• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    I нарэшце я прыйшоў у адзін горад і ўбачыў перад яго варотамі мноства рабоў, узброеных, з жалезнымі крукамі ў руках. I рабы ўбачылі мяне, падняліся на ногі і спыталіся:
    — Ты лекар?
    — Так, — адказаў я.
    I яны сказалі:
    — Адказвай цару!
    I мяне павялі да яго, і раптам бачу я: гэта вялікі цар з прыгожым тварам. Калі я ўвайшоў, ён паглядзеў на мяне і сказаў:
    — Ты лекар?
    — Так, — адказаў я.
    I цар сказаў:
    — Адвядзіце яго да яе і паведаміце ўмову, перш чым ён увойдзе да яе.
    I мяне вывелі і сказалі:
    — У цара ёсць дачка, якая моцна захварэла, і дактары бяссільныя яе вылечыць. Кожнага лекара, які ўваходзіў да яе і лячыў яе, але яго лячэнне не прыносіла карысці, цар забіваў. Падумай, як табе вырашыць.
    — Цар адправіў мяне да яе, — сказаў я, — вядзіце ж мяне.
    I мяне падвялі да дзвярэй царэўны і пастукаліся ў іх, і раптам чуюць, як яна крычыць з пакоя:
    — Увядзіце да мяне лекара, які валодае дзіўнай тайнай! — I потым гаворыць:
    Адчыняйце дзверы — вось з’явіўся доктар, На мяне зірніце: тайны выйшаў час.
    I дакуль, хто блізкі, ад мяне далёка?
    I дакуль далёкі будзе каля нас?
    Сярод вас, о людзі, я жыву ў выгнанні.
    Блізкага паслаў бог суцяшэннем мне,
    Роднымі зрабіў нас дух веравызнання, Ён, як закаханы, на сустрэчу мкне.
    Ён мяне паклікаў, з ім мы размаўлялі, Быў ад нас далёка злосны ліхадзей.
    Годзе нам няславы, годзе пракліналі.
    Гора вам, не стану слухаць я людзей!
    Вам непаслухмянай быць мне небяспечна, Але я ж імкнуся да таго, што вечна.
    I раптам нейкі састарэлы старац паспяшаўся адЧмніць дзверы і сказаў:
    — Заходзь!
    I я ўвайшоў і ўбачыў пакой, увабраны ўсімі магчымымі кветкамі, і фіранку, апушчаную ў куце. 3-за фіранкі чуліся слабыя стогны, якія ішлі са схуднелага цела. I я сеў насупраць фіранкі і хацеў прамовіць прывітанне, але ўспомніў словы: “He жадайце першымі міру яўрэям або хрысціянам, а калі сустрэнеце іх на дарозе, сапітурхоўвайце на шлях вузейшы”, — і ўстрымаўся. I дзяўчына закрычала па-за фіранкай:
    — Дзе прывітанне веры ў адзінага бога і адданасці Алаху, о Хавас?
    I я здзівіўся гэтаму і запытаўся ў дзяўчыны:
    — Як ты мяне пазнала?
    I яна адказала:
    — Калі чыстыя сэрца і розум, язык гаворыць ясна аб тым, што скрыта ў патаемных думках. Я прасіла ўчора Алаха паслаць да мяне сябра з ліку сяброў, які дапаможа атрымаць мне вызваленне, і пачуўся голас у маім пакоі: “He сумуй, мы пашлём да цябе Ібрахіма аль-Хаваса”.
    — Што з табою? — запытаўся я ў дзяўчыны.
    I яна сказала:
    — Ужо чатыры гады, як заззяла мне ісціна, і яна — мне суразмоўца і сябар, мой блізкі і таварыш! Сваякі глядзелі на мяне з непаразуменнем, выказвалі розныя здагадкі і прыпісвалі мне вар’яцтва. Але ўсе дактары і лекары, што прыходзілі да мяне, наганялі на мяне сум, і наведвальнікі мяне бянтэжылі.
    — А што прывяло цябе да таго, чаго ты дасягнула? — спытаўся я.
    I дзяўчына сказала:
    — Яўныя доказы і ясныя знаменні: калі ты ясна бачыш дарогу, то ўбачыш і тых, хто вядзе і каго вядуць.
    I калі я размаўляў з дзяўчынай, раптам прыйшоў зноў той самы састарэлы чалавек, які быў да яе прыстаўлены, і спытаў:
    — Што зрабіў твой лекар?
    I дзяўчына сказала:
    — Ён выявіў хваробу і ўгадаў лячэнне.
    I я ўбачыў, што ён рады і задаволены, і ён выказаў да мяне ласку і зычлівасць. Стары пайшоў да цара і паведаміў яму аб усім, і цар сказаў яму выказваць да мяне павагу. I на працягу сямі дзён я наведваў дзяўчыну.
    Нарэшце яна запыталася ў мяне:
    — 0 Абу Ісхак, калі ж будзе перасяленне ў зямлю ісламу?
    I я адказаў:
    — Як можна вывесці цябе адсюль, і хто адважыцца гэта зрабіць?
    — Той, хто прывёў цябе да мяне і накіраваў, — прамовіла дзяўчына.
    I я ўсклікнуў:
    — Цудоўна тое, што ты сказала!
    I калі прыйшоў наступны дзень, мы прайшлі праз вароты крэпасці, і схаваў нас ад вачэй вартаўнікоў той, чыя справа, калі ён пажадае чаго-небудзь, сказаць: “Будзь!” — і яно бывае. I я не бачыў нікога, хто лепш выносіў бы пост і стаянне на малітве, чым гэтая дзяўчына. Яна жыла паблізу свяшчэннага храма Алаха сем гадоў, а затым тэрмін яе жыцця закончыўся, і была зямля Мекі ёй магілай”.
    I вось што расказаў аль-Хавас.
    СІНДБАД-МАРАХОД *
    Першае падарожжа
    Даўным-даўно жыў у горадзе Багдадзе купец, якога клікалі Сіндбад. У яго было шмат тавараў і грошай, і яго караблі плавалі па ўсіх морах. Капітаны караблёў, калі вярталіся з падарожжаў, расказвалі Сіндбаду дзіўныя гісторыі аб сваіх прыгодах, і аб далёкіх краінах, дзе яны пабывалі.
    Сіндбад слухаў іх расказы, і яму ўсё больш і больш хацелася сваімі вачамі пабачыць дзівосы і цуды чужых краін.
    I вось ён вырашыў паехаць у далёкае падарожжа.
    * Казка пададзена ў скарочаным пераказе.
    Ён накупіў мноства тавараў, выбраў самы хуткі і моцны карабель і пусціўся ў шлях. 3 ім паехалі і іншыя купцы, са сваімі таварамі.
    Доўга плыў іхні карабель з мора ў мора і ад сушы да сушы. Яны прычальвалі да зямлі і прадавалі і выменьвалі свае тавары.
    I вось аднойчы, калі яны ўжо шмат дзён і начэй не бачылі зямлі, матрос на мачце закрычаў:
    — Бераг! Бераг!
    Капітан накіраваў карабель да берага і кінуў якар каля зялёнага вострава. Там раслі цудоўныя, нябачаныя раней імі кветкі, а на галінах разгалістых дрэў спявалі рознакаляровыя птушкі.
    Падарожнікі сышлі на зямлю, каб адпачыць ад марской гайданкі. Адны з іх расклалі вогнішча і сталі гатаваць ежу, другія мылі бялізну ў драўляных начоўках, а некаторыя гулялі па востраве. Сіндбад таксама пайшоў гуляць і неўпрыкмет аддаліўся ад берага. Раптам зямля заварушылася ў яго пад нагамі, і ён пачуў гучны крык капітана:
    — Ратуйцеся! Бяжыце на карабель! Гэта не востраў, a вялізная рыбіна!
    I сапраўды, гэта была рыбіна. Яе занесла пяском, на ёй выраслі дрэвы, і яна стала падобная да вострава. Але калі падарожнікі расклалі агонь, рыбе зрабілася горача, і яна заварушылася.
    — Хутчэй! Хутчэй! — крычаў капітан. — Зараз яна нырне на дно!
    Купцы пакідалі свае катлы і начоўкі і з жахам кінуліся да карабля. Але толькі тыя, што былі каля самага берага, паспелі дабегчы. Рыба-востраў апусцілася ў глыбіню мора, і ўсе, хто не дабег, пайшлі на дно. Хвалі з ровам сышліся па-над імі.
    Сіндбад таксама не паспеў дабегчы да карабля. Хвалі абрынуліся на яго, але ён добра плаваў і вынырнуў на паверхню мора. Паўз яго праплывалі вялікія начоўкі, у якіх купцы толькі што мылі бялізну. Сіндбад сеў верхам на начоўкі і паспрабаваў нагамі працаваць, як вёсламі. Але хвалі кідалі начоўкі направа і налева, і Сіндбад не мог імі кіраваць.
    Капітан карабля загадаў падняць ветразі і паплыў прэч ад гэтага месца, нават не пазірнуўшы на Сіндбада, які тануў.
    Сіндбад доўга глядзеў услед караблю, а калі карабель знік удалечыні, ён заплакаў ад гора і адчаю. Цяпер яму не было адкуль чакаць выратавання.
    Хвалі білі ў начоўкі і кідалі іх з боку ў бок увесь дзень і ўсю ноч. А раніцай Сіндбад раптам убачыў, што яго прыбіла да высокага берага. Сіндбад ухапіўся за галіны дрэваў, якія схіляліся па-над вадой, і з апошніх сіл ускарабкаўся на бераг. Як толькі Сіндбад адчуў сябе на цвёрдай зямлі, ён упаў на траву і ляжаў як мёртвы ўвесь дзень і ўсю ноч.
    Раніцай ён вырашыў пашукаць якую-небудзь ежу. Ён дайшоў да вялікага зялёнага поплава, пакрытага рознакаляровымі кветкамі, і раптам убачыў перад сабой каня, прыгажэй за якога няма на свеце. Ногі каня былі спутаныя, і ён скуб траву на поплаве.
    Сіндбад спыніўся, залюбаваўшыся гэтым канём, і неўзабаве заўважыў удалечыні чалавека, які бег, размахваў рукамі і нешта крычаў. Ён падбег да Сіндбада і спытаўся ў яго:
    — Хто ты такі? Адкуль ты і як ты патрапіў у нашу краіну?
    — О пане, — адказаў Сіндбад, — я чужаземец. Я плыў на караблі па моры, і мой карабель пакінуў мяне, калі я тануў, а мне ўдалося ўхапіцца за начоўкі, у якіх мыюць бялізну. Хвалі да таго часу насілі мяне па моры, пакуль не прынеслі да вашых берагоў. Скажы мне, чый гэта конь, такі прыгожы, і чаму ён пасвіцца тут адзін?
    — Ведай, — адказваў чалавек, — што я конюх цара альМіхрджана. Нас шмат, і кожны з нас даглядае толькі аднаго каня. Увечары мы прыводзім іх пасвіцца на гэты поплаў, a раніцай адводзім назад у канюшню. Наш цар вельмі любіць чужаземцаў. Пойдзем да яго — ён сустрэне цябе ветліва і ласкава.
    — Дзякуй табе, пане, за тваю дабрыню, — сказаў Сіндбад.
    Конюх накінуў на каня сярэбраную аброць, зняў путы і павёў яго ў горад. Сіндбад ішоў услед за конюхам.
    Хутка яны прыйшлі ў палац, і Сіндбада ўвялі ў залу, дзе сядзеў на высокім троне цар аль-Міхрджан. Цар ласкава абышоўся з Сіндбадам і стаў у яго распытваць, і Сіндбад расказаў яму аб усім, што з ім здарылася. Аль-Міхрджан выказаў ласку да яго і прызначыў яго начальнікам гавані.
    3 ранку да вечара стаяў Сіндбад на прыстані і запісваў караблі, якія прыходзілі ў гавань. Ён доўга пражыў у краіне
    цара аль-Міхрджана, і ўсякі раз, калі да прыстані падыходзіў карабель, Сіндбад пытаўся ў матросаў і купцоў, у якім баку горад Багдад. Але ніхто з іх нічога не чуў пра Багдад, і Сіндбад амаль перастаў спадзявацца, што пабачыць родны горад.
    А цар аль-Міхрджан вельмі палюбіў Сіндбада і зрабіў яго сваім набліжаным. Ён часта гутарыў з ім аб яго краіне і, калі аб’язджаў свае ўладанні, заўсёды браў Сіндбада з сабою.
    Шмат цудаў і дзівосаў давялося ўбачыць Сіндбаду ў краіне цара аль-Мірхджана, але ён не забыў сваю радзіму і толькі аб тым і думаў, як бы вярнуцца ў Багдад.
    Аднойчы Сіндбад стаяў, як заўжды, на беразе мора, сумны і задуменны. У гэты час падышоў да прыстані вялікі карабель, на якім было шмат купцоў і матросаў. Усе жыхары горада выбеглі на бераг сустракаць карабель. Матросьі сталі выгружаць тавары, а Сіндбад стаяў і запісваў. Пад вечар Сіндбад запытаўся ў капітана.
    — Ці многа яшчэ засталося тавараў на тваім караблі?
    — У труме ляжыць яшчэ некалькі цюкоў, — адказаў капітан, — але іх уладальнік патануў. Мы хочам прадаць гэтыя тавары, а грошы адвезці яго родным у Багдад.
    — Як імя ўладальніка гэтых тавараў? — спытаўся Сіндбад.
    — Яго імя Сіндбад, — адказваў капітан.
    Пачуўшы гэта, Сіндбад гучна ўскрыкнуў і сказаў:
    — Я Сіндбад! Я сышоў з твайго карабля, калі ён прыстаў да вострава-рыбы, а ты паехаў і пакінуў мяне, калі я тануў у моры. Гэтыя тавары — мае тавары.
    — Ты хочаш мяне ашукаць! — закрычаў капітан. — Я сказаў табе, што ў мяне на караблі ёсць тавары, уладальнік якіх патануў, і ты жадаеш забраць іх сабе! Мы бачылі, як Сіндбад тануў, і з ім патанула многа купцоў. Як жа ты гаворыш, што тавары твае? Няма ў цябе ні гонару, ні сумлення!