Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Фаціма аддала яму свае лахманы, павязку на галаву, хустку і пакрывала, але магрыбінец сказаў:
— Гэтага недастаткова, трэба, каб ты мяне чым-небудзь памазала і мой бы твар стаў такім жа, як твой.
I Фаціма дастала з глыбіні пячоры збан, у якім было крыху масла, узяла адну кроплю і намазала ім твар магрыбінца — і твар яго стаў такога ж колеру, як яе твар. Потым яна апранула магрыбінца ў сваю адзежу, павязала яму павязку, дала ў рукі свой кіёк, а на шыю павесіла ружанец і навучыла, што яму трэба рабіць, калі будзе хадзіць па вуліцах горада. А затым яна падала люстэрка і сказала:
— Паглядзі цяпер на свой твар! Табе нізавошта не адрозніць яго ад майго.
I магрыбінец паглядзеў на сябе ў люстэрка і ўбачыў, што ён нічым не адрозніваецца ад Фацімы. Тады ён выцягнуў кінжал і забіў яе, і закапаў на схіле гары. Ён пачакаў, пакуль заззяла сонца, і спусціўся ў горад. Людзі сабраліся каля яго і бралі благаславенне, ніколькі не сумняваючыся, што гэта Фаціма.
А ўсё гэта адбывалася пад вокнамі палаца царэўны Будур. Яна пачула шум натоўпу і запыталася ў нявольніц, што здарылася. Тыя сказалі:
— О царэўна, гэта Фаціма набожная спусцілася сёння ў горад, і людзі тоўпяцца вакол яе, каб атрымаць благасл авенне.
I тады царэўна звярнулася да еўнуха і сказала яму:
— Пайдзі і прывядзі да нас Фаціму, каб яна нас благаславіла. Я шмат чУла аб яе цудах і жадаю яе пабачыць.
I еўнух пайшоў і прывёў да яе магрыбінца, апранутага ў адзежу Фацімы. Царэўна Будур сустрэла яго з поўнай павагай і сказала:
— 0 паважаная Фаціма, я хачу, каб ты пабыла ў мяне. Я атрымаю ад цябе благаславенне, а ты навучыш мяне таму, што спасцігла сама.
А гэта было вяршыняй жаданняў магрыбінца, і ён сказаў:
— 0 царэўна, я жанчына бедная і жыву ў пустэльні, і мне не след знаходзіцца ў царскіх палацах.
— 0 шаноўная Фаціма, — адказала царэўна, — не адмаўляй мне ў маёй просьбе. Я адвяду цябе ў пакой, і ты будзеш маліцца вялікаму Алаху там.
— Калі гэта тваё жаданне, о царэўна, я не хачу табе пярэчыць, — адказаў магрыбінец, — але я не стану з вамі ні есці, ні піць, а буду есці і піць і маліцца Алаху ў маім пакойчыку. — Гэты пракляты магрыбінец сказаў так, бо баяўся, што калі будзе есці разам з імі, то давядзецца адкінуць з твару пакрывала і яго пазнаюць.
— 0 шаноўная Фаціма, — мовіла царэўна Будур, — мы зробім так, як ты захочаш. Пойдзем, я пакажу табе мой палац. — I яна ўзяла магрыбінца і паказала яму свае пакоі і пакой са смарагдавымі рашоткамі. — Як табе мой палац, о Фаціма? — запыталася царэўна.
I магрыбінец адказаў:
— Клянуся Алахам, ён верх прыгажосці! Няхай Алах зробіць цябе ў ім шчаслівай! Але шкада, што ў ім не хапае адной рэчы.
— Чаго ж у ім не хапае, шаноўная Фаціма? — спыталася царэўна Будур.
I магрыбінец мовіў:
— У ім не хапае вялікага яйка птушкі Рух*, якое трэба павесіць пасярод пакоя. A Pyx, пані мая, — вялізная птушка, якая ў кіпцях можа панесці цэлага вярблюда. Яе можна знайсці толькі на гары Каф. Майстар, які ўзвёў гэты палац, можа прынесці яйка птушкі Рух.
I затым яны спынілі гэту размову, і царэўна Будур адвяла праклятага магрьібінца ў яго пакой, каб ён маліўся Алаху.
А калі настаў вечар, Ала ад-Дзін прыйшоў да сваёй жонкі, прывітаў яе і пацалаваў, і ўбачыў, што яна нечым заклапочаная. I ён запытаўся, ад чаго яна ў клопаце. I царэўна Будур адказала:
— Я думала, што мой палац дасканалы, але ў ім нестае яйка птушкі Рух, якое тут павінна вісець.
— I гэта ўсё, што цябе засмучае?! — усклікнуў Ала ад-Дзін. — О любая, я прынясу табе яйка птушкі Рух як мага хутчэй!
