У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
3 дабратою і пашанаю адносіліся беларусы да свайго бога Зюзі. У запісе этнографа ГІ. Драўлянскага аповед пра яго гучыць так:
«Зюзя, бог зімы. Паходзіць ад дзеяслова зюзець — мерзнуць, калець ад марозу. Вось якім уяўляюць Зюзю беларусы: ён, кажуць, стары, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа доўгай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай адзежы: ногі ў яго босыя і галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Зюзя, кажуць беларусы, большаю частку зімы праводзіць у лесе... Часам ён заходзіць у вёску па розных прычынах: ці каб папярэдзіць сялян пра жорсткую суровую зіму на будучы год, ці дапамагчы каму-небудзь — напрыклад, вызваліць ад холаду няшчасную бедную сям’ю, ці проста для таго, каб куцці наесціся... Каб неяк задобрыць Зюзю, беларусы напярэдадні Новага году гатуюць, як звычайна, куццю, адкладваюць частку яе ў асобную талерку (ці лепш міску) і пакідаюць нанач на асобным стале: куцця застаецца цэлая, але агульнае павер’е гаворыць, што яе з’ядае Зюзя».
Пра Зюзю людзі гавораць з нейкай асаблівай павагай. Прымаўкі: «Зюзя ў хаце, а тут ужо ні снапа на палаце», «Зюзя на дварэ — куцця на стале».
Але ж былі яшчэ ў нас і злыя духі. Злыдні, якіх беларусы ненавідзелі і баяліся:
«Злыдні — малыя, гарбатыя, скурчаныя стварэнні, у вялізных ботах і шапках; час ад часу нападаюць яны на пэўную хату, і тады там ужо нічога не вядзецца. Звычайна жывуць пад печчу, робяць адтуль выправы па ўсёй гаспадарцы і розныя набыткі адбіраюць. Заглядаюць у гаршкі з ядою і ў лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако вады наліваюць, у дзежцы хлеб псуюць, у курэй яйкі крадуць... Ва ўсім шкодзяць і перашкаджаюць, так што хата, у якой яны пасяліліся, бяднее і галее. Часам яны ўзнікаюць без прычыны, іх можна таксама выклікаць. Калі, напрыклад, хтосьці ў часе яды працуе, можна з упэўненасцю сказаць, што злыдні нападуць на яго».
I самы галоўны злыдзень над імі — Кадук.
«Кадук, самы старэйшы злы дух... Жыве ў самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце; на службе ў яго знаходзяцца ўсе злыя духі меншыя, падначаленыя яму; тут Кадук чыніць расправу над імі; адсюль ён пасылае іх да людзей чыніць розныя падкопы. Бяда, калі чалавеку выпадзе няшчасце трапіць у гэта балота: пагібель непазбежна; нейкі дурман нападае на чалавека, “ходзіш па ўсіх напрамках балота, а між тым, бач, стаіш на адным і тым жа месцы”».
Гэтак піша пра галоўнага злыдня той жа П. Драўлянскі. A Аляксандр Сержпутоўскі дадае:
«Кадук — гэта такая страшэнная пачвара: ні чалавек, ні звер, але больш змахвае на звера з вялізарнай касматаю галавою і з шырокім горлам аж да самых вушэй. Як разявіць ён сваю халяву, у каторай блішчаць белыя зубы, ды чырванее, бы агонь, язык, дык от так здаецца, што ён гатоў пракаўтнуць цалкам з касцямі і патрахамі. Часам людзі сярдзітыя кажуць: «Каб яго ўзяў Кадук» ці «Вазьмі яго Кадук», але Кадук рэдка бярэ, бо ён праяўляецца толькі ў ліхую часіну, а такая часіна бывае толькі адзін момант пры ўсходзе сонейка, у самы поўдзень, у самаю глухасць сярод ночы. Гэтая пачвара пахапала б усіх людзей, каб ёй было вольна аб’яўляцца заўжды, але Бог так даў, што яна сама не мае ўлады над чалавекам, а чакае,
пакуль ён пазаве ў такі ліхі момант, у які што чалавек скажа, то ўсё станецца».
Для беларуса Баба Яга-касцяная нага — «злая чараўніца, якая робіць уночы рознае паскудства» і пра якую ў запісах Івана Насовіча гаворыцца, што яна «ў ступе ездзіць, таўкачом паганяець, а памялом замятаець».
Баба Яга, ці, як мы звалі яе яшчэ — Юга, Югася — старэйшая сярод ведзьмаў. Яна вогненнай мятлою ганяе вятры і хмары.
