• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Найболып шанавалася нашымі жанчынамі намітка — яна неверагодна шматлікімі спосабамі павівалася вакол галавы, прыгожа драпіравалася на спіне, а таму жаночая постаць у ёй рабілася статнай і велічнай.
    I ў жанчын у даўніну асноўным адзеннем была кашуля. Яна, зусім белая, вышывалася на рукавах, на манжэтах, на
    каўняры, на грудзях і мела заўсёды своеасаблівы выгляд у залежнасці ад таго, як і з чым жанчына яе апранала: насіла са спадніцай і фартушком, або са спадніцай і гарсэтам, або з андараком, пярэднічкам ці ліфам.
    Ніжняе адзенне, у якое запраўлялася кашуля, пашытае з даматканага палатна, спрадвек называлася спадніцаю.
    Спадніцы, якія шыліся з шарсцяной тканіны свойскага вырабу, мы звалі і завем андараком.
    Паясное жаночае адзенне, пашытае з куплёнай шарсцяной тканіны ці тонкага крамнага сукна, аздобленае аксамітамі, было для нас саянам і каштавала вельмі дорага — аж чатыры капы грошай.
    Наша адзенне хораша ўпісвалася ў нашы краявіды, падыходзіла да нашай працы і адпачынку, адпавядала нашаму ладу жыцця, ядналася з нашымі абрадамі і звычаямі.
    У нацыянальным касцюме — душа, светапогляд беларускага народа. Яго погляд на прыроду, грамадства, сям’ю. Гармонія між чалавекам і светам. Уяўленне пра сваю існасць.
    Адзенне — гэта аповед пра жыццё народа, яго сувязь з гісторыяй і прыродай.
    У пост мы насілі адно адзенне — у ім адсутнічаў чырвоны колер.
    На свае святы — Першай баразны, Першага снапа, Першага пракосу, у дзень выгану кароў на юр’еўскую расу — мы апраналіся вельмі ўрачыста.
    Сваё адзенне было ў нас на вяселле і радзіны, падчас радасці і жалобы.
    У сваіх тканых рэчах мы выкарыстоўвалі шмат колераў — зялёны, жоўты, сіні, белы, аранжавы, блакітны, але пераважаў усё ж чырвоны. Бо ў даўнія часы чырвоны колер быў у нашых продкаў сімвалам жыцця.
    На нашым адзенні, асабліва на жаночым, шмат арнаменту, у які ўводзяцца раслінныя і птушыныя матывы — ружы, незабудкі, валошкі, званочкі, галубы, паўліны.
    Прыгожа выглядала наша адзенне не толькі ў тагачасных слюдзяных люстэрках, але і ў ціхай, супакоенай вадзе рэк і азёр, у якія нашы прыгажуні любілі, прыхарошваючыся, глядзецца ў бязветраны дзень.
    Наша адзенне, маючы найперш вельмі практычнае, ужытковае значэнне, нясе ў сабе яшчэ і вялікі мастацкі вобраз і сэнс. Яно скіравана на чалавека і без чалавека не існуе — яны ўспрымаюцца толькі разам: чалавек і яго адзенне.
    Нездарма ж беларусы гавораць: «Прыбяры нават пень, дык і той прыгожы будзе».
    Кунтуш — верхняе адзенне заможных мужчын — мы насілі заўсёды расшпіленым. Каб быў відаць жупан, на які апранаўся кунтуш. Хацелася, каб усе бачылі і тое, і другое, бо яны абодва — прыгожыя: кунтуш быў суконны ці шаўковы, падшыты футрам, а жупан з белага сукна, блакітнага атласу ці кармазынавы.
    Вільчуру — зімовае мужчынскае адзенне з ваўчынага футра з вялікім каўняром — мы звычайна апраналі зімою ў дарогу.
    Камізэльку адзявалі толькі пад сурдут — з’яўляцца на людзях у адной камізэльцы, хоць і зашпіленай на ўсе гузікі, лічылася непрыстойным.
    Сак, што ў перакладзе з французкага азначае «мяшок», наша кароткае і прасторнае адзенне, спачатку быў мужчынскім, але, калі ў нас з’явіўся пінжак, яго зноў жа перахапілі жанчыны, і ён, расклёшаны, з прыгожымі складкамі і вышыўкай, зрабіўся іхнім.
    Паліто, радзімаю якога з’яўляецца Францыя,— вядомае ва ўсім свеце адзенне для вуліцы — канечне ж, ужо даўно і наша: яно, аздобленае намі, мае адмысловыя формы ў жанчын і зручнае для мужчын.
    Жаночае манто вольнага крою, пашытае з тканіны ці футра, зашпільвалася на адзін гаплік ці завязвалася ля шыі. Ад паліто яно адрознівалася тым, што не мела зашпілек аж да самага нізу. I сёння яно блізкае княжацкім вопраткам, якія таксама трымаліся толькі на адным гузіку зверху.
    Наша сённяшняе адзенне, хоць, вядома ж, бярэ свой пачатак адтуль, з сівой даўніны, цяпер зусім іншае.
    Калі раней наіпы жанчыны шукалі сабе вопратку найперіп для таго, каб у ёй было цёпла, а потым ужо і прыгожа, то цяпер мы спачатку дбаем, каб наша адзенне было прыгожае, a потым — каб у ім нам пачувалася ўтульна.
    Калі цяперашнія модніцы купляюць ці шыюць новыя футэркі, дык яны абавязкова павінны быць з грэнладскага цюленя.
    Калі паліто то з каракульчы. Дарэчы, менавіта з каракульчы шыюць модныя цяпер жакеты, спадніцы, плацці і нават штаны.
    Калі кажух, ці па-цяперашняму — дублёнка, то краі ў ім павінны быць рванымі, няроўна абрэзанымі, а колеры — неймаверных адценнеў: ад кофе з малаком да бэзавага.
    Вось як Беларускі цэнтр моды ў Мінску вызначыў нашу моду толькі на адзін з вясенне-летніх сезонаў новага тысячагоддзя. Беларускія дызайнеры прапаноўваюць чатыры асноўныя тэмы для жаночага адзення.
    Стыль «Дзіва» для сур’ёзнай жанчыны мае на ўвазе класічныя спадніцы класічнай італьянскай даўжыні, маленькія жакеты з накладнымі кішэнямі, трыкатажныя кофтачкі са шматлікімі завязкамі і аборкамі.
    «Футурыстычны гламур» — гэты стыль мадэльеры прапаноўваюць для тых, хто хоча апранацца ў стылі попарту, абстракцыянізму, авангардызму.
    «Горад прыбою» — адзенне для людзей, якія любяць адпачываць каля мора. Колеры навеяны марскою тэматыкай: блакітны, аліўкавы, жоўты, чырвоны. Шмат палосак, клапанаў.
    Для маладых дзяўчат — стыль «Зорка тусоўкі»: джынс у спалучэнні з шыфонам, этнічныя набіўкі, шчыльна аблеглыя джынсы.
    У Мінску і ў іншых нашых гарадах шумяць конкурсы мадэляў, стыльнага адзення. Агенцтва моды дызайнера Сашы Варламава праводзіць штогадовыя конкурсы маладых мадэльераў «Млын моды». Такія фестывалі моды прайшлі ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Гродне, Бабруйску. У Бабруйску Саша Варламаў, кіраўнік Цэнтра сучаснага стылю і моды, пажартаваў:
    — Глядзі ты, так далёка ад Парыжа, а так хораша шыюць.
    I гэта праўда — у Францыі і ў іншых краінах свету ведаюць беларускую моду. Нездарма ж сусветна вядомы французскі мадэльер П’ер Кардэн узнагароджаны нашым вельмі пашаноўным ордэнам Францыска Скарыны.
    «Мілавіца» — прадпрыемства па вытворчасці гарсэтных вырабаў: бюстгалтараў, жаночых трусікаў, купальнікаў, начной і іншай сподняй жаночай бялізны. Яно выпускае ў свет да 11 мільёнаў штук гэтай прыгажосці ў год. Штогод закрытае акцыянернае таварыства ўдзельнічае ў выставах у Парыжы. На «Мілавіцы» лічаць: жанчына не павінна адчуваць, што на ёй апранута нешта пад верхнім адзеннем, і таму прадукцыя прадпрыемства знаходзіць шляхі на рынкі Францыі, ЗША, Ізраіля, Аргенціны, краін Заходняй Еўропы.
    Адкрытае акцыянернае таварыства «Элема», якое раней было швейнай фабрыкай імя Крупскай, выпускае верхняе жаночае адзенне. «Элему» таксама добра ведаюць у свеце — яе элегантныя паліто і касцюмы з ахвотай купляюць у Маскве і Санкт-Пецярбургу, яна шые па заказу шмат якіх магазінаў Англіі і Францыі.
    Высокае майстэрства беларускіх дызайнераў атрымала заслужаную ўхвалу як расійскіх, так і замежных вытворцаў сучаснага адзення.
