Тысяча і адна ноч
Арабскія народныя казкі
Выдавец: Вышэйшая школа
Памер: 543с.
Мінск 1998
запар: ты спаліш мяне агнём гэтых імён і страціш мяне, і будзеш шкадаваць пасля гэтага. Я паведаміў табе пра сябе, і канец.
— Як тваё імя? — спытаў у яго Маруф.
I марыд адказаў:
— Маё імя Абу-с-Саадат.
I Маруф сказаў:
— 0 Абу-с-Саадат, што гэта за памяшканне і хто прычараваў цябе да гэтай каробачкі?
— О пан, — адказаў марыд, — гэта памяшканне — скарбніца Шчадада, сына Пекла, які пабудаваў Ірэм шматслуповы*, падобнага якому не ўзведзена ў свеце. Я служыў яму пры жыцці, і гэта ягоны пярсцёнак. Шчадад паклаў яго ў сваю скарбніцу, але цяпер ён — твая доля!
— Ці можаш ты вынесці тое, што ў гэтай скарбніцы, на паверхню зямлі? — спытаўМаруф.
I марыд адказаў:
— Так! Гэта самая лёгкая справа.
I тады Маруф сказаў:
— Вынясі ўсё, што ў ёй ёсць, і не пакідай нічога.
I Абу-с-Саадат паказаў рукою на зямлю, і зямля расступілася, і ён апусціўся і знік на нейкі час. Неўзабаве раптам выйшлі з-пад зямлі стройныя юнакі з прыгожымі тварамі, якія неслі залатыя кашы з золатам. Яны спаражнілі іх і пайшлі, і прынеслі іншыя. I гэтак яны прыносілі золата і каштоўныя камяні амаль на працягу гадзіны, a потым сказалі:
— У сховішчы не засталося нічога.
Затым перад Маруфам з’явіўся Абу-с-Саадат і сказаў яму:
— 0 гаспадар мой, усё, што было ў скарбніцы, мы перанеслі.
I Маруф запытаўся:
— Што гэта за прыгожыя юнакі?
I марыд адказаў:
— Гэта мае дзеці. Для гэтай працы мне не варта было склікаць памочнікаў, мае дзеці мелі гонар саслужыць табе службу. Патрабуй жа, чаго ты хочаш, акрамя гэтага.
— Ці маглі б вы прывесці мулаў са скрынямі, скласці гэтыя багацці і пагрузіць на мулаў? — спытаўся Маруф.
I марыд адказаў:
— Гэта самая лёгкая справа! — I затым ён моцна крыкнуў, і да яго з’явіліся яго дзеці, а іх было восем соцень. — Няхай частка з вас стане муламі, а частка — цудоўнымі нявольнікамі, самаму апошняму з якіх няма роўных у цара. Частка з вас няхай зробіцца пагоншчыкамі, а частка — слугамі, — сказаў ён ім.
I яны зрабілі тое, што ён ім загадаў. Семсот з іх ператварыліся ў мулаў, астатнія сто — у слуг. А потым марыд паклікаў сваіх памочнікаў, і яны ўсталі перад ім. I тады ён загадаў частцы з іх прыняць выгляд коней, пад залатымі сёдламі і ўпрыгожаных каштоўнымі камянямі.
Золата і каштоўнасці былі складзены і пагружаны на трохсот мулаў. I тады Маруф запытаўся:
— 0 Абу-с-Саадат, ты можаш мне прынесці цюкі дарагіх тканін?
— Ты хочаш тканін егіпецкіх ці сірыйскіх, ці персідскіх, ці індыйскіх, ці румскіх? — спытаўся марыд.
— Прынясі мне матэрыі кожнай краіны па сто цюкоў на ста мулах, — сказаў Маруф.
— 0 ўладар мой, — сказаў марыд, — дай мне тэрмін, каб я мог прызначыць для гэтага сваіх памочнікаў. Кожнаму атраду я загадаю адправіцца ў якую-небудзь краіну і прынесці сто цюкоў тканін.
— А які па часе тэрмін? — спытаў Маруф.
I марыд сказаў:
— Той час, пакуль чорная ноч. I не ўстане дзень, як у цябе будзе ўсё, што ты хочаш!
— Я даю табе гэты тэрмін, — сказаў Маруф. Затым ён загадаў паставіць палатку, і яе паставілі. Яму прынеслі абед, і Абу-с-Саадат сказаў:
— 0 гаспадар мой, сядзь у палатцы, а мае сыны будуць перад табой, каб ахоўваць цябе. He бойся нічога, я ж пайду збяру памочнікаў і пашлю выконваць твой загад.
