Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
I Абу Сір падышоў да дзвярэй майстэрні і ўбачыў Абу Кіра, які сядзіць на ўзвышэнні, апрануты ў царскія адзежы, а перад ім стаяць чатыры рабы і чатыры белыя нявольнікі таксама ў раскошньіх адзежах. А дзесяць рабочых працуюць, бо Абу Кір купіў іх і навучыў свайму рамяству. Сам жа ён сядзеў у падушках, як самы вялікі візір або славуты цар, нічога не рабіў сваімі рукамі, толькі гаварыў:
— Зрабі тое і тое.
Абу Сір спыніўся перад ім, у надзеі, што калі Абу Кір яго заўважыць, то абрадуецца і прывітае яго, выкажа павагу іласку.
Але калі іхнія позіркі сустрэліся, Абу Кір сказаў:
— О нягодны, колькі разоў я табе казаў: не стой у дзвярах гэтай майстэрні! Хіба ты хочаш зганьбіць мяне перад людзьмі, о разбойнік? Хапайце яго! — I рабы пабеглі і схапілі цырульніка, а Абу Кір падняўся, узяў палку і сказаў: — Паваліце яго! — Цырульніка павалілі на зямлю, і Абу Кір пабіў яго сотняй удараў па спіне. Затым Абу Сіра перавярнулі, і ён пабіў яго сотняй удараў па жываце і сказаў: — О нягодны, о ашуканец! Калі яшчэ раз пабачу, што ты стаіш у дзвярах гэтай майстэрні, я адпраўлю цябе да цара, і ён аддасць цябе валі, каб той адсек табе галаву. Ідзі прэч, і няхай не благаславіць цябе Алах!
I Абу Сір пайшоў ад яго з разбітым сэрцам — з-за пабояў і прыніжэння. А прысутныя запыталіся ў Абу Кіра:
— Што зрабіў гэты чалавек?
— Гэта разбойнік, — адказаў Абу Кір, — які крадзе чужыя тканіны. Колькі разоў ён выкрадаў у мяне тканіны,
але я гаварыў сабе: “Алах даруе яму! Гэта бедны чалавек”. Я аддаваў людзям грошы за іхнія рэчы і мякка ўтрымліваў яго ад такіх учынкаў, але ён працягваў красці. I калі ён пасля гэтага выпадку вернецца яшчэ раз, я пашлю яго да цара, і цар заб’е яго і пазбавіць людзей ад ягонай шкоды.
I людзі ўслед Абу Сіру сталі праклінаць яго.
Вось што было з Абу Кірам. Што да Абу Сіра, то ён вярнуўся ў хан і доўга сядзеў у роздуме над тым, што ў яго адбылося з Абу Кірам. Калі ж астылі пабоі на ягоным целе, ён выйшаў у горад, прайшоў па рынках і надумаўся схадзіць у хамам*. I ён запытаўся ў аднаго з жыхароў горада:
— О брат мой, дзе ў вас хамам?
I той чалавек запытаўся:
— А што такое хамам?
— Месца, дзе людзі мыюцца і здымаюць з сябе бруд, і гэта бадай што самае прыемнае ў жыцці, — адказаў АбуСір.
I той чалавек прамовіў:
— Вунь перад табою мора.
— Мне патрэбны хамам, — сказаў Абу Сір.
I той чалавек сказаў:
— Мы не ведаем, які бывае хамам, і мы ўсе ходзім да мора. Нават цар, калі хоча памыцца, ідзе да мора.
I калі Абу Сір зразумеў, што ў гэтым горадзе няма хамама і людзі нават не ведаюць, што гэта такое, ён пайшоў да цара і, увайшоўшы ў дыван, пацалаваў перад султанам зямлю, пажадаў яму дабра і сказаў:
— Я чалавек зчужой краіны, і маё рамяство лазеншчык. Я прыйшоў у твой горад і хацеў наведаць хамам, але не ўбачыў ніводнага хамама. I як можа такі цудоўны горад абыходзіцца без хамама, калі хамам — адно з самага прыемнага ў свеце?
— А што такое хамам? — запытаўся цар.
I Абу Сір стаў апісваць яму вартасці хамама і сказаў:
— Твой горад стане дасканалым толькі тады, калі будзе ў ім хамам.
— Калі ласка! — усклікнуў цар.
Ён апрануў Абу Сіра ў шыкоўнае плацце, даў яму двух коней і двух рабоў, а затым яшчэ чатырох нявольніц і двух белых нявольнікаў і адвёў яму дом, увесь усцелены дыванамі. Цар выказаў да яго павагу большую, чым да фарбавальшчыка, і паслаў з ім будаўнікоў, наказаўшы ім:
— У тым месцы, дзе яму спадабаецца, пабудуйце хамам.
