У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Алесь Гарун падымае яе ў нябёсы:
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам, Так і вольны цяпер не зракайся.
Матчыну мову на Беларусі вельмі шануюць і маладыя творцы. Адна з іх, паэтэса Валянціна Гарністава сказала пра яе ў сваім вершы так:
Адтуль, дзе ноччу плачуць зоры, Мігцяць-губляюцца ў вяках.
Яна прыйшла да нас. Ад Бога.
3 жытнёвым коласам ў руках. Хрысціў яе касмічны вецер I, як у свет пусціць, сказаў: «Чысцей не будзе мовы ў свеце!» I Беларускаю назваў.
Вучоныя сцвярджаюць: энергія людзей размяркоўваецца пры дапамозе мовы, яна — інфармацыя, код, сігнал. Родная мова — сродак стабільнасці грамадства. Яна зберагае энергію народа, абараняе межы любой краіны, стварае народ і яго будучыню.
«Фауст» Гётэ, таленавіта перакладзены на беларускую мову Васілём Сёмухам, «Боская камедыя» Дантэ і «Дон Жуан» Байрана, не менш удала пераствораныя па-беларуску Уладзімірам Скарынкіным, «Біблія», узноўленая па-нашаму Янкам Станкевічам і тым жа Сёмухам, і іншыя сусветныя шэдэўры, што выдатна загучалі ў нашым слове, сведчаць пра тое, што беларуская мова жывая і вечная і што яна яшчэ доўга і плённа будзе служыць свайму народу.
У чым галоўныя асаблівасці нашай мовы? Аканне і яканне. Дзеканне і цеканне. Цвёрдыя губныя і «р». Замена ў пэўных выпадках «в» і «л» на «ў». У нас як чуецца, так і пішацца.
I гэта, як жартуюць моваведы, найперш адрознівае беларускую мову, да прыкладу, ад англійскай, дзе ўсё наадварот: там ніколі так не пішацца, як чуецца...
А вядомы чэшскі і славацкі славіст Павел Шафарык вызначыў пятнаццаць характэрных асаблівасцей беларускай мовы.
Наша мова — старажытная, глыбокая і нязводная. Яна дарагая нам з усімі сваімі адрозненнямі і падабенствамі.
I мы, няёмячыся, прымаем здзіўленне маладога японскага славіста Рунасукэ Курода, які пісаў пра нас:
«Не разумею я гэтай ціхай і таямнічай краіны, жыхары якой грэбуюць сваёй мовай».
I з вялікаю пашанаю і зайздрасцю ставімся да тых французаў, якія на пытанне, чаму яны не вучаць замежную мову, адказваюць:
«А, ведаеце, французская мова такая цудоўная».
НАПІА ВАДА
Беларусь называюць сінявокаю. Гэта ад мноства вады на нашай зямлі — калі падняцца ў космас ці хаця б зірнуць на яе з-пад крыла самалёта, кожны ўбачыць, як яна ўся ўпрыгожана сінімі вачамі-люстэркамі азёр і спавіта блакітнымі стужкамі рэк.
На Беларусі 20 800 рэк і рэчак і 10 800 азёраў. Толькі на адной Віцебшчыне дзве з паловаю тысячы азёраў! А ў Браслаўскім і Ушацкім раёнах пад азёрамі знаходзіцца дзясятая частка ўсёй іхняй тэрыторыі.
Нашы рэкі часам бяруць свой пачатак не на зямлі, а ў небе: іх нараджаюць хмары. Ападкі ў выглядзе дажджу і снегу, калі ён растае, становяцца вытокамі нашых рэк і рэчак.
Але беларускія рэкі пачынаюцца не толькі з неба, але і з падземных вод — б’е, пульсуе з-пад зямлі маленечкая крынічка, а ад яе завязваецца, пачынае журчаць такі ж самы маленькі ручаёк. Бывае, што нашы рэкі нараджаюцца ў азёрах, a то і ў балотах.
А рака Свіслач, як мяркуюць легенды, нараджаецца са слёз нашай княгіні Рагнеды, якія ператварыліся ў чыстыя крыніцы.
