• Часопісы
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Заваёўнікі, якія прыходзілі да нас са зброяй, змушалі нас і да сваіх грошай: у Першую сусветную вайну на тэрыторыі Беларусі былі ў абарачэнні нямецкія жалезныя і папяровыя боны, грошы ў пфенігах і марках, а ў другую — немцы зноў жа прывезлі нам гітлераўскія боны, акупацыйныя маркі, карбованцы і рэйхмаркі.
    Былі і незвычайныя грошы. У 1943 годзе немцы надрукавалі своеасаблівыя грашовыя знакі: на адным баку — савецкі чырвонец, а на другім — пропуск праз фронт. Маўляў, здавайцеся. Тады з нашага боку таксама выпусцілі свае грошы: на адным баку тая ж прапанова здавацца, аднак паланенне нямецкага салдата каштавала танней — усяго пяцьдзясят пфенігаў.
    3 1943 года ў нас мелі хаджэнне грашовыя знакі імперскіх крэдытных кас, якія выпускаліся эмісійным банкам Остланд. А карбованцы, выпушчаныя на Украіне для Беларусі, у нас так і не з’явіліся — на машыну, што везла іх, напалі партызаны і ўся наяўнасць гэтых грошай была захоплена і знішчана.
    Пасля вайны і ў нас, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, былі агульныя савецкія грошы — рублі і капейкі — з надпісам на ўсіх дзяржаўных мовах пятнаццаці рэспублік, якія ўваходзілі ў СССР. За іх тады і беларусы любаваліся летам снягамі Паміра, высакагорнымі азёрамі Рыца і Севан, маглі даехаць да Ціхага акіяна. Мы тады верылі ў «хуткую перамогу камунізму» і ў тое, што грошы, як перажытак мінулага, неўзабаве знікнуць зусім.
    А першыя самастойныя грошы мы выпусцілі толькі ў 1992 годзе. Гэта былі разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
    Выпускаючы свае грошы, мы быццам бы вярталіся да таго, з чаго пачыналі,— да грошай-жывёлы. Бо на нашых грашах былі адны жывёлы: бабры, ваўкі, рысі, ласі, мядзведзі, зубры. «Давай зубра — бяры жыта», «Не, аднаго лася мала за сена».
    На пяцідзесяцікапеечнай паперцы была намалявана вавёрка, і нашы грошы можна было, як калісьці, называць «вавярыцаю». А на рублі смела скакаў заяц, і таму нашы грошы пачалі ва ўсім свеце зваць «зайчыкамі».
    Цяпер «зайчыкі» на Беларусі зніклі — іх з’ела інфляцыя. А дзякуючы ёй яшчэ нядаўна мы ўсе былі мільянерамі і мільярдэрамі — нават ляныя мелі мільённыя заробкі! Але статак не даваў дастатку.
    Статку дзікіх жывёл цяпер на нашых грашах няма. Іх замяніла архітэктура: Брэсцкая крэпасць, Нацыянальны тэатр оперы і балета, Акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка, Мастацкі музей, Траецкае прадмесце, Мірскі замак, Рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы. 3 нашых банкнотаў зніклі шматлікія нулі, і мы атрымліваем ужо не мільёны, а тысячы.
    А ў падвалах Нацыянальнага банка, кажуць, да сёння захоўваюцца грошы, надрукаваныя яшчэ ў пачатку перабудовы,— з партрэтамі выдатных людзей Беларусі, з яе нацыянальнай і гістарычнай сімволікай, аднак, як зноў жа кажуць, яны, так і не выйшаўшы на людзі, таксама ўжо састарэлі.
    I ўсё ж беларускія нацыянальныя грошы ў золаце, срэбры і медна-нікелевых сплавах ужо існуюць. Праўда, іх пакуль чаканяць не ў Беларусі, а на лепшых манетных дварах іншых краін Еўропы — у Швейцарыі, Германіі, Расіі, Польшчы і інш.
    25 ліпеня 1995 года суверэнная Беларусь прыняла праграму вырабу сваіх манет — забытага ўжо плацёжнага сродку, a 27 снежня 1996 года дзяржава мела сваю першую манету, адчаканеную ў Англіі на каралеўскім манетным двары «Раял Мінт».
    Цяпер мы маем шмат манет па розных накірунках: «Гістарычныя помнікі», «Гарады Беларусі», «Знакамітыя землякі», «Беларусь алімпійская», «Флора і фаўна Беларусі» і інш.
