У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Да Звеставання, вясновага свята гукання вясны, мы пяклі з мукі птушак — «жаваронкаў» і «кулікоў». Да пачатку веснавой сяўбы — фігуркі ў выглядзе бараны, сахі, сярпа...
Хлеб-соль, якімі мы сустракаем сваіх шаноўных гасцей,— таксама наша абрадавая ежа.
Наш абедзенны стол смела можна ставіць у лесе. Там мы ніколі не памром з голаду — лес нас выручыць. Апрача жыўнасці, апрача спеласакаўных ягад, у нашым лесе расце яшчэ наша радасць і насалода — грыбы. Іх вельмі прыемна збіраць, але не менш прыемна есці. Што мы толькі не робім з імі! Мы іх і сушым, і марынуем, і солім, і смажым, і тушым, і варым. Нават сырыя ядзім, да прыкладу, рыжыкі. Аднак найбольш любім баравікі і сыраежкі, падасінавікі і лісічкі, грузды і абабкі, маслякі і апенькі, радоўкі і гаварушкі... А колькі яшчэ розных грыбоў ядзім мы!
Таксама свой стол мы можам ставіць і каля сваіх рэчак і азёраў. Там — зноў жа наша ежа. Там, у вадзе,— самы і шчупакі, стронгі і ўюны, акуні і плоткі, карпы і сялява, ментузы, язі ды карасікі. Там — наш славуты вугор, які падымаецца ў Нёман, Дзвіну, Буг з Балтыйскага мора. Ен падобны на вужа, і смачны, смачны, смачны. Асабліва вэнджаны. А яшчэ — рак. Вараны. А яшчэ ёршык. Праўда, ён не для ежы — больш для забавы дзецям.
I ўрэшце наша яечня. Наша спрадвечная нацыянальная ежа. На любы час, на любую патрэбу, на любы выпадак.
Зайшоў у хату нечаканы госць — беларусы адразу ж смажылі і смажаць яечню.
Ішоў селянін вясною ў провідкі да сваёй нівы, і рупліва браў з сабою хлеб, соль і — абавязкова! — велікодныя яйкі, яечню.
Яечня — у беларусаў і абрадавая, рытуальная страва. Яна была абавязковай і на Купалле, і на Сёмуху, калі дзяўчаты прыносілі яе ў лес і елі там пад звязанымі верхавінамі маладых бярозак, іпто былі ўпрыгожаны каляровымі стужкамі.
А пастухі, якія ў першы раз выганялі статак на юр’еўскую расу, смажылі яечню на вогнішчы прама ў полі і з ёю тройчы абыходзілі статак, прамаўляючы замовы і заклінанні — каб зберагчы статак ад хвароб і ваўкоў.
Што мы ядзім сёння? А тое, што і ва ўсім свеце ядуць: снікерсы і курыныя кумпячкі, бананы і ківі, ананасы і гамбургеры. У Мінску, да прыкладу, у рэстаране «Данькаў клуб» мы можам заказаць салаты «Казанова» і «Міледзі» — з крэветкамі, мідзіямі, садавінай, мясную салянку «Бардо», грыбны суп-пюрэ «Шэрвуд», свініну «Настальжы» — з мёдам, спаржай і гароднінай, «Эскабеча» — сёмгу з мёдам і гарчыцай, ды мідыі ў шампанскім. А рэстаран «Белая Русь», што ў гатэлі «Мінск», можа нават наладзіць посны банкет. Яго поснае меню ўражвае кожнага сваім багаццем. Вось толькі адны закускі: пікантная салата ў мяшэчку з памідораў з соусам з салодкага перцу і духмянай падлівай; лобія з чырвонай фасолі, зялёнай рэдзькі і грэцкіх арэхаў; марская салата з мідый, крабаў, каракаціцы і каралеўскіх крэветак... Яшчэ ж меню прапануе посны суп з рознай агародніны, з бобам і грыбамі ў шытаке ды густую сычавічную поліўку з баклажанамі і маркоўнымі рагалікамі. I гарачыя стравы — пальчыкі абліжаш: посныя варэнікі, бульбяныя катлеты з гарнірам са смажаных апенек, спаржа, фенхель, цукіні. брокалі...
Аднак зразумела, што нашы спрадвечныя нацыянальныя стравы і сёння з’яўляюцца для нас асноўнымі.
Беларуская кухня прысутнічае ці не ва ўсіх нашых рэстаранах. А найперш — у спецыялізаваных: «Беларуская кухня»,
кафэ-барах «Анастасія» і «Дуэт», «Кавярня на пагор’і», бар «Мядзведзь», кафэ «Налібокі», «У Стасі», «Бульбяная», «Пан Хмелю».
