• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    — Хлусня і хітрасць цяпер ужо не дапамогуць, і ты мяне не абдурыш, бо тваё становішча, якое ты хаваеш, стала мне вядомым, — запярэчыў Касым. Ён паказаў Алі-Бабе дынар, які прыліп да воску, і ўсклікнуў: — Вось што мы знайшлі ў мерцы, якую вы ў нас пазычалі. I не будзь тваё багацце вялізным, яна вам бы не спатрэбілася і вы б не мералі золата на меркі!
    Тут Алі-Баба зразўмеў, што з-за слабога розуму жонкі, якая пажадала перамераць золата, яго тайна выкрыта і ён зрабіў памылку, калі паслухаўся яе. Але які конь не спатыкаецца і які клінок аднойчы не адскочыць? Алі-Баба
    зразумеў, што памылку можна выправіць, калі зрабіць тайнае яўным, і што правільна будзе нічога не ўтойваць і расказаць брату. У любым разе грошай вельмі многа, і калі падзяліцца з братам, ім гэтага багацця хопіць з гакам, хай і пражывуць яны па сто гадоў. I ён расказаў брату гісторыю з разбойнікамі, як і што ў яго з імі здарылася: як ён увайшоў у пячору і вынес адтуль многа грошай і ўзяў каштоўныя металы і тканіны, і потым сказаў:
    — 0 брат мой, усё, што я прынёс, будзе наша з табой, мы падзелім яго пароўну, а калі ты захочаш больш, я табе прынясу. Ключ ад пячоры са скарбамі ў мяне — і я ўвайду туды без перашкод.
    — На такі дзялёж я не згодны, — запярэчыў Касым. — Я жадаю, каб ты мяне правёў да таго месца і паведаміў тайну, як увайсці туды. Ты абудзіў ува мне жаданне патрапіць у пячору, дзе скарб, і я хачу бачыць яе. Як ты ўвайшоў і ўзяў усё, што хацеў, так і я жадаю ўвасці туды. Я пагляджу на тое, што там ёсць, і вазьму тое, што мне спадабаецца. А калі ты не пагодзішся, я паскарджуся на цябе правіцелю горада і паведамлю яму аб тваёй справе — і ты атрымаеш непрыемнасці па заслугах.
    Выслухаўшы Касыма, Алі-Баба сказаў:
    — Чаго ты пагражаеш мне правіцелем? Я ні ў чым табе не пярэчу і раскажу ўсё, што ты хочаш ведаць. Я вагаўся толькі з-за разбойнікаў, бо баяўся, што яны цябе пакрыўдзяць. А калі ты хочаш увайсці ў пячору са скарбамі, то мне няма ад гэтага ні шкоды, ні карысці. Бяры, колькі тваёй душы заўгодна: калі ты пачнеш выносіць гэтае багацце, то не зможаш перанесці ўсё, што там — усё роўна ў пячоры застанецца скарбу болей, чым ты возьмеш. — Потым Алі-Баба паказаў Касыму дарогу да гары і месца скарбу, навучыў яго словам: “Сезам, адчыні твае дзверы!” — і сказаў: — Запомні вельмі добра гэтыя словы і бойся іх забыць! Мне трывожна з-за разбойнікаў і наступстваў гэтай справы.
    Як толькі Касым даведаўся пра месца знаходжання скарбу і як да яго дабрацца і запомніў неабходныя словы, ён пайшоў ад брата радасны, не звяртаючы ўвагі на яго перасцярогі. Касым вярнуўся ў свой дом і расказаў жонцы, што адбылося ў яго з Алі-Бабой, і мовіў:
    — Заўтра раніцай, калі захоча Алах, я пайду на гару і вярнуся да цябе з яшчэ большымі багаццямі, чым прынёс мой брат. Твае папрокі засмуцілі і расхвалявалі мяне, і я хачу ўсё зрабіць, каб вярнуць тваю прыхільнасць і ласку.
    Потым Касым узяў дзесяць мулаў, узваліў на кожнага па дзве пустыя скрыні, паклаў неабходныя прылады і вяроўкі і лёг спаць з намерам выправіцца ў пячору са скарбам і завалодаць яе багаццямі і каштоўнасцямі, і не дзяліцца імі з братам. А калі занялася зара і засвяцілася раніца, ён падняўся і пагнаў мулаў да гары. Неўзабаве ён быў там і пачаў шукаць дзверы ў пячору, як расказваў брат. А як толькі ўбачыў іх сярод травы і калючак, хутчэй сказаў:
    — Сезам, адчыні твае дзверы! — дзверы перад ім раптам расчыніліся. Касым моцна здзівіўся і паспяшаўся ўвайсці ў пячору, ахоплены прагай хутчэй забраць яе багацці. Ледзь ён пераступіў парог, дзверы зачыніліся за ім, як звычайна.
