — рознакаляровага, святочнага, дарагога. I яму прынеслі тое, што ён хацеў: раскошныя новыя адзежы, ужо ўсе пашытыя.
— О сын майго брата, — сказаў магрыбінец, — выбірай тое, што табе спадабаецца.
Хлопчык абрадаваўся, што магрыбінец дае яму выбраць самому. Ён выбраў святочнае плацце сабе па душы, і магрыбінец аддаў гандляру грошы за яго і выйшаў з лаўкі. Потым яны накіраваліся ў лазню, разам памыліся і надушыліся, папілі салодкага чаю, і Ала ад-Дзін апрануў сваё новае плацце — і ад радасці розум яго вылецеў з галавы! Ён пацалаваў магрыбінцу руку і сказаў:
— Няхай зберажэ цябе Алах, о дзядзечка!
I потым яны выйшлі з лазні, магрыбінец павёў яго на рынак гандляроў, пагуляў з ім па рынку і паказаў, як вядзецца купля і продаж.
— О пляменнік, — сказаў ён, — табе трэба глядзець на купцоў — як яны купляюць і прадаюць, каб навучыцца разбірацца ў рэчах і таварах, — бо гэта будзе тваё рамяство.
Потым ён павёў Ала ад-Дзіна па горадзе і паказаў яму гарадскія мячэці, пастаялыя двары і розныя дамы, а затым яны зайшлі да знакамітага повара і шыкоўна паабедалі.
Далей магрыбінец паказваў Ала ад-Дзіну месцы для прагулак, забаваў і гульняў і паказаў палац султана. Нарэшце магрыбінец прывёў яго на пастаялы двор для чужаземцаў і ў тое памяшканне, дзе ён жыў. Магрыбінец запрасіў да сябе некаторых купцоў, сваіх суседзяў і, калі тыя прыйшлі, паставіў перад імі столік з ежай і расказаў ім, што гэты хлопчык — сын яго брата.
Пасля таго як усе паелі, папілі і насыціліся, магрыбінец падняўся, узяў Ала ад-Дзіна за руку і адвёў дамоў. Калі маці ўбачыла сына ў такой адзежы, — а ён быў падобны да царэвіча, — яна ледзь не ўзляцела ад радасці і пачала дзякаваць магрыбінцу.
— О дзевер, — усклікнула яна, — клянуся Алахам, мае думкі пераблыталіся, і я не ведаю, якімі словамі мне дзякаваць табе за тваю ласку і як усхваляць за дабро, якое ты зрабіў для майго сына!
— 0 жонка майго брата, — адказваў магрыбінец, — ніякага я не зрабіў дабрадзейства. Ала ад-Дзін — сын майго брата, а значыць, мой сын, і я абавязаны замяніць яму бацьку.
— Прашу Алаха імёнамі яго святых і прарокаў, няхай ён зберажэ цябе ў жывых і падоўжыць твой век, каб ты быў гэтаму хлопчыку апекуном! — усклікнула маці Ала адДзіна. — А ён заўсёды будзе цябе слухацца.
— 0 жонка майго брата, не думай аб гэтым, — сказаў магрыбінец. — Ала ад-Дзін — разумны мужчына, і я спадзяюся, што — будзь на тое воля Алаха вялікага — ён заменіць бацьку, і парадуюцца на яго твае вочы. I калі захоча Алах, ён стане самым праслаўленым купцом у гэтым горадзе. Мне шкада, што заўтра пятніца і я не змагу адчыніць для яго лаўку, бо ўсе купцы пасля малітвы пойдуць у сады ці так прагульвацца. Але ў суботу, калі пажадае Алах, я зраблю так, як хочацца Ала ад-Дзіну, і адчыню для яго лаўку. А заўтра я прыйду да вас, вазьму яго з сабою і пакажу яму сады і месцы для прагулак за горадам — можа, ён іх яшчэ не бачыў. Заўтра там будуць усе купцы, і я хачу, каб ён пазнаёміўся з імі, а яны з ім.