Праўда, невядома за што пакараў нас так нялітасціва не наш Чарнобыль. Чыстую нашу яду зрабіў бруднаю. Чацвёртую частку нашай зямлі заразіў радыенуклідамі. А гэта ж нашы палі, лугі, лясы, поймы рэк і азёраў... Нашы нівы і сенажаці. Нашы агароды. А гэта ж — гуркі, памідоры, цыбуля, бульба, грыбы, ягады, арэхі, яблыкі, вішні, слівы... Наша ежа.
I ўсё ж няхай наша ежа, не зважаючы ні на што, заўсёды будзе чыстаю! Тым больш, што тры чвэрці тэрыторыі Беларусі застаецца ўсё ж незабруджанаю.
Будзь жа заўсёды чысты, наш грыбны супчык, нашы дранікі, кулеш і зацірка!
I паздароў нас чыстаю ежаю, Божа!
НАШЫ ЛЯСЫ
Лес хутчэй за ўсё старэйшы за чалавека. Ну, магчыма, яго равеснік. Аднак ён ніяк не можа быць маладзейшым — чалавек, здаецца, і нарадзіўся ў лесе! Бо лес — гэта ж і хата, і ежа, і адзенне, і вогнішча. Тут ёсць дзе схавацца ад дажджу, засланіцца ад ветру і завеі.
Але ж лес — гэта найперш дрэвы. Вялікая краіна дрэў. Неспазнаная намі цывілізацыя, якая існуе паралельна з чалавечай.
Даўней на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі адны толькі дрэвы — уся наша зямля спрэс была пакрыта лясамі. Чыстымі заставаліся адно рэкі і азёры — на вадзе ж дрэвы не растуць.
Чалавек спрадвеку змагаўся з дрэвамі. У выніку гэтага змагання беларусы вызвалілі ад лясоў для сваіх палёў, лугоў і хат дзве трэці зямлі.
Аднак бязлесных раёнаў на Беларусі няма! Есць больш ці менш высечаныя, а без лесу — няма ніводнага.
Мы ў краіне пакуль што яшчэ маем 7 мільёнаў гектараў лесу. Гэта ў параўнанні з іншымі не так ужо і мала.
У нашых лясах расце 28 відаў дрэў. Усяго толькі? Усяго толькі! Іх можна, як кажуць, пералічыць на пальцах: сасна, елка, дуб, бяроза, асіна, вольха, граб, клён, ліпа, ясень... Словам, усіх іх беларусы ведаюць у твар — як сваіх сяброў. I яшчэ каля 50 відаў кустоў. I вось з гэтых 28 відаў дрэў і 50 парод кустоў.у розных спалучэннях складаецца ўся прыгажосць, вабнасць і разнастайнасць беларускіх лясоў.
Лясы Беларусі дзеляцца на тры віды — хвойныя, шырокалістыя і дробналістыя.
Хвойнікі ў асноўным растуць на Віцебшчыне — на поўначы Беларусі, у Беларускім Паазер’і. Гэта цёмныя хваёвыя лясы паўднёва-таёжнага тыпу з прымессю бярозы ці дуба. Але галоўнае ў іх дрэва елка: елка не баіцца халадоў, а поўнач, яна і на Беларусі поўнач — там, зразумела, халадней, чым на поўдні. Таму і дубоў на Віцебшчыне мала.
Затое, калі кіруешся на поўдзень, на Палессе, заўважаеш, як святлеюць лясы — у іх ужо пераважаюць дубовыя, грабавыя. ясеневыя гаі. На Палессі 65% усіх дубовых дрэвастояў краіны. Тут ужо дуб выцясняе елку. Тут раскашуюць лясы-ясеннікі, a елкі растуць толькі астраўкамі — на ўсім Палессі зафіксаваны толькі 32 такія яловыя астраўкі.
Беларускі лес, калі можна так сказаць, трохпавярховы, трохузроўневы.
Самы высокі паверх — для неба і для вачэй. Гэта хвоя, елка, бяроза, клён, ліпа, ясень.
Самы нізкі — на зямлі. Той, што пад нагамі: крапіва, папараць, бальзамін, вятроўнік, кісліца, заечая капуста, мінушкі, казялец, лішайнікі, сунічнік, бруснічнік, чарнічнік, ястрабок, агаткі, чабор, талакнянка, дзераза, мох, верас. Дарэчы, верасовы тып лясоў займае ў нас 1 мільён гектараў, а мохавы — самы пашыраны: ён распаўсюджаны аж на 30 % усіх лясных угоддзяў.
