• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Здаровы смех — здаровая нацыя!
    НАШЫ ХАТЫ
    I вось тое, пра што мы так доўга марылі і што, не лічачыся ні з чым, настойліва набліжалі, нарэшце збылося!
    Над хатаю, над комінам, на якім яшчэ не паспела абсохнуць гліна, гэтак ужо жытлова завіўся першы дымок.
    Ёсць дымок — значыць, у новай хаце з’явілася душа: печка.
    Есць печка — значыць, у нашай хаце пасялілася жыццё.
    Пасялілася не на дзень, не на год, а на ўвесь наш век — назаўсёды.
    Мы не будавалі сабе, як паўночныя людзі, іглу-хату са снегу, бо ведалі, што прыйдзе вясна і яна ў нас растане.
    У нас не было пераносных чумаў, бо мы вельмі аселы народ і вельмі любім раз і назаўсёды абранае месца: як пабудаваўся — дык навечна! Які там чум і навошта ён нам, качэўнік?!
    Мы лясныя людзі, у нас вельмі шмат дрэў, таму свае хаты беларусы спрадвеку будавалі толькі з дрэва. У асноўным з сасны і з елкі. Крыху дадавалі дуба — дубовыя бярвенні ішлі ў нас на подруб, клаліся на зноў жа ўкапаныя ў зямлю дубовыя штандары, былі першымі вянцамі нашых хат. Дуб стагоддзямі не гніе, а наша хата павінна стаяць вечна.
    Мы ведалі: у нашай хаце будзем жыць мы, нашы дзеці, нашы ўнукі, а то і дай бог чутае ды ўбачыць! — нашы праўнукі.
    Таму заканчэнне будаўніцтва новай хаты заўсёды было найвялікшым святам для ўсіх. На ўлазіны мы апраналіся ў самае чыстае адзенне — як на Вялікдзень. Уваходзілі ў новую хату — і адразу ж клікалі з сабою Хатнічка: ён, руплівы і дбайны, дапамагаў нам наладзіць у нашай святліцы лад і парадак.
    Радаваліся новай хаце не толькі мы, людзі, а і ўсё, што жыло побач з намі,— куры, цяляты, ягняты, парасяты. Быццам і яны ведалі, што ўзімку, як прыціснуць маразы, наша хата і для іх стане такой жа гасціннай і ўтульнай, як і для нас. Няхай сабе ў падпеччы, няхай сабе ў парозе, але ж ім будзе цёпла і ўлежна ўсю зіму.
    У нашых хатах спрадвеку жылі калыскі і лаўкі, цвыркуны і качэргі, сталы і кросны, збанкі і цэбры, жорны і абразы. Ходзікі жылі, скацёркі жылі, абрусы жылі, ручнікі жылі — імі мы прыбіраем сваіх багоў.
    I багі заўсёды жылі ў нашых хатах.
    Здаралася пра нас нехта гаварьгў: усё ў іх шэрае — і хаты, і палі, і адзенне. Мусіць, яны ніколі не бачылі нас у святы, бо якраз тады чысціню і беліню нашай вопраткі немагчыма
    было не заўважыць — яна аж слепіць вочы. А працоўная наша вопратка, канечне ж, шэрая — хто ж гэта працаваць будзе прыбраны, як на свята?
    Пэўна ж і палі нашы незычліўцы бачылі тады, калі зямля адпачывае. Тады яна і праўда шэрая. А якая яна смарагдавая ўвесну і якая залацістая ад зерня ўвосень, калі мы жнём!
    Нашы хаты мы самі бачым не вачыма, а сэрцам. Таму яны ніколі не бываюць для нас шэрымі. Яны заўсёды радуюць душу. I тады, калі, толькі што дабудаваныя, сасновыя, чысценькія, светлыя, жоўценькія, як жаўточак, радасна пахнуць смалою і, нібы даспелыя яблыкі, наскрозь свіцяцца на сонцы; і тады, калі ўжо, упрыгожаныя разьбою, вільчыкі, франтоны, ліштвы на вокнах, вуглы хат здаюцца музейнымі экспанатамі; і тады, калі, аздобленыя мастацкаю шалёўкаю, пафарбаваныя ў вясёлыя і прыемныя колеры, нашы хаты аж прыўзнімаюцца на падмурках, каб паказаць сябе як найлепей.
    Найперш, вядома, для нас — ежа, але адразу ж за ёю — хата.
    Якою доўгаю, як мара, заўсёды была ў нас дарога да сваёй хаты!
    Спачатку мы ўважліва прыглядаліся, выбіраючы месца для будаўніцтва хаты. Назіралі, разважалі, думалі: дзе, у якім месцы паставіць сабе жытло?
