Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
Раніцай султан падняўся, апрануўся і пайшоў паглядзець на дачку. I калі сын візіра пачуў, што ўваходзіць султан, ён хуценька апрануўся і выйшаў, і рэбры яго стукалі ад холаду. А султан падышоў да сваёй дачкі, пажадаў ёй добрай раніцы і спытаўся, як яна маецца. Але ўбачыў, што царэўна хмурыцца і не адказвае яму, як і ўчора, і султан раззлаваўся, зразумеў, што ўсё-такі нешта здарылася. Ён агаліў меч і закрычаў:
— Або ты мне раскажаш, што з табой робіцца, або я цябе заб’ю!
Царэўна Будур спалохалася бацькавага гневу і сказала:
— Пашкадуй мяне, о тата! Калі я табе раскажу, што са мной было, ты мне даруеш! — I яна расказала султану пра ўсё, што з ёй адбылося, і дадала: — А калі ты мне не верыш, запытайся ў майго мужа, і ён табе ўсё раскажа. Я не ведаю, куды яго адносілі, і я ў яго не пыталася.
— 0 дачка, чаму ты не расказала мне гэтага ўчора? Я прымусіў бы цябе выкінуць з галавы гэты страх і смутак. Падымайся і весяліся — сёння ўвечары я прыстаўлю варту, каб яны цябе ахоўвалі.
Потым цар пайшоў да сябе ў палац і паслаў паклікаць візіра.
— 0 візір, ці расказваў табе што-небудзь твой сын? — запытаўся султан.
I візір адказаў:
— О цар часу, я не бачыў майго сына ні ўчора, ні сёння. А што?
I султан паведаміў яму аб усім, што расказала царэўна, і дадаў:
— Я хачу, каб ты распытаўся ў свайго сына, і мы б высветлілі гэтую справу. Магчыма, маёй дачцэ прыснілася.
I візір выйшаў, паклікаў свайго сына і спытаўся ў яго аб гэтым, і той сказаў:
— Тата, словы царэўны Будур праўда. Мы многае перажылі за гэтыя дзве ночы, і яны былі для нас найгоршымі за ўсе ночы. Са мною здарылася большая бяда, чым з маёй жонкай, бо яна спала ў ложку, а мяне паклалі спаць у прыбіральні, дзе было цесна, цёмна, смярдзела, і ў мяне рэбры стукалі ад холаду. 0 тата, я хачу, каб ты пагаварыў з султанам, і каб ён вызваліў мяне ад гэтага шлюбу: у мяне няма сілы вытрываць яшчэ адну такую ноч.
Візір ад слоў сына засмуціўся, бо ён марыў праз шлюб з дачкой султана ўзвысіць і ўзвялічыць свайго сына і цяпер не ведаў, як быць. Ён маліў усіх святых, каб дабіцца гэтага шлюбу, і цяпер адчуваў сябе вельмі цяжка.
— Пацярпі, сынок! — сказаў візір. — Сёння ноччу мы прыставім да вас варту. — Потым ён вярнуўся да султана і пераказаў яму размову з сынам, і дадаў:
— Калі хочаш, о цар часу, мы сёння ноччу прыставім да іх варту.
Але султан запярэчыў:
— А навошта? He патрэбны мне гэты шлюб!
I ён зараз жа загадаў крычаць па ўсім горадзе, каб спынілі ўрачыстасці. I народ моцна здзівіўся, калі візір і яго сын выйшлі з палаца, бо іх адтуль выгналі і шлюб скасавалі. I ніхто з гараджан не ведаў — чаму. А султан адразу забыўся і думаць аб гэтай справе.
I вось скончыліся тры месяцы, пасля чаго султан абяцаў маці Ала ад-Дзіна аддаць сваю дачку за яе сына. Ала ад-Дзін адлічваў кожную гадзіну да канца тэрміну, і цяпер ён паслаў сваю маці да султана, каб той выканаў абяцанне. А султан наогул забыўся, што абяцаў ёй. I маці Ала ад-Дзіна
прыйшла ў палац і стала каля дзвярэй дывана. I калі напоўніўся дыван і з’явіўся султан, ён паглядзеў і ўбачыў у дзвярах маці Ала ад-Дзіна. I ён успомніў сваё абяцанне і сказаў візіру:
— О візір, вунь стаіць тая жанчына, што дарыла мне каштоўныя камяні. Прывядзі яе да мяне.
I візір прывёў маці Ала ад-Дзіна і паставіў яе перад султанам. Жанчына пацалавала зямлю, памалілася за султана і сказала яму:
— 0 цар часу, скончыліся тры месяцы, пасля якіх ты абяцаў аддаць сваю дачку, царэўну Будур, за майго сына Ала ад-Дзіна.