I Абу-с-Саадат пайшоў сваёй дарогай, а Маруф сеў у палатцы, трапеза стаяла перад ім, а сыны Абу-с-Саадата ў выглядзе нявольнікаў знаходзіліся вакол яго. I калі ён так сядзеў, раптам падышоў той араты і прынёс вялікую міску сачавіцы і торбу з ячменем. Ён убачыў палатку і
нявольнікаў і падумаў, што сам султан прыйшоў і стаў у гэтым месцы. I тады ён спыніўся, збянтэжаны, і сказаў сабе: “0, калі б я зарэзаў пару куранят і падсмажыў бы іх дзеля султана!” Ён хацеў вярнуцца, зарэзаць куранят і пачаставаць імі султана, але Маруф згледзеў яго і закрычаў яму, a нявольнікам загадаў:
— Прывядзіце яго!
I нявольнікі прынеслі аратага разам з міскай сачавіцы і паставілі яго перад Маруфам.
— Што гэта такое? — сказаў Маруф.
I араты адказаў:
— Гэта твой абед і корм твайму каню. He наракай на мяне — я не думаў, што султан прыйдзе ў гэтае месца. Калі б я гэта ведаў, то я зарэзаў бы яму куранят і пачаставаў бы яго.
I Маруф сказаў:
— Султан не прыехаў, але я яго зяць, і быў на яго раззлаваны, і ён прыслаў да мяне сваіх нявольнікаў, якія прымірылі мяне з ім. I цяпер я хачу вярнуцца ў горад. Але ты прыгатаваў мне пачастунак, не ведаўшы гэтага, і твой пачастунак прыняты, хаця гэта і сачавіца. Я не буду есці нічога, акрамя твайго пачастунку.
Калі міска была апарожненая, Маруф напоўніў яе золатам і сказаў аратаму:
— Аднясі яе да сябе дадому і прыходзь да мяне ў горад, я прыму цябе з пашанай.
I араты ўзяў міску з золатам і пагнаў сваіх быкоў у вёску. А Маруф правёў гэты вечар у радасці і весялосці. Да яго прыйшлі дзяўчаты ад марыда і сталі іграць на інструментах і танцаваць перад ім. I гэта была дзівосная ноч у яго жыцці.
Яшчэ не настала раніца і не паспеў Маруф апамятацца, як узняўся пьіл і рассеяўся над муламі, якія везлі цюкі з тканінамі. I было семсот мулаў, а іх суправаджалі слугі. Абу-с-Саадат сядзеў на муле з выглядам галоўнага ў караване, і перад ім неслі насілкі з чатырма шарамі з чырвонага золата, упрыгожанымі каштоўнымі камянямі.
Наблізіўшыся да палаткі, марыд сышоў з мула, пацалаваў зямлю і сказаў:
— О гаспадар, справа выканана, а вось насілкі, у якіх адзежа са скарбніцы, — ёй няма падобнай сярод царскай адзежы. Апрані ж яе, сядай у насілкі і загадвай нам.
— О Абу-с-Саадат, — сказаў Маруф, — я хачу напісаць пісьмо, з якім ты пойдзеш у горад да майго цесця, цара. Але не ўваходзь да яго няйначай як у абліччы ганца, прыемнага з выгляду.
— Слухаю і падпарадкоўваюся, — сказаў марыд.
I Маруф напісаў пісьмо, запячатаў яго, і Абу-с-Саадат пайшоў з пісьмом у горад.
Ён увайшоў да цара і ўбачыў, што той гаворыць:
— 0 візір, маё сэрца непакоіцца за майго зяця, баюся, каб яго не забілі качэўнікі. 0, калі б я ведаў, куды ён пайшоў, я адправіў бы ўслед войска!
— Няхай злітуеода Алах над табою за тваю даверлівасць, — адказаў візір. — Клянуся тваёй галавой, гэты чалавек зразумеў, што мы яго западозрылі, і пабаяўся ганьбы, вось і ўцёк. Ён не хто іншы, як ашуканец і падманшчык!
I раптам увайшоў ганец, і пацалаваў зямлю перад царом, і пажадаў яму вечнай славы, шчасця і жыцця. I цар запытаў у яго:
— Хто ты і што табе трэба?
I ганец адказаў:
— Я ганец, і мяне прыслаў да цябе твой зяць. Ён набліжаецца з караванам і прыслаў табе са мной пісьмо. Вось яно.
Цар узяў яго, прачытаў і ўбачыў пасля вялікіх прывітанняў такія словы: “Я прыбыў з паклажай. Выступай і сустракай мяне з войскам”.
— Няхай ачэрніць Алах твой твар, о візір! — усклікнуў тады цар. — Колькі ты няславіў майго зяця і называў яго ашуканцам і хлусам, а ён прыбыў з паклажай. I падманшчык ты, а не хто іншы.