Потым магрыбінец развітаўся і пайшоў да сябе, a раніцай прыйшоў і пастукаў у вароты. А Ала ад-Дзін усю ноч не спаў ад радасці, і, ледзь зашчабяталі вераб’і і настаў
дзень, ён падняўся, апрануўся і сеў чакаць дзядзьку. I калі пастукалі ў вароты, ён, быццам іскра агню, хуценька ўскочыў і адчыніў вароты перад магрыбінцам, а потым падышоў і пацалаваў яму руку. Магрыбінец узяў яго і павёў з сабою.
— Сёння, о сын майго брата, — сказаў магрыбінец, — я пакажу табе такое, чаго ты ніколі ў жыцці не бачыў.
Ён ласкава размаўляў з хлопчыкам, пакуль яны не выйшлі з горада. А калі ішлі праз сады за горадам, магрыбінец паказваў Ала ад-Дзіну палацы і замкі і кожнага разу спыняўся і пытаўся:
— Падабаецца табе гэты сад? Я куплю яго для цябе! А ці падабаецца табе гэты палац? — А Ала ад-Дзін быў яшчэ малым хлопчыкам і верыў ласкавым словам магрыбінца, a розум яго лунаў ад радасці.
Гэтак яны ішлі, пакуль не стаміліся. Тады яны зайшлі ў цудоўны сад, ад выгляду якога радавалася сэрца і святлела ў вачах, і фантаны палівалі там кветкі вадою, якая вырывалася з пашчаў медных ільвоў. Яны селі адпачьіць каля стаўка з вадою, і сэрца Ала ад-Дзіна было перапоўнена шчасцем. А магрыбінец пачаў з ім жартаваць і гутарыць, нібыта ён і сапраўды ягоны дзядзька. Потым ён падняўся, выняў з-за пояса мяшочак з рознай ежай і пладамі і сказаў:
— Ты, напэўна, прагаладаўся, о сын майго брата, сядай і паеш! — А калі яны наталілі голад, магрыбінец сказаў: — Калі ты адпачыў, падымайся, паходзім і паглядзім яшчэ крыху.
I Ала ад-Дзін падняўся, і яны хадзілі з саду ў сад, пакуль не агледзелі ўсе сады і не падышлі да адной высокай гары. Ала ад-Дзін ніколі раней не пакідаў горад і не хадзіў столькі — і ён ажно паміраў ад стомленасці.
— 0 дзядзечка, а куды мы ідзём? — спытаўся ён у магрыбінца. — Мы мінулі ўсе сады і прыйшлі да гэтай гары. А калі шлях яшчэ доўгі, то я не магу ісці, бо я паміраю ад стомленасці. Далей ужо няма садоў, давай вяртацца ў горад.
— He, пляменнік, — адказаў магрыбінец, — гэта дарога вядзе ў раскошныя сады. Ідзём, я пакажу табе такі сад, якога не бачыў ніводны цар. Мацуйся, ты ж мужчына! — і магрыбінец стаў улагоджваць і падбадзёрваць Ала ад-Дзіна і ўсю дарогу расказваў яму ўсялякія гісторыі — ілжывыя і
праўдзівыя, пакуль яны не дайшлі да таго месца, да якога імкнуўся магрыбінскі вядзьмак і дзеля якога ён прыйшоў з земляў унутранага Кітая.
I калі яны прыйшлі, магрыбінец сказаў Ала ад-Дзіну:
— Сядай, адпачні, о сын майго брата, мы ўжо на месцы. Калі захоча Алах, пляменнік, я пакажу табе такія цуды, якіх ніхто не бачыў, і ніхто не любаваўся тым, на што палюбуешся ты, Апасля, як адпачнеш, падыміся і пашукай крыху сухога галля, кавалкаў дрэва, карэнне ці якое іншае ламачча: я хачу раскласці агонь і паказаць табе гэта дзіва.