    Беларус ніколі не ставіў хату там, дзе расце асот ці конскае шчаўе. Ведаў, што там сыра, блізка грунтовая вада. Раніцою назіраў за расою — калі яна густая аж да цемнаты, там можна капаць калодзеж, але ніколі нельга рубіць хату: згніе! Ужо і выбраўшы месца, клаў дошку на некалькі дзён: калі пад ёю завяліся макрыцы — дрэннае месца, калі мураўі — смела стаўляй хату. Тут будзеце жыць і ты, і яна, хата.
    Лічылася, што заўсёды цёплым месцам для хаты будзе тое, дзе любяць ляжаць авечкі.
    Мы баяліся памыліцца месцам для аселішча. Былі ўпэўнены, што нельга будавацца на дарозе, на скрыжаваннях, на месцы лазні — там уся нечысць, насупраць варот — увесь набытак будзе знікаць з дому, на падмурку старога дома. Ніколі не ставілі мы сваіх хат на месцы згарэлых: паколькі
    пажар ужо засведчыў, што тут благое месца, зноў будавацца на папялішчы рызыкоўна.
    Скрыжаванняў закінутых шляхоў мы асабліва баяліся. Верылі, што там перасякаюцца дарогі мёртвых і жывых, там, зачараваныя перакрыжаваннем, блукаюць, не ведаючы, як выбрацца, злыдні і нячыстая сіла — яны штоноч будуць галёкаць пад вокнамі.
    Там мы ставілі крыжы і капліцы, а свае хаты адносілі ад іх як мага далей.
    Шчаслівымі для будаўніцтва хаты ў нас лічыліся мясціны, дзе любілі сяліцца жывыя істоты — павукі, шэршні, пчолы, мураўі.
    А як прыдзірліва і з якім шанаваннем выбіралі мы дрэвы, якія мусяць стаць сценамі нашай хаты!
    На будаўніцтва мы не бралі дрэў з густымі лапамі — дзеці самі па сабе, без прычыны будуць набіваць сабе гузакі ў хаце.
    Адкідалі і тое дрэва, якое, ссечанае, завісала на другім,— калі яго пакласці ў зруб, то ў сям’і ўвесь час будзе калатнеча.
    Мы ведалі, што сячы дрэвы на хату можна толькі зімою — снежань, студзень і люты, але найлепш — у студзені: усе сокі з дрэва ўжо адышлі ў карэнне і хата з такіх дрэў будзе стаяць як найдаўжэй. Навозіш на хату дрэў, ссечаных у іншы час, калі сокі яшчэ не ўгаманіліся ці пайшлі ўжо ўгару, тваё жыллё хутка спарахнее і згніе.
    Часцей за ўсё сваю хату мы рабілі самі. Калі не ставала сваіх сіл — клікалі талаку, дапамогу; калі не ўмелі самі зрабіць абсаду — вокны, дзверы ці печку — прасілі таго, у каго гэта атрымлівалася лепей, як у нас.
    Але ж свае хаты мы рубілі самі. Бо цеслямі, дойлідамі былі мы ўсе — умелі зацясаць любы вугал, выбраць у бервяне такі цёплы шнар, паз, што на яго і мох класці не трэба — будзе, як на печы, і так.
    Хаты яшчэ не было, а мы ўжо бачылі яе!
    Бо перад гэтым доўга думалі, якой яна будзе? Проста адна хата, зруб без сенцаў, уваход у яе — адразу ж са двара. Ці потым мы дабудуем да яе сенцы, а затым яшчэ да сянец прылепім ляцён — трысцен, у якім можна жыць улетку. A можа, мы адразу возьмемся рубіць пяцісценку,— прасторную
    хату, за якую потым будуць трымацца і сенцы, і камора, і варывенька, і клець. Бо і камора, і варывенька, і клець — гэта ж таксама хата. Свіран, клуня, павець — зноў жа хата. A хлявы? He, хлявы, сенніцы — гаспадарчыя пабудовы. Хоць яны і ўваходзяць у круглы вянковы двор, якія ў нас любілі будаваць на Віцебшчыне, Міншчыне, Магілёўшчыне ды Гомельшчыне, але ж тое ўжо не хата. Гэтак жа, як і вынесеныя за вянок, гумно, ёўня, лазня.
    А якія вуглы будуць у нашай хаце — у чашку, у просты замок, у каню ці ў чысты вугал?
    А якой будзе наша столь? Скляпеністая ці звычайная плоская? Скляпеністую мы рабілі даўней, а плоскую, з выструганых дошак, сцелем на моцныя бэлькі і сёння.
