У фіялетавай ночы вугал крыла  Аляксандар Лукашук

У фіялетавай ночы вугал крыла

Аляксандар Лукашук
Выдавец: Наша Ніва
Памер: 160с.
Вільня 1999
33.65 МБ
Трэба адзначыць, што падобныя напружаньні час ад часу ўспыхвалі ў рэдакцыі, але звычайна канчаліся даволі мірна. Адзін калега напісаў ананімку на другога. Аўтара знайшлі па шрыфту яго друкарскай машынкі. Хацелі разабраць на сходзе, але рэдактар забараніў — каб не псаваць маральнапалітычны клімат. Другога калегу злавілі на плягіяце — пасьля гэтага ён пайшоў на падвышэньне ў ЦК.
Неяк, на пачатку перабудовы, я ўступіў у адно нефармальнае аб’яднаньне. Устаноўчы сход праходзіў на ўскраіне Менску ў рабочым інтэрнаце. Мяне абралі скарбнікам. Пасьля сходу я варочаўся ўсю ноч. 3 грашыма ў мяне заўсёды была поўная неразьбярыха. Зарплата гублялася ў кішэнях. Мяне палохалі думкі пра ведамасьці, збор складак, аплату квіткоў. Перад вачыма стаяў прывід рэвізійнай камісіі.
Як высьветлілася, ня спаць трэба было зь іншае прычыны. У гэты ж вечар навіна стала вядомая ЦК. Адтуль кінуліся шукаць газэтнага парторга, але той пайшоў у лазьню. Паслалі ганца. Гэта было дзіўнае рашэньне, бо я, напрыклад, ніколі ня бачыў, каб нехта браў партбілет у парылку. Як адрозьніць голага беспартыйнага ад голага камуніста, няхай сабе й сакратара партбюро?
Потым я задаваў гэтае пытаньне розным людзям з розных краінаў. Адказы адлюстроўвалі разнастайны жыцьцёвы досьвед і бязьмежную сілу чалавечай думкі.
— У голага камуніста зьлева на грудзях павінна быць характэрнае пачырваненьне ў форме партбілета. Ступень пачырваненьня залежыць ад стажу. Ад частага адзінадушнага галасаваньня правая рука цягнецца ўверх, як у эсэсаўца, — дзяліўся бачаньнем скульптар-рэаліст.
— Сапраўдныя камуністы ня ходзяць у лазьню, бо яны чыстыя перад партыяй, — выказала здагадку адна амэрыканка -спэцыялістка па былым СССР.
— Я лёгка магу адрозьніць голую камуністку ад голага беспартыйнага, — заявіў, не даслухаўшы, знаёмы грузін.
— Сьпераду ці ззаду? — дзелавіта ўдакладняла колішняя камсамольская актывістка.
Адна францужанка прапанавала засьпяваць «Вставай, проклятьем заклейменный...» — маўляў, тады ўсе партыйныя ўстануць. Наіўная парыжанка не здагадвалася, што на зьездах круцілі фанаграму, і словы партыйнага гімну ніхто ня ведаў.
— Элемэнтарна! — фыркнула масквічка выпадковая суседка ў купэ. — Розьніца ёсьць нават
паміж проста членам і членам партбюро, ня кажучы пра члена палітбюро! Ведаеце, што я маю на ўвазе?
Я пасьпяшаўся заверыць, што тлумачэньне цалкам членападзельнае. Велізарная частка адказаў дэманстравала надзвычайную дасьведчанасьць насельніцтва ў тайнах кама-сутры і прозе Адама Глёбуса. Адзіным выключэньнем стала былая дысыдэнтка, якая прызналася, што ніколі ня бачыла голага камуніста.
Ня ведаю як, але тады сакратара знайшлі. Відаць, усё ж існавалі нейкія сакрэтныя прыкметы. У выніку сакратар недапарыўся і чамусьці абвінаваціў у гэтым мяне. У газэце правялі разбор учынку. Маю пасаду скарбніка адзін член рэдкалегіі пракамэнтаваў па-марксісцку дзелавіта:
— Ключавое зьвяно. Кантроль над фінансавымі патокамі. Быцьцё вызначае сьвядомасьць. А твая сьвядомасьць вядома якая. Ды й быцьцё...
Верагодна, ён меў на ўвазе п’янку ў кабінэце напярэдадні, калі давялося карыстацца посудам, што застаўся з папярэдняга разу (там, сапраўды, завялося жыцьцё). Лёгіка другога члена была такая: ты будзеш праводзіць нефармальную лінію. A што ж атрымаецца, калі кожны запішацца кудынебудзь?..
