Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Ала ад-Дзін выслухаў маці і зразумеў, што яна гаворыць разумныя словы, і адказаў:
— 0 матуля, усё, што ты сказала, правільна, і думкі твае — разумныя і справядлівыя, і мне самому як след было б аб усім гэтым падумаць. Але каханне да царэўны Бадр аль-Будур увайшло наскрозь у маё сэрца, і не будзе мне спакою, пакуль я яе не здабуду. Ты напомніла мне, о матуля, пра адну рэч, аб якой я не падумаў і забыўся. А цяпер, калі я ўспомніў пра яе, гэта надало мне смеласці і ўмацавала мой намер паслаць цябе да султана і пасватацца ад мяне да яго дачкі. А што да таго, які падарунак, як таго патрабуе звычай, мы прапануем яго вялікасці султану, бацьку царэўны, то ў мяне ёсць, оматуля, такі падарунак. I лепш за яго, я думаю, няма ні ў кога з цароў. Гэта плады з дрэваў, якія я прынёс з падзямелля. Я думаў, што гэта простыя шкельцы, але цяпер я праверыў і ўбачыў, што гэта самацветы, і цары ўсёй зямлі не валодаюць нават адным з іх. Я меў справы з гандлярамі каштоўнымі камянямі, часта хадзіў да іх і даведаўся, што гэтыя плады — каштоўнейшыя камяні непамернага кошту. Паслухай жа, матуля, у нас ёсць фарфоравае блюда, прынясі
яго — я насыплю з верхам гэтых каштоўных камянёў, і ты аднясеш іх і прапануеш султану. Я ўпэўнены, што з гэтым падарункам султан цябе прыме і выслухае ўсё, што яму скажаш. 0 матуля, калі ты пастараешся ў справе з дачкой султана, то паратуеш мне жыццё, і я буду жыць для цябе, a калі не — я абавязкова памру ад вялікай маёй страсці. He сумнявайся, матуля, наконт гэтага падарунка. Я шмат разоў насіў камяні на рынак ювеліраў, але не хацеў нікому іх паказваць. Гандляры прадаюць камяні за тысячы дынараў, але тое, што яны прадавалі, не варта і драбніцы ў параўнанні з маімі камянямі. Пайдзі, прынясі мне фарфоравае блюда — я напоўню яго камянямі, і ты ўбачыш, як гэта будзе прыгожа і як іхняя ззянне ашаломіць розум.
I маці Ала ад-Дзіна пайшла і прынесла блюда, Ала ад-Дзін узяў блюда, адабраў самыя вялікія, прыгожыя камяні і напоўніў імі блюда даверху. Маці зажмурыла вочы ад моцнага ззяння, якое ішло ад іх. Яна здзіўлялася іх прыгажосці і ззянню і ўглядалася ў іх, але яшчэ да канца не была ўпэўнена, ці сапраўды такі іхні кошт, як кажа сын.
— 0 сынок, — сказала маці, — гэты падарунак на самой справе дарагі і каштоўньі, і падобнага яму, як ты гаворыш, ні ў кога няма. Але ўсё-такі як я асмелюся прасіць для цябе ў султана яго дачку? Ведай, о сынок, калі ён у мяне спытаецца: “Што табе трэба?” — у мяне, клянуся Алахам, адымецца мова. Няхай я сабяруся з духам і скажу яму: “О ўладар султан, я хачу з табой парадніцца і жадаю, каб ты аддаў сваю дачку за майго сына Ала ад-Дзіна”. Вось тады ён пераканаецца, што я звар’яцелая, і мяне выведуць прыніжанай і з ганьбай. He буду яшчэ раз гаварыць табе, што за ўсім гэтым можа быць смерць для мяне і для цябе. Аднак, каб табе дагадзіць, я пайду. Уяві, мой сын, што султан прыме мяне з-за падарунка з поўнай павагай, і я паведамлю яму аб тваім жаданні. I ён запытаецца ў мяне, хто ты такі і чым ты валодаеш, якія твае даходы. Што я яму тады скажу? А ён задасць такія пытанні абавязкова, калі я папрашу для цябе яго дачку.
— О матуля, — адказаў Ала ад-Дзін, — не будзе ён ні аб чым у цябе пытацца. Калі ён пабачыць гэтыя камяні, то адразу зразумее, хто я такі. А калі ён у цябе запытаецца, паабяцай даць яму адказ пазней, я ўжо здолею яму
адказаць. He лічы гэту справу безнадзейнай — ты і так ужо дастала мне пячонкі сваімі сумненнямі! А ты ж ведаеш, матуля, што ў мяне ёсць лямпа і дзякуючы ёй султан дасць табе добры адказ. Будзь жа спакойна!
