• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    Тады ён высунуў галаву з-за фіранкі, працягваючы смяяцца, і крыкнуў:
    — Абу-ль-Хасан, Абу-ль-Хасан, ты хочаш забіць мяне смехам!
    I калі нявольніцы пачулі голас халіфа, яны перасталі спяваць, іграць і танцаваць — усе змоўклі і спыніліся,
    склаўшы рукі на грудзях у поўнай прыстойнасці. Абу-льХасан таксама змоўк, каб паглядзець, чый гэта голас. Ён павярнуўся і, убачыўшы халіфа, уцяміў, што гэта халіф і што гэта ён прыкідваўся масульскім купцом і начаваў у Абуль-Хасана. I тады Абу-ль-Хасан зразумеў, што ён не спіць, і пераканаўся: усё, што з ім здарылася раней, — чыстая праўда, і ніякі гэта не сон, а выхадкі халіфа, каб пасмяяцца з яго. I ён павярнуўся да халіфа і сказаў яму:
    — Дык гэта, значыць, ты — масульскі купец? Ты цяпер гаворыш, што я хачу замарыць цябе смехам, але аказваецца, што гэта ты віноўнік таму, што я падняў руку на сваю маці, і калі б не суседзі, то пазбавіў бы яе жыцця. Гэта ты вінаваты, што мяне засадзілі ў бальніцу і катавалі без жалю, так што я і зараз адчуваю на зубах прысмак болю. Ты сёння хацеў, каб я зноў паспытаў у вар’ятні гэтыя пакуты. I гэта ты, а не я мучыў імама і чатырох старых у маім квартале, так што я не адказваю за гэты грэх і не рабіў гэтай памылкі. Гэта ты пазбавіў мяне розуму і зрабіў мяне адным з вар’ятаў у бальніцы, і ўсё так учыніў, што я пасварыўся са сваімі суседзямі і наклікаў на сябе вялікую ганьбу.
    I тут халіф сеў каля Абу-ль-Хасана і мовіў:
    — Так, Абу-ль-Хасан, твае словы — праўда. Гэта праз мяне з табой здарыліся ўсе гэтыя няшчасці, але я заклікаю ў сведкі Алаха вялікага — я так узнагароджу цябе, што ты ўсё забудзеш. Патрабуй жа ад мяне, чаго хочаш — і ўсё зараз жа будзе тваім. — Потым халіф абняў Абу-ль-Хасана і ўсклікнуў: — О Абу-ль-Хасан, мая павага і пашана да цябе вышэй любых слоў! — I ён загадаў выдаць Абу-ль-Хасану ганаровыя адзежы, і нявольніцы апранулі гэта плацце на Абу-ль-Хасана, і было яно каштоўным. А потым халіф зноў сказаў: — О Абу-ль-Хасан, патрабуй ад мяне, чаго хочаш і жадаеш.
    I Абу-ль-Хасан сказаў:
    — О ўладар прававерных, заклінаю цябе вялікім Алахам, скажы, чым я грэшны перад табою, што ты пашкодзіў мне розум і задурыў галаву? Скажы, чаму ты гэтак увёў мяне ў зман, што я не мог разабрацца, хто я на самой справе: дзень — халіф, месяц — вар’ят, два дні — Абуль-Хасан? Скажы, чаму ты са мною так абышоўся? Гэта дапаможа маім мазгам стаць на месца.
    I халіф засмяяўся ад ягоных слоў і сказаў:
    — Ведай, о Абу-ль-Хасан, што ў мяне ёсць такі звычай: час ад часу я пераапранаюся і хаджу, асабліва ўначы, каб паглядзець на жыццё людзей у Багдадзе, і што робяць старшыні кварталаў. А першы дзень кожнага месяца я выходжу за горад, каб даведацца, як жывуць жыхары прыгарадаў. У той дзень, калі ты сустрэў мяне каля варотаў, я хадзіў за горад, і ты запрасіў мяне да сябе павячэраць і заначаваць. Пасля вячэры я запытаўся, чаго б ты хацеў і жадаў. I ты сказаў, што табе хацелася б стаць халіфам на адзін дзень, не больш, каб адпомсціць імаму і чатыром старым вартаўнікам квартала. Я палічыў справядлівай прычыну, дзеля якой ты хацеў стаць халіфам, і вырашыў пазабавіцца і падарыць табе жадаемае. У мяне з сабою быў бандж, я паклаў яго табе ў кубак, і ты выпіў і заснуў. А я загадаў свайму рабу Масруру прынесці цябе ў палац. А калі ты дзень пабыў халіфам і адпомсціў сваім ворагам, нявольніца дала табе чашу з банджам, і цябе, соннага, мой раб аднёс назад, а дзверы пакінуў адчыненымі, як я яму і наказваў. Калі ж я сустрэў цябе ў другі раз, і ты расказаў, што з табою здарылася, я засмуціўся, убачыўшы на тваім целе сляды пабояў. Тады я вырашыў адплаціць табе дабром, каб ты забыўся аб перанесеных пакутах. Прасі ж цяпер, Абу-ль-Хасан, усяго, чаго ты толькі жадаеш.