— Запішыся, — кісла параіў я.
— Я — член таварыства цьвярозасьці! — горда адказаў калега. Гэта сарвала ўсё мерапрыемства. Справа ў тым, што такое таварыства ў газэце існавала, але членства было тайным. Усе адмаўляліся, што ўступілі. Пад агульныя кпіны самавыкрыты цьвярозеньнік усьвядоміў памылку і пачаў жорст-
кую перапалку з астатнімі. Пра мяне забыліся — паставілі «на від» і адпусьцілі.
Я пытаўся потым, што значыць гэтая формула. Які від маецца на ўвазе? Від чаго — майго ўчынку, каб я бачыў і больш падобнага не ўчыняў? Мяне паставілі на від — каб усе мяне бачылі й рабілі высновы, ці мне паставілі від, як ставяць голас — дзеля пашырэньня і ўдакладненьня кругагляду? Якія віды ў гэтай сувязі мела начальства?
— Значыць, не разумееш? — задумліва цікавіўся сакратар, калі мы разам пайшлі ў саўну на другі дзень. I праланаваў: — Заменім на вымову, як больш даходлівую форму. Паддай-ка пару!
Потым на гэтую тэму са мной гутарылі ў ЦК.
— Раней я ведаў, што з табой рабіць, — уголас дзяліўся роздумам загадчык сэктара друку. — Цябе б проста звольнілі. А зараз... Ён з сумам аглядаў сьцены, столь, паперы на стале, але адказу не знаходзіў. Магчыма, ён думаў пра тое, што можна было рабіць у такіх выпадках яшчэ раней. Тады падыходзілі нефармальна. Ставілі зусім не на від...
Завяршу гэты незьвязаны пералік складаных узаемаадносінаў формы й зьместу ў газэце наступным выпадкам, які меў месца ў кабінэце рэдактара. Да нас прывялі філёзафа — спэцыяліста па барацьбе з іншапланецянамі. Тады іх называлі жыдамасонамі. Праз паўгадзіны пасьля пачатку дакладу калегі сталі падазрона паглядваць адзін на аднаго. Члены ложы, як вынікала з дакладу, валодалі надзвычайным каварствам маскіроўкі. Больш чым іншыя, з гэтага пункту гледжаньня, выклікала падозраньне адна асоба з сакратарыяту: бялявая, родам зь вёскі, сваякоў за межамі калгасу няма. Калі
гаварыла па-расейску, чуўся моцны акцэнт. Гарэлку закусвала цукеркамі й салам. Віртуёзна валодала ненарматыўнай лексыкай.
Загадчык аддзела сельскай гаспадаркі цягнуў на магістра. Раней я думаў, што ён ангельскі шпіён. Такое ўражаньне пакідалі выступленьні на нарадах і лятучках. Ня ў тым сэнсе, што ён, як Маргарэт Тэтчэр, заклікаў да прыватызацыі й пагражаў Фальклэндам. Проста ў вуснай мове загадчык карыстаўся ангельскай граматыкай. Гэта значыць, не прызнаваў склонаў, абыходзіўся без канчаткаў і падзелу на роды. Вымаўленьне выдавала ўраджэнца паўднёвага Ёркшыру. У пісьмовай мове ягоныя артыкулы таксама адназначна паказвалі на краіну, дзе пішуць Манчэстар, а чытаюць Лівэрпуль.
Тым часам напружаньне на сходзе ў кабінэце рэдактара нарастала. Філёзаф цытаваў сакрэтныя пратаколы й выказваньні, прыводзіў прыклады з жыцьця. Калі высьветлілася, што ордэн дзейнічае праз жонак, народ павярнуўся да нас з калегам. Жонкі ў абодвух былі чарнявыя, а калега да таго ж ведаў, дзе ставіць націск у слове «трыпціх». Яго зламаны ў дзяцінстве нос мог быць прадметам зайздрасьці любога сіяніста. У ізраільскім пасольстве візу далі б за адзін нос. Для маскіроўкі ён насіў праваслаўны крыж.
У мяне сытуацыя была яшчэ горшай. Я любіў каляровыя гальштукі і неяк на прафсаюзным сходзе выказаў пажаданьне, каб у прыбіральні было мыла.
— Можа, цябе й газэта не задавальняе? — абурыўся старшыня прафкаму. Тады мяне падтрымала наша мэдычная аглядальніца, якая пачала гава-
рыць пра рак прамой кішкі і канцэрагены ў друкарскай фарбе. Зараз маўчала нават яна. Відаць, узгадала забойцаў у белых халатах.