Якраз у Беларусі знаходзіцца водападзел паміж Чорным і Балтыйскім морамі, які падзяляе нашу тэрыторыю на два схілы — чарнаморскі і балтыйскі. Гэты водападзел праходзіць праз паўночна-заходняе Палессе, па Капыльскай градзе, Мінскім і Аршанскім узвышшах. Адны рэкі сцякаюць па адзін бок водападзелу, іншыя — па другі. Часам некаторыя рэкі гэтых двух басейнаў бяруць свой пачатак амаль побач, усяго ў некалькіх кіламетрах адна ад адной. I нашу ваду яны размяркоўваюць між сабою амаль пароўну: палавіну — у адно мора, палавіну — у другое. Нёман і Дзвіна ўпадаюць у Балтыйскае мора, а Дняпро — у Чорнае. Значыць, сабраная на Беларусі вада штодзень, штогод папаўняе як Чорнае, так і Балтыйскае мора. А гэта ж каля 60 кубічных кіламетраў сцёку ў год! Таму абодва басейны — і халодны і цёплы — ужо робяцца і нашымі морамі!
Да прыкладу, якраз на Беларусі Дняпро, сабраўшы даніну з нашых руплівых мнагаводных рэк — з Прыпяці, Бярэзіны і Сожа, якія ў сваю чаргу папаўнелі ад сваіх прытокаў — Ясельды, Гарыні, Цны, Пцічы, Свіслачы, Убараці, Проні, Случы, Бесядзі, што сабралі ваду амаль з усёй Беларусі, робіцца магутнаю ракою. Так што беларусы, плаваючы ў Чорным моры, могуць цешыць сябе думкаю, што купаюцца яны і ў сваёй роднай вадзе — 56 беларускіх прытокаў Дняпра не даюць гэтаму цудоўнаму цёпламу Чорнаму мору абязводжвацца.
Амаль усе нашы азёры, асабліва на поўначы Беларусі, падараваў нам ледавік, які ссунуўся на нашу зямлю са Скандынавіі ды і растаў у нас. Мусіць, спадабалася яму на Беларусі, і ён застаўся з намі назаўсёды. Вадою.
Катлаваны беларускіх азёр найчасцей ледавіковага паходжання. Растаў лёд паміж марэннымі градамі — і ўтварыліся запрудныя азёры Нарач, Асвейскае, Дрысвяты. Вадаспадам сцякала з ледавіка вада ў вертыкальныя шчыліны, вымываючы невялікія, але глыбокія, да 30 метраў, катлаваны, і там наліліся сінявою азёры. Адступіў ледавік, пакідаючы пасля сябе лінзы лёду ў марэнных адкладах,— гэтыя лінзы потым
таксама раставалі і ператвараліся ў прыгожыя лінзы вады. На берагах азёр Віцебшчыны нават у мінулым стагоддзі шведскія вучоныя знаходзілі палярныя расліны. А рыбы сялява і сняток — рэлікты ледавіковай эпохі — і сёння жывуць у нашых самых глыбокіх азёрах.
Самыя глыбокія азёры на Беларусі: Гінькава, Волас, Трошча, Capo, Вечалле, Пліса, Крывое, Круглік і іншыя. Іх глыбіня ад 30 да 50 метраў, а возера Доўгае — найглыбейшае з глыбокіх: 53,7 м.
Самыя прыгожыя — Браслаўскія азёры. Іх у нас называюць блакітнымі каралямі Беларусі. У Браслаўскім Міжазёрным дзяржаўным ландшафтным заказніку можна палюбавацца ўсімі краявідамі Беларускага Паазер’я.
Самыя вялікія — Асвейскае, Чырвонае, Лукомскае, Нешчарда, Выганаўскае, Свір. А возера Нарач нават мае плошчу каля 80 кв. км. Нездарма ж мы яго называем сваім морам. I тут жа дадаём: «Нарач — дзіця акіяна». I яно зразумела — вельмі ж нам хочацца мець свой акіян, хоць вось такім чынам далучыцца да яго!
У нас ёсць яшчэ адно мора — Мінскае! Яго мы зрабілі самі. Сваімі рукамі. Яно рукатворнае. Паставілі плаціну на рацэ Свіслач — і вось маем за горадам, пад бокам у сталіцы 31 кв. км вады ўшыркі (такая плошча возера), 10 км даўжыні, 9 м глыбіні. Мора!
Беларусь мае падземныя рэкі і ручаі. Mae вялікія азёры пад зямлёю — прыродныя сховішча чыстай пітной вады. I мінеральныя крыніцы — мы разведалі ўжо 87 відаў каштоўнай мінеральнай вады па ўсёй Беларусі. Гэтыя крыніцы — невычарпальнае багацце нашага здароўя, нашай сілы і моцы.
Ды і самая звычайная наша вада — лекавая. Болынасць насельніцтва Беларусі карыстаецца пітной вадою з падземных вадазабораў. А артэзіянская вада, паднятая да нашага стала з глыбіні ад 60 да 400 метраў, не патрабуе ніякай ачысткі — яна і без гэтага чыстая і светлая, як крышталь.
