Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
— О пане, султан загадаў, каб ты сышоў з каня каля дзвярэй дывана*.
I эміры і знатныя людзі суправаджалі Ала ад-Дзіна, пакуль не прыйшлі да султана. Султан зараз жа падняўся з прастола, абняў Ала ад-Дзіна і пасадзіў яго па правую руку ад сябе. А Ала ад-Дзін прывітаў султана так, як вітаюць цароў, і сказаў яму:
— 0 цар часу, па сваёй велікадушнасці і з вялікай ласкі ты аддаеш за мяне сваю дачку, хаця я самы нікчэмны з тваіх рабоў. Я хацеў бы, каб твая вялікасць надзяліла мяне кавалкам зямлі, на якім я збудую палац, варты царэўны Бадр альБудур.
Убачыўшы, што Ала ад-Дзін надзелены такой непараўнальнай прыгажосцю і апрануты ў дзівоснае адзенне, а яго нявольнікі гэтак шыкоўна выглядаюць, султан быў уражаны і ашаломлены гэтак жа, як і яго эміры і вяльможы, а візір — той ледзь не памёр ад зайздрасці. А потым султан загадаў біць у літаўры і барабаны і павёў Ала ад-Дзіна да сябе ў палац. Яны павячэралі разам, і султан пачаў гутарыць з Ала ад-Дзінам, і той адказваў так красамоўна і ветліва, што паланіў розум султана.
I затым султан паслаў па суддзю і сведкаў, і яны напісалі шлюбны запіс і заключылі ўмову. Ала ад-Дзін жа падняўся, каб ісці дамоў, але султан ухапіў яго за крысо і сказаў:
— О дзіця маё, шлюб заключаны, і ўсё завершана, і сёння ўвечары ты ўвойдзеш да сваёй жонкі. Куды ж ты спяшаешся?
— 0 цар часу, — адказваў Ала ад-Дзін, — я жадаю збудаваць для царэўны Будур варты яе палац, і я магу ўвайсці да яе толькі ў гэтым палацы. Калі захоча Алах, ён зараз жа будзе закончаны.
— 0 дзіця маё, — сказаў султан, — перад маім палацам вялікі кавалак зямлі, і калі ён табе падабаецца — пабудуй палац там.
— Гэта якраз тое, што мне трэба, — сказаў Ала ад-Дзін і потым развітаўся з султанам і вярнуўся дамоў са сваімі нявольнікамі. Ён увайшоў, узяў лямпу, пацёр яе і, калі з’явіўся раб лямпы, сказаў яму: — Я хачу, каб ты збудаваў палац як мага хутчэй, і няхай ён будзе вельмі вялікі, з усякімі дыванамі і поўным убраннем — роўным царскім.
I раб з джынаў адказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся!
А раніцай ён прыйшоў, узяў Ала ад-Дзіна і паказаў яму палац, дываны і ўсё іншае ўбранне. Ала ад-Дзін абрадаваўся, зараз жа вярнуўся дадому, сеў на каня і паехаў з нявольнікамі і світай у дыван да султана. А султан прачнуўся раніцай, адчыніў акно і ўбачыў перад сваім
палацам другі вялізны палац, увесь з мармуру — і да яго ад палаца султана вяла вялікая дывановая дарожка, уся затканая золатам. Султан глядзеў і здзіўляўся ўсяму, і якраз у гэты час да яго ўвайшоў візір.
— Падыдзі сюды і паглядзі, о візір, — сказаў султан, — што зрабіў Ала ад-Дзін за сённяшнюю ноч, і тады ты зразумееш, што ён варты і заслугоўвае быць мужам маёй дачкі Бадр аль-Будур. Зірні на гэты палац — які ён высокі! Ці можаш ты збудаваць падобны яму на працягу дваццаці гадоў! А ён усё гэта зрабіў за адну ноч.
I візір паглядзеў і здзівіўся, і зайздрасць яго ўзмацнілася.
— О цар часу, — сказаў ён султану, — усё гэта — чыстае чарадзейства, бо людзі не могуць зрабіць нічога такога за адну ноч.
— Клянуся Алахам, — сказаў султан, — я здзіўляюся табе! Як гэта ты думаеш пра людзей толькі благое? Але гэта ад тваёй зайздрасці. Той, хто мог прынесці мне такія каштоўныя камяні, як тыя, якія ён падарыў, здольны пабудаваць такі палац за адну ноч.
