• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тысяча і адна ноч Арабскія народныя казкі

    Тысяча і адна ноч

    Арабскія народныя казкі

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 543с.
    Мінск 1998
    121.37 МБ
    I Фаціма сказала:
    — Тое, што здарылася, прадвызначана вялікім Алахам. Я раскайваюся і знаходжуся пад тваёй апекай. He пакідай мяне і дазволь мне есці хлеб у цябе як міласціну.
    I яна да таго часу прыніжалася перад ім, пакуль яго сэрца не змякчэла, і тады ён сказаў:
    — Раскайся ў зле і жыві ў мяне, і будзе табе толькі радасць і дабро. А калі зробіш што-небудзь дрэннае, я заб’ю цябе і не пабаюся нікога. I няхай табе не прыйдзе ў галаву скардзіцца на мяне вышэйшаму двару, каб па мяне паслалі Абу Табака з крэпасці: я стаў султанам, і людзі баяцца мяне, а я баюся толькі вялікага Алаха. У мяне ёсць пярсцёнак са слугою, і калі я яго тру, з’яўляецца да мяне слуга пярсцёнка па імені Абу-с-Саадат, і ўсё, што я ад яго патрабую, ён
    мне прыносіць. Калі ты захочаш вярнуцца ў свой горад, я дам табе столькі грошай, што табе хопіць на ўсё жыццё. A калі ты захочаш жыць у мяне, то я вызвалю для цябе дом і прыбяру яго лепшым шоўкам. Я прызначу табе дваццаць нявольніц, якія будуць табе служыць, і буду выдаваць табе ежу і раскошныя адзежы. I ты станеш царыцай і будзеш жыць у вялікім шчасці, пакуль не памрэш ці я не памру. Што ты скажаш на гэтыя словы?
    I Фаціма сказала:
    — Я хачу застацца з табой.
    I яна пацалавала Маруфу руку і раскаялася ў дрэнным. Ён адвёў ёй асобны дом і даў нявольніц і еўнухаў, і яна стала царыцай.
    Сын Маруфа стаў хадзіць да яе і да свайго бацькі, але хлопчык збрыдзеў ёй, таму што быў не яе сын. I калі ён убачыў ад яе позіркі гневу і агіды, то адчуў да яе непрыязнасць і не ўзлюбіў яе.
    А Маруф бавіў час з прыгожымі нявольніцамі і не думаў пра сваю жонку Фаціму-ведзьму, бо яна зрабілася сівою бабуляю з брыдкім тварам, пляшывай істотай, якая агідней, чым плямістая змяя. Яна некалі пакрыўдзіла яго крыўдай, болыпай за якую няма. I гаворыць прыказка: “Дрэнная справа перасякае корань жаданняў і сее нянавісць у зямлі сэрца...”
    I Шахразаду заспела раніца, і яна спыніла дазволены расказ.
    I Дуньязада сказала сваёй сястры Шахразадзе:
    — Якія цудоўныя гэтыя незвычайныя аповесці і дзіўныя расказы.
    I Шахразада ўсклікнула:
    — 0, куды гэта датаго, што я раскажу вам на наступную ноч, калі буду жыць і цар злітуецца нада мною!
    I калі настала раніца і заззяла святлом, і заблішчала, у цара расправіліся грудзі, і ён стаў чакаць канца расказа і гаварыў сабе: “Клянуся Алахам, я не заб’ю яе, пакуль не пачую, чым усё закончыцца”. I затым ён выйшаў у месца, дзе чыніў свой суд, і візір з’явіўся, як звычайна, з саванам у руках.
    НОЧ, ПЕРШАЯ ПАСЛЯ ТЫСЯЧЫ IАПОШНЯЯ Ў КНІЗЕ
    I цар прабыў у судзе ўвесь дзень, а калі ж настала ноч, першая пасля тысячы і апошняя ў кнізе, цар пайшоў у гарэм і ўвайшоў да сваёй жонкі Шахразады, дачкі візіра. I яе сястра Дуньязада сказала ёй:
    — Закончы нам расказ пра Маруфа.
    I Шахразада адказала:
    — 3 любоўю і ахвотаю, калі дазволіць цар расказваць.
    I цар мовіў:
    — Я дазволю табе расказаць, бо жадаю пачуць канец расказа.
    I Шахразада сказала:
    — Дайшло да мяне, о цар, што цар Маруф не клапаціўся пра сваю жонку і не кахаў, а толькі карміў яе з-за павагі да святога Алаха. I калі яна ўбачыла, што ён грэбуе ёю ў ' каханні і занятьі іншымі жанчынамі, яна ўзненавідзела яго, і яе апанавала рэўнасць. I д’ябал нашаптаў ёй, каб яна выкрала ў мужа пярсцёнак і забіла яго, а сама зрабілася царыцай замест Маруфа.
