Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
I калі візір пачуў словы султана, язык яго закасцянеў ад моцнага гора, бо султан абяцаў аддаць сваю дачку замуж за яго сына. I крыху, памаўчаўшы, ён сказаў:
— О цар часу, будзь да мяне літасцівы! Ты абяцаў мне, што твая дачка, царэўна Бадр аль-Будур, праз тры месяцы стане жонкай майго сына. Даю табе слова: калі захоча Алах, падарунак майго сына будзе большым за гэты падарунак.
I хаця султан разумеў, што такое немагчыма і што візір не здабудзе роўнага гэтаму падарунка, ён даў яму тры месяцы тэрміну, як той папрасіў, і затым звярнуўся да маці Ала ад-Дзіна:
— 0 жанчына, пайдзі да твайго сына і скажы яму, што я даю слова і мая дачка, царэўна Бадр аль-Будур, будзе яго жонкай. Але, каб уладзіць усе справы і акалічнасці, спатрэбіцца тры месяцы, так што яму давядзецца пачакаць.
I маці Ала ад-Дзіна пацалавала султану руку, пажадала яму дабра і вярнулася дамоў у вялікай радасці.
— О матуля, — запытаўся сын, калі ўбачыў, што твар яе ўсміхаецца, а рукі пустыя, без блюда, — калі жадае таго Алах, ты нясеш добрую вестку і дзякуючы самацветам дабілася прыязнасці і ласкі султана?
I маці расказала яму, як султан сустрэў яе ласкава, a ўбачыўшы каштоўныя камяні, страціў розум, і як ён паабяцаў, што яго дачка стане жонкай Ала ад-Дзіна.
— Але толькі, дзіця маё, — працягвала яна, — перш чым ён мне гэта паабяцаў, візір нешта тайком сказаў яму, і пасля
размовы з візірам ён даў мне слова праз тры месяцы вас пажаніць. I я асцерагаюся, о дзіця маё, каб візір не сатварыў зла і не перамяніў намераў султана.
Калі Ала ад-Дзін пачуў аб абяцанні султана, ён абрадаваўся вялікай радасцю і ўсклікнуў:
— Калі султан абяцаў мне сваю дачку праз тры месяцы, то мне няма справы да візіра! — I, падзякаваўшы маці за яе клопат і ласку, усклікнуў: — Клянуся Алахам, матуля, ты сёння выняла мяне з магілы! Хвала Алаху! Я ўпэўнены, што няма цяпер на свеце нікога, шчаслівейшага за мяне!
Мінула два месяцы, і аднойчы маці Ала ад-Дзіна выйшла надвячоркам, каб купіць алею, і ўбачыла, што рынак зачынены, і ўвесь горад упрыгожаны, і людзі прыбіраюць свае лаўкі кветкамі і асвятляюць іх свечкамі і лямпамі. Яна яшчэ ўбачыла, што воіны і вяльможы едуць верхам на конях і перад імі палаюць факелы і свечкі. Маці Ала ад-Дзіна здзівілася, увайшла ў адну з адчыненых лавак, купіла алею і потым спыталася ў гаспадара:
— Заклінаю цябе жыццём, што здарылася ў горадзе? Чаму ён сёння ўпрыгожаны і рынак гандляроў зачынены?
— 0 жанчына, — сказаў лавачнік, — ты, відаць, чужая ў гэтым горадзе.
— He, — адказала маці Ала ад-Дзіна, — але я не ведаю, з якой нагоды яго так упрыгожылі.
— Сёння ўвечары, — сказаў лавачнік, — сын візіра ўвойдзе да дачкі султана, царэўны Бадр аль-Будур. Зараз ён у лазні, і ўсе гэтыя воіны і вяльможы чакаюць, калі ён выйдзе, каб урачыста правесці яго да палаца султана.
Маці Ала ад-Дзіна разгубілася ад пачутага і засмуцілася. Яна не ведала, як сказаць сыну гэту нядобрую навіну — Ала ад-Дзін жа лічыў кожную хвіліну да канца трох месяцаў.
I вось яна вярнулася дамоў, увайшла да свайго сына і сказала:
— О сынок, я хачу паведаміць табе благую вестку, толькі ты не засмучайся.
— Гавары, што гэта за вестка, — усклікнуў Алаад-Дзін.
I маці сказала:
— Султан парушыў абяцанне і аддаў царэўну Бадр альБудур замуж за сына візіра, і сёння ўвечары ён увойдзе да яе. 0 дзіця маё, чула маё сэрца, калі я размаўляла з
султанам, што гэты візір — жывое зло і што ён абавязкова зменіць намер султана.
