• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Вось як пра нашу засуху 1897 года пісалі сведкі, назіранні якіх прыводзіць у дзявятым, беларускім, томе «Поўнага геаграфічнага апісання нашай айчыны» П. Сямёнаў:
    «3 красавіка месяца, пры тэмпературы, якая даходзіла да 40 градусаў спёкі, не было ні кроплі дажджу. Па дарогах на вяршок ляжаў вельмі тонкі пыл, які пры малейшым руху падымаўся ў выглядзе густых воблакаў, закрываючы сабою нават самыя блізкія прадметы. А пры моцным ветры гэты пыл
    засцілаў сабою агромністую паветраную прастору і здаваўся хмарамі і туманам. Бесперапынныя, шматлікія пажары лесу і тарфянікаў напаўнялі паветра дымам і пахам гары і завяршалі малюнак такой доўгай і моцнай засухі».
    Аднак, што вельмі цікава, засуха не паўплывала на нівы — сяляне сабралі той год на дзіва добры ўраджай.
    Тады мы яшчэ не гуляліся з меліярацыяй і наш хлеб выратавалі блізкія да паверхні падземныя грунтовыя воды, якіх у той год было дастаткова. I яшчэ гэта адбылося таму, што вясною на дзіва павольна на палях раставалі нашы снягі.
    Наша зіма цягнецца ад 105 дзён на поўдні да 145 на поўначы. Устойлівае снежнае покрыва ствараецца ўжо ў канцы лістапада — у пачатку снежня і на поўначы трымаецца да 4 месяцаў.
    I ўвогуле па кліматычных умовах наша поўнач вельмі адрозніваецца ад поўдня: павышэнне тэмпературы ідзе з поўдня на поўнач, а ўсе сельскагаспадарчыя работы на Віцебшчыне пачынаюць рабіць на два тыдні пазней, чым на Брэстчыне.
    Перад зімою ў нас бывае цёплая і прыгожая пара — бабіна лета, калі тэмпература паветра падымаецца да 28 градусаў, за якой тут жа наступае сырая і халодная позняя восень.
    А колькі неспакою і клопатаў прыносяць нам вясеннія і асеннія замаразкі! У нас жа не бывае ніводнай вясны, каб не здарыліся замаразкі. I чым больш ранняя вясна, цёплая і бучная, тым больш шкоды нашым пасевам робяць вясновыя прымаразкі.
    Мы баімся, шануемся вясновых, чаромхавых халадоў, аднак яны з зайздросным пастаянствам прыходзяць да нас штогод.
    Беларус за стагоддзі добра навучыўся арыентавацца ў шэрагу з’яў і падзей, якія змяняліся ў яго, як кажуць, на вачах, і па іх прадказваць надвор’е — у гэты ж дзень, праз тыдзень, праз паўгода, праз год. Ён уважліва назіраў за станам прыроды, думаў, разважаў, параўноўваў. Найперш, вядома ж, ён глядзеў на неба.
    Чырвоны золак пры захадзе сонца — мы ведалі, што надвор’е пагаршаецца. Чырвоныя воблакі — будзе вецер.
    А яшчэ ж неба — гэта вясёлка. Калі яна пасля дажджу знікае хутка — можна чакаць яснага надвор’я. Калі стаіць доўга — на непагадзь. Непагадзь таксама прадказвала і вясёлка, якая расквецілася з самай раніцы. А як пасля абеда — сушы сена. З’яўляюцца дзве ці тры яркія вясёлкі адразу — дождж будзе зацяжны. I зоркі — зноў жа неба. Калі яны зімою зыркія і яркія — чакай марозу, а як мігцяць — будзе непагадзь.
    I па pace мы вызначалі надвор’е. Ведалі, калі ноччу выпала шмат расы — будзе яснае надвор’е. Калі ж на досвітку няма ні расы, ні туманаў — рыхтуйся да дрэннага надвор’я.
    Можа, мы самі дайшлі да гэтага, а можа, нейкім чынам успомнілі тое, што ведалі прашчуры, аднак не сумняваліся, што калі летам шуміць лес — набліжаецца непагадзь, яліна падымае галіны — перад дажджом, снег прыліпае да дрэў — будзе цеплыня.
    Вераб’і хаваюцца ў хвост — перад завірухай, вароны кідаюцца то ўверх, то ўніз — уначы будзе мяцеліца, кошка мыецца, ліжа лапы — да цяпла, гарачыні.
    Дым з коміна сцелецца без ветру — да снегу, а дровы ў печы ніяк не хочуць разгарацца — да адлігі.