    I Касым прайшоў праз першы пакой, потым праз другі, трэці — і ён пераходзіў з памяшкання ў памяшканне, пакуль не агледзеў іх усе. Ад убачанага багацця, каштоўнасцей, дзівосных рэчаў ён разгубіўся і зніякавеў, розум вылецеў з ягонай галавы — і ён захацеў забраць усе багацці разам. Касым яшчэ пахадзіў сярод скарбаў, паварушыў кучы дзірхемаў і каштоўнасцей, а потым вырашыў вяртацца назад. Ён узяў мяшок з золатам, узваліў яго на плечы, падышоў да дзвярэй і намерыўся сказаць патрэбныя словы, каб тыя адчыніліся, гэта значыць сказаць: “Сезам, адчыні твае дзверы!” Але гэтыя словы не прыйшлі яму на язык, і ён цалкам іх запамятаваў. Касым сеў і пачаў успамінаць, але словы не ішлі да яго і думкі не праясняліся. Наадварот, ён усё забыў да рэшты.
    — Ячмень, адчыні дзверы! — сказаў ён, але дзверы не адчыняліся. Потым сказаў: — Пшаніца, адчыні дзверы! — але яны не скрануліся. Тады ён крыкнуў: — Проса, адчыні дзверы! — але дзверы засталіся зачыненымі, як і былі. I Касым называў адну збожжавую расліну за другой, пакуль не пералічыў іх усе, але словы: “Сезам, адчыні твае дзверы!”— так і зніклі з яго памяці.
    Калі Касым пераканаўся ў гэтым і ўбачыў, што няма сэнсу называць усе гатункі зерня, ён скінуў золата з плячэй,
    сеў і зноў стаў успамінаць, якую ж гэта збожжавую расліну назваў яму брат. Але яе назва не прыйшла яму ў галаву. Нейкі час ён яшчэ праседзеў, ахоплены трывогай і хваляваннем, а потым стаў гараваць і раскайвацца ў сваім учынку. Але ад раскаяння ўжо не было карысці, хаця ён гаварыў сабе: “О, калі б я задаволіўся тым, што прапанаваў мне брат, і не паддаўся сквапнасці, якая стала цяпер прычынай маёй пагібелі!” I ён біў сябе па твары, вырываў валасы, драў на сабе адзежу і пасыпаў галаву пылам, пры гэтым плакаў вялікімі слязьмі. Ён то крычаў на ўвесь голас, то плакаў моўчкі, ахоплены жалем. Цягнуліся гадзіны, змяняўся час сутак, а ён заставаўся ў ранейшым стане, і кожная хвіліна здавалася яму цэлым стагоддзем. Ён паранейшаму заставаўся ў пячоры, страх і жах яго ўзрасталі, і нарэшце ён адчаяўся выратавацца і ўсклікнуў:
    — Я загінуў несумненна, і няма спосабу вызваліцца з гэтай турмы!
    Вось што было з Касымам.
    Што тычыцца разбойнікаў, то яны сустрэлі караван, з якім ішлі купцы са сваімі таварамі, абрабавалі яго, захапілі вялікае багацце і, як звычайна, павезлі нарабаванае хаваць у пячору-скарбніцу. Калі яны наблізіліся да пячоры, то заўважылі мулаў са скрынямі і ўстрывожыліся, бо гэта ім здалося падазроным. Яны накінуліся на мулаў і разагналі іх, але на гэтым не супакоіліся, а наадварот, агалілі мячы, бо асцерагаліся гаспадароў мулаў, думаючы, што іх многа. Але каля пячоры яны не ўбачылі ніводнага чалавека і падышлі да дзвярэй. А Касым, пачуўшы тупат коней і галасы людзей, пераканаўся, што гэта тыя самыя разбойнікі, пра якіх гаварыў яму брат. Ён пачаў спадзявацца, што паратуецца, і прытаіўся за дзвярамі, каб уцячы.
