• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    У развіцці беларускага кнігадрукавання ў XVI стагоддзі пасля Скарыны ўдзельнічаў і рускі першадрукар Іван Фёдараў (сапраўднае прозвішча Федаровіч), які разам з Пятром Мсціслаўцам у 1569 годзе на сродкі магната Рыгора Хадкевіча ў Заблудаўскай друкарні, карыстаючыся дошкамі і літарамі Скарыны, выдаў «Евангелле вучыцельнае» — зборнік павучанняў і тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў, куды былі ўключаны розныя творы візантыйскай, балгарскай, старажытнарускай пісьменнасці, у тым ліку «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага. У Заблудаве Фёдараў выдае і другую сваю кнігу — «Псалтыр з Часаслоўцам», дзе была надрукавана на заканчэнне кнігі і Пасхалія ў табліцах. Фёдараў ажыццявіў гэтае выданне адзін — Мсціславец быў на гэты час ужо ў Вільні.
    Беларусы, браты Кузьма і Лука Мамонічы, у 1574 годзе адкрылі друкарню ў Вільні і запрасілі на працу вядомага друкара Пятра Мсціслаўца. А праз год выйшла «Евангелле напрастольнае» — першая іхняя кніга. У прадмове да яе Мсціславец расказваў, як ён хваляваўся, каб кніга атрымалася такой, якой яна бачылася яму. I Евангелле атрымалася менавіта такім — прыгожае, якаснае, з выдатнымі гравюрамі
    евангелістаў, зробленымі самім друкаром, яно стала ўзорам для наступных выданняў.
    У гэтай жа друкарні Мамонічы стварылі яшчэ адну адметную кнігу — Псалтыр, у якім для ўрачыстасці тэкст быў набраны чорнай фарбаю, а ўсе кропкі — чырвонаю.
    Прыватная друкарня Мамонічаў першая ў беларускім кнігадрукаванні пачала друкаваць кнігі прававога характару: у 1586 годзе выдала «Трыбунал», а ў 1588 выйшла на беларускай мове першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага.
    Статут ВКЛ — збор законаў феадальнага права, які дзейнічаў у княстве з 1589 года і 250 гадоў складаў аснову ўсёй яго прававой сістэмы. Гэты помнік старабеларускай мовы і юрыдычнай думкі — адзіны збор законаў XVI стагоддзя ў Еўропе.
    Ён займае сваё пачэснае месца сярод такіх сусветна вядомых помнікаў права, як законы Хамурапі, законы Ману, Законы дванаццаці табліц, Кодэкс Юсцініяна, Руская Праўда.
    Статут распрацаваны пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Льва Сапегі — выдатнага ваеначальніка і дыпламата, філосафа і юрыста. I выдадзены на яго ж сродкі. Па яго ж настойліваму патрабаванню ён выйшаў па-беларуску — Сапега лічыў, што свая, родная мова павінна быць абавязковай для незалежнасці дзяржавы.
    На Беларусі ў XVI стагоддзі было надрукавана 400 назваў кніг, у той час як на Украіне — 30, а на тэрыторыі цяперашняй Расіі толькі 10 выданняў.
    3 канца XVI стагоддзя актыўна развіваецца брацкае кнігадрукаванне, якім апекаваліся тады грамадскія арганізацыі — брацтвы. Віленская, Еўінская, Куцеінская, Буйніцкая, Магілёўская брацкія друкарні станавіліся своеасаблівымі мастацкімі цэнтрамі — каля іх групаваліся таленавітыя мастакі, гравёры. У Віленскай і Еўінскай друкарнях яшчэ ў другой палове XVII стагоддзя выкарыстоўваліся дошкі Скарыны, яго віленскія застаўкі і ксілаграфічныя ініцыялы.
    Шмат якія выданні брацкіх друкарняў (творы Стафана і Лаўрэнція Зізаніяў, Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага) выкарыстоўваліся ў змаганні з каталіцкай экспансіяй і
    царкоўнай уніяй. Уніяцкія пісьменнікі скардзіліся, што брацкія выданні сеюць бунты і ерасі, падахвочваюць просты народ да паўстанняў.