— А ты ўпэўнена, што гэта праўдзівая вестка? — спытаўся Ала ад-Дзін.
I яго маці мовіла:
— О дзіця маё, я бачыла, што горад упрыгожаны і што ўсе воіны і эміры сядзяць на конях у чаканні, калі сын візіра выйдзе з лазні. Лавачнік мне расказаў аб гэтым і сказаў: “0 старая, ты, відаць, чужая ў гэтым горадзе”.
Калі Ала ад-Дзін пачуў гэтыя словы, ён пераканаўся, што гэта вестка праўдзівая. Ён моцна засмуціўся і яго нават ахапіла ліхаманка. Але потым ён падумаў і згадаў пра сваю лямпу.
— Клянуся тваім жывдём, о матуля, — сказаў ён маці, — сын візіра ніколі не парадуецца на яе! Але пастаў столік і накрый яго, каб нам павячэраць. А потым я пайду ў свой пакой і засну, а раніца за вечар мудрэй.
Яны павячэралі, а потым Ала ад-Дзін пайшоў у свой пакой, узяў лямпу, пацёр яе — і раб у тое ж імгненне з’явіўся перад ім і сказаў:
— Да тваіх паслуг! Твой раб перад табой, патрабуй, чаго хочаш!
— Слухай, — сказаў Ала ад-Дзін, — я папрасіў у султана дазволу ажаніцца з яго дачкою, і ён абяцаў аддаць яе за мяне праз тры месяцы. Але не стрымаў абяцання і аддаў яе за сына візіра, і сёння той увечары ўвойдзе да яе. Вось чаго я жадаю ад цябе: калі ты ўбачыш, што маладыя, муж і жонка, ляглі разам, вазьмі іх і прынясі да мяне.
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — адказаў раб і знік.
Ала ад-Дзін варочаўся ў ложку, думаючы аб вераломнасці султана. Праз нейкі час раптам з’явіўся раб і прынёс ложак, на якім ляжалі маладыя. Ала ад-Дзін абрадаваўся і сказаў рабу:
— Аднясі гэтага нягодніка ў прыбіральню і пакладзі там.
I раб зараз жа панёс сына візіра, пакінуў яго ў прыбіральні і так дзьмухнуў на яго, што той увесь засох, а раб вярнуўся да Ала ад-Дзіна і спытаўся ў яго:
— О ўладар, ці трэба табе яшчэ што-небудзь?
— Вяртайся да мяне заўтра раніцай, каб аднесці іх на месца, — сказаў Ала ад-Дзін.
I раб адказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся, — і знік.
А Ала ад-Дзін, убачыўшы перад сабой царэўну Бадр альБудур, сказаў ёй:
— 0 мая каханая, я загадаў прынесці цябе сюды не для таго, каб прынізіць твой гонар, але каб не дазволіць іншаму нацешыцца табою!
А што да царэўны Бадр аль-Будур, то яна, пабачыўшы сябе ў гэтым цёмным пакоі, напалохалася і затрымцела. Потым Ала ад-Дзін паклаў паміж сабой і царэўнай меч і праспаў ноч з ёю побач, не дакрануўшыся да яе. А што да сына візіра, то ён правёў у прыбіральні самую чорную ноч у сваім жыцці. А калі ўзышоў дзень, раб з’явіўся на досвітку, не чакаючы, каб Ала ад-Дзін пацёр лямпу, і забраў сына візіра з дачкою султана. Ён аднёс іх на месца, так што ніхто не заўважыў іх адсутнасці, але самі яны паміралі ад страху, адчуваючы, што іх пераносяць з месца на месца.
I не паспеў раб з джынаў пакласці іх у палацы, як з’явіўся султан, каб наведаць сваю дачку, царэўну Бадр альБудур. Сын візіра хуценька падняўся з ложка, вельмі незадаволены, бо яму хацелася хоць крыху сагрэць свае косткі — ён жа ўсю ноч у прыбіральні калаціўся ад холаду і страху. Ён зараз жа апрануўся, а султан пацалаваў сваю дачку Бадр аль-Будур, пажадаў ёй добрай раніцы і запытаўся — задаволена яна ці не сваім мужам. Але царэўна не дала яму адказу, і ён убачыў яе сярдзіты твар! Султан некалькі разоў звяртаўся да дачкі, але тая не адказвала яму. I тады ён выйшаў і пайшоў да царыцы, сваёй жонкі, і расказаў ёй аб усім, што здарылася ў яго з дачкою. I царыца, выслухаўшы яго, сказала:
— 0 цар часу, такі ўжо звычай маладых! У дзень пасля вяселля яны заўсёды саромеюцца і дзьмуцца на сваіх бацькоў. He крыўдуй жа на яе — праз некалькі дзён яна апамятаецца і пачне размаўляць з людзьмі. А я зараз схаджу і пагляджу, што з ёй такое.