    Атаман разбойнікаў падышоў і сказаў: “Сезам, адчыні твае дзверы!” — і дзверы раптам расчыніліся. Касым рынуўся наперад, ратуючыся ад пагібелі, і наляцеў на атамана, і збіў яго з ног. Касым вывернуўся ад першага разбойніка, другога і трэцяга, але іх было як-ніяк сорак чалавек, і ён не змог уцячы ад усіх. Адзін з разбойнікаў дагнаў яго і так ударыў кап’ём у грудзі, што бліскучыя зубцы выйшлі з яго спіны — і скончыўся тэрмін жыцця Касыма. Такая адплата таму, кім завалодае сквапнасць і хто
    задумаў абдурыць і здрадзіць свайму брату! Потым разбойнікі ўвайшлі ў пячору і ўбачылі, што з яе нешта ўзята, і на іх напаў люты гнеў. Яны падумалі, што іх вораг — гэта забіты Касым і менавіта ён узяў каштоўнасці, якіх не хапае ў пячоры. Але яны не маглі дадумацца, як Касым патрапіў у гэтае невядомае, аддаленае і схаванае ад вачэй людзей месца і як ён разгадаў тайну, каб адчыніць дзверы, якую ведаў, акрамя іх, адзін Алах — дьі будзе ён узвялічаны і праслаўлены! I пабачыўшы, што Касыі^і ляжыць забіты, нерухомы, яны абрадаваліся і супакоіліся, бо вырашылі, што ніхто болып не ведае тайны і не ўвойдзе ў пячору. I яны гаварылі:
    — Хвала Алаху, які пазбавіў нас ад гэтага праклятага!
    А затым дзеля павучання і на страх іншым яны рассеклі цела Касыма на чатыры кавалкі і павесілі іх за дзвярамі, каб гэта напалохала любога, хто адважыцца ўвайсці сюды. Разбойнікі пакінулі пячору, замкнуліся дзверы, паселі на коней і паехалі сваёй дарогай. I вось тое, што было з гэтымі людзьмі.
    А жонка Касыма цэлы дзень сядзела ў чаканні мужа і цешыла надзею, што яе жаданне збудзецца. Яна разлічвала, што Касым прынясе ёй жаданыя багацці, і рыхтавалася сваімі рукамі памацаць дынары і фельсы. Але калі настаў вечар, яна захвалявалася і ўстрывожылася, і пайшла да АліБабы. Яна расказала яму, што Касым з раніцы выправіўся на гару і да гэтага часу не вярнуўся і што яна баіцца, ці не здарылася з ім бяда. Алі-Баба пачаў яе супакойваць:
    — He трывожся! Ёсць на тое прычына, што ён пакуль не вярнуўся. Я думаю, што ён вырашыў не вяртацца ў горад днём, бо асцерагаецца, каб хто-небудзь не даведаўся аб яго справе. Ён, несумненна, хоча вярнуцца ноччу, каб усё зрабіць тайком. He міне і некалькі гадзін, як ты ўбачыш, што ён вяртаецца да цябе з грашыма. А што да мяне, то я ведаў, што Касым збіраецца падняцца на гару. Але я ўстрымаўся і не пайшоў з ім, каб не перашкаджаць і не бянтэжыць яго, бо ён падумае, што я намерваюся падглядваць за ім. Алах дапаможа яму і завершыць справу шчасліва! А ты ідзі да сябе і нічога не бойся. Калі захоча Алах, здарыцца толькі добрае, і ты хутка ўбачыш, як ён вяртаецца жывы і здаровы і з багатай здабычай.
    Але жонка Касыма прыйшла дамоў зусім не спакойная і сядзела зажураная, і сэрца яе з-за мужа было моцна засмучанае. Розныя нядобрыя здагадкі і дрэнныя думкі лезлі ёй у галаву. Нарэшце зайшло сонца, сцямнелася на двары і настала ноч, а жонка Касыма так і не ўбачыла мужа, які павінен быў ужо вярнуцца. Яна не клалася ў ложак і адмовілася ада сну ў чаканні мужа. А калі мінулі дзве трэці ночы і Касым не вяртаўся, то яна адчаялася і пачала плакаць, але не стала крычаць і галасіць на ўвесь голас, як гэта робяць жанчыны, бо баялася, што пачуюць суседзі і запытаюцца, чаму яна плача. I жонка Касыма ноч правяла без сну, у трывозе, слязах і з самымі найгоршымі прадчуваннямі. А як толькі надышла раніца, яна паспяшалася да Алі-Бабы і паведаміла, што яго брат не вярнуўся. Яна гаварыла гэта ўся ў слязах і моцна расхваляваная. I АліБаба ад гэтай весткі ўсклікнуў:
    — Няма моцы і сілы, акрамя як у Алаха, высокага, вялікага! He ведаю, што і думаць аб прычыне яго адсутнасці да гэтага часу. Я сам пайду і высветлю, што з ім здарылася, і паведамлю аб усім табе. Можа стацца, з дапамогаю Алаха, што затрымка яго абернецца дабром, і тое, што здарылася, не прынясе нам шкоды або зла.