    Некаторыя выданні беларускіх друкарняў перавыдаваліся потым у Маскве: «Казанне Кірылы» Стафана Зізанія, «Граматыка славянскай мовы» Мялеція Сматрыцкага. Апошняга, калі ён быў разам з братчыкамі, любілі, шанавалі, «за свой уласны кошт ад галавы аж да ног у золата і перлы ўвабралі, на якога і пылінцы ўпасці не дазвалялі, шанавалі яго, як святога», «вахтаю аберагалі яго і ўдзень, і ўначы», а як перайшоў ва ўніяцтва — пачалі праклінаць і выкідваць «яго абразы з дамоў сваіх з ганьбаваннем».
    А па падручніку славянскай мовы, напісаным Мялеціем Сматрыцкім і выдадзеным ў Еўі, два стагоддзі ва ўсіх усходнеславянскіх краінах вучылі царкоўна-славянскую мову. Міхайла Ламаносаў гэтую кнігу побач з «Арыфметыкай» Магніцкага называў «вратамн своей учёностн».
    Выпускнік Слуцкай кальвінскай школы Ілля Капіевіч стварыў так званы грамадзянскі кірылічны шрыфт, які ў 1708 годзе зацвердзіў Пётр I. Гэты вірыфт быў выкарыстаны пры выданні першых рускамоўных падручнікаў арыфметыкі, граматыкі, рыторыкі, астраноміі, марской справы. Удасканаленыя літары ў Расіі доўгі час называлі «беларускай азбукай».
    Ганенні на брацкія друкарні і іх выданні з боку Рэчы Паспалітай, каталіцкай і ўніяцкай царквы перасоўвае іх з захаду на ўсход — у Магілёў і Куцейну пад Оршай. Тут ужо шчыраваў улюбёны ў кнігу вандроўны беларускі друкар, сын бургамістра Магілёва, Спірыдон Собаль, які заснаваў друкарню ў Куцеінскім манастыры.
    У Куцейне ён выдаў «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя» і «Часаслоў», у Буйнічах надрукаваў Псалтыр, а ў Магілёўскай братняй друкарні — «Тастамент», Псалтыр і зноў жа «Буквар». Васямнаццаць кніг блаславіў людзям рэктар Магілёўскай брацкай школы, настаўнік Кіева-Магілянскай акадэміі, манах Сільвестр, якога пасля сумленнага зямнога жыцця на сустрэчу з Богам выправіла Кіева-Пячэрская лаўра.
    У Магілёўскай брацкай друкарні ў 1693 годзе выйшла кніга, якая стала значнаю з’яваю ў развіцці беларускага кніга-
    друкавання. «Акафісты і каноны» былі шчодра праілюстраваны, выданне вылучалася высокім мастацкім узроўнем.
    Кнігу ўпрыгожвалі болып за 30 гравюр, большасць з якіх стварыў таленавіты майстар друкарні Максім Вашчанка, выкарыстоўваючы рэдкую для тагачаснай беларускай кнігі тэхніку медзярыту.
    Берасцейская Біблія, выдадзеная ў верасні 1563 года на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага,— найбольш і найбагацей аздобленая з усіх беларускіх друкаваных кніг XVI стагоддзя. Невядомы гравёр зрабіў цудоўныя ілюстрацыі аж на ста старонках гэтага шэдэўра брэсцкай друкарні.
    На сённяшні дзень гэта вельмі рэдкае выданне. Бо сын магната, Мікалай Радзівіл Сіротка, заўзяты католік, пасля смерці бацькі загадаў збіраць усе яго пратэстанскія берасцейскія выданні і паліў іх на двары Нясвіжскага замка. Мусіць, у тых вогнішчах згарэла і болыпая частка тыражу Брэсцкай, ці Радзівілаўскай, Бібліі — гэтага ўнікальнага помніка нашага старажытнага друкарства.
    Цяжкія ўмовы для беларускай кнігі склаліся пасля далучэння Беларусі да Расіі: усё часцей выяўляліся пагардлівыя адносіны да нацыянальнай культуры беларусаў, да іх мовы і літаратуры, жорсткія цэнзурныя рэпрэсіі. Тады, як піша Максім Багдановіч, «дзеянне беларускага права (якое гарантаваў т. зв. Літоўскі статут) было адменена, уніяцкая рэлігія, якая стала ў краі быццам нацыянальнай беларускай верай, знішчана, пропаведзі на беларускай мове забаронены, беларускія кнігі канфіскаваны і спалены, пісанне новых не дазволена».