Султан у разгубленасці маўчаў, бо бачыў, што гэта жанчына бедная. I ён звярнуўся да візіра і запытаўся:
— Што ты думаеш аб гэтым, візір?.. Я... Так, я абяцаў, але ж гэта жанчына... бедная і не належыць да знатных людзей. Як жа трэба, па-твойму, зрабіць?
Авізіра ахапіла зайздрасць, ён узгадаў, штоадбылося з яго сынам і сказаў:
— 0 цар часу, як ты аддасі сваю дачку замуж за беднага чалавека-чужаземца, якога ты не ведаеш?
— А што ж прыдумаць, каб адвярнуць яго ад нас? Я ж абяцаў, — сказаў цар.
I візір параіў:
— 0 ўладар султан, пазбавіцца ад іх проста: запатрабуй ад яго сорак залатых блюдаў такіх жа каштоўных камянёў, якія ён прыслаў раней, і яшчэ сорак рабоў і нявольніц, каб яны неслі гэтыя блюды.
— Вось яна, правільная думка! — усклікнуў султан і звярнуўся да маці Ала ад-Дзіна:
— Скажы свайму сыну, што я стрымаю сваё слова, але хачу ад яго ў пасаг за дачку сорак блюдаў, поўных такіх жа камянёў, як тыя, што ты прынесла мне раней, і сорак рабоў і нявольніц, якія прынясуць гэтыя блюды. Калі ён мне іх прышле, я аддам за яго дачку.
I маці Ала ад-Дзіна выйшла ў роздуме, гаворачы сабе: “Адкуль дастане мой няшчасны сын тое, чаго патрабуе султан? Няхай ён прынясе з падзямелля залаты посуд і каштоўныя камяні, але адкуль яму здабыць рабоў і рабынь?” I ў гэтакім роздуме яна вярнулася дамоў, увайшла да свайго сына, расказала аб усім і мовіла:
— 0 дзіця маё, не думай больш аб царэўне Будур і выкінь яе з галавы. Гэта ўсё, сынок, з-за візіра.
Але Ала ад-Дзін засмяяўся і сказаў:
— Пайдзі і прынясі нам чаго-небудзь паесці, а потым Алах дапаможа нам — і я дастану султану тое, што ён патрабуе. He думай, што мне цяжка што-небудзь зрабіць дзеля павагі да вачэй маёй каханай, царэўны Будур.
I маці яго пайшла на рынак, каб купіць ежы, а Ала адДзін пайшоў да сябе ў пакой і пацёр лямпу — і раб-джын з’явіўся перад ім і сказаў:
— Загадвай, о ўладар!
— Я хачу ад цябе, — сказаў Ала ад-Дзін, — каб ты прынёс мне сорак залатых блюдаў, напоўненых лепшымі каштоўнымі камянямі са скарбніцы, і яшчэ прывядзі сорак рабоў і сорак рабынь, апранутых у раскошныя сукенкі, і няхай гэта будуць самыя прыгожыя рабыні, якія толькі ёсць.
Раб праз хвіліну прынёс усё, што патрабаваў Ала ад-Дзін, а сам знік. У гэты момант якраз вярнулася з рынку маці Ала ад-Дзіна. Яна ўвайшла ў дом, убачыла рабоў і рабынь, залатыя блюды і каштоўныя камяні і аслупянела.
— Няхай Алах пакіне нам навек тваю лямпу! — усклікнула яна.
А Ала ад-Дзін сказаў:
— О матуля, не здымай пакрывала! Паспяшайся да султана, пакуль ён не пайшоў у гарэм, і аднясі яму тое, што ён патрабаваў.
I маці Ала ад-Дзіна пайшла з рабамі і нявольніцамі, і кожная з нявольніц несла адно блюда. Яны ўвайшлі ў палац да султана, пакланіліся яму, пажадалі велічы і доўгага жыцця, і рабыні паставілі перад ім блюды. I калі султан убачыў гэта, ён здзівіўся і анямеў — асабліва ад прыгажосці і хараства нявольніц. Ззянне каштоўных камянёў асляпіла яго вочы, і ён стаяў ашаломлены. Потым султан загадаў адвесці рабынь з блюдамі у палац да сваёй дачкі, царэўны Бадр аль-Будур, а сам звярнуўся да візіра і спытаў у яго:
— Ну, візір, што ты скажаш пра чалавека, які здольны на тое, што не пад сілу царам усяго свету? Клянуся Алахам, гэтага, відаць, нават зашмат за маю дачку!