    На дождж — жабы моцна квакаюць, ластаўкі лятаюць нізка над зямлёю ці над вадою, пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і незадаволена гудуць!
    Зімовыя воблакі нізкія — да сцюжы, пушысты іней — да добрага надвор’я, дровы ў печы аж гудуць у коміне — да буры.
    3-пад зямлі вылез крот — быць дажджу, прыляцелі птушкі, але не шчабечуць — яшчэ будзе холадна, з’явіліся на вадзе шырокія лісты белага гарлачыка — замаразкаў болей не будзе.
    Вось такім пасля доўгіх назіранняў мы ўбачылі прылёт нашых птушак: жаўранак прылятае на праталіну, шпак — на прагаліну, журавель — з цяплом, а ластаўка — з лістом.
    Ды тут жа расказана ўсё пра вясну!
    Мы былі ўпэўнены: студзень мяце — ліпень залье, сена добра пахне — ноччу дождж ахне, глухі гром — да ціхага дажджу, воблакі ідуць супраць ветру — перад вялікім снегападам.
    «Дождж, як госць,— казалі мы,калі раніцай прыйшоў — доўга не затрымаецца, а калі з’явіцца папаўдні — начаваць застанецца».
    Калі конь часта фыркае ўвесну — перад дажджом, а калі ўзімку — перад мяцеліцай.
    Пчолы шчыльна ляток канапацяць воскам — зіма суровай і халоднай будзе.
    Так мы, бачачы іх руплівую працу, робім для сябе высновы, што зіма будзе цяжкай. А вось адкуль ведаюць пра гэта яны?
    Народная метэаралогія дапамагала нам жыць і працаваць. Дзякуючы ёй мы ведалі, калі сеяць і араць, калі касіць і жаць, калі апранацца цяплей і лезці грэцца на печку.
    3 яе дапамогаю наш і так нармальны клімат рабіўся яшчэ больш памяркоўным для нас.
    Дарэчы, а ці можна наш клімат узнавіць, намаляваць?
    А ці ёсць у нашым жывапісе хоць якія-небудзь памкненні напісаць клімат Беларусі?
    Ёсць! I не толькі памкненні, але і здзяйсненні.
    Наш клімат пісалі ледзь не ўсе беларускія мастакі — у каго з іх няма цудоўных палотнаў, на якіх усе нашы часіны года: вясна, лета, восень, зіма!
    Як любіць зіму і снег народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў! Яго зіма і яго снег — жывыя: яны адчувальныя нават на дотык вачэй.
    Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля здолеў напісаць на сваіх палотнах такі туман, таямніцу якога мастакі і мастацтвазнаўцы не могуць разгадаць і да гэтага часу.
    А дажджы? Ці пісалі іх нашы мастакі? Пісалі і плённа. Іх, вядома ж, цяжка пісаць, але можна.
    А вецер? He, вецер, здаецца, намаляваць немагчыма, бо ён — не злоўлены яшчэ нікім. Зловіш, а гэта ўжо не вецер. Пазіраваць ветры не ўмеюць!
    Можна намаляваць толькі тое, што засталося пасля яго, ветру. Што і зрабіў мастак Уладзімір Савіч. У яго ёсць цэлы цыкл, прысвечаны ветру. Карціны так і называюцца: «Вецер, які раззлаваў птушак», «Дай імя ветру», «Дзверы для ветру».
    Але ж на палотнах не сам вецер. А тое, што ён пакінуў пасля сябе. Да прыкладу, раззлаваных птушак. Прыглядзешся, а гэта ўжо не птушкі, а жанчыны. I яны раззлаваныя таксама. Ад ветру застаўся толькі яго рух.
    I беларускія пісьменнікі таксама ў вершах і прозе напісалі свой клімат: буры, навальніцы, дажджы, перуны, замаразкі, снягі, маразы, ліўні...
    Напісалі і вецер. Як ён упіраецца, калі дзьме насустрач табе, і як падпіхвае ў спіну, калі ідзе за табою. I які ён пяшчотны бывае — таксама напісалі.
    Пісьменнікі ўзнавілі вецер словам. I гэта ў іх атрымалася, хоць само слова, здараецца, такое ж няўлоўнае, як і вецер...
    НАША ФЛОРА
    Сенполіі, аканіты, кампанулы, дахліі... Зразумела, наша флора — найперш яны, нашы краскі. Праўда, у нас гэтыя кветкі называюцца па-іншаму: фіялкі, боцікі, званочкі, вяргіні. Гладыёлусы для нас касачы, календула — наготкі, флёксы — панскі вечар. Есць у нас кветкі залатыя шары і бабіна лета.