    Аднае ночы яна выйшла і пайшла ў палац мужа, цара Маруфа. I здарылася так, як было прадвызначана лёсам, што Маруф ляжаў з адной са сваіх наложніц, прыгожай і цудоўнай, стройнай і дасканалай. 3 павагі да высакародных імён, напісаных на пярсцёнку, Маруф здымаў пярсцёнак, калі хацеў блізкасці з жанчынай. I ў яго быў звычай: пасля гэтага ён загадваў наложніцы пакінуць яго, бо асцерагаўся за свой пярсцёнак. А калі ён уваходзіў у лазню, то зачыняў на замкі дзверы свайго палаца, а пасля лазні ён браў пярсцёнак і адзяваў яго — і тады ўсякі ўваходзіў у палац без забароны.
    Фаціма ведала аб усім гэтым і выйшла ўначы, каб патрапіць у палац Маруфа, калі ён будзе спаць, і ўкрасці пярсцёнак, каб яе ніхто не бачыў. Калі ж яна выйшла, сын цара ў той жа час уваходзіў у дом адпачынку па патрэбе. Ён не ўзяў з сабою агню і, сеўшы ў цемры, пакінуў дзверы адчыненымі. I калі Фаціма выйшла з палаца, ён убачыў, што яна спяшаецца ў палац яго бацькі, і сказаў сабе: “Паглядзець бы, чаго гэтая ведзьма выйшла са свайго
    палаца ў цемры ночы? Яна спяшаецца ў палац майго бацькі. I павінна быць гэтаму прычына”.
    Ён асцярожна пайшоў следам за Фацімой, так, каб яна яго не ўбачыла. А ў яго пры сабе быў кароткі меч са сталі, ён даражыў ім і ніколі з ім не расставаўся. I бацька заўсёды жартаваў:
    — Воля Алаха! Твой меч сапраўды вялікі, о дзіця маё, але ты не хадзіў з ім на вайну і не адсякаў ім галаву!
    — Я абавязкова адсяку галаву, якая будзе заслугоўваць адсячэння, — адказваў сын.
    I бацька смяяўся.
    I калі хлопчык стаў праследаваць жонку свайго бацькі, ён выцягнуў меч з ножнаў і ішоў за ёй да самага палаца. Потым ён спыніўся перад дзвярамі і пачаў назіраць, што яна будзе рабіць. I ўбачыўшы, што яна шукае і гаворыць: “Куды гэта ён паклаў пярсцёнак?” — ён зразумеў, што Фаціма шукае пярсцёнак. I вось яна знайшла яго, узяла і хацела выйсці.
    Тады ён схаваўся за дзвярамі, а Фаціма, выйшаўшы з дзвярэй, паглядзела на пярсцёнак, павярнула яго ў руцэ і хацела пацерці. Але тут хлопчык узняў меч і ўдарыў яе па шыі, і Фаціма ўскрыкнула і ўпала забітая.
    Маруф прачнуўся і ўбачыў, што яго жонка ляжыць і цячэ яе кроў, а яго сын стаіць з аголеным мячом у руцэ, і запытаўся:
    — Што гэта, о дзіця маё?
    I хлопчык адказаў:
    — О татачка, колькі разоў ты мне гаварыў: “Твой меч вялікі, але ты не хадзіў з ім на вайну і не адсякаў ім галаву”. А я гаварыў табе: “Я абавязкова адсяку галаву, якая заслугоўвае адсячэння”. I вось я адсек ім для цябе галаву, якая заслугоўвала таго. — I ён расказаў яму гісторыю з Фацімой.
    I Маруф стаў шукаць пярсцёнак і знайшоў яго заціснутым у руцэ жонкі. Тады ён забраў пярсцёнак і сказаў хлопчыку:
    — Ты мой сын! Няхай пазбавіць цябе Алах ад бяды ў жыцці гэтым і будучым, як ты пазбавіў мяне ад гэтай
    паганай жанчыны. Яе намаганні прывялі яе да пагібелі, і ад Алаха дар таго, хто сказаў:
    Шчаслівы той, каго падтрымліваў Алах — Жаданага ён дасягаў ад роду.
    Хто ж без падтрымкі неба — таго крах Чакае ў справах. Лёс яго — нягоды.
    Потым цар Маруф склікаў сваіх набліжаных, і яны паспяшаліся прыйсці да яго, і тады ён расказаў ім аб тым, што зрабіла яго жонка Фаціма-ведзьма. Ён загадаў ім узяць яе і аднесці куды-небудзь да раніцы, — і яны зрабілі так, як ён ім загадаў.
    А потым Маруф даручыў некалькім слугам абмыць яе і загарнуць у саван. I ёй зрабілі магілу і пахавалі яе — яе прыбыццё з Місра прывяло яе прама ў магілу. Ад Алаха дар таго, хто сказаў:
    Мы ўсе прайшлі прадвызначаны шлях, 3 якога нам не дадзена звярнуць.
    У той магіле, а не ў іншай, сам Алах Табе судзіў навечна сном заснуць.
    А якія цудоўныя словы, сказаныя паэтам:
    Як ведаць, што па смерці атрымаю, I што са мною здарыцца ў магіле:
    Знайду дабро, якое я шукаю, Ці зло, пазбыць якога не змаглі мы?