I ўвогуле ведзьмы, якіх мы ўяўлялі неахайнымі жанчынамі з распушчанымі сівымі валасамі, заўсёды прыносілі, на нашу думку, адны няшчасці і чалавеку, і яго жывёле: яны адбіралі малако ў кароў, рабілі заломы ў жыце, псуючы ўраджай і выклікаючы цяжкія хваробы ў людзей, пасылалі засуху, пажар, мор, таямніча праходзілі праз зачыненыя дзверы, кралі ці падмянялі немаўлят, a то і ласаваліся крывёю нехрышчоных дзяцей.
«Што датычыцца вадзеніка, то гэта безумоўна шкодны дух. Галоўны яго занятак тапіць людзей. Але ён не супраць пасадзіць баржу на мель, абарваць вуды ў рыбака, які іх накідаў у яго вір, не супраць пацягнуць за ногі качку ў ваду... Ен нярэдка апоўдні выскоквае з вады да пояса і крычыць: “Рот ёсць, ды няма чаго есці!”». (Запіс Раманава.)
Вадзянік — гаспадар рэк, азёр, іншых вадаёмаў: дзе ёсць вада, там ёсць і свой вадзянік. Любіць віры, а таксама ціхія і глыбокія месцы, дзе жывуць донныя рыбы — самы ды шчупакі. Вадзянік — валадар над усімі рыбамі.
Ён — гарбаценькі чалавек з барадою, увесь у ціне. Стан вады ў нашых вадаёмах, верылі мы, залежыць ад настрою вадзеніка: ён злуецца — вада рабацініцца, ён гарэзуе — вада плёскаецца, ён спіць — вада ціхая-ціхая. А паводку мы ўвогуле лічылі вяселлем вадзеніка. Каб не турбаваць яго, мы ніколі не крычалі, не размаўлялі гучна каля вады.
«Ваўкалак — гэта чалавек, які ператвараецца ў ваўка. У воўчым выглядзе ён зжырае і людзей і скаціну. Такі воўк-пярэварацень надзвычай крыважэрны і таму небяспечны. Ростам ён большы за звычайнага ваўка; асабліва вялікая
ў яго галава; у яго чатыры вокі; два на ілбе, два на патыліцы, так што ён бачыць ва ўсе бакі». (Запіс Багдановіча.)
Мы нават ведаем, як зрабіцца ваўкалакам:
«Каб пераўвасобіцца ў воўка, трэба тройчы перавярнуцца цераз нож, уторкнуты ў зямлю, вымаўляючы пры гэтым асаблівае закляцце...».
Вось якімі ўяўлялі мы іншых сваіх міфалагічных істот у мінулым тысячагоддзі.
«Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў, ён жыве па старых законах; гэта ж пераймаюць у спадчыну і яго сыны». (Запіс Нікіфароўскага.)
«Дзявоя — багіня цнатлівасці. У беларусаў ёсць звычай пры выхадзе дзяўчыны замуж святкаваць апошні дзень яе дзявоцтва... Са стратай дзявочай залатой вольніцы кожная дзяўчына пазбаўляецца апякунства Дзявоі». (Запіс Драўлянскага).
«Лесавік такі ж вольны, як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звер, і плакаць, як дзіця... У лесавікоў ёсць жонкі. Яны выглядаюць, як звычайныя жанчыны з распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны». (Запіс Ляцкага.)
«Ох — барадаты чалавек, жыве пад зямлёй, а хто, бядуючы, уздыхае: «Ох!», то ён выйдзе з-пад зямлі і папытае: «Чаго патрабуеш?» А як хто ўжо гэта ведае, да не спалохаецца, да і скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое дасць». (Запіс Федароўскага.)
«Чорт, каб толькі ўзяць душу, усё даць можа чалавеку: здароўе, доўгае жыццё, шчасце, заступніцтва, дастатак, талент — адным словам усё, чаго толькі чалавек жадаць і прагнуць можа». (Запіс Федароўскага.)
Во якія яны, нячысцікі! Аднак:
«Чорт бабы надта баіцца і кажуць, што з дарогі саступае». (Запіс Федароўскага.)
Талака — апякунка жніва і ўрадлівасці. Яна ў вялікай пашане ва ўсіх беларусаў і, здаецца, па ўсёй Беларусі вядома пад адным гэтым імем. Аказваецца Талака — гэта таксама багіня.
У сваіх міфах мы хацелі растлумачыць і нейкім чынам упарадчыць навакольны свет. Усвядоміць паходжанне з’яў і стыхій.