Між тым лекцыя працягвалася. Гаворка йшла пра лёс тых, хто замінае жыда-масонам. Яны гадамі ня могуць абараніць дысэртацыю (у рэдакцыі быў такі бедалага), іх спойваюць (адказны сакратар не выходзіў з запою другі тыдзень), ім не даюць павышэньня па службе й дачных участкаў (усе дружна засмуціліся). У Вялікай ложы — прэм’ер-міністры, банкіры, нобэлеўскія ляўрэаты і асобныя двойчы Героі Сацпрацы. Яны разбураюць храмы, паварочваюць рэкі й зьбіраюцца засыпаць Суэцкі канал.
— Гэта ж якая тэхніка ў ложах! — застагнаў загадчык аддзела мэліярацыі. — Яе б на Палесьсе...
Ад тайнай агрэсіі, злавесных плянаў і сусьветных змоваў філёзаф перайшоў да наяўных фактаў. На стол лёг стос сакрэтных фатаграфіяў. Пад’езды ў новым сталічным мікрараёне былі аформленыя пад стылізаваны семісьвечнік. Вечаровая газэта зьмясьціла навагоднюю рэкляму з шасьцікутнымі сьняжынкамі. Разьвязкі на акруговай дарозе нагадвалі масонскі трохкутнік.
У прамоўцы перасохла ў горле й ён наліў вады ў крышталёвую шклянку шклозаводу «Нёман». Паднёс да губ і рэдакцыя зьнерухомела. На дне ўпрыгожанай геамэтрычнай разьбой шклянкі зьзяла ўсімі шасьцю варожымі промнямі зорка Давіда.
Цар Юдэі правіў баль на сходзе артадаксальных атэістаў. Яшчэ імгненьне і, здавалася, грымнуць грозныя радкі з Псалтыра: «Не маўчы, Божа, бо непрыяцелі Твае супраць люду Твайго хітруюць Ka-
варна. Зрабі ім як Мадыяму, як Сысару, як Явіну ля цур’я Кішона, што зьнішчаныя ў Ендоры, сталі гноем зямлі...»
Магільную цішыню парушыла маладзенькая карэктарка. Ня зводзячы зачараванага позірку са шклянкі, яна спытала:
— Скажыце, а жанчын прымаюць у масонскую ложу?
«I хай скажа ўвесь народ: амінь! Алілуя!..» Філёзафу капалі валакардын. Карэктарка рыдала ў прыбіральні. Ненадзейную прадукцыю бярозаўскага шклозаводу хавалі глыбока ў шафу. Так форма перамагла зьмест.
Ці наадварот.
ДАВАЙЦЕ РАШУЧЫ АДПОР АГРЭСІЎНЫМ ПАДКОПАМ ІМПЕРЫЯЛІЗМУ, МІЛІТАРЫЗМУ I РЭВАНШЫЗМУ!
Сустракаюцца яшчэ выпадкі, калі людзі чамусьці не ставяць сваіх прозвішчаў пад пісьмамі ў рэдакцыі газет.
З'яднала навекі Вялікая Русь.
He сакрэт, што атмасферныя працэсы сёлета мелі даволі няроўны характар.
Сёння — дзень правоў чалавека.
Як адчуваеш сябе, бульба?
Суд Варшаўскай ваеннай акругі, разгледзеўшы пры адсутнасці падсуднага справу былога пасла ПНР у Японіі З.Руража, прызнаў яго вінаватым у здрадзе Радзіме.
Некаторыя работнікі прамысловых прадпрыемстваў, іншых арганізацый, устаноў не супраць у рабочы час наведацца ў цырульню, магазін, пральню, а то і ў кіно.
Беражлівасць — рыса камуністычная.
Нашу асаблівую трывогу выклікае недастатковы, a то і проста слабы прыток пісьменніцкіх імён у сферу дзейнасці па імені Публіцыстыка.
У 25 гадоў ён ужо мае чатыры судзімасці.
Надзейную сувязь паміж рознымі галінамі народнай гаспадаркі забяспечваюць аўтамабілісты рэспублікі.
Наш народ цяжка запалохаць атамнай, вадароднай, нейтроннай бомбай, а таксама ракетай «МХ», якую прэзідэнт ЗША рашыў прыняць на ўзбраенне.
Мне, сельскаму працаўніку, найбольш запомніліся такія словы гэтага дакумента: «Уся краіна працуе цяпер над выкананнем Харчовай праграмы».
На жаль, y раёне ёсць нямала населеных пунктаў, якія вясной і восенню з-за бездаража адрэзаны ад райцэнтра.
Мы чамусьці апошнім часам неяк надта ж сарамяжліва ў сваёй гаворцы пра літаратуру ўжываем слова «ідэал».