Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
А калі дыспут закончыўся, прынеслі ваду і вымылі рукі, і паелі пададзеную ежу, заканазнаўцы падняліся і пайшлі. Але аль-Мамун не дазволіў гэтаму чалавеку выйсці разам з імі, а наблізіў да сябе, і выказаў ласку да яго, і абяцаў яму дабро і апеку. А затым прыгатавалі застолле, і з’явіліся цудоўныя сатрапезнікі, і віно пайшло па крузе. I калі дайшла чарга да таго чалавека, ён ускочыў на ногі і сказаў:
— Калі дазволіць мне ўладар прававерных, я скажу адно слова.
— Гавары, што хочаш, — сказаў аль-Мамун.
I чалавек сказаў:
— Высокая думка ведае, — няхай узвысіць Алах яе вышыню! — што раб быў сёння на гэтым шаноўным сходзе, сярод невядомых людзей і нізкіх суразмоўцаў, і што ўладар прававерных яго наблізіў з-за невялікай долі розуму, які ён выявіў, і зрабіў яго ўзвышаным па-над іншымі. I прывёў яго да мяжы, да якой нават не ўзносіліся ягоныя мары. A цяпер ён хоча разлучыць яго з той малою драбніцаю розуму, якая ўзвысіла яго пасля прыніжэння і дала яму дастатак пасля нястачы. Але не будзе таго, і немагчыма, каб пазайздросціў яму ўладар прававерных з-за той долі розуму, дасціпнасці і прадбачлівасці, якою ён валодае. He, бо, калі раб вып’е віна, пакідае яго розум, а яго месца заступае глупства, і знікае ў яго прыстойнасць, і вяртаецца ён на тую пагарджаную прыступку, якую займаў раней. I людзі ім пагарджаюць. I я спадзяюся, што высокая думка не адыме
жамчужыны ў раба — па сваёй высакароднасці, велікадушнасці і велічы і па сваёй цудоўнай прыродзе.
I калі халіф аль-Мамун пачуў ад гэтага чалавека такія Счовы, ён пахваліў яго і падзякаваў яму, і пасадзіў яго на месца, і адчуў да яго павагу. Ён загадаў даць яму сто тысяч дзірхемаў, пасадзіў на каня і падараваў яму раскошныя адзежы. А падчас кожнага сходу ён узвышаў яго і набліжаў да сябе, пакуль той не стаў вышэй за ўсіх заканазнаўцаў, a Алах ведае лепш.
АПОВЯД ПРА ВАДАНОСА I ЖОНКУ ЮВЕЛІРА
Расказваюць таксама, што быў у горадзе Бухары нейкі ваданос, які насіў ваду ў дом аднаго ювеліра. Насіў ён яе так трыццаць гадоў. А ў гэтага ювеліра была жонка — надзвычай прыгожая і цудоўная, і ёй прыпісвалі набожнасць, сціпласць і дабрадзейнасць. I аднойчы ваданос прыйшоў, як звычайна, і наліў вады ў бочку, а жанчына стаяла пасярод двара. I ваданос наблізіўся да яе і ўзяў яе за руку, і стаў мяць руку і гладзіць, а потым пайшоў і пакінуў жанчыну. I калі муж прыйшоў з рынку, яна сказала яму:
— Я хачу, каб ты сказаў, што ты сёння такое зрабіў на рынку, што разгневаў Алаха вялікага?
— Я нічога не зрабіў, што магло разгневаць Алаха вялікага, — адказаў муж.
I жанчына ўсклікнула:
— Клянуся Алахам, ты зрабіў штосьці, што гневае Алаха вялікага! I калі ты не раскажаш мне, што ты зрабіў, і не будзеш праўдзівы, я не застануся ў тваім доме, і ты не пабачыш мяне, і я не пабачу цябе.
— Я раскажу табе аб тым, што я сёння рабіў на рынку, па праўдзе, — адказваў муж. — Я сядзеў, як звычайна, у сваёй лаўцы, і раптам прыйшла да мяне жанчына, загадала мне выкаваць для яе бранзалетку, і пайшла. I я выкаваў бранзалетку з золата, а калі яна прыйшла, я аддаў ёй бранзалетку, і яна агаліла руку і надзела бранзалетку. Я збянтэжыўся ад белізны яе рукі і прыгажосці яе кісці, якая палоніць позірк, і мне згадаліся словы паэта:
Вось рука яе! Бранзалетамі ззяе яна, Як агонь над струменем імклівым.
А рука яе, золатам свеціць спаўна,
I агнём абняла — і струмень стаў шчаслівым.
— I я ўзяў яе за руку, памяў яе і пагладзіў.
— Алах вялікі! — усклікнула жонка ювеліра. — Навошта ты гэта зрабіў! Сапраўды, ваданос, які хадзіў да нас у дом на працягу трыццаці гадоў, і ты не бачыў у ім падману, узяў мяне сёння за руку і стаў мяць яе і гладзіць.