    Агаткі маюць аж некалькі сваіх, родных і цудоўных назваў: пух, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі... Некаторыя кветкі, якія па-рознаму і даўно трапілі ў нашы яшчэ старажытныя палісаднікі, ужо і самі не памятаюць, адкуль іх прывезлі на Беларусь — з Мексікі ці з Маньчжурыі, з Еўропы ці з Паўночнай Амерыкі, з Афрыкі ці з Аўстраліі. Яны ў нашых палісадніках, пад нашымі вокнамі, увесь час перад нашымі вачамі — значыць, нашы.
    А наша ружа? Так, так — наша ружа!
    Яна ж — царыца кветак. Кветка ўсіх часоў і народаў. Свяшчэннаю ружа лічылася ў Персіі, Грэцыі, Рыме. Персію яшчэ называлі Гюлістанам — што ў перакладзе азначае: Ружавы Сад. Індыйская легенда расказвае, што Лакшмі, багіня кахання і ўрадлівасці, з’явілася з бутона ружы. Ружа — яе калыска, сімвал Боскай таемнасці.
    Гладыятараў-пераможцаў у Рыме віталі дажджом з руж, упрыгожвалі вянкамі з гэтых цудоўных кветак! Патрыцыі засыпалі сваіх каханых ружамі, а патрыцыянкі купаліся ў ружавай вадзе.
    Ружа — кветка кахання. Каханне ж — сусветная радасць. I наша таксама. Таму ружа — вельмі шаноўная кветка і ў нас.
    У невялікім нямецкім гарадку Гільдэсгейме жыве ружа — самая старажытная кветка ў Еўропе. Ёй ужо тысяча гадоў, a яна ўсё яшчэ цвіце.
    У нашым Цэнтральным батанічным садзе растуць і квітнеюць 54 віды і 850 гатункаў руж. На нашых землях, накрытых Чарнобылем, ружы чамусьці ператвараюцца ў шыпшыну... Мусіць, без ласкі і ўвагі чалавека. А яны ж, ружы і чалавек,— як адно цэлае.
    Памятаю, як я здзівіўся, узрадаваўся, калі на Каўказе сустрэў наш родны трыпутнік, які расце ў нас амаль на кожнай сцежцы: яго топчуць, а ён расце. I выкідае, уздымае высока над сабою, бессцябловы, па-свойму шыкоўную кветку. Я спрачаўся, даводзіў, што трыпутнік наш, а мне адказвалі: і наш таксама. Расліны — сусветныя вандроўнікі. I сусветныя жыхары таксама.
    Да чаго ўжо здаецца нашым палын, ці не самая горкая расліна, у якой нашы продкі шукалі здароўя і якую заўсёды вешалі мы перад уваходам у хату, верачы, што яна ахоўвае і засцерагае нас ад злых духаў. А палын жа шанавалі яшчэ ў Старажытным Рыме — сокам з палыну ўзнагароджвалі пераможцаў спаборніцтваў, ведаючы, што трава — лекавая, што яна вяртае атлетам страчаныя сілы. I старажытныя грэкі лічылі палын раслінай здароўя.
    Наш часнык, які любілі і паважалі нашы дзяды і прадзеды, аказваецца, шанавалі фараоны — яны змушалі рабоў, якія будавалі піраміды, штодзённа есці яго, а рымскія легіянеры і воіны Старажытнай Грэцыі былі ўпэўнены, што часнык зробіць іх магутнымі і харобрымі, а таму елі яго перад боем. Яшчэ ў Вавілоніі 4500 гадоў назад ведалі гэтую «нашу» траву, садзілі і вырошчвалі яе, лячыліся ёю. Елі падчас чумы і халеры.
    I явар — такая ўжо беларуская расліна. А яна ж татарская. Яна — крыніца дзівосных усходніх водараў. Зацукраныя карані аеру — вядомая турэцкая слодыч.
    Ды і пасадзілі нам гэтую траву нашчадкі Чынгісхана. Яны ведалі, што явар ачышчае ваду, бралі яго з сабою ў паходы. Там, дзе пілі самі, паілі сваіх коней, воіны спярша кідалі ў нашы рэкі і азёры аер з жывымі карэньчыкамі. Расліны
    прыжыліся і зрабіліся нашай травою: цяпер цяжка распазнаць у іх чужаніцаў.
    А ў нас каля возера Свіцязь захаваліся рэліктавыя віды воднай расліннасці — лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднаколерны, азёрны палушнік, якія сустракаюцца толькі на востраве Ява. Адкуль і як яны з’явіліся на Беларусі?!