    Упершыню на Беларусі прайшоў фестываль «Лён-2005», які наладзіў Беларускі цэнтр моды. На ім — уся ўвага натуральнасці, зручнасці. Выразнасць, лёгкасць, раўнавага. Ніякай агрэсіўнасці — усё далікатна і мякка.
    Сваю фестывальную калекцыю «Папялушкі» паказала жодзінскі дызайнер са «Світанку» Людміла Дзюшко. Дзіцячае адзенне павінна быць з натуральных тканін і яркім, радасным, як само дзяцінства. I дзяўчаткі, апранутыя ў плацейкі з баваўняна-льнянога палатна, вытрыманага ў ружова-белых танах, выглядалі не папялушкамі, а сапраўднымі прынцэсамі. I немаўляты ў яркіх трыкатажных паўзунках таго ж «Світанку» выглядалі прыгожа, фацэтна, годна.
    «Жыўчык» — модную калекцыю мужчынскага льнянога адзення — прапаноўваў Міхаіл Мытнік, таксама жодзінскі дызайнер. Яна прызнана самаю арыгінальнаю ідэяй фестывалю. «Маёю задачаю,— тлумачыў Мытнік,— было паказаць з дапамогай ільну беларускія традыцыі і самабытнасць. Аднак у калекцыі, апрача гістарычных элементаў стылю, выкарыстаны і апошнія павевы моды».
    Калекцыя «Этна» Тамары Вальдзько, прадстаўленая Аршанскім ільнокамбінатам, атрымала галоўны прыз за самае
    стыльнае адзенне. А яна таксама нібыта адлюстроўвае жыццё нашых продкаў.
    I «элемаўская» льняная калекцыя, у якой цудоўна спалучаецца шарм і прастата, пацвердзіла словы мадэльераў, што жаночае адзенне павінна «ўсяляць пачуццё ўпэўненнасці і ў той жа час крышачку цешыць сваю гаспадыню».
    А з беларускім народным адзеннем у той жа Францыі, да прыкладу, пазнаёміліся яшчэ ў канцы мінулага тысячагоддзя. Там, у Парыжы і Ліёне, паспяхова прайшлі мастацкія выстаўкі «Беларускі нацыянальны касцюм», арганізаваныя вядомым фалькларыстам прафесарам Міхасём Раманюком.
    Міхась Фёдаравіч Раманюк быў апошнім класічным этнографам Беларусі, які не меў сабе роўных у зборы скарбаў народнай культуры — вясковая архітэктура, прылады працы, посуд, мэбля. I асабліва — адзенне. Яго альбом «Беларускія народныя строі», як сцвярджаюць даследчыкі, «па шырыні ды маштабнасці — праца, вартая вялікага навуковага калектыву».
    Калекцыя беларускага народнага адзення, сабраная Раманюком, унікальная — цяпер многае страчана і такую калекцыю ўжо не змог бы сабраць ніхто.
    Прафесар Раманюк зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення XIX—XX стагоддзяў, стварыў сцэнічныя касцюмы для Дзяржаўнага народнага хору Беларусі, для Дзяржаўнага ансамбля танцаў Рэспублікі Беларусь, для некаторых самадзейных калектываў.
    Так што беларускае народнае адзенне жыве і ў наш час!
    Жыве і радуе нас. На сцэне ды яшчэ ў музеях.
    I мы, удзячныя яму, нізка схіляем перад ім галовы — яно ж грэла і ўпрыгожвала нас столькі стагоддзяў!
    3 ЧАГО МЫ СМЯЕМСЯ
    Дарэчы, а чым найперш адрозніваецца чалавек ад жывёлы? Тым, што ўмее смяяцца!
    Увесь жывёльны свет умее плакаць — конь плача, карова плача, кошка плача. I слёзы коцяцца. Кожная жывёліна можа засмучацца, тужыць, радавацца і гэта відаць не толькі па
    вачах, але нават і па хвасце — заўважалі, як сабака пачынае віляць хвастом, убачыўшы дарагога яму чалавека?
    А вось смяяцца ніхто з іх не можа!
    Чалавека ж Бог узрадаваў гэтаю шчасліваю неспадзяванкаю — шчыра смяяцца!
    I мы смяемся. I лечымся сваім смехам. Бо, як падлічылі пунктуальныя немцы, звычайны рогат «мабілізуе 80 розных мускулаў, узварушвае антыцелы, умацоўвае імунную сістэму і з дапамогаю эндарфінаў размяркоўвае адчуванне шчасця па ўсім арганізме».