I візір, хоць і давіўся зайздрасцю, мог толькі пралепятаць:
— 0 ўладар султан, скарбаў усяго свету мала за тваю дачку, а ты палічыў гэты падарунак вялікім і значным!
I султан зразумеў, што візір ахоплены зайздрасцю і адвярнуўся ад яго.
— Перадай твайму сыну, — сказаў ён маці Ала ад-Дзіна, — што я прыняў ад яго пасаг і грошы за маю дачку, і яна стала яму жонкай, а ён мне — зяцем. Скажы яму, няхай ён прыйдзе да мяне, каб я з ім пазнаёміўся, і яму будзе ад мяне толькі поўная пашана і ўвага. I калі ён захоча, то я сёння ж увечары ўвяду яго да маёй дачкі.
I маці Ала ад-Дзіна пацалавала зямлю і выйшла. Яна, здавалася, уздымалася на крылах ад радасці, што яе сын стане зяцем султана. Султан жа распусціў дыван і пайшоў да сваёй дачкі, царэўны Будур, і спытаўся ў яе:
— 0 дачка, што ты думаеш аб падарунку свайго новага жаніха?
— Клянуся Алахам, о татачка, гэтыя камяні ўражваюць, — адказала царэўна.
I султан мовіў:
— Я думаю, дачка мая, што гэты твой жаніх у тысячу разоў лепшы за сына візіра, і, калі пажадае Алах, ты з ім будзеш у радасці.
Што да маці Ала ад-Дзіна, то яна прыйшла дамоў і сказала сыну:
— Радуйся, дзіця маё, тое, чаго ты хацеў, збылося! Султан прыняў пасаг за сваю дачку і сказаў мне, што ваша вяселле і твой пераезд да нявесты будзе сёння ўвечары. I яшчэ ён загадаў перадаць: “Няхай твой сын да мяне прыйдзе, каб я з ім пазнаёміўся”.
Ала ад-Дзін абрадаваўся і падзякаваў маці за ўсё, што яна зрабіла для яго. А потым ён паспяшаўся ў свой пакой, пацёр лямпу — і ў тое ж імгненне джын з’явіўся перад ім і запытаўся:
— Чаго ты хочаш, о мой уладар?
— Адвядзі мяне ў царскую лазню і прынясі мне перамену плацця, якога ў жыцці не апраналі султаны, і няхай яно будзе каштоўнае, — загадаў Ала ад-Дзін.
I джын зараз жа панёс яго ў шыкоўную лазню, і Ала адДзін выкупаўся і надушыўся пахучымі рэчывамі. A выйшаўшы, ён убачыў поўную перамену царскага плацця, і ён выпіў напояў і апрануўся. Джын аднёс яго дамоў, і Ала ад-Дзін сказаў яму:
— Я хачу, каб ты даставіў да мяне сорак нявольнікаў: дваццаць няхай ідуць наперадзе мяне, дваццаць — ззаду, і ўсе яны павінны быць у святочных уборах, на конях і пры зброі. I няхай будуць на іх дарагія ўпрыгожванні, а збруя кожнага каня — з чыстага золата. I яшчэ прынясі мне восемдзесят тысяч дынараў і прывядзі каня, роўнага якому не знойдзецца ў султанаў. Збруя майго каня ўся павінна быць з самацветаў і каштоўных камянёў, бо я выпраўляюся да султана. I яшчэ я хачу ад цябе дванаццаць нявольніц — самых прыгожых на свеце, яны пойдуць у палац з маёй маці. На кожнай з іх няхай будзе дарагая, прыгожая адзежа і мноства каштоўных камянёў і ўпрыгожванняў. I яшчэ прынясі маёй маці адзежу, якую носяць царскія жонкі.
I джын сказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся!
Ён знік і неўзабаве прынёс усё гэта. I Ала ад-Дзін сказаў маці, каб яна ўзяла нявольніц і ішла ў палац, а сам сеў на каня і з шыкоўнай світай нявольнікаў паперадзе сябе і ззаду паехаў праз увесь горад. Ад яго прыгажосці ніякавеў месяц на небе, а шчасце яшчэ больш павялічыла яго хараство. I жыхары горада, пабачыўшы яго гэтакім высакародным і прыгожым, праслаўлялі творцу. А наблізіўшыся да палаца, ён загадаў нявольнікам кідаць людзям золата.
Султан між тым сядзеў у дыване разам са сваімі візірамі і вяльможамі царства і чакаў, калі прыбудзе Ала ад-Дзін. Перад варотамі палаца ён паставіў некалькі эміраў і вяльможаў, каб тыя яго сустрэлі. I калі Ала ад-Дзін пад’ехаў да варот, ён хацеў злезці з каня, але адзін са знатных эміраў выступіў уперад і сказаў: