У фіялетавай ночы вугал крыла
Аляксандар Лукашук
Выдавец: Наша Ніва
Памер: 160с.
Вільня 1999
На раённай мяжы нашу «Волгу» перапынілі машыны ДАІ. Гэта быў эскорт, высланы з райцэнтру. 3-за недахопу жыцьцёвага досьведу я ня змог своечасова ацаніць усю сур’ёзнасьць будучых выпрабаваньняў, што й прывяло потым да інцыдэнту з авацыяй.
Спачатку нас завезьлі ў паказальна-узорную вучэльню, дзе рыхтавалі мэханізатараў шырокага профілю і апэратараў машыннага даеньня (так у дакладах тады называлі трактарыстаў і даярак). Пасьля агляду тэхнікі, пакоя працоўнай славы і дошкі гонару дырэктар запрасіў перакусіць з дарогі. Было ранавата, мы нядаўна сьнедалі, але сказаць, што накрыты стол узбуджаў апэтыт — нічога не сказаць. У бронзавым баршчьі таялі айсбэргі сьмятаны, вулканам дымілася вараная бульба, пупышкі на марынаваных гурках нагадвалі дзявочыя грудкі. Як ракеты на пускавых пляцоўках, чакалі каманды запацелыя бутэлькі «Сталічнай».
— Яму можна сьвініну? — ціха пытаўся дырэктар. I пасьпешліва дадаваў: — На чыстым масьле!
Старт на арбіту інтэрнацыянальнай дружбы быў дадзены. Калі мы прыехалі ў гаркам, нас ужо выглядала знэрваваная сакратарка па ідэалёгіі.
— Графік, аміго, графік! Павінна быць рэвалюцыйная дысцыпліна! У нас шмат справаў!
Аднак перад тым, як пазнаёміць са сьпісам мерапрыемстваў, яна прапанавала ўшанаваць гістарычны момант. Стрэліла шампанскае, зазьвінелі бакалы, на закуску былі выстаўленыя шакалядныя цукеркі і апэльсіны. У плянах значылася наведаньне краязнаўчага музэя, азнаямленьне з вытворчасьцю на піўзаводзе, візыт у прыгарадны калгас і ўрачысты мітынг у палацы культуры.
— Але спачатку — абед, таварышы чакаюць!
Мясцовы рэстаран сустрэў вывескай «Спэцмерапрыемства». Здалёк здалося, што на ўсю даўжыню банкетнай залі выцягнуты слуцкі пояс: геамэтрыя халодных закусак, ікорніц з маслам і графінаў з морсам паўтарала «ўзор радзімы васілька», зь якім мы знаёміліся гадзіну назад у сельгасвучэльні. 3 той розьніцай, што тутэйшы ўзор стракацеў усімі колерамі вясёлкі: каньячна-гарэлачныя вырабы і настойкі годна сымбалізавалі моц дружбы савецкіх народаў. Па марачных вінах можна было вывучаць геаграфію краіны.
Члены бюро райкаму і іншае мясцовае начальства, мяркуючы па нэрвовай пасьпешнасьці, зь якой паціскаліся рукі, даўно прагнулі практычнага вывучэньня. Культурны аташэ прафэсійна ацаніў сытуацыю і ўзяў курс на поўны парытэт і раўнапраўе бакоў.
3 надзвычайнай вытрымкай кар’ернага дыплямата ён не прапусьціў ніводнай перамены страваў: пасьля асятрыны, паштэту і рыбнага рулету пакаштаваў ружовую
паляндвіцу, малочную вяндліну і вэнджаны язык. За булёнам з прафітролямі наступіла чарга ягнячых адбіўных і запечанага ў цесьце карпа, якога падалі зь лімоннымі долькамі й гішпанскімі масьлінамі замест вачэй. Дранікі з чырвонай ікрой былі прадстаўленыя як узор нацыянальнай кухні, і таму не паспытаць іх было немагчыма.
Колькасьць тостаў не саступала колькасьці страваў. На дэсэрт прынесьлі брусьніцы ў мёдзе, арэхі ў цукровай пудры і па кавалку цяжкога пірага, які сачыўся ў страснай зьнямозе быць неадкладна зьедзеным.
Падняцца пасьля такога стала азначала парушыць законы прыроды. Грузная сакратарка ўспырхнула, як сінічка. Члены бюро прыхапілі па яблыку. Пасланец карыбскага вострава не дапіў толькі каву, якую падалі ў шклянках з падстаканьнікамі. У машыне я прасіў вадзіцеля рэзка не паварочваць — баяўся распляскаць усё выпітае.
— Кава, — мармытаў кубінец, — павінна быць чатыры разы вельмі: вельмі гарачая, вельмі моцная, вельмі чорная і вельмі мала!
— У нас так робяць піражкі зь мясам, — пагаджаўся вадзіцель.
Наведаньне музэя прайшло ў паўсьне. Зноў пілі шампанскае, прычым сакратарка высыпала цукеркі зь дзьвюх вазачак сабе ў сумку. Візыт на піўзавод працьверазіў, але дзіўна паўплываў на вэстыбулярны anapar: пры поўнай яснасьці мысьленьня ногі не падпарадкоўваліся камандам цэнтральнай нэрвовай сыстэмы.
Зімні дзень кароткі, і калі мы ўехалі на тэрыторыю калгаса, на небе ўжо прарэзаліся першыя зоркі.
— Што вы будзеце рабіць на фэрме? — задаў філязофскае пытаньне вадзіцель і заявіў, што ў Савецкім Саюзе й на Кубе каровы аднолькавыя, а ноччу яшчэ да-
рога назад. Сакратарка спрабавала запярэчыць, але культурны аташэ назваў вадзіцеля сапраўдным марксыстам і ў выніку кароткай дыскусіі мы пракаціліся па цэнтральнай вуліцы, разьвярнуліся каля засьнежанага помніка й накіраваліся да хаты старшыні.
У той вечар я ўведаў, што выразы «дым стаіць каромыслам» і «стол ломіцца ад страваў» зусім не гіпэрбалы, а тэхнічна дакладнае апісаньне бытавых фізычных працэсаў. У хаце варылі, парылі й смажылі з раніцы. У клубах парьі мільгалі цені, бразгацелі чыгуны, нешта злосна шыпела й курчылася ў печы. Лысы, як калена, гаспадар правёў у сьветлы пакой, які амаль увесь займала канструкцыя, падобная да аэрапляну братоў Райт. Аднак узьляцець яму не было суджана ні пры якіх абставінах. Нясучыя плоскасьці зьверху выглядалі як літара «Н», у якой сярэдняя злучальная рысачка прарэзала правую вэртыкаль і вытыркнулася далёка ўбок.
Эфэкт этажэркі дасягаўся шматслойнай структурай дапаможных плоскасьцяў, якія ўтваралі рознай формы сподачкі, мелкія й глыбокія талеркі, салатніцы, сатэрніцы, соўсьніцы, місы, процьвіні й тазы, што грувасьціліся адны над аднымі. Гарэлачныя галоўкі пункцірна выступалі над верхнім слоем посуду й нагадвалі алюміневыя заклёпкі на фюзэляжы.
— Гэта толькі закускі, — пасьпяшаўся супакоіць старшыня, па-свойму прачытаўшы выраз на маім зьмененым твары. — Гарачае будзе потым. Спэцыяльна для госьця зайца ўпалявалі. Фаршаваныя зайцы на Кубе ёсьць? — зьвярнуўся ён да культурнага аташэ.
— Зайцаў на Кубе пакуль няма, — цьвёрда адказаў той. — Але Фідэль і партыя не адступяць.
Праўленьне калгаса азвалася ўхвальным гулам. Апэрацыя рассадкі прайшла пасьпяхова, калі не лічыць пары сінякоў ад сутыкненьняў з цэбрамі заінелага ха-
ладцу. Заціснуты паміж парторгам і перадавой цялятніцай з ордэнам Леніна на грудзях, я мог назіраць толькі фрагмэнт дыспазыцыі. Салёныя грузды хаваліся за марынаванымі баравікамі й смажанымі рыжыкамі. Каля шаткаванай капусты з журавінамі пунсавелі бачкавыя памідоры з наліплым смародавым лістом. Праз халмы салыысону выступала крывянка і крупяніца, побач з напластаваным кумпяком ласьніліся вэнджаныя, сушаныя, печаныя кілбасы хатняга прыгатаваньня. Дзьве бабкі — з бульбы й морквы, яйкі зь сечаным селядцом, лустачкі сьвежага сала, галубцы, дэфіцытныя шпроты, нешта падобнае на авечы сыр...
Пабачыўшы, што мая талерка пустая, суседка спытала, ці каштаваў я калі кішкі зь цялячай пячонкай і прызв:алася, што сама гатавала. Пячонку яна ўзьбівае ў ступцы, крышыць булку, улівае густой сьмятанкі, потым дадае таўчонага гарэху, маярану, смажанай цыбулі, па правілах добра б уліць конаўку чырвонага віна, але ж з мужыком дома хіба тое віно дастаіць, разьбівае чатыры жаўткі, варыць у булёне, кішкі абмывае халоднай вадой і смажыць на масьле.
Я набраўся духу, заплюшчыў вочы, пакаштаваў і выказаўся ў тым сэнсе, што ордэн ёй далі правільна, але не за тое. Мне паабяцалі даць пячонкі з сабой — усё роўна падзёж на фэрме такі, што... Тым часам на супрацьлеглым баку стала ішла сьвецкая гутарка на міжнародныя тэмы.
— Хрэну вазьміце, хрэн на Кубе ёсьць? — ветліва цікавіўся старшыня.
— Хрэн на Кубе ёсьць, толькі салодкі, — адказваў асавелы госьць.
— Жывуць жа людзі, — уздыхала мая суседка.
— He перажывай, Сьцяпанаўна, знойдзем табе салодкі! — абяцаў парторг. Раптам дзьверы расчыніліся,
заверашчаў прыбіты кот, і ў пакоі пацямнела. На вялізным падносе ў зарасьлях пятрушкі й кропу, абкладзены маркоўнымі зорачкамі й бураком, пакрыты буразалацістай корачкай узвышаўся гатовы да скачка кенГУРУ-
РАДЗІМА ЧАКАЕ АД ВАС БОЛЬШ НАФТЫ, ГАЗУ, ВУГАЛЮ, ЭЛЕКТРАЭНЕРГІІ!
Хлеб наша сённяшняя магутнасць і наша трывалая будучыня!
3 уступленнем савецкага грамадства ў стадыю развітога сацыялізму на парадак дня стала пытанне: ці з'яўляецца развіты сацыялізм ступенню, якая непасрэдна падводзіць грамадства да вышэйшай фазы камунізму, або паміж ім і камунізмам ёсць яшчэ нейкая ступень?
На справе ж, як паказаў М.Таль, чорных чакаюць адны непрыемнасці.
А ў ФРГ ужо бетануюць пляцоўкі, прызначаныя для «першынгаў».
На жаль, яшчэ сустракаюцца людзі, якія маюць нялравільнае ўяўленне аб магчымасцях грамадзянскай абароны.
Нядаўна 500 лепшых выпускнікоў прафтэхвучылішчаў Беларусі, як і ў ранейшыя гады, паехалі ў Казахстан.
У чацвёртым раздзеле крытыкуецца буржуазна-клерыкальная фальсіфікацыя палітыкі Савецкай дзяржавы ў рэлігійным пытанні, высвятляецца выкарыстанне рэлігіі ў мэтах антыкамуністычнай прапаганды, паказаны мерапрыемствы партыйных арганізацый па ўзмацненню наступальнасці атэістычнай работы.
У Літве даведаліся пра гэту цяжкасць беларускіх таварышаў і вырашылі падзяліцца з імі запасамі дэфіцытнага шпагату.
Што такое ізраільская вакуумная бомба?
У ГЭТЫМ ГОДЗЕ ГІЕРШЫ МЕСЯЦ ЛЕТА HE ПАРАДАВАЎ, НАСУПЕРАК ЧАКАННЮ, ЦЯПЛОМ.
Нарэшце. падкаваў блыху: у мікраскоп відаць залатыя падкоўкі, прыбітыя да ножак стальнымі цвічкамі.
Дома ў мяне стаіць каляровы тэлевізар — узнагарода за прызавое месца ў абласным спаборніцтве камбайнёраў.
Сэм новай зброяй над усёй зямлёй размахвае бы востраю касой.
М.КІрылаў «Партрэт работніцы 2-га калійнага камбіната Лукашэнка Ніны», В.Лук’янаў «Маладзёжная брыгада», А.Рыбчынскі «Салігорск. Аўтастанцыя», М.Абразоў «Ідзе прадукцыя», У. Напрэенка «На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце».
Напэўна, і цяпер, пры недахопе тыпавых сховішчаў, варта было выкарыстаць прыпяцкія вадаёмы як сховішчы для засоленых агуркоў і памідораў.
ТРЭЦЯМУ КВАРТАЛУ — УДАРНЫ ФІНІШ!
УБРАЦЬ БУЛЬБУ СВОЕЧАСОВА, БЕЗ СТРАТ.
Падраду ў вёсцы шырокую дарогу.
Зусім інакш вырашаюцца гэтыя пытанні ў буржуазным грамадстве.
У Святланы Савіцкай у першай палове дня праводзілася даследванне адчувальнасці вестыбулярнага апарату і функцыянальнай актыўнасці галаўнога мозгу.
У мяне у руках папулярны ва ўсім свеце кубік Рубіка.
«Варта ўсіх адзінокіх старых на заметку ўзяць», адзначыў для сябе сакратар парткама.
Цяжка знайсці чалавека, які не любіў бы збіраць грыбы.
Тут асабліва нецярпімыя заарганізаванасць, параднасць, самалюбаванне, пустазвонства.
Высакародны парыў на рэкорд, у пэўнай ступені абумоўлены ўмовамі сацыялістычнага спаборніцтва, у даны момант патрабаваў дадатковай душэўнай настройкі.