    Карыстаюцца папулярнасцю нашы манеты, прысвечаныя 2000-годдзю хрысціянства на Беларусі, Дню незалежнасці
    Рэспублікі Беларусь, Мірскаму замку, пісьменнікам Адаму Міцкевічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Міхасю Лынькову, нашаму земляку Ігнату Дамейку, чыім імем названы горны хрыбет у Андах, мінерал дамейкіт, універсітэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант’яга.
    Упрыгожаць любую калекцыю нумізматаў манеты, на якіх наша гісторыя і традыцыі: беларускае вяселле, заказнік «Чырвоны бор» на Полаччыне, князь Рагвалод са сваёй дачкой Рагнедай, заснавальніца еўрапейскай дынастыі Ягелонаў Соф’я Гальшанская. I вядома ж славутая залатая манета «Ліс» з устаўкамі з брыльянтаў.
    А першаю нашаю манетаю была грашовая адзінка, прысвечаная 50-тоддзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адным з заснавальнікаў якой была і наша дзяржава.
    На міжнародным конкурсе «Манета года — 2005», у якім удзельнічала 37 дзяржаў свету, галоўны тытул атрымала наша манета «Нацыянальны парк «Нарачанскі». Лебедзь-шыпун», а «Беларускі балет» названы манетай года.
    НАША МІФАЛОГІЯ
    Чалавек заўсёды ў нешта верыў. Прыдумляў, у што верыць, аднак верыў у сваім дзяцінстве, верыць сёння і, вядома ж, будзе верыць і заўтра, якім бы яно ні было.
    Чалавек, пакінуты сам-насам з прыродаю, змагаючыся з ёю, нелітасціваю, як кажуць, голымі рукамі, не толькі верыў у багоў і нячысцікаў, але спрабаваў разабрацца, хто ж ён сам і што вакол яго адбываецца. Пра ўсё гэта ён разважаў, умеючы толькі думаць. Яшчэ не ўмеючы чытаць і пісаць. Ен проста ўглядаўся ў свет і імкнуўся разгледзець яго. Ён адухаўляў усё жывое і нежывое на зямлі. Чалавек прагнуў сябе зразумець і ўсвядоміць і сярод бачных раслін і жывёл, і ў нябачных абдымках Зямлі, у незразумелых прасторах сусвету, космасу. Пра тое-сёе ён здагадваўся, сёе-тое выдумляў сам.
    Гэты роздум і нараджаў міфы.
    Беларуская міфалогія, як і міфатворчасць іншых народаў, прайшла свой шлях: пры матрыярхаце нараджаліся міфы пра
    злых, страшных, шматгаловых пачвараў; патрыярхат увёў у міфы асілкаў, герояў-волатаў — колькі валатовак, іхніх, як лічаць, магіл параскідана па нашай зямлі! — а наша аселае жыццё стварыла культ продкаў.
    Наша міфалогія з’яўляецца адной з самых старажытных ва ўсім індаеўрапейскім свеце. Яна вядзе нас у далёкі і неспазнаны дахрысціянскі свет, уводзіць у жыццё нашых даўневечных продкаў, паказвае, чаго мы баяліся і чаму радаваліся.
    Асноўнымі героямі міфаў былі ў нас багі. Ад нашай галоўнай Маці-Багіні, ад якой нарадзіліся ўсе і ўсё, да вялікага пантэона багоў, якім узводзіліся свяцілішчы і капішчы — да ўвядзення на нашай зямлі хрысціянства мы былі многабожцамі і пакланяліся камяням, дрэвам, рэкам, гаям і нашым шматлікім багам.
    Таму ў нашых міфах спрадвек жылі Волаты, Дубы і Курганы, Дажбог і яго каханая Мая, Ярыла Сонцалікі і злы Чарнабог, Яшчар і Волас, Жыцень-спарыш і Цёця, рэкі і лясы, млыны і гумны, хаты і сады, чарадзеі і ваўкалакі.
    Вышэйшымі нашымі міфалагічнымі асобамі з’яўляліся Пярун і Вялес. Яны — супрацьлегласці. Пярун — на небе, Вялес — на зямлі. Перуну ставілі капішча на гары, Вялесу ў нізіне. Пярун павінен быў выконваць ваенныя функцыі, бо ён — бог і абаронца вояў, а Вялес — гаспадарчыя: ён лічыўся апекуном жывёлагадоўлі.
    Пярун — бог грому і маланкі. Па-свойму мы тлумачылі раней і гэты гром, і гэтыя маланкі: Пярун трымае ў руках вялікія жорны і б’е камень аб камень, ад чаго ляцяць іскры — перуновы стрэлы, што цаляюць у нячыстую сілу. Аднак стрэлы часам і памыляюцца — трапляюць то ў людзей, то ў іхнія хаты і падпальваюць іх.
    Вялес — яшчэ апякун мастацтва, багацця. Яны з Перуном— вечныя ворагі, увесь час за нешта вядуць між сабою змаганне. Хоць, здаецца, гэтыя багі — усяго толькі раздваенне нейкага аднаго, яшчэ больш старажытнага бога.
    Спрадвек змагаюцца на нашай зямлі паміж сабою, адзін з адным Белабог і Чарнабог, Доля і Нядоля, Праўда і Крыўда.
    Змагаецца чамусьці з Перуном і Жыжаль — бог агню, апякун рамёстваў. Ен — каваль, магутны дэман, куе ў падзямеллі
    зброю супраць Перуна. I калі доўга працуе, пераграваецца зямля, тады гараць лясы, тарфянікі, наступае засуш.
    Нашым продкам спрыялі, дапамагалі жыць і працаваць Ярыла, бог урадлівасці зямлі і плоднасці жывёлы, які ўвесну на белым кані аб’язджаў палі, адмыкаючы зямлю для сяўбы і неба для сонца; Лёля, багіня вясны, маладзенькая прыгажуня, якая скача па праталінах: дзе яна ступіць нагою,— зелянее трава, расцвітаюць кветкі; Цёця, багіня шчодрасці і дабраты, якая ходзіць па зямлі з боханам хлеба ў руках і багата адорвае кожнага сустрэчнага. А яшчэ ж былі Жыцень — бог жніва, Лада — багіня кахання і плоднасці, росквіту і жаночай прыгажосці, Цаца — багіня веснавога цвіцення, Зюзя — бог зімы, марозу і холаду, Жыва — багіня жыцця, Грамаўніца — жонка Перуна, Бялун — Перуноў бацька.
    I яшчэ ў нашай міфалогіі заўсёды прысутнічалі ніжэйшыя істоты — духі, нячыстая сіла. У доме — дамавікі, у лесе — лесавікі, у рацэ — русалкі, вадзянікі, вірнікі, ціхоні, у лазні — лазнікі, у полі — палевікі, у пушчы — пушчавікі, у балоце — балотнікі, у хляве — хлеўнікі, у гумне — гуменнікі, у еўні — еўнікі.
    Яны і шкодзілі, але ж і дапамагалі чалавеку. Беларус дружыў з імі, стараўся не злаваць іх, жыць з імі ў міры і дружбе. Яны былі поплеч з чалавекам, ён вітаўся з імі, гаварыў з імі, раіўся і меў за сваіх сямейнікаў. Беларусы пакідалі ім яду, шукалі ў іх дапамогі і нават не злаваліся, калі лазнічак часам у лазні, нібы жартуючы, дасць ляшча голай кабеціне па мяккім месцы — тая толькі ліне ў той бок вадою, ды і ўсё.
    Вельмі паважалі мы Дамавіка і называлі яго яшчэ Хатнікам, Падпечнікам, Хоплікам, Гаспадаром. Менавіта Гаспадаром, бо ён даваў корм коням і каровам, лашчыў іх і даглядаў, сушыў наш хлеб у клеці, перасыпаючы зерне з далоні на далонь, ад чаго яно спарнела. Умелі беларусы знаходзіць паразуменне і з духамі хвароб — з крыксамі, плаксамі, начніцамі, цётухнамі. 3 Трасеяй, Аінеяй, Хрыпунеяй, Лядзеяй.
    Вось як расказвае вядомы этнограф Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча, пра тое, якім, да прыкладу, бачыць і ўяўляе сабе беларус міфалагічнага змея:
    «Змей, які носіць грошы. Пра кожнага больш-менш багатага селяніна ў Беларусі кажуць, што «яму змей грошы
    носіць» (...) Такія змеі, па расказах, выводзяцца штучна. Пра гэта існуе такое павер’е. Калі чорны певень пражыве сем гадоў, то пад канец сёмага года знясе асаблівага выгляду яйка, якое нібыта нагадвае па форме ракавіну звычайнага смаўжа. Гэта яйка трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яечняй (гэта яго выключная ежа) і нічым не раздражняць. Вырасшы, змей пачне лятаць, адшукваць скарбы і насіць грошы свайму гаспадару. Жыве змей у клетцы, нікому не паказваецца. Туды яму гаспадар ці гаспадыня штодня носяць свежую яечню. Але яе чамусьці нельга саліць: нічым так не прагнявіш змея, як пасаліўшы яму яечню. За гэта ён спальвае ўсё гаспадарова дабро і сам адлятае. Наогул ён, раззлаваўшыся, помсціць пажарам. Калі хто-небудзь убачыць, як ён нясе грошы і зняважыць непрыстойнасцю, то ён грошы рассыпле, а свайго гаспадара чамусьці спаліць».