— Слухаю і падпарадкоўваюся, дзіця маё! — адказала яго маці. — Але сёння ўжо час мінуў, а заўтра, калі пажадае Алах, я з раніцы пайду, каб дагадзіць табе.
I яна ўсю ноч думала аб гэтай справе, а калі наступіла раніца, адчула ў сабе смеласць, тым больш што сын нагадаў ёй аб лямпе, якая зробіць усё, што ён загадае. Ала ад-Дзін, убачыўшы, як асмялела маці пры згадцы аб лямпе, спалохаўся, што яна раскажа аб лямпе каму-небудзь, і сказаў:
— 0 матуля, асцерагайся расказваць каму-небудзь пра гэту лямпу, бо ў ёй — усё наша шчасце. Глядзі, не кажы нікому пра яе, бо мы страцім дастатак, у якім жывём: увесь наш дабрабыт — ад лямпы.
— He бойся, сынок, — сказала яму маці.
Потым яна паднялася, ахінулася пакрывалам, узяла блюда і паспяшалася ў палац, каб прыйсці ў дыван султана раней, чым пачнецца там штурханіна. А блюда яна агарнула тонкай тканінай.
Калі яна падышла да палаца, у гэты час да султана ўваходзіў візір з некаторымі вяльможамі царства. Неўзабаве дыван быў напоўнены візірамі, вяльможамі, эмірамі, знатнымі і вялікімі людзьмі, а потым з’явіўся султан — і ўсе людзі сталі перад ім радамі. Султан сеў на свой прастол, а ўсе прысутныя ў дыване стаялі, склаўпіы на грудзях рукі, з поўнай пашанай і павагай, у чаканні дазволу сесці. Султан загадаў ім сядаць, і кожны сеў на сваё месца. Пачалі падаваць скаргі, і султан чыніў суд, загадваў, забараняў і павучаў — усё па справядлівасці і з толкам, пакуль дыван не закончыўся. I тады султан пайшоў да сябе ў палац, і кожны з прысутных людзей у дыване — сваёй дарогай.
А маці Ала ад-Дзіна чакала выпадку, каб падысці да султана і загаварыць з ім, але так і не падышла, бо яна не прывыкла сустракацца з царамі і не знайшла чалавека, які закінуў бы за яе слоўца. Убачыўшы, што дыван разышоўся і султан пайшоў да сябе ў гарэм, яна накіравалася дадому. Ала ад-Дзін, калі ўбачыў яе з блюдам у руках, спалохаўся,
каб чаго з ёй не здарылася. Ён запытаўся ў яе, што адбылося, і маці расказала аб усім і сказала:
— О дзіця маё, слава Алаху, я сёння бачыла дыван султана і даведалася, які ён, і ў мяне з’явілася смеласць. Але дыван разышоўся, султан пайшоў да сябе ў гарэм, і я не паспела з ім пагаварыць. Яшчэ многім людзям, як і мне, трэба было пагаварыць з ім, і яны таксама не паспелі. Але заўтра я пайду і пагавару. He турбуйся — заўтра я абавязкова выканаю тваё жаданне і зраблю ўсё так, як ты хочаш.
Пачуўшы словы маці, Ала ад-Дзін страшна абрадаваўся, хаця ён спадзяваўся, што маці зробіць для яго гэту справу ў той жа дзень: ён згараў каханнем да царэўны Бадр альБудур. Але ўсё-такі ён набраўся цярплівасці, і яны праспалі гэту ноч, а раніцай яго маці ўзяла падарунак і адправілася ў палац, каб сустрэцца з султанам і пагаварыць з ім. Але дыван, аказалася, будзе толькі праз тры дні, бо ён збіраўся два разы на тыдзень. I яна вярнулася дамоў, і хадзіла ў дыван шэсць разоў, і заўсёды станавілася каля дзвярэй у дыван, не асмельваючыся ўвайсці. I кожны раз султан яе бачыў.
I вось яна панесла сваё блюда ў сёмы раз і, як звычайна, стаяла ў дзвярах, пакуль дыван не закончыўся і не разышоўся. I султан падняўся разам з візірам, каб ісці да сябе, але азірнуўся і пабачыў зноў яе.