А паміж імі — сярэдні паверх: падлесак. Гэта ядловец, крушына, каліна, рабіна, арэшнік, маліна, чаромха, бразгліна, шыпшына.
Барадаўчатая бяроза найбольш любіць Надзвінне. Шэраальховыя лясы можна ўбачыць толькі на поўначы. Чорная вольха добра пачувае сябе на нізінах Палесся.
У нас расце лістоўніца сібірская, рэдкі асакор, хвоі Банкса і Мурэя.
Каб захаваць нашы лясы і ўсё, што ў іх жыве, на Беларусі здаўна засноўваліся батанічныя сады, заказнікі, запаведнікі.
Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнікі. Апошні нам дастаўся ад Чарнобыля: у ім даследуецца, як дзейнічае радыяцыя — на дрэвы, ваду, жывёл, траву і на чалавека.
Запаведнік створаны ў так званай 30-кіламетравай зоне на тэрыторыі трох раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. Ён займае плошчу больш за 130 гектараў, і ў ім расце 1251 від раслін, жывуць 54 віды дзікіх жывёл, 25 відаў рыб, гняздуюцца 280 відаў птушак. I ўсё гэта пры вельмі высокай дозе радыяцыі — 2 тысячы мікрарэнтген у гадзіну.
Запаведнік — закрыты для наведвальнікаў. Таму ўсё жывое там жыве па сваіх законах. У пакінутых хатах на крэслах можна сустрэць птушыныя гнёзды, на дрэвах і ўдзень сядзяць совы, якія не баяцца людзей, у пакоях ды сенцах ладзяць сабе лежкі дзікі. А буслы тут чамусьці баяцца чалавека — яны нібыта разумеюць, што гэтая бяда зроблена якраз ім, чалавекам.
Бярэзінскі біясферны запаведнік, які мае плошчу 90 тысяч гектараў запаведнай зоны і 83 працэнты якога пакрыта лесам, захоўвае ўнікальныя ясеневыя і чорна-альхова-ясеневыя дрэвастоі, узрост якіх каля 200 гадоў. Да таго ж ён надзейны прытулак для вялікай калоніі баброў, якая падчас стварэння запаведніка ў 1925 годзе была ўжо ці не адзінаю'ў Беларусі.
Бярэзінскі запаведнік — своеасаблівы аазіс жыцця, дзе жывуць, хоць і ў малой колькасці, усе прадстаўнікі беларускай фаўны і палова нашай флоры: 52 віды сысуноў, звыш 200 відаў птушак, 8 відаў амфібій, 5 рэптылій, 33 віды рыб, а таксама шмат раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу,— чарамша, венерын чаравічак, багноўка чорная, ятрышнік духмяны...
У нас маецца 180 батанічных помнікаў прыроды, што ахоўваюцца дзяржаваю. Гэта старадаўнія паркі Вялікамажэйкаўскі, Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівіламонтаўскі, Барысаўскае лесанасаджэнне, Вепрынская дуброва, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай, Маларыцкія ельнікі,
Восаўскае насаджэнне карэльскай бярозы, а таксама іншыя згуртаванні ўнікальных дрэў.
А наш Батанічны сад знаходзіцца ў сталіцы рэспублікі. Адзін з буйнейшых па плошчы і складу калекцыйных фондаў батанічных садоў у Еўропе. Своеасаблівы лес у цэнтры двухмільённага горада — у яго і ўваход проста з праспекта Незалежнасці. 150 гектараў дрэў і раслін, на якіх сабраны 9 тысяч экспанатаў. У садзе ёсць дэндрарый з сектарамі Беларусі, Далёкага Усходу, Усходняй Азіі, Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа. Ёсць ружарый і цюльпаннік. Есць сад бесперапыннага цвіцення. Есць ландшафтны парк. Закладваюцца сады імхоў і лішайнікаў, водару і павойных раслін.
У аранжарэях Батанічнага саду налічваецца каля 2 тысяч экзатычных раслін: больш як 500 відаў кактусаў, разнастайныя плюшчы, папаратнікі, бягоніі, пальмы, рададэндраны і іншыя трапічныя і субтрапічныя расліны. А колькі іншых лясоў — вялікіх і маленькіх — у нашых гарадах! Гэта нашы паркі, алеі, прысады, зялёныя зоны, асобныя дрэвы, кустарнікі. Ва ўсіх гарадах Беларусі.
Толькі адзін сталічны парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка займае 98 гектараў. А паркі імя Горкага і імя Чалюскінцаў! А скверы — маленькія нашы пералескі! Толькі ў адным Мінску іх больш за сотню.