I Абу Сір пайшоў з будаўнікамі ў горад, выбраў у цэнтры яго месца і загадаў будаўнікам пачынаць тут будоўлю. Абу Сір расказаў ім, якім павінен быць будынак, і ўвесь час кіраваў будаўнікамі, пакуль яны не закончылі будаўніцтва. Потым ён загадаў размаляваць дом, і яго размалявалі так прыгожа, што ён радаваў вока кожнага чалавека. Пасля гэтага Абу Сір пайшоў да цара, расказаў яму, што хамам пабудаваны, і дадаў:
— Там не хапае толькі дываноў.
I цар даў яму дзесяць тысяч дынараў, Абу Сір узяў іх, услаў хамам дыванамі, развесіў у ім ручнікі на вяроўках, a кожны, хто праходзіў каля дзвярэй хамама, спыняўся і здзіўляўся. Людзі тоўпіліся каля размаляванага прыгожага дома, роўнага якому не было ў горадзе, і пыталіся:
— Што гэта такое?
I Абу Сір адказваў:
— Гэта хамам.
I людзі здзіўляліся.
Затым Абу Сір нагрэў ваду і адчыніў хамам. Ён зрабіў фантан, прыгажосцю якога ўсе жыхары горада захапляліся, і папрасіў у цара дзесяць непаўналетніх нявольнікаў. Цар даў дзесяць самых прыгожых юнакоў, і Абу Сір пачаў іх вучыць, як трэба размінаць цела пасля лазні. А потым ён распаліў курыльніцу* і паслаў вяшчальніка, які крычаў па ўсім горадзе:
— Гэй, стварэнні Алаха, ідзіце ў хамам, ён называецца “Хамам султана”.
I да Абу Сіра пачалі прыходзіць людзі. Ён загадваў нявольнікам мыць іхняе цела, а потым людзі ўваходзілі ў басейн з фантанам і купаліся там, і нарэшце яны сядалі пад порцікам, а нявольнікі разміналі іхняе цела, як іх навучыў Абу Сір. Людзі прыходзілі ў хамам, мыліся і нічога за гэта не плацілі. I так доўжылася тры дні. На чацвёрты дзень Абу Сір запрасіў у хамам цара, і цар сеў на каня і разам з вяльможамі прыбыў у хамам.
Цар распрануўся і ўвайшоў, і Абу Сір таксама ўвайшоў і пачаў церці цара мачалкай. Ён змыў з яго цела галушкі бруду і паказаў іх цару. Цар радаваўся чысціні. А потым
Абу Сір даліў у купальню ружавай вал.ы. цар выкупаўся ў ёй і выйшаў з прыемным адчуваннем 'чысціні, вільгаці і бадзёрасці, чаго ніколі раней не ведаў у жыцці. Яго пасадзілі пад порцікам, і нявольнікі пачалі размінаць цела цара, a курыльніцы напаўнялі паветра духмянымі пахамі. I цар сказаў:
— О майстар, гэта і ёсць хамам?
— Так, — адказаў Абу Сір.
I цар усклікнуў:
— Клянуся маёй галавой, мой горад стаў горадам толькі з гэтым хамамам! Якую плату ты бярэш з чалавека? — запытаўся ён.
I Абу Сір сказаў:
— Колькі ты загадаеш мне даваць, столькі я і вазьму.
I цар загадаў даць яму тысячу дынараў і сказаў:
— 3 усякага, хто ў цябе памыецца, бяры тысячу дынараў.
— Даруй, о цар часу, — сказаў Абу Сір, — людзі ёсць багатыя і бедныя, і не кожны можа заплаціць тысячу дынараў. Хамам зачыніцца.
— А як жа быць з платай? — спытаўся цар.
— Я прызначу плату па велікадушнасці, — адказаў Абу Сір, — кожны дасць мне, колькі можа і колькі скажа яго душа. Мы будзем браць з кожнага чалавека адпаведна яго магчымасцям, і народ стане хадзіць да нас — і хамам будзе працаваць і будзе ў вялікай пашане. Што ж тычыцца тысячы дынараў — то гэта падарунак цара, і не ўсякі можа даць столькі.
I вяльможы царства пацвердзілі гэта і сказалі:
— Гэта праўда, о цар часу! Хіба ты лічыш, што ўсе людзі падобныя да цябе, о слаўны цар?
— Вашы словы разумныя, — сказаў цар, — але гэты чалавек чужаземец і бядняк, і мы павінны выказаць да яго павагу. Бо гэта ён зрабіў у нашым горадзе хамам, роўнага якому мы ў жыцці не бачылі. I дзякуючы яму наш горад стаў больш прыгожым і важным. О вяльможы майго царства, кожны з вас няхай дасць яму на гэты раз сто дынараў, нявольніка, нявольніцу і раба.