    Беларуская кніга была забаронена. Яе друкавалі тады толькі за мяжою — у Жэневе, Тыльзіце, Кракаве, Познані, Львове. I то часам пазначалі: перакладзена з балгарскай ці якой іншай мовы. Асабліва пасля паўстання 1863 года.
    А беларускія брацкія друкарні спрабуюць выкарыстаць для сваіх мэт раскольнікі, якія з’явіліся на Беларусі ў XVII стагоддзі. Магілёўская, Гарадзенская Каралеўская, Супрасльская і Віленская Троіцкая друкарні выдаюць для раскольнікаў шэраг кніг.
    I ўсё ж на Беларусі з’яўляюцца кнігі, якія потым стануць для яе народа сапраўдным скарбам. Гэта «Памятные кннжкн»
    і «Обзоры» ўсіх беларускіх губерняў, «Внтебская старнна», «Мннская старнна», «Полоцко-Внтебская старнна» і інш. Гэта кнігі Карскага, Нікіфароўскага, Раманава, Сапунова, у якіх даследавалася мінулае Беларусі. Тады ж, нягледзячы на забарону, былі напісаны па-беларуску ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат». Хоць гэтыя паэтычныя шэдэўры распаўсюджваліся пакуль у спісах, яны былі ўжо класічнымі нашымі кнігамі.
    У той жа час, калі выкарыстанне беларускай мовы ў Расійскай імперыі было забаронена, археограф і мовазнаўца Іван Грыгаровіч, родам з Прапойска, з фінансаваю падтрымкаю гомельскага графа Мікалая Румянцаваў 1824 годзе выдае ў Пецярбургу зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат», большасць дакументаў якога былі напісаны на беларускай мове. А потым навуковец выпускае і пяцітомны збор «Актаў Заходняй Русі», дзе друкуе дакументы аб войнах, паўстаннях, міжканфесійных адносінах у XIV-XVII стагоддзях на беларускіх землях.
    Пазней, у 1870 годзе мовазнавец і этнограф Іван Насовіч складае і выдае першы тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» на 30 тысяч слоў, за што атрымлівае шаноўную на той час Дзямідаўскую прэмію.
    У пачатку XX стагоддзя беларуская кніга атрымала права на легальнае існаванне. Пасля забароны, з 1900 па 1917 год выйшла 4355 кніг! З’явіліся два цэнтры выдання кніг на беларускай мове — Пецярбург і Вільня. Першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», што было створана ў Пецярбургу, выдала 38 кніг тыражом больш за 100 тысяч экзэмпляраў — «Беларускі лемантар» Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Жалейка» Купалы і іншыя кнігі.
    Спрыялі выданню беларускіх кніг гады беларусізацыі і засмучалі гады рэпрэсій, калі складаліся вялікія спісы на забарону кніг. Толькі ў 1937 годзе ў такі спіс было ўнесена 399 беларускіх выданняў...
    Свой выключны росквіт беларуская кніга, як ні дзіўна, перажыла ў СССР, пры савецкай уладзе. Асабліва ў апошнія сорак-пяцьдзясят гадоў мінулага стагоддзя. За гэты час былі
    выдадзены дзясяткі збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. «Беларуская народная творчасць» — важкая серыя ў паўсотню тамоў, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў шасці кнігах, «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў васьмі тамах.
    Шмат унікальных выданняў ажыццявіла выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», створанае ў 1967 годзе. Гэта 12-томная «Беларуская Савецкая энцыклапедыя», пяцітомная кароткая беларуская энцыклапедыя, чатырохтомная энцыклапедыя «Прырода Беларусі», пяцітомная «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва», пяцітомнік «Беларускія пісьменнікі», аднатомныя энцыклапедычныя даведнікі «Беларусь», «Этнаграфія Беларусі», «Беларуская мова», «Археалогія і нумізматыка», «Бульба», «Архітэктура Беларусі» і інш. Выдавецтва завяршыла выданне ўніверсальнай 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі» і шасцітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», якая ўпершыню ў жыцці нашай краіны сабрала найбагацейшы гістарычны матэрыял.