    — О ўладар прававерных, — мовіў Абу-ль-Хасан, — клянуся тваёй літасцю, мае пакуты і ўсё, піто са мною здарьілася, якім бы яно не было невыносным, цяпер згладзілася з маёй памяці. Я ведаю цяпер, што наш уладар, цар прававерных, зрабіў усё гэта, каб пасмяяцца з мяне і павесяліць сваю дуіпу. А што да падарункаў і пажаданняў, то кожны, хто пад апекай уладара нашага, цара прававерных, не расчаруецца ў сваіх спадзяваннях і не ўпадзе ў нястачу. Багацце і сквапнасць, о ўладар прававерных, не былі ў маіх звычках. Але калі твая вялікасць дазволіла мне прасіць усяго, чаго хачу, то я не жадаю ні грошай, ні багацця, а хацеў бы толькі быць паблізу ўладара нашага, цара прававерных, каб служыць яму і прысутнічаць у яго кампаніях, як сатрапезнік і сабутэльнік. Вось і ўсе мае жаданні.
    — Клянуся вялікім Алахам, о Абу-ль-Хасан, — усклікнуў халіф, — калі твая просьба такая, то твая годнасць у маіх вачах і любоў да цябе ў маім сэрцы сталі яшчэ мацней, чым раней!
    Потым ён загадаў адвесці Абу-ль-Хасана ў памяшканне ў палацы, убранае аксамітам і расшытым атласам. А што тычыцца грошай на расходы, то халіф прызначыў яму жалаванне і захацеў выдаваць яго са сваіх рук, як бацька дае сыну. I Абу-ль-Хасан пацалаваў зямлю і пажадаў халіфу доўгага жыцця і вечнай славы. Затым халіф падняўся і пайшоў у дыван, а Абу-ль-Хасан скарыстаў час і паспяшаўся да маці. Ён расказаў ёй усё, што адбылося з ім, і патлумачыў, што гэта быў не сон, не прывід і не сатана, а ўсё гэта было на самой справе. I сабраліся ў яго суседзі, і ён расказаў ім, як была справа, дадаўшы, што халіф сам патлумачыў яму, як і што адбылося.
    — Бачыце, мае словы — праўда, а вы зрабілі з мяне вар’ята і так мяне мучылі. Вы ўчынілі вялікі грэх нада мной, — закончыў ён.
    I стала гэта гісторыя вядома ўсім людзям, як халіф зладзіў жарт і пасадзіў Абу-ль-Хасана на прастол халіфата, што пасля адбылося з ім і як у рэшце рэшт халіф палюбіў яго, пасяліў у сваім палацы і зрабіў сабутэльнікам, і даў яму ўладу па-над усімі, хто ўваходзіць у палац і выходзіць, паставіўшы яго вышэй за іншых.
    Потым Абу-ль-Хасан вярнуўся ў палац і стаў жыць каля халіфа, і халіф палюбіў яго вялікай любоўю, бо Абуль-Хасан быў вясёлым і дасціпным і мог рассмяшыць нават скалу. 3 кожным днём любоў халіфа і іншых да Абу-льХасана павялічвалася. Халіф браў яго ўсюды з сабою, нават калі знаходзіўся ў Сіт Зубэйды, дачкі свайго дзядзькі. Халіф расказаў Сіт Зубэйдзе аб усім, што адбылося з Абу-льХасанам: як той стаў халіфам, а потым патрапіў да вар’ятаў і перанёс у бальніцы вялікія пакуты. I калі Сіт Зубэйда пачула ўсё гэта, яна шмат смяялася. I кожны раз, калі халіф выпраўляўся да Сіт Зубэйды, ён браў Абу-ль-Хасана з сабой.
    Аднаго разу Сіт Зубэйда — а яна вельмі любіла Абу-льХасана, як і халіф, — сказала халіфу:
    — Оўладар прававерных, ты, відаць, не зважаеш на Абуль-Хасана. Кожны раз, калі ён уваходзіць да мяне, ён не
    спускае вачэй з маёй нявольніцы Наджмат ас-Субх. Я думаю, што яго сэрца належыць ёй, і ён хоча з ёй ажаніцца.