Візір апусціў галаву да зямлі ад сораму і сказаў:
— О цар часу, я гаварыў гэта толькі з-за таго, што паклажа доўга адсутнічала, і баяўся, што прапалі твае грошы, якія ты патраціў.
— 0 падманшчык, — сказаў цар, — што такое грошы, калі прыйшоў яго караван? Ён замест іх дасць нам многа дабра!
I затым цар загадаў упрыгожыць горад і пайшоў да сваёй дачкі, і сказаў ёй:
— Добрая вестка! Твой муж хутка прыедзе са сваёй паклажай. Ён прыслаў мне пісьмо, і я выязджаю яму насустрач.
I дзяўчына здзізілася гэтаму і сказала сабе: “ Вось неверагодна! Хіба што ён смяяўся з мяне ці хацеў выпрабаваць мяне, калі сказаў, што бедны? Але хвала Алаху, што з-за мяне ён не апынуўся ў прыніжэнні”.
Вось што было з Маруфам. Што ж да купца Алі, то, убачыўшы, што горад упрыгожваюць, ён запытаўся аб прычыне гэтага, і яму сказалі:
— Да купца Маруфа, зяця цара, прыйшла яго паклажа.
— Алах вялікі! — усклікнуў Алі. — Што гэта за бяда! Ён прыйшоў да мяне, уцёк ад сваёй жонкі, і быў бедняком! Адкуль жа прыйшла да яго паклажа? Але, можа быць, дачка цара прыдумала дзеля яго хітрасць, каб пазбегнуць ганьбы, а цары ва ўсім магутныя. Няхай абароніць яго Алах вялікі і няхай не зняславіць!
А іншыя купцы абрадаваліся і павесялелі, што атрымаюць свае грошы.
I цар сабраў сваё войска і выступіў, а Абу-с-Саадат вярнуўся да Маруфа і расказаў яму аб тым, што даставіў пасланне. I тады Маруф сказаў грузіць усё, а сам апрануў адзежу са скарбніцы, сеў у насілкі і стаў у тысячу разоў велічней за цара.
На сярэдзіне дарогі яго сустрэў цар з войскам. Цар кінуўся да зяця, прывітаў яго і пажадаў міру. I ўсе вяльможы царства таксама жадалі яму міру. I стала зразумела ўсім, што Маруф быў праўдзівы і што няма за ім маны.
I ён увайшоў у горад у шэсці, ад якога лопне жоўцевы пухір у льва, і купцы падбеглі да яго і цалавалі зямлю перад ім. А купец Алі сказаў яму:
— Табе ўдалася гэтая выхадка, о шэйх ашуканцаў, але ты гэтага заслужыў! Алах вялікі няхай будзе шчодрым да цябе!
I Маруф засмяяўся. Увайшоўшы ў палац, ён сеў на прастол і сказаў:
— Нясіце цюкі з золатам у казну цара і падайце сюды цюкі з тканінамі.
Маруф раскрыў усе семсот цюкоў і выбраў самае лепшае з іх,і сказаў:
— Аднясіце гэта царэўне, каб яна раздала сваім нявольніцам, і вазьміце гэтую скрыню з каштоўнымі камянямі і аднясіце яе царэўне, каб яна раздала іх нявольніцам і еўнухам.
I ён пачаў раздаваць тканіны купцам, якім быў вінен. I таму, каму належала вярнуць тысячу, ён даваў тканін на дзве тысячы і болей. А потым ён стаў раздаваць міласціну жабракам і беднякам. I цар глядзеў на яго і не мог яму перашкодзіць.
I да таго часу ён раздаваў і адорваў, пакуль не раздаў усе семсот цюкоў. Тады ён павярнуўся да воінаў і пачаў раздаваць ім каштоўныя металы, смарагды, жэмчугі і іншыя каштоўнасці, і даваў камяні толькі жменямі.
I цар сказаў яму:
— 0 дзіця маё, даволі раздаваць — ад тваёй паклажы засталося ўжо мала.
I Маруф сказаў:
— У мяне многа!
А потым скарбнік падышоў да цара і сказаў:
— О цар часу, казна напоўнілася і ўжо не змяшчае астатніх цюкоў. А тое, што засталося з золата і металаў, — куды мы гэта складзём?
I цар паказаў яму іншае месца. Калі жонка Маруфа ўбачыла гэта, яе радасць узрасла, і яна здзівілася і сказала сабе: “Паглядзець бы, адкуль прьійшло да яго ўсё гэтае дабро!” I купцы таксама радаваліся таму, што Маруф даў ім, і жадалі яму шчасця.