Ала ад-Дзіну захацелася паглядзець, што хоча зрабіць дзядзька, і ён забыўся на стому і пачаў шукаць і збіраць сухое ламачча. Нарэшце магрыбінец сказаўгодзе, падняўся, дастаў з-за пазухі крэмень і агніва і запаліў серную лучынку, якая была пры ім. Потым вядзьмак выняў з-за пазухі свечку і запаліў яе, а Ала ад-Дзін падсунуў да яго кучку назбіранага галля, і магрыбінец распаліў вогнішча. Ён счакаў, пакуль спадзе полымя, дастаў з-за пазухі каробачку, узяў з яе крыху парашку і кінуў яго ў агонь. 3 агню ўзняўся дым, a магрыбінец пачаў вядзьмарыць і прамаўляць незразумелыя заклінанні і словы. I раптам свет пацямнеў, і загрымеў гром, і зямля затрэслася і разышлася. Ала ад-Дзін напалохаўся і хацеў уцячы. Магрыбінец гэта заўважыў і моцна раззлаваўся, бо ён бачыў у сваім гараскопе, што без Ала ад-Дзіна яго справа не атрымаецца. Ён жа хацеў здабыць скарб, які не адкрыецца без дапамогі Ала ад-Дзіна. I ўбачыўшы, што хлопчык збіраецца ўцякаць, ён узняў руку і так ударыў Ала ад-Дзіна па шчацэ, што ледзь не выбіў яму ўсе зубы. Ала ад-Дзін упаў у непрытомнасці, нейкі час праляжаў на зямлі ўніз тварам, а потым апрытомнеў і запытаўся:
— Дзядзечка, што я табе зрабіў і чым заслужыў ад цябе гэта?
I магрыбінец пачаў яго ўгаворваць:
— 0 дзіця маё, я хачу, каб ты стаў мужчынам! He пярэч мне, бо я табе замест бацькі, і, калі пажадае Алах, ты хутка забудзешся пра ўсе непрыемнасці, як толькі пабачыш гэты цуд. — А калі зямля расступілася, з-пад яе паказаўся мармуровы камень з медным кальцом, і магрыбінец сказаў: — О сын майго брата, калі ты зробіш так, як я скажу, ты станеш багацей за ўсіх цароў у свеце, вось чаму я ўдарыў
цябе. У гэтым месцы ляжыць вялізны скарб, і ён пакладзены на тваё імя, а ты хацеў уцячы і страціць яго. Але цяпер падумай і паглядзі, як я прымусіў расступіцца зямлю сваімі заклінаннямі, і паслухай словы, якія я табе скажу. Зірні на гэты камень з кальцом — пад ім той скарб. Вазьміся рукою за кальцо і прыўздымі яго, і мармуровая пліта падымецца. Ніхто, акрамя цябе, дзіця маё, не можа яе падняць. I ніхто, акрамя цябе, не можа ступіць нагою ў гэта сховішча, бо скарб ахоўваецца тваім імем. Але ты павінен паслухацца мяне і не адступаць ні на ёту: усё гэта дзеля твайго дабра, бо тут ляжыць вельмі вялікае багацце — усе цары свету не валодаюць нават часткай яго, і яно тваё і маё.
Пачуўшы гэтыя словы, Ала ад-Дзін забыўся пра боль, стомленасць і цяжкасці, ім авалодала здзіўленне: як гэта ён стане такім багатым, што і цары свету не зроўняцца з ім!
— 0 дзядзечка, — сказаў ён магрыбінцу, — гавары мне, чаго ты хочаш. Я паслухмяны твайму загаду і ніколі не стану пярэчыць табе.
I магрыбінец прамовіў:
— О дзіця маё, Ала ад-Дзін, я жадаю табе ўсякага дабра, і няма ў мяне нашчадкаў, акрамя цябе аднаго. Ты — мой нашчадак і пераемнік. — I ён пацалаваў Ала ад-Дзіна паміж вачэй і сказаў:
— Усе мае набыткі — для каго яны? Яны для цябе, каб ты, стаў багатым. He пярэч жа мне ў гэтым. А зараз падыдзі да гэтага кальца і падымі яго.