I візір анямеў і нічога яму не змог адказаць. Султан жа пайшоў у дыван, сеў і раптам бачыць: едзе Ала ад-Дзін са сваёй світай, і ён і яго нявольнікі кідаюць людзям золата — і ўсе ахоплены любоўю да яго. Султан падняўся, сустрэў Ала ад-Дзіна, абняў яго і пацалаваў, і павёў яго з сабою. Яны ўвайшлі ў самую вялікую і прыгожую залу, дзе былі пастаўлены столікі, і султан сеў, і Ала ад-Дзін сеў справа ад яго — з эмірамі, візірамі і вяльможамі царства. Яны елі, пілі і весяліліся, і султан кідаў позіркі на маці Ала ад-Дзіна і здзіўляўся: раней яна прыходзіла да яго ў беднай адзежы, а зараз ён бачыць яе ў шыкоўным царскім убранні.
Паўсюль — у горадзе і ў палацы, і ў царстве султана пачалося вялікае свята. Людзі прыходзілі глядзець на палац Ала ад-Дзіна і гаварылі: “Клянёмся Алахам, ён варты! Няхай благаславіць яго Алах!” А калі скончылі есці, Ала ад-Дзін падняўся, развітаўся з султанам і адправіўся да сябе ў палац, каб падрыхтавацца да сустрэчы нявесты. Ён убачыў у сваім палацы рабынь, нявольніц і нявольнікаў, якіх было не злічыць, і сказаў ім быць гатовымі сустракаць нявесту.
Калі раздаўся заклік да вячэрняй малітвы, султан разам з эмірамі і знатнымі людзьмі царства, воінамі і рабамі на конях выехаў на плошчу. I Ала ад-Дзін таксама са сваімі нявольнікамі выехаў верхам на кані і пачаў паказваць сваё рыцарскае майстэрства, і ніхто не мог выстаяць супраць яго. А царэўна Будур глядзела на яго з акна свайго палаца, і калі ўбачыла яго — ён ёй спадабаўся і яна пакахала яго.
Потым, калі скончылася гулянне і настаў вечар, візіры і вяльможы царства ўрачыста адвялі Ала ад-Дзіна ў лазню. Ён выкупаўся і, сеўшы на каня, у суправаджэнні ганаровай світы вярнуўся да сябе ў палац, і чатыры візіры ііплі перад ім з аголенымі мячамі. А затым яны вярнуліся, узялі царэўну Будур, яе нявольніц і рабьінь і з факеламі, свечкамі і лямпамі накіраваліся да палаца Ала ад-Дзіна. Царэўну адвялі ў яе пакоі, і маці Ала ад-Дзіна была побач з ёю. Нявесту паказвалі жаніху сем разоў — і кожны раз царэўна Будур была ў новым уборы. I яна глядзела і бясконца здзіўлялася новаму палацу: залатым лямпам і падсвечнікам, упрыгожаным смарагдамі і яхантамі, сценам, якія былі зробленыя з мармуру, яшмы і розных каштоўных камянёў.
Потым пачалося вясельнае застолле, і ўсе селі за сталы, і сталі есці, піць і весяліцца. А восемдзесят нявольніц ігралі на музычных інструментах, і чашы і кубкі хадзілі ўкругавую, і была такая ноч, якой не ведаў у свой час і Зу-ль-Карнейн*. Затым людзі пайшлі, і Ала ад-Дзін увайшоў да сваёй жонкі і пазбавіў яе дзявоцкасці — і яны правялі ноч у л іобові і асалодзе. А калі настала раніца, Ала ад-Дзін падняўся, апрануў шыкоўнае плацце, паснедаў, выпіў віна, а потым сеў на каня і разам з нявольнікамі паехаў у палац султана. Султан сустрэў яго, пасадзіў ад сябе па правую руку, і эміры і вяльможы царства падышлі і прывіталі яго. Потым паставілі столікі з ежаю, і ўсе елі і пілі, пакуль не насыціліся. А калі столікі прыбралі, Ала ад-Дзін звярнуўся да султана і сказаў яму:
— О цар часу, ці не заўгодна табе завітаць да мяне і паабедаць з тваёй дачкою, царэўнай Будур? I вазьмі з сабою ўсіх сваіх візіраў, эміраў і вяльможаў царства.
— Ты варты гэтага, сын мой, — адказваў султан.
I потым ён падняўся і разам з вяльможамі царства паехаў у палац Ала ад-Дзіна. I калі султан увайшоў у палац,
яго розум быў ашаломлены раскошай і прыгажосцю, і ён сказаў візіру:
— 0 візір, ці бачыў ты ў жыцці або чуў на сваім вяку што-небудзь падобнае гэтаму?