— Добра, мы дадзім яму гэта, — пагадзіліся вяльможы, — але з наступнага дня кожны, хто прыйдзе сюды памыцца, няхай дае яму столькі, колькі пажадае яго душа.
— У гэтым няма бяды, — адказаў цар.
I вяльможы далі Абу Сіру сто дынараў кожны, нявольніка, нявольніцу і раба. I было вяльмож, якія мыліся разам з царом, чатырыста душ. I Абу Сір атрымаў ад іх сорак тысяч дынараў, чатырыста рабоў і чатырыста нявольніц. Цар жа даў Абу Сіру дзесяць тысяч дынараў, дзесяць нявольнікаў, дзесяць нявольніц і дзесяць рабоў.
I Абу Сір выступіў наперад, пацалаваў зямлю перад царом і сказаў:
— О шчаслівы цар! Дзе я змяшчу столькі нявольнікаў, нявольніц ірабоў?
I цар мовіў:
— Я загадаў гэта сваім вяльможам толькі дзеля таго, каб мы сабралі табе вялікую колькасць грошай. Магчыма, ты ўспомніш пра сваю краіну і сям’ю, засумуеш па іх і захочаш паехаць дамоў, тады гэтыя грошы дапамогуць табе жыць у тваёй краіне.
— О цар часу, няхай узвысіць цябе Алах! — сказаў Абу Сір. — Гэтыя шматлікія нявольнікі, нявольніцы і рабы — для царскага сану. Калі б ты даў мне грошы замест іх, было б лепш, чым гэтае войска, таму што людзі ядуць і п’юць, і апранаюцца — і колькі б у мяне не было грошай, іх не хопіць на ўтрыманне гэтых рабоў.
I цар засмяяўся і ўсклікнуў:
— Клянуся Алахам, ты сказаў праўду — іх сапраўды цэлае войска, і ты не маеш магчымасці іх утрымліваць! Ці не прадасі ты мне кожнага з іх за сто дынараў?
— Я прадам іх табе за гэтую цану, — сказаў Абу Сір.
Цар паслаў па казначэя, і той прынёс грошы. Цар аддаў Абу Сіру ўсе грошы цалкам, а потым вярнуў рабоў іхнім гаспадарам і сказаў:
— Усякі, хто пазнае свайго раба, нявольніка і нявольніцу, няхай забірае іх. Яны — падарунак вам ад мяне.
I вяльможы выканалі загад цара, і кожны з іх забраў тое, што яму належала. I Абу Сір сказаў:
— Няхай пазбавіць цябе Алах ад зла, о цар часу, як ты пазбавіў мяне ад гэтай прорвы едакоў, якіх можа насыціць толькі Алах!
I цар засмяяўся з яго слоў і прызнаў, што яныразумныя, а затым забраў сваіх вяльможаў і пайшоў з лазні ў палац.
Абу Сір усю гэтую ноч лічыў золата, складваў яго ў мяшкі і запячатваў. У яго было дваццаць рабоў і дваццаць нявольнікаў і чатыры нявольніцы для паслуг. А калі заяснела раніца, ён адчыніў хамам і паслаў вяшчальніка крычаць: “Усякі, хто прыйдзе ў хамам і памыецца, няхай дасць тое, што пажадае яго душа і чаго патрабуе яго велікадушнасць!” I Абу Сір сеў каля скрыні, а кожны, хто ўваходзіў, клаў у скрыню тое, што мог. Яшчэ не звечарэла, а скрыня была напоўнена дабром Алаха вялікага.
А затым царыца пажадала наведаць хамам, і калі Абу Сір аб гэтым даведаўся, ён прызначыў час ад досвітку да апоўдня — для мужчын, а па апоўдні да заходу сонца — для жанчын. Ён навучыў чатырох нявольніц, і яны сталі выдатнымі лазеншчыцамі. Царыцы моцна спадабалася ў хамаме, і яна паклала ў скрыню тысячу дынараў. I слава Абу Сіра разышлася па ўсім горадзе. Ён з павагай сустракаў кожнага наведвальніка, ці то быў чалавек багаты, ці то бедны. Дабро стала прыходзіць да яго з усіх дзвярэй. Ён пасябраваў з набліжанымі да цара, а сам цар з’яўляўся да яго раз на тыдзень і заўсёды даваў тысячу дынараў.
Аднаго разу капітан цара прыйшоў у хамам, і Абу Сір распрануўся, увайшоў з ім у лазню, памыў яго і абышоўся з ім вельмі ласкава. А калі капітан выйшаў з хамама, Абу Сір пачаставаў яго напоямі рознымі і кавай, плату ж ад яго ён адмовіўся браць. I капітан быў яму вельмі ўдзячны за павагу і ласку і ніякава адчуваў сябе, бо не ведаў, што падарыць лазеншчыку.