    А страха? Якую выбраць? На стаяках — на козлах, на дзядках, на чапёлках, на крыжах ці на сошках? На кроквах ці ўвогуле закотам?
    А як яе крыць? Рабіць двухсхільную, трохсхільную, чатырохсхільную ці з усечанымі франтонамі — залобкам або прычолкам.
    Мы амаль не ставілі сваю хату на зямлю. На поўначы, на Віцебшчыне, дзе вельмі шмат камення, пад вуглы хаты мы клалі валуны; на поўдні, на Палессі, дзе шмат лясоў, укопвалі дубовыя калоды ці смалістыя карчы — штандары. Мы заўсёды падымалі сваю хату над зямлёй і, як казалі нашы дзедзічы. ставілі яе «на стулы». А каб у хаце было цяплей, каб не задзьмуваў пад сцены вецер, насыпалі прызбу.
    Але такія хаты мы пачалі рубіць ужо значна пазней.
    А напачатку, калі мы называліся яшчэ не беларусамі, а неандэртальцамі, мы жылі ў норах, ямах ад паваленых дрэў, у пячорах, у зямлянках. Гэта было раней, у палеаліце, 300 тысяч гадоў назад. У мусцьерскую культурна-гістарычную эпоху неандэртальцы пакінулі свае сляды каля цяперашніх нашых вёсак Свяцілавічы Веткаўскага, Абідавічы Быхаўскага і Падлужжа Чачэрскага раёнаў.
    А поўнае засяленне тэрыторый Беларусі адбылося ў мезаліце, прыкладна 10 тысяч гадоў назад, калі мы ўжо зваліся краманьёнцамі.
    Паселішчы Юравічы і Бердыж нам добра паказваюць, якімі тады былі нашы хаты. Бердыжская стаянка самае ста-
    ражытнае і найбольш даследаванае паселішча на тэрыторыі Беларусі. Тут знойдзены рэшткі чатырох паўзямлянак і пяці гаспадарчых ям, якім звыш 25 тысяч гадоў.
    Бердыжская хата была зроблена з укапаных касцей маманта і стаяла на падмурку з іхніх чарапоў. А сцены юравіцкіх хат збудаваны са складзеных адна на адну трубчастых касцей буйных жывёл і ўмацаваны валунамі.
    Нашы хаты тады мелі і шатровападобныя стрэхі — на кроквы з рэбраў жывёл, якія былі злучаны з дапамогаю пазванкоў з жэрдкамі, мы ўсцягвалі цяжкія шкуры буйных жывёл, уключаючы маманта... Цікава, колькі ж яна важыла, тая мамантава шкура,— наша даўняя страха?
    А пасярод гэтых хат ужо абавязкова было агнішча. Раскладалі мы агонь і ў сваіх часовых жытлах — буданах, рэшткі якіх знойдзены ва ўрочышчы Грэнск на Чачэршчыне.
    У неаліце і бронзавым веку мы закапваліся ў зямлю — каля возера Літвін у Калінкавіцкім раёне і ля вёскі Добры Бор у Баранавіцкім раёне знойдзены нашы жытлы, укапаныя ў зямлю. А каля паселішча Сасонка выяўлена жыллё, у якім конусападобны дах трымаўся на слупах.
    Жалезны век характэрны тым, што нашы жытлы сталі больш разнастайнымі: паўзямлянкі слупавой канструкцыі з печамі-каменкамі, невялікія наземныя хаты зрубнай канструкцыі, а пасля і вялікія пабудовы з некалькімі жылымі памяшканнямі.
    Мы нарэшце выбраліся з зямлі на паверхню!
    Наша хата — дачка зямлянкі і сястра будана.
    А як выглядалі нашы хаты ў XIII стагоддзі, мы можам самі ўвачавідкі ўбачыць у археалагічным музеі «Бярэсце» ў Брэсцкай крэпасці, на гістарычным Валынскім умацаванні.
    Археолага Пятра Лысенку называюць чалавекам, які адкрыў беларускую драўляную Трою. Ён раскапаў і даследаваў старажытны беларускі горад Бярэсце, які заснаваны яшчэ дрыгавічамі і добра захаваўся, дамогся яго кансервацыі і адкрыцця там музея.
    Археалагічныя даследаванні выявілі 224 жылыя і гаспадарчыя пабудовы, насцілы трох вуліц са шчапаных дошак, вымашчаныя двары і нават платы, якія захаваліся.
    У музеі відаць, што тады мы свае хаты будавалі на адзінаццаць-дванаццаць вянкоў, ставілі іх да вуліцы глухімі сценамі, рубілі ў просты вугал, пакрывалі дашчаным дахам, а вільчык упрыгожвалі нават какошынай — «курыцай», якой завяршалі хату.