Дождж — наша вада. Снег — наша вада. Лёд — зноў жа наша вада.
Калодзежы — таксама наша вада. Раней Беларусь нават не ўяўлялася без калодзежаў і асвераў, што заўсёды і ўсюды
схіляліся над імі. Гэта спрадвеку з’яўлялася нашымі звычайнымі пейзажамі.
Свае калодзежы і ваду ў іх беларусы надзялялі статусам святасці і чысціні. Асабліва лекаваю была калодзежная вада напярэдадні свят — Ражства Хрыстова, Вадохрышча, Стрэчання. Такой вадою мы паілі хворых, у ёй купалі дзяцей, умываліся самі. Мы лічым, што каб карова прыбавіла малака, трэба напаіць яе вадою з трох калодзежаў. А вясельны каравай ужо замешвалі на вадзе з сямі калодзежаў.
Мы і цяпер верым: у кожным калодзежы жыве дух — ахоўнік чалавека — вадзянік.
Даўней калодзежы называліся ў нас студнямі. Бо ў іх нашы продкі студзілі малако, каб яно не ўкісла. Студзілі ўсе свае напіткі — хмельныя, і не хмельныя: дастанеш, прыгубіш — аж зубы заходзяцца...
I звычайныя балоты — наша вада. Тры водна-балотныя ўгоддзі Беларусі, што складаюць адзін працэнт тэрыторыі краіны, першымі былі ўключаны ў сусветны спіс найбольш каштоўных. Гэта заказнікі «Спораўскі», «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты». Крыху пазней у той жа спіс далучылі і заказнікі «Ельня», «Асвейскі», «Котра», «Дзікае» і «Званец».
Кажуць, што лёгкія Еўропы схаваныя на дне нашых палескіх балот. Бо адзін гектар балота забірае з атмасферы вуглякіслага газу ў 10 разоў больш, чым адзін гектар лесу ці лугу. Беларускія балоты ўзбагачаюць паветра Зямлі кіслародам.
1 мільён 200 тысяч гектараў у нас ужо асушана. Але ж у беларускім Палессі яшчэ засталося 1 мільён 706 тысяч гектараў неасвоеных балот. Яны жывуць, працуюць, ачышчаюць паветра.
I пакуль нашы балоты ёсць — Еўропа можа спакойна дыхаць.
I людзі, і жабы, і птушкі могуць жыць спакойна.
Бо нашы буйнейшыя ў Еўропе балоты, што захаваліся ў натуральным стане, з’яўляюцца важнейшым месцам узнаўлення 16 відаў птушак, якія амаль зніклі ў Еўропе,— у іх жыве 50 працэнтаў сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі і болып за 10 працэнтаў еўрапейскай папуляцыі вялікага падорліка, якія ў іншых краінах занесены ў Чырвоныя кнігі.
Мы далучыліся да Рамсарскай канвенцыі, якая ставіць сабе за мэту захаванне ў планетарным маштабе водна-балотных угоддзяў і выжыванне ў іх рэдкіх птушак і раслін.
Але ж вада — яшчэ і наша энергія. Гэта нашы млыны, гэта нашы электрастанцыі.
Уся наша вада — жывая вада.
Аднак ёсць у нас і святая вада. Святыя крыніцы. Яны нашы лекары і супакаяльнікі. Напіўся святой вады — і ўжо нічога не баліць. Напіўся са святой крыніцы — і ты ўжо здаровы.
Беларусы заўсёды паважалі ўсе свае крыніцы, а святыя — як найболей. Яны называліся ў нас яшчэ прошчамі, людзі маліліся ім, прасілі здароўя. Купалі ў іх хворых дзяцей, і тыя выздараўлівалі.
Жывую ваду нараджалі толькі крыніцы!
Паблізу крыніц людзі ўзводзілі храмы — каля такой крыніцы, якая жыве і цяпер, пабудавана, да прыкладу, і Полацкая Сафійка, сусветна вядомы шэдэўр нашага дойлідства.
А Блакітная крыніца каля вёскі Клінцы, што на Слаўгарадчыне, у якой дзень і ноч бурліць блакітнавата-смарагдавая вада!
А Святая крыніца ля падножжа Святаянскай гары паблізу вёскі Смаляры, што на Барысаўшчыне, дзе з даўніх часоў святкуюць Купалле!
А крынічка, з якой выцякае рака Вілія, дзе стаіць язычніцкі Сцёб-камень, дзе было свяцілішча хутчэй за ўсё ў гонар багіні ўрадлівасці Берагіні!