— О візір, — сказаў ён, — вось ужо пяць ці шэсць дзён бачу я гэтую старую жанчыну, якая прыходзіць да дзвярэй дывана і стаіць там, і ў яе нейкая ноша пад пакрывалам. Ці ведаеш ты, хто гэта жанчына і чаго яна хоча?
— 0 ўладар султан, — сказаў візір, — ты ж ведаеш, што ў жанчыны не хапае розуму. Можа, яна прыйшла са скаргаю на мужа ці нечым падобным.
Але такі адказ султана не задаволіў і ён сказаў візіру:
— Калі гэта жанчына прыйдзе яшчэ раз, прывядзі яе да мяне ў дыван.
Маці Ала ад-Дзіна пераначавала і раненька зноў узяла сваё блюда і пайшла ў палац, і стала, як звычайна, у дзвярах дывана. I калі султан убачыў яе, ён успомніў і звярнуўся да візіра:
— 0 візір, вось тая жанчына, пра якую я табе ўчора гаварыў. Прывядзі да мяне гэту бедную, няшчасную, і мы паглядзім, якая ў яе просьба.
I візір паслаў па яе аднаго з прысутных эміраў, і той прывёў маці Ала ад-Дзіна да султана. А яна пацалавала перад ім зямлю, пакланілася і пажадала яму велічы і доўгага жыцця. I султан сказаў ёй:
— 0 жанчына, вось ужо гэтулькі дзён ты прыходзіш у дыван і становішся каля дзвярэй. Калі ў цябе ёсць клопат ці просьба, скажы, і я выканаю яе.
I маці Ала ад-Дзіна пацалавала зямлю, пажадала султану дабра, падзякавала яму і мовіла:
— О цар часу, у мяне ёсць клопат, але я хачу ад тваёй вялікасці, каб дараваў мне літасць, і тады я скажу табе сваю просьбу. Магчыма, пачуўшы маю просьбу, ты палічыш яе дзіўнай.
Цару ж яшчэ мацней захацелася даведацца, у чым яе просьба. Ён паабяцаў ёй літасць і загадаў усім прысутным у дыване выйсці, і застаўся толькі са сваім візірам.
— Опаломніца*, — звярнуўся ён да маці Алаад-Дзіна, — раскажы мне, у чым твая просьба і якое тваё жаданне, і будзе табе дараванне і літасць.
I маці Ала ад-Дзіна мовіла:
— 0 цар часу, дараванне тваё — перш за ўсё!
I цар адказаў:
— Няхай Алах даруе табе!
I тады яна сказала:
— 0 цар часу, у мяне ёсць сын па імені Ала ад-Дзін. Калі твая дачка, царэўна Бадр аль-Будур, спусцілася ў горад і пайшла ў лазню, мой сын схаваўся за дзвярамі лазні, каб на яе хоць зірнуць, і ўбачыў, што прыгажосць яе вышэй за ўсё, чаго можна жадаць і хацець. I калі ён яе пабачыў, о цар часу, жыццё без яе страціла для яго сэнс, і ён запатрабаваў ад мяне, каб я папрасіла тваю вялікасць аддаць яе за яго замуж. Ён, бедны, патрапіў у сеткі кахання. I я не магла адгаварыць яго ад гэтай справы, ён нават сказаў мне: “Калі яе не здабуду,то памру”. I вось я спадзяюся, о цар часу, што ты прабачыш мне маю дзёрзкасць.
I калі цар пачуў яе словы — а ён быў чалавек добры, — то ўсміхнуўся і спытаў:
— А хто ён такі, твой сын? I што гэта ў цябе за клунак?
I маці Ала ад-Дзіна, убачыўшы, што султан на яе не гневаецца і нават смяецца, хуценька развязала хусціну і
паставіла перад султанам блюда з камянямі — і ўвесь дыван заззяў і зазіхацеў у іх праменях. I султан разгубіўся і аслупянеў, захоплены прыгажосцю і веліччу камянёў. “He думаю, — сказаў ён сабе, — каб у маіх скарбніцах або скарбніцах іншых цароў знайшоўся хоць адзін такі камень”. Потым ён звярнуўся да візіра і запытаўся:
— Што скажаш, о візір? Ці бачыў ты ў жыцці хоць адзін такі камень?
— Ніколі не бачыў, о цар часу, і не думаю, каб у казне нашага ўладара султана знайшоўся ім падобны, — адказаў візір.
I султан мовіў:
— Хіба не варты той, хто паднёс мне такі падарунак, быць жаніхом маёй дачкі, царэўны Бадр аль-Будур? Я думаю, ніхто яе не варты, акрамя яго.