I султанша паднялася, апранулася і пайшла да дачкі. Яна пацалавала яе і пажадала ёй добрай раніцы, але царэўна не адказала ёй. I султанша падумала, што з яе дачкою, відаць, здарылася нешта незвычайнае і трывожнае.
— Дачушка, — сказала яна, — чаму ты такая і што з табой робіцца? Відаць, нешта здарылася, піто цябе ўстрывожыла. Я прыйшла паглядзець на цябе і пажадаць табе добрай раніцы, а ты не дала мне адказу, гэтак жа абышлася і з бацькам.
I тут царэўна Бадр аль-Будур падняла галаву і сказала:
— О матуля, не крыўдуй! Так, мне патрэбна было сустрэць цябе з павагай і пашанай, але я спадзяюся, што ты мне прабачыш і даруеш, і выслухаеш, чаму я так сябе паводжу. Прычына таму цёмная ноч, якую я толькі што правяла. He паспеў мой муж легчы да мяне ў ложак, як нейкая істота — я не ведаю ні выгляду яго, ні вобразу — падняла нас разам з ложкам і паставіла ў адным цёмным, брудным і дрэнным месцы... — I царэўна Будур расказала сваёй маці аб усім, што яна бачыла ў гэтую ноч: як яе мужа знеслі ад яе і яна засталася адна, а потым прыйшоў іншы юнак, паклаў паміж імі меч і лёг з ёю побач, а на раніцу той, хто знёс іх, вярнуў на месца. — I калі мы апынуліся тут, — працягвала царэўна, — ён пакінуў нас. Неўзабаве ўвайшоў мой бацька, і ад таго, што з намі адбылося, я яму не адказала, калі ён загаварыў. Можа, ён пакрыўдзіўся на мяне, але, калі б ён ведаў, што са мною здарылася сёння ноччу, ён бы, напэўна, мне дараваў і не крыўдаваў бы на мяне.
— О дачушка, — сказала яе маці, — асцерагайся гаварыць такія словы, каб мы не падумалі, што ты кранулася розумам. Слава Алаху, што ты не расказала аб гэтым бацьку! Hi ў якім разе не гавары яму такіх слоў.
— 0 матуля, — мовіла царэўна Будур, — я не кранулася розумам і не звар’яцела! Калі ты не верыш мне, то распытай у майго мужа.
— Падымайся і выкінь з галавы глупства, — сказала султанпіа. — Апрані сукенку і паглядзі, як радуюцца па ўсім горадзе твайму вяселлю, і паслухай, як іграе дзеля цябе музыка.
Потым султанша паклікала служанку, і тая апранула царэўну Будур і прыбрала яе. А султанша пайшла да цара і расказала яму, што царэўна Будур сасніла гэтай ноччу дрэнны сон, які яе ўстрывожыў. Яна папрасіла ў султана прабачэння за сваю дачку, а потым паслала па сына візіра і
пацікавілася, праўду гаворыць яе дачка ці не. Сын візіра ад страху страціць сваю жонку стаў усё адмаўляць і сказаў:
— Я нічога аб гэтым не ведаю.
I царыца пераканалася, што яе дачцэ прысніліся сны і мроі.
У горадзе ж увесь дзень, да самага вечара, святкавалі вяселле царэўны. А калі прыйшоў час спаць, Ала ад-Дзін узяў лямпу і пацёр яе — і раптам з’явіўся раб і сказаў:
— Да тваіх паслуг. Твой раб перад табой, патрабуй, чаго хочаш!
I Ала ад-Дзін загадаў яму прынесці царэўну з мужам і зрабіць так, як у мінулую ноч, раней, чым сын візіра пагубіць яе дзявоцкасць. I раб у імгненне вока знік. Хутка ён вярнуўся і прынёс ложак з маладымі — жонкай і мужам, сына візіра аднёс зноў у домік адпачынку, а Ала ад-Дзін паклаў паміж сабою і царэўнай меч і лёг з ёй побач. А на досвітку раб з джынаў вярнуўся і аднёс іх у палац.