    I затым цар Маруф паслаў адшукаць таго чалавека, аратага, у якога ён быў госцем, калі ўцякаў. I калі араты з’явіўся, ён зрабіў яго візірам правага боку і сваім дарадчыкам. I ён даведаўся, што ў аратага ёсць дачка, рэдкай прыгажосці, і цудоўная, высакародная, высокага роду і паходжання — і ажаніўся з ёю. А праз нейкі час ён ажаніў свайго сына. I жылі яны прыемным жыццём, бязвоблачнымі былі іхні час і радасці, пакуль не прыйшла да іх Разбуральніца асалоды і Разлучніца людзей, што робіць пустымі шматлюдныя дамы і робіць сіротамі сыноў і дачок.
    Хвала ж жывому, які не памірае і ў чыёй руцэ ключы бачнага і нябачнага царства.
    АПОВЯД ПРА ЦАРА ШАХРЫЯРАI ШАХРАЗАДУ
    Заключэнне
    А Шахразада за гэты час нарадзіла ад цара трох дзяцей мужчынскага полу, і калі яна закончыла гэты расказ, яна паднялася на ногі і, пацалаваўшы зямлю, сказала:
    — О цар часу, адзіны ў вяках і стагоддзях, я — твая рабыня. I вось ужо тысяча начэй і адна ноч, як я пераказваю табе расказы пра людзей, якія жылі ранен, і павучанні старажытных. Ці маю я права ў тваёй вялікасці, каб папрасіць у цябе аб жаданні?
    I цар сказаў:
    — Пажадай — атрымаеш, о Шахразада.
    I тады Шахразада паклікала нянек і еўнухаў і сказала ім:
    — Прынясіце маіх дзяцей.
    I яны паспяшаліся прынесці іх — трох сыноў, адзін з якіх хадзіў, другі поўзаў, а трэці смактаў грудзі. I калі прынеслі, Шахразада ўзяла іх, паставіла перад царом і, пацалаваўшы зямлю, сказала:
    	О цар часу, гэта твае сыны, і я жадаю, каб ты не забіваў мяне дзеля гэтых дзяцей. Калі ты мяне заб’еш, гэтыя дзеці застануцца без маці і не знойдуць жанчыны, якая добра іх выхавае!	о .
    I тут цар заплакаў, і прыціснуў дзяцей да грудзей, і сказаў:	.	„
    	 0 Шахразада, клянуся Алахам, я памілаваў цяое раней, чым з’явіліся гэтыя дзеці, бо я ўбачыў, што ты цнатлівая, чыстая, высакародная і баішся бога. Няхан благаславіць Алах цябе, твайго бацьку, тваю маці, твой корань і тваю галіну. Заклікаю Алаха ў сведкі, што я вызваліў цябе ад усяго, што можа табе пашкодзіць.
    I Шахразада пацалавала цару рукі і ногі і абрадавалася вялікай радасцю, і ўсклікнула:
    — Няхай падоўжыць Алах тваё жыццё і няхай узвялічыць тваю веліч і годнасць.
    I запоўніла палац цара радасць, і разнеслася яна па горадзе, і была гэта ноч, якой не існуе ў ліку начэй жыцця, і колерам яна была бялей за твар дня. А раніцай цар, перапоўнены радасцю і дабрынёй, паслаў па ўсіх воінаў і, калі яны з’явіліся, узнагародзіў свайго візіра, бацьку Шахразады, каштоўнай і цудоўнай адзежай, і сказаў яму:
    — Няхай абароніць цябе Алах за тое, што ты ажаніў мяне са сваёй высакароднай дачкой. Дзякуючы ёй я раскаяўся ў забойстве чужых дачок. Я ўбачыў, што яна прыстойная, чыстая, цнатлівая і беззаганная. I Алах надзяліў мяне трыма сынамі ад яе. Ды будзе хвала Алаху за гэта вялікае дабрадзейства.
    I затым ён узнагародзіў ганаровымі адзежамі ўсіх візіраў, эміраў і вяльмож царства і загадаў упрыгожваць горад на трыццаць дзён. I не дазволіў жыхарам горада траціць грошы, а наадварот — усе расходы і траты былі з казны цара.
    I горад упрыгожылі цудоўным убраннем, падобнага якому раней не было. I забілі барабаны, і засвісталі флейты, і зайгралі ўсе музыкі — і цар адорваў іх падарункамі, і раздаў міласціну жабракам і бедным, і сваёй шчодрасцю ён атуліў усіх падданых і жыхароў царства. I ён жыў разам са сваімі прыдворнымі ў шчасці, радасці і асалодзе, пакуль не прыйшла да іх Разбуральніца шчасця і Разлучніца людзей. Хвала ж таму, каго не знішчаюць нечаканасці часу і не паражаюць ніякія перамены, каго не адцягвае адна справа ад другой, і хто адзінокі ў вянку сваіх якасцей. Малітва і мір над імем яго велічы, абраным сярод стварэнняў яго, уладаром нашым Мухамедам, уладаром усіх людзей, праз якога мы молім Алаха аб шчаслівым заканчэнні нашых спраў.