• Газеты, часопісы і г.д.
  • У фіялетавай ночы вугал крыла  Аляксандар Лукашук

    У фіялетавай ночы вугал крыла

    Аляксандар Лукашук

    Выдавец: Наша Ніва
    Памер: 160с.
    Вільня 1999
    33.65 МБ
    I камсамольскае сэрца ў грудзях!
    УРОКІ «ВІЯ»
    — Што ў Вас з КГБ? — спыталі ў мяне, калі я ўладкоўваўся ў рэдакцыю.
    Пытаньне прагучала, як адказ — работы не відаць. Цікава, што з таго часу яно двойчы мяняла свой сэнс. Калі на пачатку 80-х пытаньне азначала, што КГБ цікавіцца табой, і справы твае — дрэнь, дык потым — наадварот (новыя бізнэсмэны высока цанілі сувязі адстаўных гэбістаў), затым усё вярнулася на колы свае. У філялёгіі гэта называецца зьменай канатацыі. Народ у такіх выпадках узгадвае саву, якой усё роўна — яе аб пянёк, ці пяньком па ёй.
    Падазрэньне азначала толькі адно — ня наш чалавек. За чатыры гады пасьля інстытуту я памяняў шэсьць ці сем месцаў працы, і толькі адно зь іх пакінуў па ўласным жаданьні, астатнія — па жаданьні начальства. Раніцай я прыходзіў на работу, а мне казалі: тая
    супрацоўніца, замест якой вас узялі, ужо нарадзіла, выгадавала дзіця і заўтра выходзіць. Я забіраў працоўную кніжку і думаў пра загадкавы жаночы арганізм: цяжарная толькі тры месяцы як пайшла ў дэкрэт.
    Можа, да рэдакцыі дайшлі нейкія ня надта спрыяльныя чуткі з былых месцаў працы?.. У адной канторы намесьнік дырэктара па кадрах забраў дахаты срэбную вазу з экспазыцыі, за якую я адказваў. Я так настойваў, каб ён яе вярнуў, што многія перасталі са мной вітацца. У іншым месцы мяне ўключылі ў склад інвэнтарнай камісіі. 3 глупства я пачаў задаваць пытаньні, чаму замест піяніна на складзе дзьве балалайкі і лыжы. Заканчвалі інвэнтарызацыю безь мяне. Яшчэ ў адной арганізацыі супрацоўнікі валодалі спэцыфічным пачуцьцём гумару: яны маглі гадзінамі расказваць анэкдоты пра жанчын, яўрэяў і Чапаева, але заставаліся абсалютна абыякавымі да жартаў пра Штырліца і Палітбюро. Дакладней, слухалі ўважліва, але не сьмяяліся.
    Ня буду сьцьвярджаць, што ніколі ня чуў пра слаўныя органы. Пра іх чулі нават пазбаўленыя органаў слыху. Інстытут замежных моваў, які я скончыў, лічыўся запаведнікам мясцовых Джэймс Бондаў. Многія выпускнікі працягвалі адукацыю ў вышэйшай школе КГБ, што месьцілася непадалёку. Мой сусед па студэнцкім інтэрнаце, які вучыўся на два курсы вышэй, патрапіў туды пасьля інстытуту. Пару разоў па старой памяці ён заходзіў у інтэрнат. Пра сакрэтныя заняткі нічога не расказваў, толькі аднойчы, калі мы асабліва ўдала адзначалі стыпэндыю, разьмяк і ўвесь вечар паўтараў:
    — Ніколі нікому нічога не гавары. Ты зразумеў? Нікому ніколі нічога! Налі, і цс-с-с: нічога нікому ніколі!
    Я думаў, што гэтак рыхтуюць на выпадак правалу за мяжой. Але яго паслалі працаваць у сельскі раён, дзе ён так старанна стаў вывучаць настроі насельніцтва, што
    быў звольнены з органаў з фармулёўкай «за амаральныя паводзіны».
    Калі шмат пазьней прынагодна я расказваў пра гэта аднаму амэрыканцу — дасьледчыку палітычных рэпрэсіяў, той страшэнна занэрваваўся:
    — Амаральныя паводзіны з пункту гледжаньня КГБ — што гэта магло быць?! Падпольная арганізацыя для барацьбы з сыстэмай? Яго напэўна катавалі перад расстрэлам!
    Я паспрабаваў супакоіць суразмоўцу паведамленьнем, што майго знаёмага не расстралялі, ён трапіў у вар’яцкі дом.
    — Трэба пачаць кампанію за вызваленьне ахвяры рэжыму!
    Я папрасіў пачакаць, маўляў, пакуль ня час. Разжалаваны чэкіст працаваў у вар’яцкім доме санітарам, і галоўны лекар ужо пагражаў вызваліць яго і ад гэтай пасады, калі не перастане парушаць рэжым цьвярозасьці з хворымі.
    — 3 КГБ у мяне нічога,— чыстасардэчна адказаў я тады на пытаньне ў рэдакцыі.
    — Магчыма, у гэтым і праблема? — выказалі здагадку ў газэце — і не памыліліся.
    Нашыя з КГБ шляхі перасякліся гады два перад тым у сквэры каля Купалаўскага тэатру. Мяне спыніў незнаёмы мужчына, назваў маё імя і імя па бацьку, сунуў у нос чырвоную кніжачку, у якой я не пасьпеў разабраць ані слова, і прапанаваў супрацоўнічаць. Пры гэтым ён сказаў, што доўга вывучаў мяне і прыйшоў да высновы, што я заслугоўваю даверу. Чэкіст дакладна ведаў сямейныя падрабязнасьці, чым я займаюся на працы (я працаваў у канторы, якая займалася інтэрнацыянальнай дружбай), якія ўзаемадачыненьні ў калектыве. Работа лічылася прэстыжнай сінекурай, мяне ўладкавалі
    туды па вялікім блаце. Праз год яна апаскудзела настолькі, што я ўзвыў. Мяне выклікалі на праўленьне і пачалі разьбірацца, чаму я павесіў вугорскі сьцяг дагары нагамі і ўвогуле не праяўляю энтузіязму.
    — Я тут паміраю.
    — Ты абразіў усіх нас сваім адказам! — заявіў мне потым у калідоры калега. Але тагачаснаму старшыні таварыства, былому партызану, потым паслу ў Пакістане, мая непасрэднасьць спадабалася, і мяне болей не чапалі. I вось — высокі давер аказваюць проста на вуліцы.
    Суразмоўца не прысьпешваў, даў час падумаць, папрасіў пазваніць.
    Трэба сказаць, што чалавечная інтанацыя любой службовай асобы дзейнічала на мяне мацней за «Фаўста» Гётэ. Гэта так бянтэжыла, што я губляўся і быў гатовы зрабіць амаль усё, пра што папросяць. Адно з самых моцных эмацыйных уражаньняў у жыцьці засталося ад размовы з інспэктарам тэхнікі бясьпекі райхарчгандлю. Я чарговы раз застаўся бяз працы і спрабаваў уладкавацца грузчыкам у хлебную краму. Пасьля мэдагляду трэба было прайсьці інструктаж. Мне далі расьпісапца ў нейкай паперцы і, калі я ўжо думаў, што працэдура скончаная, інспэктар раптам устаў.
    — У мяне дзьве асабістыя просьбы. Ня лайцеся празь меру матам, прадаўшчыцы ўсё ж жанчыны. I абяцайце, — інспэктар пранікліва глянуў у вочы, — ніколі ня ставіць скрынкі адна на адну замест падстаўкі.
    Уражаны шчымлівай інтанацыяй, я ад усёй душы абяцаў ніколі так скрынкі ня ставіць. Стрымлівацца ад мату ў нашых крамах аказалася значна цяжэй.
    Чэкіст таксама зачараваў тонам. Калі б ён разьвіў посьпех і падсунуў што-небудзь падпісаць — магчыма, я б падпісаў. Але ён кінуў справу на паўдарозе — даў
    час на роздум. Відаць, калі ў школе КГБ ішоў сэмінар па вярбоўцы, будучы лавец душаў думаў, дзе б апахмяліцца. А практыку праходзіў у менскіх рэстаранах, шліфуючы тэхніку спакушэньня на дзяўчатах. А ў нашых рэстаранах і бяз спэцтэхнікі няцяжка... Памятаю — хаця не, гэта іншая гісторыя, якая ня мае дачыненьня да тэмы. Скажу толькі, што наступнай раніцай паняцьці прыгожага й агіднага нярэдка мяняліся месцамі.
    Так адбылося і ў гэтым выпадку. Раніцай я адчуваў сябе, як гогалеўскі сэмінарыст Хама Брут, які адслужыў першую ноч над труной цудоўнай панначкі, аднак потым плюнуў на абяцаныя чырвонцы і вырашыў уцячы назад у бурсу.
    Тэлефонная размова прайшла лягчэй, чым я думаў. Гэбіст, відаць, не дапускаў і думкі, што магчымая адмова, і разгубіўся. Пачаў угаворваць, прасіць, спасылацца на тое, што начальству ўжо паведаміў, але я цьвердзіў сваё — не дастойны даверу.
    — Вы пашкадуеце, — пачуў я на заканчэньне. Павесіў трубку і выйшаў з аўтамату.
    Забягаючы далёка наперад, адзначу, што чэкіст амаль не памыліўся. Прычым я маю на ўвазе не бытавыя нязручнасьці кшталту нявыезду за мяжу ці немагчымасьці знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Гэта якраз пайшло на карысьць: наблізіўся да народа і набыў новую прафэсію.
    Гаворка і не пра супрацоўнікаў газэты, якіх аднойчы перапужалі госьці ў маім кабінэце: худы лысы археоляг, аброслы смаляной барадой празаік і яшчэ чалавек сем (мы пісалі статут аднаго нефармальнага таварыства). Двое калег ад хваляваньня пабеглі званіць у КГБ, прычым тэлефанавалі з прыёмнай рэдактара, і вестка данеслася да мяне хутчэй, чым да апэратыўнага дзяжурнага.
    Варты шкадаваньня выпадак, аб якім прадбачліва папярэджваў па тэлефоне чэкіст-вярбоўшчык, здарыўся ўжо ў інпіым жыцьці, па-за рамкамі гэтых нататак. Адна асоба, якая з журналістыкі перакінулася на гандаль жаночай бялізнай, відаць, у цяжкі фізіялягічны момант свайго жыцьця пачала даводзіць знаёмым, што я — капітан КГБ.
    Я высьветліў гэта выпадкова, калі другая знаёмая прызналася, што думала, быццам я — як мінімум маёр. Далібог, я такога не чакаў і пакрыўдзіўся да сьлёз. Стала пакутліва балюча за бессэнсоўна пражытыя гады. За паўтара дзесяцігодзьдзя з моманту першай сустрэчы з КГБ я мог дарасьці да палкоўніка. Ну, дапусьцім, падпалкоўніка. Але ж не капітана!
    Правільна ўсё ж выказаўся пра долю Хамы Брута яго сабутэльнік рытар Ціберый Гарабець: «А я ведаю, чаму прапаў ён: таму, што пабаяўся. А калі б не баяўся, дык бы ведзьма не змагла нічога зь ім зрабіць. Трэба толькі перахрысьціцца і плюнуць на самы хвост ёй, дык і нічога ня будзе. Я ведаю ўжо ўсё гэта. Бо ў нас у Кіеве ўсе бабы, якія сядзяць на базары, — усе ведзьмы».
    Я дагэтуль не да канца разумею, як мяне — беспартыйнага, беспрацоўнага, безкватэрнага, без журналісцкага дыплёму, бяз вопыту работы ў друку, без высокай пратэкцыі... узялі на вакансію карэспандэнта рэспубліканскай газэты фактычна пасьля некалькіх пробных публікацыяў. Думаю, мой будучы загадчык аддзела пераканаў рэдактара, што Гогаль усё ж неблагі пісьменьнік.
    Клясык — ён і ў Менску клясык.
    АКТЫЎНА ЎДЗЕЛЬНІЧАЙЦЕ ВА ЎСЕНАРОДНЫМ РУХУ ЗА ЭКАНОМІЮ I БЕРАЖЛІВАСЦЫ
    А што, па-вашаму, важней, уборка бульбы ці палітычная вучоба камуністаў?
    Як хораша і мудра гаварылася на дваццаць шостым з’ездзе нашай партыі аб галоуным, што цэментце наша савецкае грамадства — аб высокай годнасйі паняййя савейкі чалавек.
    Непадалёку ад цэнтра горада ўпаў у раку Патамак рэйсавы пасажырскі самалёт, а праз гадзіну ў вашынгтонскім метро здарылася аварыя, якая таксама прывяла да чалавечых ахвяр.
    ПРОЙДЗЕ ПЭЎНЫ ЧАС, I ПАД МІНСКАМ ЗАБ’ЕЦЦА, ЗАПУЛЬСУЕАТАМНАЕ СЭРЦА, IЎ HAITIЫ КВАТЭРЫ ПРЫЙДЗЕ ЦЯПЛО МІРНАРААТАМА
    «Успамінамі» таварыша Л.І.Брэжнева адкрываюць першы нумар часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць».
    Вучоныя назвалі абсалютна «неабгрунтаванымі і лжывымі» абвінавачанні адміністрацыі ЗША у адрас Савецкага Саюза, якія датычаць нібыта меўшага месца прымянення ім хімічнай зброі ў Афганістане.
    Усё жыццё В.СТіінбін быц там, куды накіроцвала партыя.
    Як павысіць якасць лекцыйнай прапаганды, яе эфектыўнасць?
    КАБ ЗВЯРНУЦЬ НАПРАВА, ПАДАЙЦЕСЯ НА ЛЕВУЮ ЛЫЖУ, A ПРАВУЮ ПАДЫМІЦЕ НАД СНЕГАМIНАДАЙЦЕ ЁЙ ЖАДАНЫ КІРУНАК.
    Вабіць чытачоў насценгазета «Будаўнік».
    Сучасны хлебароб не толькі працавіты, але і адукаваны, грамадска-актыўны чалавек, наватар.
    Важнай крыніцай папа^нення і ўзбагачэння словатворчасці Купалы была руская мова, якую ён добра ведаў.
    Сям-там неапраўдана марудзяць з ачысткай і праверкай насення шматгадовых траў.