    — Магчыма, ты не далёкая ад ісціны, — мовіў халіф, — і ён мае права на гэта, бо я абяцаў аддаць за яго любую дзяўчыну, якая яму спадабаецца. I я абавязкова павінен выканаць абяцанне і адвесці яго да дзяўчыны, якую ён хоча, і якая яму па сэрцы. Ты зрабіла добрую справу, нагадаўшы мне, што яго трэба ажаніць. He ведаю, як гэта я забыўся пра жаніцьбу, бо перш за ўсё я павінен быў ажаніць яго. Але цяпер, калі я зразумеў, што яго каханне — Наджмат ас-Субх, я жаню яго на гэтай дзяўчыне. Але нам трэба даведацца, што ў яго на сэрцы і ці ёсць у яе схільнасць да яго.
    Гэта размова адбывалася ў прысутнасці Абу-ль-Хасана, і ён усё чуў. I калі халіф закончыў гаварыць з Сіт Зубэйдай, Абу-ль-Хасан падняўся, адвесіў ім паклон, пацалаваў перад імі зямлю і падзякаваў за ласку. Ён узнёс хвалу халіфу і Сіт Зубэйдзе за добрыя пачуцці да яго і мовіў:
    — Калі ўжо ўладар прававерных зрабіў мне ласку, а Сіт Зубэйда згодна ўступіць мне сваю нявольніцу Наджмат асСубх, то я скажу, што кахаю яе ўсім сэрцам і мару, каб яна стала мне жонкай. Але я не ведаю, ці падабаюся ёй.
    Халіф і Сіт Зубэйда, пачуўшы жаданне Абу-ль-Хасана жаніцца на Наджмат ас-Субх, паслалі адразу па дзяўчыну і запыталіся ў яе, падабаецца ці не ёй Абу-ль-Хасан. I дзяўчына не дала ім адказу, а толькі засмяялася, а твар яе заірдзеўся і стаў пунсовым, як кроў. Халіф з Сіт Зубэйдай зразумелі, што Абу-ль-Хасан ёй па сэрцы. Тады халіф загадаў рыхтавацца да вяселля.
    Неўзабаве ў палацы адбыліся вяселле і цудоўная ўрачыстасць. Сіт Зубэйда надзвычай шчодра ўзнагародзіла Наджмат ас-Субх і падарыла ёй многа золата і каштоўнасцей — з павагі да халіфа, які так любіў Абу-ль-Хасана. I халіф таксама падарыў Абу-ль-Хасану мноства каштоўнасцей і грошай, звыш усякага апісання, — з павагі да Сіт Зубэйды, якая так любіла Наджмат ас-Субх, сваю нявольніцу. I служанкі сабраліся, узялі Наджмат ас-Субх, убралі яе і ўпрыгожылі і адвялі ў пакоі Абу-ль-Хасана з песнямі, музыкай, танцамі і іншымі вясёлымі забавамі. Вяселле іхняе спраўлялі на працягу месяца, і халіф з Сіт Зубэйдай кожны дзень адорвалі іх чым-небудзь новым. А потым Абу-
    ль-Хасан увайшоў да Наджмат ас-Субх і пазбавіў яе дзявоцкасці. Яна палюбіла яго і была рада. I зажылі яны разам самым прыемным жыццём, вясёлыя і задаволеныя. Павячэраўшы са сваім мужам Абу-ль-Хасанам, Наджмат асСубх брала лютню, спявала і весялілася, і Абу-ль-Хасан таксама весяліўся. I абое яны ледзь не луналі ад радасці, гледзячы адзін на аднаго, так моцна яны кахалі.
    I так яны пражылі нейкі час, пры гэтым трацілі грошы направа і налева. I вось аднаго разу з’явіўся да іх ювелір і запатрабаваў плату за каштоўнасці, якія Наджмат ас-Субх у яго купіла ў дзень свайго вяселля. Яны зазірнулі ў сваю скарбонку з грашыма — і аказалася, што там засталося зусім нямнога, якраз столькі, каб аддаць ювеліру яго грошы. Яны разлічыліся з ювелірам і засталіся з пустымі рукамі, без адзінагагроша, і засмуціліся з-за гэтага. Іх становішча магло выклікаць спачуванне. Тут Абу-ль-Хасан прыгадаў, што халіф гаварыў яму: “Я буду даваць табе на расходы са сваіх рук”, — і мог бы пайсці да яго і папрасіць. Але потым ён разважыў і сказаў сабе: “Можа, халіф успомніць, як многа даў ён мне грошай, і яму стане цяжка ад майго вялікага марнатраўства”. I Абу-ль-Хасан пабаяўся і пасаромеўся пайсці да халіфа і папрасіць грошай, і Наджмат ас-Субх таксама было сорамна прасіць чаго-небудзь у сваёй пані Сіт Зубэйды. I Абу-ль-Хасан сказаў Наджмат ас-Субх: