• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Закаханыя не звяртаюць увагі на плёткі: «Няхай сабе кажуць усялякае ліха, а мы з табою, дзяўчыначка, любімося ціха».
    Нягледзячы на тое, што «мяне маці беражэ, з чапялою сцеражэ», дзяўчына ўсё ж у матухны-матулічкі просіцца на вуліцу — «гуселак паслухаць, песенак навучыціся».
    Але ж не ва ўсіх дзяўчат доля добрая. Дзяўчаткі ўяўляюць часам ліхую долю ў вобразе расліны: «Ды я цябе з корнем вырву, ды цераз плот перакіну. Няхай цябе валы з’ядуць, няхай цябе коні стопчуць».
    А якія хлопцы! А як яны любяць сваіх абранніц! I пашкадуе такі, і пахваліцца:
    Ах ты, дзяўчына, не бойся марозу, Я твае ножанькі ў шапку ўложу. Мая шапанька вельмі дарагая, За чатыры валы яна купавана.
    А якія яны руплівыя, нашы жаніхі: «Як салавейка гняздзечка звіў, чакаючы сваю салоўку, так Іванька домік збудаваў, спадзеючыся на сустрэчу з Кацечкаю». I цяпер коніка прышпорвае, каб сказаць ёй: «Будзем гаварыці, як на свеце жыці».
    А колькі гумару ў нашых жартоўных песнях!
    — Мамачка мая, жываток баліць.
    — Донечка мая, лезь на печ пагрэй.
    — Мамачка мая, на печы дзіця.
    — Донечка мая, дзе ты яго ўзяла?
    — Мамачка мая, у бару нашла.
    — Донечка мая, нашто ты брала?
    — Мамачка мая, мне шкода стала.
    — Донечка мая, чым карміць будзем?
    — Мамачка мая, кароўка ў хляве.
    — Донечка мая, кароўка адна.
    — Мамачка мая, я сама дайна.
    Наша зямля і нашы працоўныя песні. Яны — неразлучныя. Наша зямля не толькі палітая потам, але і аплоднена нашымі песнямі.
    А ў нас жа яшчэ ёсць купальскія, куставыя, русальныя, калядныя, масленічныя, радзінныя, вясельныя песні. Песні, у якіх расказваецца пра наш побыт, дзе чуецца водгулле далёкіх язычніцкіх святаў. Чумацкія, паўстанцкія, бурлацкія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, партызанскія песні.
    А нашы калыханкі: «Люлі, люлі, усе паснулі»! А нашы дзявочыя песні: «А мае чары напагатове — белае лічанька, чорныя бровы»! А нашы гістарычныя песні: «Ой у нядзельку параненьку ўзышло сонейка хмарненька, узышло сонейка над борам, па-над Селецкім таборам»!
    Сівою даўнінаю напоўнена наша народная песня — яна ўся ў даўнявечных росах і пахне дажджамі і вятрамі тых, невядомых нам, стагоддзяў.
    Увогуле наша народная песня была ўсемагутная — яна магла рабіць усё. Яна магла запрасіць дождж, прагнаць зіму, гукнуць вясну. I дзяўчаты, спяваючы вяснянкі, верылі, што дагукаюцца вясны, а таму ўзбіраліся на самыя высокія ў наваколлі пагоркі, каб лепей убачыць, як яна будзе ісці да іх.
    Наша песня ўмела «адамкнуць зямліцу, выпусціць травіцу на ранняе лета, на буйное жыта». Яна рупілася пра тое, каб памагчы чалавеку ў бядзе, каб засцерагчы яго ад дрэнных учынкаў, і ўгаворвала не рабіць нікому шкоды. He любіла несправядлівасці. Як у песні пра нядобрага свёкра — маўляў, калі жнейка, працуючы, спявае, бацька думае: «Малайчынка дачка, яна многа зжала, яна добра працуе, і ёй усё ўдаецца», а злы свёкар крывіцца: «Гультайка, не жне, а толькі спявае». Боль выціскае слязу, калі мы спяваем пра тое, як свякроўка ператварыла нявестку ў рабіну, а потым яшчэ змусіла сына ссячы яе: «А й раз секануў, дык кроў пайшла, другі раз секануў — прамовіла: «Не рабіначку сячэш — жану сваю, не тросткі ламаеш — дзяцей сваіх».
    Шмат хто лічыць нашу песню сумнаю, тужліваю, журліваю. Так, усё гэта ў ёй ёсць, бо доля наша не заўсёды была ласкаваю да нас. Але ж нашы песні ўмеюць, пра што мы ўжо сказалі, быць і вясёлымі, і жартаўлівымі. I самае галоўнае — у
    іх, як сцвярджаюць спецыялісты, ёсць разумная раўнавага мінорнага і мажорнага ладоў і напеваў: мінор — у жніўных, восеньскіх, жаночых песнях, а мажор — у калядных, танцавальных, валачобных. А здараецца і зусім цікавая з’ява: часам сумуюць мажорныя песні і бываюць жыццярадаснымі мінорныя.
    Нашы песні — бадзёрыя, жартоўныя, напоўненыя радасцю жыцця, гумарам, гарэзлівасцю, жартамі кірмашовых, застольных, карчомных, танцавалыіых, скокавых, карагодных, гульнёвых і іншых дзей.
    Што такое народная песня? Гэта не толькі словы. Гэта яшчэ абавязкова гармонік, дуда, бубен. Беларускую народную песню першымі паказвалі яе ж стваральніку — народу — скамарохі: гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі, гусляры, лірнікі.
    Немагчыма разлучыць у песні словы і матыў, музыку. Песня сказаная, а не праспяваная? Абсурд! Песня — гэта якраз яднанне слова і музыкі. А нярэдка яшчэ гэта яднанне скокаў, рытму, матыву, слоў, мімікі.
    Народную песню як маглі ратавалі і захоўвалі народныя спевакі — спявухі, пеюны, пяюллі, пяўчыцы, песнахоры, песнахоркі. Славутыя спевакі часцей за ўсё знаходзіліся сярод пастухоў, леснікоў, аратых, плытагонаў. Яны якраз і не далі загінуць гэтаму скарбу.
    Народныя спевакі збераглі народную песню. А ўжо песня выратавала наіпу мову, а яна, у сваю чаргу, дзяржаву, краіну, народ. Калі ёсць песня — значыць, жыве народ!
    Ужо ў наш час такімі рупліўцамі былі сёстры Лапаціны з вёскі Азершчына, што на Гомельшчыне,— Тацяна, Лукер’я, Марыя — аж адзінаццаць родных і стрыечных сясцёр! — разам з бацькам Карнеем Лапаціным стварылі славуты Азершчынскі сямейны хор і ездзілі з нашымі песнямі па свеце. I ведаеце, з якой цікавасцю і шчырасцю іх усюды прымалі! На Гродзеншчыне быў вядомы выканаўца народных песень Аляксандр Моніч, на Міншчыне — Павел Шыдлоўскі. Карысталіся вялікім шанаваннем народныя спевакі М. Рамашка з Клецкага раёна, Т. Місевіч са Шчучынскага раёна, С. Дубейка з вядомай вёскі Тонеж, што на Гомелыпчыне.
    Такімі ж вядомымі пяюннямі былі ў свой час маці класіка нашай літаратуры Максіма Гарэцкага — Параска, Аўфрасіння Міхайлаўна на Магілёўшчыне, якая мела выключны музычны слых і спявала абрадавыя песні ўсіх жанраў, а таксама бабуля вядомага дзеяча харавога мастацтва Генадзя Цітовіча — Прузына Цітовіч з Міёршчыны. На Пружаншчыне, у вёсцы Шакуны Рыгор Шырма адкрыў выдатную народную спявачку Захвею Хвораст.
    Рыгор Раманавіч Шырма — самародак са звычайнай сялянскай сям’і, у якой да яго не было ні спевакоў, ні музыкаў. Без элементарнай музычнай адукацыі, не ведаючы напачатку сакрэтаў прафесійнай тэхнікі дырыжыравання, ён дасягнуў вяршыні харавога мастацтва.
    Рыгор Шырма з 1910 года збіраў беларускія народныя песні, а ў выніку ў 1959—1976 гадах быў выдадзены строга сістэматызаваны чатырохтомнік сабраных ім песень з нотамі.
    Пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1940 годзе Шырма стварае і да 1970 года ўзначальвае Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР — адзін з лепшых прафесійных калектываў тагачаснага Савецкага Саюза.
    Яго праца не падабалася ні польскім, ні савецкім уладам. Маэстра абвінавачвалі ў нацыяналізме, пагражалі расфарміраваць калектыў.
    Аднак Шырма адмятаў усе абвінавачванні і настойліва змагаўся за родную песню.
    За трыццаць гадоў, якія кіраваў капэлаю Шырма, яна дала 4564 канцэрты!
    Цэлую эпоху беларускай песеннай культуры ўвасобіла сабою дачка мінскага чыгуначніка Ларыса Пампееўна Александроўская.
    Яе любілі за выкананне беларускіх народных песень. «Перапёлачка», «Палын мой, палыночак», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Чаму ж мне не пець»... Яна марыла пра нацыянальную оперу і ваявала за яе — на беларускай мове, на беларускім матэрыяле.
    Сталін на дэкадах у Маскве асабіста прасіў яе спяваць і гаварыць па-беларуску.
    Пасля на высокі ўзровень беларускую народную песню паднялі «Песняры» — вакальна-інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Дзякуючы ім нашу песню пачуў увесь свет. I ўсюды ансамбль прымалі сардэчна і з захапленнем, з воплескамі. Як заспяваюць «Песняры» «Скрыпяць мае лапці» дзе-небудзь у Індыі, у Францыі ці ў Бірме, зала адразу ўзрывалася апладысментамі.
    А яны ж вазілі па свеце даўнія песні — «Ой рана на Йвана», «Перапёлачка», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька» і інш. А таксама песні нашых выдатных кампазітараў на словы беларускіх паэтаў — «Спадчыну» на словы Я. Купалы, «Мой родны кут» на словы Я. Коласа, «Вераніку» на словы М. Багдановіча, «Алесю» на словы А. Куляшова, «Жураўлі на Палессе ляцяць» на словы А. Ставера.
    I абвінаваціць іх у нацыяналізме было немагчыма: Уладзімір Георгіевіч, які палюбіў нашу беларускую песню, карэнны сібірак, рускі па нацыянальнасці.
    «Песняры» аб’ехалі ці не ўвесь свет, і ўсюды дзякуючы ім людзі адкрывалі Беларусь і яе песенную культуру. Іх сустракалі і праводзілі натоўпы прыхільнікаў. Гэта быў сапраўдны трыумф беларускай народнай песні. У Лацінскай Амерыцы, ЗША, Фінляндыі, Германіі, Чэхіі, Польшчы. У тагачаснай Югаславіі, па якой яны праехалі з канцэртамі 4 тысячы кіламетраў, пра іх пісалі:
    «Трэба прызнаць, што «ГІесняры» маглі б з’явіцца ўзорам для нашых шматлікіх прыхільнікаў выкарыстання фальклору ў эстраднай музыцы», бо ў ансамблі «сучасная аранжыроўка, а гучанне можна параўнаць з сімфанічным».
    «Песняры» 12 разоў атрымлівалі Гран-пры на самых прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах. Дыскі з запісамі іх песень выдаваліся мільённымі тыражамі.
    Наша прафесійная песня нарадзілася з развіццём прафесійнай музыкі і пісьмовай паэзіі. Найперш яна звязана з імёнамі славутых кампазітараў У Алоўнікава, Я. Цікоцкага, А. Туранкова, А. Багатырова, Ю. Семянякі, I. Лучанка і інш. Ад іх эстафету прынялі В. Іваноў, У Буднік, Л. Захлеўны, Э. Зарыцкі. В. Раінчык, Э. Ханок і іншыя. Папулярызацыі беларускай песні садзейнічаюць вакальна-інструментальныя
    ансамблі «Верасы», «Сябры», «Чараўніцы» і інш. А колькі ж у нас яшчэ такіх ансамбляў — і «Валачобнікі», і «Неруш», і «Церніца», і «Грамніцы»!
    Вялікай пашанай у слухачоў карыстаецца Дзяржаўная харавая акадэмічная капэла, якая носіць цяпер імя Шырмы, Акадэмічны хор Беларускага радыё і телебачання і іншыя калектывы, што шануюць родную песню.
    Беларускія народныя песні збіралі вядомыя этнографы і фалькларысты. Пра гэта сведчаць шматтомныя выданні Еўдакіма Раманава, Паўла Шэйна, Уладзіміра Дабравольскага, зборнікі Івана Насовіча, Пятра Бяссонава, нашых сучаснікаў Рыгора Шырмы і Генадзя Цітовіча.
    Вялікі рускі педагог Канстанцін Ушынскі гаварыў: «Мова — лепшая кветка ўсяго духоўнага жыцця народа. Гэтая кветка ніколі не вяне, а вечна распускаецца... Народ, які спявае чужые песні,— хворы; народ, які не спявае,— нябожчык!»
    Наша песня — адна з багацейшых у свеце. Бо беларусы ведаюць, што без песні — народ нямы. I яшчэ — сляпы. Бо песня — наш спадарожнік, памочнік, таварыш. I павадыр!