I Ала ад-Дзін паспяшаў у свой пакой, узяў лямпу і пацёр яе, і з’явіўся перад ім джын і сказаў:
— Патрабуй, чаго хочаш!
— Я хачу ад цябе, — сказаў Ала ад-Дзін, — каб ты прынёс мне яйка птушкі Рух, я павешу яго ў пакоі маёй жонкі.
I калі джын пачуў гэтыя словы, ён разгневаўся і закрычаў на Ала ад-Дзіна:
— О няўдзячны, табе мала таго, што ўсе джыны, рабы лямпы, служылі табе па-за мяжой магчымага, і ты яшчэ патрабуеш, каб мы прынеслі табе нашу царыцу дзеля тваіх і тваёй жонкі забаў. Калі б я ведаў, што ты папросіш аб гэтым, я дунуў бы на цябе і тваю жонку так, што вы апынуліся б паміж небам і зямлёй, і паспрабаваў бы вас забіць. Але прычына гэтай просьбы не ў табе, а ў праклятым браце магрыбінца, які зараз знаходзіцца ў тваім палацы і прыкідваецца набожнай Фацімой. Ён жа забіў Фаціму і пераапрануўся ў яе адзенне, каб пагубіць цябе і адпомсціць за свайго брата.
Раб-джын сказаў гэта і знік, а Ала ад-Дзін разгубіўся ад пачутага, а потым хутчэй пайшоў да сваёй жонкі. Ён зрабіў выгляд, што ў яго баліць галава, і царэўна Будур сказала яму:
— У нас знаходзіцца набожная Фаціма. Я яе прывяду, і яна пакладзе табе руку на галаву — і боль пройдзе.
I яна пайшла і прывяла магрыбінца, а той прывітаў Ала ад-Дзіна, і Ала ад-Дзін сказаў:
— О шаноўная Фаціма, у мяне баліць галава, а тваё благаславенне вылечвае хворага.
I магрыбінец падышоў да яго — а пад адзежан у праклятага быў схаваны нож, якім можна рэзаць булат,
і, наблізіўшыся да Ала ад-Дзіна, зрабіў выгляд, што хоча пакласці руку яму на галаву, каб зняць боль. На самой справе ён хацеў захапіць яго знянацку, ударыць нажом і забіць. А Ала ад-Дзін сачыў за магрыбінцам, і, калі той падышоў, ён імгненна выхапіў кінжал і ўваткнуў у магрыбінца, і той упаў забіты. Царэўна Будур ускрыкнула:
— Як гэта ты забіў набожную Фаціму, якая тварыла ЧУДЫ?!
I Ала ад-Дзін сказаў:
— Я забіў не Фаціму, а таго, хто забіў яе. Гэта брат магрыбінца-ведзьмака, і ён прыйіпоў са сваёй краіны, каб адпомсціць за свайго брата. Гэта ён падвучыў цябе папрасіць у мяне яйка птушкі Рух, каб з-за гэтага загінулі і ты, і я. A калі не верыш маім словам, адкінь з яго твару пакрывала і паглядзі: ці гэта Фаціма набожная, ці магрыбінец?
I царэўна Будур падышла і адкінула пакрывала, і ўбачыла, што гэта мужчына, у якога ўвесь твар зарос барадою. Тады яна зразумела, што яе муж Ала ад-Дзін сказаў праўду, і ўсклікнула:
— О мой любы, два разы ты з-за мяне патрапіў у пагібельную небяспеку! — I яна абняла Ала ад-Дзіна, пацалавала яго, і Ала ад-Дзін мовіў:
— He бяда, о любая! Слава Алаху, які пазбавіў нас ад зла гэтых двух праклятых магрыбінцаў!
А ў гэты час да іх прыйшоў султан, і яны расказалі яму аб усім. I султан загадаў гэтак жа спаліць магрыбінца, як і яго брата, і развеяць прах па ветры. I Ала ад-Дзін са сваёй жонкай жылі ў радасці і весялосці, пакуль не прыйшла да іх Разбуральніца шчасця і Разлучніца людзей — смерць.
АПОВЯД ПРА АЛІ-БАБУI СОРАК РАЗБОЙНІКАЎ
IНЯВОЛЬНІЦУ МАРДЖАНУ, АД ПАЧАТКУIДА КАНЦА
У мінулыя часы, вякі і стагоддзі жылі ў адным з гарадоў Харасана персідскага два родныя браты, аднаго з іх звалі Касым, а другога — Алі-Баба. Бацька ім пакінуў пасля смерці нікчэмную спадчыну і нязначную маёмасць, і браты тое нямногае, што ім дасталося, падзялілі па законе і справядлівасці, без спрэчак і крыўды. Неўзабаве Касым
ажаніўся з багатай жанчынай, якой належалі землі, сады, вінаграднікі і лаўкі, поўныя дарагіх тавараў і каштоўных рэчаў, — і пачаў прадаваць і купляць, браць і аддаваць, і багацеў з дня ў дзень. Лёс спрыяў яму, і хутка ён набыў славу сярод купцоў і павагу ў вачах людзей шаноўных і заможных.
Што ж тычыцца Алі-Бабы, то ён ажаніўся з беднай жанчынай, якая не мела ні дзірхема, ні дынара, ні дамоў, ні маёнткаў. Ён растраціў тое, што атрымаў у спадчыну, вельмі хутка, і наваліліся на яго нястача і беднасць. I ён разгубіўся, бо не ведаў, што яму рабіць, і не мог прыдумаць ніякой хітрасці, каб мець сродкі на пражыццё. А Алі-Баба быўчалавек разумны, кемлівы і граматны, і тут ён прамовіў такія вершы:
“Твае пазнанні светлыя, як поўня.
Вучоны ты”, — паўсюдна мне напомняць.
Я ж ад пахвал і рады бы ўцячы.
Што мудрасць? Бо ва ўлады ўсе ключы.
Вы кажаце, што мудрасць — скарбы кніг.
Аддаў бы я ў заклад усё, што з іх спасціг.
Мне ж не дадуць граша за той тавар, Хіба што кінуць мне праклёны ў твар.
Мой лёс — злашчасцяў поўная рука, Жыццё, як пекла, век для бедняка.
Улетку — голад, холадна — зімой, Нястача абдымае дом пустэльны мой.
Сабакі брэшуць і гырчаць на беднякоў, Абразы, злыя позіркі з усіх бакоў.
He жалься — не даруюць беднаты, I скаргі неўпапад узносіш ты.
Калі ж нам шчасця па жыцці не будзе — Лепш у труну: там спяць спакойна людзі.
А скончыўшы гаварыць, ён сеў і стаў думаць аб сваім становішчы і як жыць далей. I сказаў ён сабе: “Калі я куплю на апошнія дзірхемы сякеру і некалькі аслоў, падымуся з
імі на гару, насяку дроў і прадам іх на гарадскім рынку, то, напэўна, зараблю дастаткова, каб рассеяць мой клопат і ўтрымліваць сям’ю”. Гэта думка яму спадабалася, і ён купіў аслоў і сякеру, а раніцай выправіўся на гару з трыма асламі, і кожны асёл быў ростам з мула.
I Алі-Баба дзень сек дровы, вязаў іх у вязанкі, а калі пачало вечарэць, нагрузіў сваіх аслоў, спусціўся з імі з гары і накіраваўся на рынак. Ён прадаў дровы і на атрыманыя грошы накупіў усяго, што трэба для сям’і. Яго сум і маркота рассеяліся, і ён усхваліў Алаха. Ноч ён правёў задаволены, з радасным сэрцам і спакойнай душой. А калі прыйшла раніца, ён падняўся і вярнуўся на гару, і ўзяўся за ранейшую працу. I стала для яго звыклым кожную раніцу выпраўляцца на гару, а ўвечары вяртацца на гарадскі рынак і прадаваць там свае дровы. Грошы ён расходаваў на сям’ю.
I добра было так жыць Алі-Бабе. I вось аднойчы, калі ён сек на гары дровы, ён заўважыў, што ўзнялося воблака пылу, якое завалакло край неба. А калі пыл рассеяўся, паказалася некалькі коннікаў, падобных да лютых ільвоў. Яны былі ўвешаны зброяй, апрануты ў кальчугі і апаясаныя мячамі, a каля калена ў кожнага было кап’ё і на плячы — лук. АліБаба напалохаўся і ўстрывожыўся. Ён узлез на вялікае дрэва і схаваўся ў яго галінах, бо падумаў, што гэта разбойнікі. Сам жа пачаў назіраць за коннікамі. Ён ужо цвёрда быў перакананы, што гэта злодзеі і разбойнікі. Алі-Баба пералічыў коннікаў, і аказалася, што іх сорак чалавек, і пад кожным з іх быў лепшы скакун з лепшых коняў. Страх АліБабы ўзмацнеў, у яго нават перасохла ў роце, і ён не ведаў, як быць яму. Між тым коннікі спыніліся і спешыліся, павесілі на шыю коням торбы з ячменем, і кожны з іх узяў свой мех са спіны каня і паклаў сабе на плячо. А Ачі-Баба назіраў за разбойнікамі з дрэва. Іх атаман пайшоў паперадзе сваіх людзей і накіраваўся да схілу гары. Раптам ён спыніўся перад невялікімі дзверцамі са сталі, якіх з-за высокай травы і калючых карчоў не было відаць, таму Алі-Баба раней іх і не прыкмеціў.