• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    — Яшчэ адзін наш спадарожнік загінуў! — усклікнуў Сіндбад. — Але гэта апошні. Болып гэты жорсткі чалавек нікога з нас не з’есць.
    — Што ж ты задумаў, Сіндбад? — спыталіся ў яго купцы. — Глядзіце і рабіце так, як я скажу! — усклікнуў Сіндбад. Ён ухапіў два ражны, на якіх велікан смажыў мяса, напаліў іх на агні і прыціснуў да вачэй людаеда. Потым ён
    зрабіў знак купцам, і яны усе разам наваліліся на ражны. Вочы людаеда апусціліся ў глыбіню галавы, і ён аслеп.
    Людаед са страшным крыкам ускочыў і пачаў размахваць наўкола рукамі, каб паймаць сваіх ворагаў. Але Сіндбад і яго таварышы кінуліся ўрассыпную ад яго і пабеглі да мора. Велікан пайшоў услед за імі і ўвесь час моцна крычаў. Ён даганяў уцекачоў і пераганяў іх, але так і не злавіў нікога. Яны прабягалі ў яго паміж ног, выварочваліся з-пад яго рук і нарэшце дабеглі да берага мора, селі на плыт і адплылі, і вяслом ім служыў тонкі ствол пальмы.
    Калі людаед пачуў удары вясла аб ваду, ён зразумеў, што здабыча ўцякла ад яго. Ён закрычаў яшчэ мацней. На яго крык прыбеглі яшчэ два веліканы, такія ж жудасныя, як і ён. Яны адламалі ад скал па вялізнаму каменю і кінулі ўслед уцекачам. Глыбы скал са страшным шумам упалі ў ваду, толькі злёгку закрануўшы плыт. Але ад іх узняліся такія хвалі, што плыт перавярнуўся. Спадарожнікі Сіндбада амаль зусім не ўмелі плаваць. Яны хутка захлынуліся і пайшлі да дна. Толькі сам Сіндбад і яшчэ двое купцоў, якія былі маладзей за астатніх, паспелі ўхапіцца за плыт і ўтрымаліся на паверхні мора.
    Сіндбад з цяжкасцю ўзлез зноў на плыт і дапамог сваім таварышам выбрацца з вады. Хвалі знеслі іхняе вясло, і ім давялося плыць па цячэнні, злёгку накіроўваючы плыт нагамі. Світала. Неўзабаве павінна было ўзысці сонца. Таварышы Сіндбада, мокрыя і азяблыя, сядзелі на плыце і ўголас наракалі на лёс і скардзіліся. Сіндбад стаяў на краі плыта і выглядваў, ці не відаць удалечыні берага або ветразя карабля. Раптам ён павярнуўся да сваіх спадарожнікаў і крыкнуў:
    — Мужайцеся, сябры мае Ахмед і Хасан! Зямля недалёка, і цячэнне нясе нас прама да берага. Бачыце там, удалечыні, кружацца птушкі па-над вадою? Іх гнёзды, відаць, дзе-небудзь паблізу. Бо птушкі не адлятаюць далёка ад сваіх птушанят.
    Ахмед і Хасан падбадзёрыліся і ўзнялі галовы. Хасан, у якога вочы былі зоркія, як у ястраба, паглядзеў уперад і сказаў:
    — Твая праўда, Сіндбад. Вунь там, удалечыні, я бачу востраў. Хутка цячэнне прыгоніць да яго наш плыт, і мы адпачнём на цвёрдай зямлі.
    Спакутаваныя вандроўнікі абрадаваліся і сталі мацней веславаць нагамі, каб дапамагчы цячэнню. Калі б яны толькі ведалі, што чакае іх на гэтым востраве!
    Хутка плыт прыбіла да берага, і Сіндбад з Ахмедам і Хасанам выйшлі на сушу. Яны паціху пайшлі наперад, падбіраючы з зямлі ягады і карэнне, і ўбачылі высокія, разгалістыя дрэвы на беразе ручая. Густая трава так і клікала прылегчы і адпачыць.
    Сіндбад лёг пад дрэвам і зараз жа заснуў. Яго разбудзіў нейкі дзіўны гук, быццам хтосьці пераціраў зерне паміж двума вялізнымі камянямі. Сіндбад расплюшчыў вочы і ўскочыў на ногі. Ён убачыў перад сабою вялізнага змея з шырокай пашчай, як у кіта. Змей спакойна ляжаў на жывацеі ляніва, з гучным хрустам варушыў сківіцамі. Гэты хруст і разбудзіў Сіндбада. А з пашчы змея тырчалі чалавечыя ногі ў сандалях. Па сандалях Сіндбад пазнаў, што гэта ногі Ахмеда.
    Паступова Ахмед цалкам знік у чэраве змея, і змей паціху папоўз у лес. Калі ён схаваўся, Сіндбад агледзеўся наўкола і ўбачыў, што ён застаўся адзін. “А дзе ж Хасан? — падумаў Сіндбад. — Няўжо яго таксама з’еў змей?”
    — Гэй, Хасан, дзе ты? — крыкнуў ён.
    — Тут! — пачуўся голас аднекуль зверху. Сіндбад узняў галаву і ўбачыў Хасана, які сядзеў скурчаны ў густых галінах дрэва, ні жывы ні мёртвы ад страху. — Залазь і ты сюды! — крыкнуў ён Сіндбаду.
    Сіндбад захапіў з зямлі некалькі какосавых арэхаў і ўзлез на дрэва. Яму давялося сядзець на верхняй галіне, і гэта было вельмі нязручна. А Хасан цудоўна ўладкаваўся на шырокім суку ніжэй.
    Шмат гадзін праседзелі Сіндбад і Хасан на дрэве, кожную хвіліну чакаючы з’яўлення змея. Пачало змяркацца, настала ноч, а пачвары ўсё не было. Нарэшце Хасан не вытрымаў і заснуў, абапершыся спіною аб ствол дрэва і звесіўшы ногі. Неўзабаве задрамаў і Сіндбад. Калі ён прачнуўся, было светла і сонца стаяла даволі высока. Сіндбад асцярожна нахіліўся і паглядзеў уніз. Хасана на галіне больш не было. На траве, пад дрэвам, бялела яго чалма і валяліся стаптаныя туфлі — усё, што засталося ад беднага Хасана. “Яго таксама зжэр гэты жудасны змей, — падумаў Сіндбад. ■— Відаць, і на дрэве ад яго не схаваешся”.
    Цяпер Сіндбад быў адзін на востраве. Доўга шукаў ён якое-небудзь месца, каб схавацца ад змея, але на востраве не было ніводнай скалы або пячоры. Стомлены ад пошукаў, Сіндбад прысеў на зямлі каля самага мора і стаў думаць, як бы яму паратавацца.
    “Калі я вырваўся з рук людаеда, дык няўжо я дам сябе з’есці змею? — думаў ён. — Я чалавек, і ў мяне ёсць розум, які дапаможа мне перахітрыць гэтую пачвару”.
    Раптам з мора накаціла вялікая хваля і выкінула на бераг тоўстую карабельную дошку. Сіндбад убачыў гэтую дошку і зараз жа прыдумаў, як яму паратавацца. Ён узяў дошку, падабраў на беразе яшчэ некалькі дошак, меншых па памеры, і панёс іх у лес. Выбраўшы дошку неабходнага, на яго думку, памеру, Сіндбад прывязаў яе да сваіх ног вялікім кавалкам пальмавага лыка. Такую ж дошку ён прывязаў да галавы, а дзве іншыя — да тулава, справа і злева, так што апынуўся як быццам у скрынцы. А потым ён лёг на зямлю і стаў чакаць.
    Неўзабаве пачуўся трэск галля і гучнае шыпенне. Змей пачуў пах чалавека і адшукаў сваю здабычу. 3-за дрэваў паказалася яго доўгая галава, на якой свяціліся, як два факелы, вялікія вочы. Ён падпоўз да Сіндбада, шырока раззявіў пашчу і высунуў доўгі раздвоены язык.
    Змей здзіўлена разглядваў скрынку, з якой так смачна пахла чалавекам, і паспрабаваў захапіць яе і разгрызці зубамі, але моцнае дрэва не паддалося.
    Змей абышоў Сіндбада з усіх бакоў, спрабуючы сарваць з яго драўляны шчыт. Але шчыт быў надта моцным, і змей толькі абламаў сабе зубы. Ад лютага гневу ён стаў біць хвастом па дошках. Дошкі задрыжалі, але вытрымалі. Доўга біўся змей, але так і не дабраўся да Сіндбада. Нарэшце ён знясілеў і папоўз назад у лес, ён шыпеў і раскідваў хвастом сухое лісце.
    Сіндбад хуценька адвязаў дошкі і ўскочыў на ногі. “Ляжаць паміж дошкамі вельмі нязручна, але калі змей захопіць мяне безабаронным, ён мяне зжарэ, — сказаў сабе Сіндбад. — Трэба ўцякаць з вострава. Няхай лепш я патану ў моры, чым загіну ў пашчы змея, як Ахмед і Хасан”.
    I Сіндбад вырашыў зноў змайстраваць сабе плыт. Ён вярнуўся да мора і пачаў збіраць дошкі. Раптам ён заўважыў
    непадалёку ветразь карабля. Карабель усё набліжаўся, спадарожны вецер гнаў яго да берагоў вострава. Сіндбад сарваў з сябе кашулю і пачаў бегаць па беразе, размахваючы ёю. Ён махаў рукамі, крычаў і ўсяляк імкнуўся звярнуць на сябе ўвагу. Нарэшце матросы заўважылі яго, і капітан загадаў спыніць карабель. Сіндбад кінуўся ў ваду і некалькімі ўзмахамі дасягнуў карабля. Па ветразях і вопратцы матросаў ён пазнаў, што карабель належыць яго землякам. Сапраўды, гэта быў арабскі карабель. Капітан карабля шмат чуў расказаў пра востраў, дзе жыве страшны змей, але ніколі не чуў, каб хто-небудзь ад яго выратаваўся.
    Матросы ветліва сустрэлі Сіндбада, накармілі і апранулі яго. Капітан загадаў узняць ветразі, і карабель паімчаў далей.
    Доўга плыў ён па моры і нарэшце даплыў да нейкай зямлі. Капітан спыніў карабель каля прыстані, і ўсе падарожнікі вьійшлі на бераг прадаваць і выменьваць свае тавары. Толькі ў Сіндбада нічога не было. Сумны і замаркочаны, застаўся ён на караблі. Неўзабаве капітан паклікаў яго да сябе і сказаў:
    — Я хачу зрабіць добрую справу і дапамагчы табе. 3 намі быў адзін падарожнік, якога мы згубілі, і я не ведаю, памёр ён ці жывы. А тавары яго так і ляжаць у труме. Вазьмі іх і прадай на рынку, і я дам табе што-небудзь за гэта. А тое, што не ўдасца прадаць, мы адвязём у Багдад і аддадзім яго сваякам.
    — 3 ахвотай зраблю гэта, — сказаў Сіндбад.
    I капітан загадаў матросам вынесці тавары з трума.
    Калі выгрузілі апошні цюк, карабельны пісар спытаў у капітана:
    — Што гэта за тавары і як клічуць іх гаспадара? На чыё імя іх запісаць?
    — Запішы на імя Сіндбада-Марахода, які плыў з намі на караблі і прапаў, — адказаў капітан.
    Пачуўшы гэта, Сіндбад ледзь не страціў прытомнасць ад здзіўлення і радасці.
    — 0 пан, — звярнуўся ён да капітана, — ці ведаеш ты таго чалавека, чые тавары ты загадаў мне прадаць?
    — Гэта быў чалавек з горада Багдада па імені СіндбадМараход, — адказваў капітан.
    — Гэта я Сіндбад-Мараход! — закрычаў Сіндбад. — Я не прапаў, а заснуў на беразе, а ты не дачакаўся мяне іпаплыў. Гэта было ў маё мінулае падарожжа, калі птушка Рух прынесла мяне ў даліну алмазаў.
    Матросы пачулі словы Сіндбада і абступілі яго. Некаторыя верылі яму, іншыя называлі яго ашуканцам. I раптам падышоў да капітана адзін купец, які таксама плыў на гэтым караблі, і сказаў:
    — Памятаеш, я табе расказваў, як я быў на алмазнай гары і скінуў у даліну кавалак мяса, і да мяса прычапіўся нейкі чалавек, і арол прынёс яго на гару разам з мясам? Ты мне не паверыў і сказаў, што я хлушу. Вось чалавек, які прывязаўся турбанам да майго кавалка мяса. Ён падарыў мне такія алмазы, лепшых за якія не бывае, і сказаў, што яго клічуць Сіндбад-Мараход.
    Тут капітан абняў Сіндбада і сказаў яму:
    — Вазьмі свае тавары. Цяпер я веру, што ты СіндбадМараход. Прадай іх хутчэй, пакуль на рынку не скончыўся гандаль.
    Сіндбад прадаў свае тавары з вялікай прыбыллю і вярнуўся ў Багдад на тым жа караблі. Ён быў вельмі задаволены, што вярнуўся дадому, і цвёрда вырашыў ніколі больш не падарожнічаць.
    Так закончылася трэцяе падарожжа Сіндбада.
    Чацвёртае падарожжа
    Але мінула крыху часу, і Сіндбаду зноў захацелася пабываць у чужых краінах. Ён накупіў самых дарагіх тавараў, выправіўся ў Басру, наняў добры карабель і паплыў убокіндыі.
    Першыя дні ўсё ішло добра, але аднойчы пад раніцу ўсчалася бура. Сіндбада стала кідаць па хвалях, як трэску. Капітан загадаў кінуць якар на мелкаводдзі, каб перачакаць буру. Але не паспеў карабель спыніцца, як якарныя ланцугі лопнулі, і карабель панесла прама на бераг. Ветразі на караблі парваліся, хвалі залілі палубу і змылі ўсіх купцоў і матросаў у мора.