У нашай міфалогіі шмат міфаў пра дрэвы, кветкі, птушак, пра рэкі, азёры, узгоркі, камяні: травіца — брат і сястрыца, зязюльчыны слёзы, папараць-кветка, міфы пра бусла, ластаўку, зязюлю, пра рабіну, бярозу, вярбу, пра іх нягоды і трагедыі.
Элементы нашых даўніх міфалагічных уяўленняў зберагліся ў казках, баладах, замовах, валачобных, купальскіх, вясельных песнях. Зберагліся ў такіх нашых абрадах, як Пахаванне Масленкі, Пахаванне Стралы, Жаніцьба Коміна, Завіванне барады Вялесу, і ў іншых язычніцкіх дзеях.
У сваіх міфах мы думалі, здзіўляліся, разважалі. I таксама прыйшлі да адкрыцця, што сусветнае дрэва жыцця складаецца з трох частак: для карэння ёсць змеі, для ствала — пчолы, для галін — птушкі.
А чалавек? Ён усюды. Ён само гэтае дрэва. Бо і дрэва, і птушкі, і звяры, і пчолы, і змеі, і кветкі, і духі, і боствы ў нашых міфах думаюць і разважаюць менавіта так, як бы думаў і разважаў сам чалавек.
НАШЫ КАМЯНІ
Як толькі не называюць у свеце нашу родную Беларусь! Яна і краіна лясоў і балот, яна і краіна старажытных замкаў і палацаў, яна і краіна бульбы, ільну-даўгунцу, васількоў.
Аднак Беларусь — гэта яшчэ і краіна валуноў.
Колькі іх, розных па форме і па памеры, параскідана па нашай зямлі! Ля рэчак і ў лясах, на сенажацях і хлебных палях, каля дарог і на вуліцах вёсак. Адны з іх — маленькія каменьчыкі ў 5—10 см, а другія — вялізныя валуны ў сотні тон. Як, да прыкладу, той камень-гігант, які здаўна жыве каля вёскі Горкі, што ў Шумілінскім раёне. Прывык і жыве, і нікуды не збіраецца сыходзіць. Вялікі камень — так завуць яго мясцовыя жыхары — і сапраўды вялікі: даўжыня яго 11 м, шырыня — 5,6 м, узвышаецца ён над зямлёю на 3 м, a пад зямлёю — яшчэ дзве трэці схавана. Таму і не дзіўна, што важыць валун аж 1,5 тысячы тон.
Спрадвеку беларус жыў побач з валунамі, дружыў з імі, любаваўся імі, знаходзіў агульную мову. I ніколі не задумваўся, што яны не тутэйшыя, не мясцовыя.
Нашы валуны — іншаземцы. Апошні ледавік адарваў іх ад Скандынаўскіх гор і, разлучыўшы з радзімаю, прымусам прывалок на нашу зямлю. I наша радзіма стала вечнаю радзімаю для іх. Бо ніякая сіла не зможа ўжо цяпер нашы валуны вярнуць дадому, на іх Поўнач.
Скандынаўскія вандроўнікі спрадвеку звыклыя нашаму беларускаму воку — беларусы нараджаліся пры іх ужо. Без іх і сёння мы нават не ўяўляем сваіх краявідаў.
Каменне, праўда, часам замінае нам і цяпер. Са сваіх палёў мы збіраем яго і зносім у крушні наўзбоч ніў, каля сенажацяў, на ўзмежках сядзіб. Каб не зламаць аб каменне плуг ці хедар камбайна. Прыбіраем і з лугоў — каб не замінала касе ці сенакасілцы. Так што крушні — зноў жа адметнасць нашага пейзажу.
А колькі замкаў і палацаў, дыхтоўных і прыгожых, пабудавалі мы з гэтых камянёў! Колькі царкоўных храмаў! Колькі валуноў паклалі за стагоддзі беларусы ў падмуркі сваіх хат! Колькі камянёў стала нашымі жорнамі, каб малоць зерне на муку, колькі іх стала ядрамі, каб абараняцца ад ворагаў, колькі нашых гасцінцаў і дарог забрукавана імі!
А ў каменным веку, у самы старажытны перыяд развіцця чалавецтва, мы ўсе свае прылады працы і зброю рабілі з каменю. Пра гэта сведчаць раскопкі гарадзішчаў каля вёсак Абідавічы на Быхаўшчыне, Свяцілавічы на Веткаўшчыне, Бердыж на Чачэршчыне, Юравічы ў Калінкавіцкім раёне.