— О цар часу, — адказаў візір, — я не магу паверыць, што гэта зроблена людзьмі, сынамі Адама. He, гэта справа ведзьмакоў і чарадзееў.
— Твая зайздрасць мне вядомая, — сказаў цар, — і я ведаю, чаму ты ўвесь час нагаворваеш на Ала ад-Дзіна.
Потым Ала ад-Дзін павёў султана навёрх, у пакоі царэўны Будур, і султан убачыў там пакой з вокнамі, усе рашоткі якіх былі са смарагдаў. Ён заўважыў, што адна з рашотак не закончана (а Ала ад-Дзін пакінуў яе незакончанай знарок), і ўсклікнуў:
— Як шкада! Гэта рашотка недасканалая! — I ён звярнуўся да візіра і сказаў яму: — Ты ведаеш, чаму рашотка не закончана?
— He ведаю, цар часу, — адказаў візір.
I цар мовіў:
— Гэта таму, што Ала ад-Дзін спяшаўся пабудаваць палац і не паспеў дарабіць рашотку. — А ў гэты час Ала адДзін зайшоў да сваёй жонкі, каб паведаміць, што прыехаў яе бацька, і калі вярнуўся, то султан сказаў: — Ала ад-Дзін, дзіця маё, чаму ты не закончыў рашотку?
— О цар часу, — адказваў Ала ад-Дзін, — я пакінуў яе такой, каб твая вялікасць аказала мне гонар і загадала яе закончыць і каб у нас застаўся ўспамін пра цябе.
— Гэта справа няцяжкая, — сказаў цар і зараз жа загадаў прывесці гандляроў каштоўнымі камянямі і ювеліраў. Ён загадаў выдаць ім з царскай скарбніцы ўсё неабходнае, каб яны дарабілі рашотку.
А царэўна Бадр аль-Будур выйшла са сваіх пакояў, падышла да бацькі — радасная і вясёлая, і пацалавала яму руку. Султан абняў яе, пацалаваў і павіншаваў. Надышоў час абеду, і перад султанам, царэўнай Бадр аль-Будур і Ала ад-Дзінам паставілі столікі, а для галоўнага візіра і астатніх эміраў, візіраў і вяльможаў царства накрылі іншыя столікі. I султан зноў і зноў здзіўляўся заможнасці і прыгажосці як ежы, так і ўбрання столікаў, посуду. Перад ім стаялі восемдзесят нявольніц, і ўсе яны ігралі на сваіх
інструментах душэўныя напевы, якія суцяшалі сэрцы засмучаных. I султану стала весела і радасна, і шчасліва, і ён гаварыў сам сабе: “Сапраўды, такія павінны быць цары і такі павінен быць у іх парадак!”
А майстры, гандляры каштоўнасцямі і ювеліры пачалі працаваць, каб закончыць раіпотку. Неўзабаве да іх увайшоў султан і ўбачыў, што іхняя праца адрозніваецца ад ужо зробленай, бо майстры не могуць так дасканала яе выканаць. Яшчэ гандляры каштоўнасцямі паведамілі султану, што ўсіх камянёў з яго скарбніцы ніяк не хопіць. I султан загадаў адчыніць другую скарбніцу, большую, і ўзяць з яе ўсё патрэбнае ім. А калі таксама не хопіць, тады няхай возьмуць камяні, якія падараваў яму Ала ад-Дзін. I майстры забралі ўсе камяні з вялікай скарбніцы і тыя, якія прынёс султану ў падарунак Ала ад-Дзін, але іх не хапіла і на частку рашоткі. Па загадзе султана візіры і вяльможы царства аддалі свае камяні на рашотку, але і гэтага не хапіла нават на яе палову.
Чуткі аб гэтым дайшлі да Ала ад-Дзіна, і ён пайшоў паглядзець на працу майстроў і ўбачыў, што яны не закончылі нават палавіны рашоткі. Тады ён загадаў ім разабраць тое, што зрабілі, і вярнуць камяні іх уладальнікам. Майстры разабралі рашотку і аддалі самацветы. I калі султану прынеслі яго камяні, ён здзівіўся гэтаму і адправіўся да Ала ад-Дзіна. А Ала ад-Дзін у гэты час пацёр лямпу, перад ім з’явіўся раб, і Ала ад-Дзін загадаў яму:
— Я хачу, каб ты зараз жа дарабіў рашотку, якую я раней сказаў пакінуць незакончанай.
Джын адказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — і ў імгненне вока ўсё стала так, як хацеў Ала ад-Дзін, а раб знік.