— Папросім у Алаха літасці, о жанчына! Я раскайваюся ў тым, што было, папрасі ж для мяне даравання, — адказваў яе муж.
I жанчына мовіла:
— Няхай даруе Алах нам і табе і няхай надзеліць ён нас добрым здароўем.
Назаўтра раніцай прыйшоў той чалавек, ваданос, і кінуўся перад жанчынай на зямлю і стаў валяцца ў пыле і выкручвацца перад ёю, і сказаў:
— О пані, зрабі мяне вольным ад таго, на што мяне штурхануў сатана, які збіў мяне са шляху і ўвёў у зман!
I жанчына сказала яму:
— Ідзі сваёй дарогай. Гэта была не твая памылка — прычынаю быў мой муж, бо ён зрабіў тое, што зрабіў у лаўцы, і Алах адплаціў яму за гэта.
I кажуць, што ювелір, калі жонка расказала яму аб тым, што зрабіў ваданос, усклікнуў:
— Удар за ўдар! Калі б я дабавіў, напэўна, дабавіў бы і ваданос!
I гэтыя словы сталі прыказкай, якая хадзіла сярод людзей. I належыць жанчыне быць заадно з мужам і задавольвацца малым ад яго, калі ён не здатны на многае, і браць прыклад з Аішы-праўдзівай* і Фацімы-яснатварай — няхай Алах будзе задаволены імі абедзвюма! — каб быць наступніцай дабрадзейных продкаў.
АПОВЯД ПРА ЗЛОДЗЕЯ, ЯКІ АБАКРАЎ ЗЛОДЗЕЯ
Расказваюць таксама, што адзін чалавек быў злодзеем і пакаяўся перад Алахам вялікім, і Алах прыняў яго раскаянне. I ён адчыніў лаўку, дзе прадаваў тканіны. I так ён пражыў нейкі час.
Здарылася, што аднаго разу ён зачыніў лаўку і пайшоў дадому. У гэты час з’явіўся хтосьці з хітрых злодзеяў, апрануўся ў адзсжу гаспадара лаўкі, выняў з рукава ключы — а гэта было ноччу — і сказаў вартаўніку рынку:
— Запалі мне гэтую свечку.
Вартаўнік узяў свечку і пайшоў яе запальваць, а злодзей адчыніў лаўку і запаліў іншую свечку, якая была ў яго. Вартаўнік вярнуўся і ўбачыў, што гэты чалавек сядзіць у лаўцы з падліковай кнігай у руках, глядзіць у яе і нешта лічыць на пальцах. Так ён прасядзеў да досвітку, а потым сказаў вартаўніку.
— Прывядзі да мяне верблюджатніка з вярблюдам, бо мне трэба адвезці некаторыя тавары.
Вартаўнік прывёў верблюджатніка з вярблюдам, і злодзей узяўчатыры кіпы тканіны, узваліў іх на вярблюда, зачыніў лаўку і даў вартаўніку два дзірхемы, сам жа пайшоў услед за верблюджатнікам. А вартаўнік думаў, што гэта быў гаспадар лаўкі.
Калі настала раніца і заззяў дзень, прыйшоў гаспадар лаўкі, і вартаўнік пачаў яму дзякаваць за дзірхемы. Але гаспадар лаўкі стаў адмаўляць тое, што гаварыў вартаўнік, і здзівіўся яго словам. А калі адчыніў лаўку, ён убачыў падцёкі расплаўленага воску і кінуты сшытак. Ён агледзеўся і заўважыў, што зніклі чатыры кіпы тканіны.
— Што здарылася? — спытаўся ён у вартаўніка.
I той расказаў, што рабіў злодзей уначы, і як ён размаўляў з верблюджатнікам. I гаспадар лаўкі сказаў:
— Прывядзі да мяне таго верблюджатніка.
I вартаўнік адказаў:
— Слухаю і падпарадкоўваюся! — і прывёў да яго верблюджатніка.
— Куды ты вазіў раніцай тканіну? — спытаў у яго гаспадар лаўкі.
— На прыстань, — адказваў верблюджатнік, — я яе склаў у лодку такога і такога чалавека.
— Пойдзем са мною туды, — сказаў гаспадар лаўкі.
I верблюджатнік пайшоў з ім на прыстань і сказаў:
— Вось лодка, а вось яе гаспадар.
I гаспадар лаўкі запытаўся ў лодачніка:
— Куды ты адвёз купца і тканіну?
— У такое і такое месца, — адказаў лодачнік. — Купец прывёў верблюджатніка, і той нагрузіў тканіну на свайго вярблюда і пайшоў, але я не ведаю, куды ён накіраваўся.
— Прывядзі да мяне верблюджатніка, які забраў у цябе тканіну, — сказаў яму гаспадар лаўкі, і лодачнік прывёў яго, і гаспадар лаўкі запытаўся: — Куды ты з купцом адвёз тканіну з лодкі?
— У такое і такое месца, — адказаў верблюджатнік.
— Пойдзем са мною і пакажы мне тое месца, — сказаў гаспадар лаўкі.
I верблюджатнік пайшоў з ім і паказаў хан, куды адвёз тканіну, і камору таго купца. Гаспадар лаўкі падышоў і адчыніў яе. Усе чатыры кіпы тканіны ляжалі там, нават не развязаныя, а зверху на іх — плашч злодзея. Гаспадар лаўкі падаў тканіну верблюджатніку, і той узваліў іх на вярблюда. А потым ён забраў плашч злодзея, зачыніў камору і пайшоў з верблюджатнікам.
I раптам яго сустрэў злодзей і пайшоў за ім следам. A калі гаспадар паклаў тканіну ў лодку, злодзей падышоў і сказаў яму:
— О брат мой, ты даверыў сябе Алаху і забраў сваю тканіну, з твайго дабра нічога не прапала, то аддай жа мне мой плашч.
I купец засмяяўся, аддаў яму плашч і не зрабіў яму шкоды і непрыемнасцей. I кожны з іх пайшоў сваёй дарогай.
АПОВЯД ПРА ЮНАКА, СПЯВАЧКУI ДЗЯЎЧЫНУ
Расказваюць таксама, што аль-Утбі гаварыў:
— Аднойчы я сядзеў, і ў мяне былі людзі вучоныя. I сталі мы ўспамінаць паданні пра людзей, і размова наша перайшла да закаханых. I кожны з нас расказваў гісторыю, якую ведаў. А сярод нас быў адзін стары чалавек, які маўчаў. I калі мы ўжо не ведалі, што расказаць, ён прамовіў:
— Ці не расказаць вам гісторыю, якой вы ніколі не чулі?
— Так, — адказвалі мы.
Iстары сказаў:
— Ведайце, што ў мяне была дачка, і яна кахала аднаго юнака, і мы не ведалі аб гэтым.
А юнак кахаў спявачку, а спявачка любіла маю дачку. I аднойчы я прыйшоў у адно месца, дзе былі гэты юнак і спявачка, і яна прамовіла такія два вершы:
Знак няшчаснага кахання — Закаханых плач і слёзы.
Асабліва горкім стане Плач. калі наўкол пагрозы.
I юнак усклікнуў: “Клянуся Алахам, ты цудоўна праспявала, о царэўна мая. Ці дазволіш ты мне памерці?” — “Так, калі ты закаханы”, — адказала спявачка з-за заслоны. I юнак паклаў галаву на падушку і заплюшчыў вочы. I калі кубак дайшоў да юнака, мы сталі будзідь яго і раптам бачым — ён мёртвы. Мы сабраліся наўкола яго і засмуціліся, і неўзабаве разышліся. Калі я прыйшоў дамоў, маім родным здалося падазроным тое, што я вярнуўся хутка. I я расказаў ім, што здарылася з юнаком, каб здзівіць іх гэтым. I дачка мая пачула ўсё і пайшла з гэтага пакоя ў іншы, а я пайшоў за ёй следам і ўбачыў, што дзяўчына прылегла на падушку гэтак жа, як я расказваў пра юнака. Я дакрануўся да яе і раптам бачу — яна памерла. Мы ўвабралі яе, а раніцай пайшлі хаваць. У гэты час юнака таксама панеслі хаваць. I мы пайшлі па дарозе да могілак і раптам бачым трэція насілкі. Мы запыталіся, каго нясуць хаваць. I нам сказалі, што на насілках спявачка: калі да яе дайшла вестка аб смерці маёй дачкі, яна гэтак жа лягла на падушку, як і дачка, і памерла. I мы пахавалі іх траіх у адзін дзень.
I гэта самае дзіўнае, што расказвалі калі-небудзь пра закаханых.
АПОВЯД ПРА АЛЬ-ХАВАСА
Расказваюць таксама, што Сідзі* Ібрахім аль-Хавас (ды будзе па-над ім літасць Алаха!) гаварыў: “Патрабавала мая душа ў нейкі час, каб я пайшоў у землі бязбожнікаў. Я стрымліваў яе, але яна рвалася з грудзей і клікала мяне ў шлях. Я стараўся прагнаць ад сябе гэтую думку, але яна не пакідала мяне. I тады я рушыў у шлях. I калі праходзіў праз землі няверных, апека Алаха ахоўвала мяне і зберагала. I ўсе хрысціяне, якіх я сустракаў на шляху, апускалі перада мпою вочы і абміналі мяне.