• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Таму мастак Мікола Кузьміч не пашкадаваў пяці гадоў цяжкай працы, каб узнавіць Жыватворны Крыж Святой Еўфрасінні.
    Таму працу па стварэнні крыжа блаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, які потым зрабіў паломніцтва ў святыя мясціны, адкуль былі дастаўлены ў нашу краіну для копіі крыжа часцінкі Крыві Хрыстовай і мошчаў пакутнікаў, а таксама камень ад Труны Гасподняй і Маці Божай.
    Але ж гэта — копія. Усяго толькі муляж нашай святыні. A нам патрэбна сама святыня!
    Хочацца выказаць тут, можа, крыху нечаканую думку: то ж добра, што ўкралі наш Жыватворны Крыж! Згублены Крыж — гэта наша надзея. Знойдзены — гэта наша святыня. Будзем жа шукаць, каб знайсці яе! Бо наша краіна, наша Беларусь будзе жыць, пакуль ёй ёсць што шукаць і ёсць што знаходзіць!
    НАШЫ ВЯТРЫ, ДАЖДЖЫ, МАРАЗЫ
    Пачнем з анекдота.
    Вярнуўся афрыканец, які вучыўся ў Беларусі, дадому. У яго пытаюцца:
    — Ну, як там мясцовыя зімы?
    — Тыя, каторыя зялёныя,— адказвае ён,— гэта яшчэ нічога, можна цярпець, а каторыя белыя — уй-юй-юй!
    Мы ж на сваё надвор’е асабліва не наракаем — яно ў нас памяркоўнае ці, як кажуць, умерана-кантынентальнае: ні ў свае зялёныя «зімы», ні ў белыя мы ніякіх «уй-юй-юй!» не заўважаем.
    Праўда, часам і ў нас бываюць лютыя маразы і невыносныя спёкі. Гэта калі прарываецца ў наш край трапічнае паветра ці дыхне на Беларусь сваім халодным подыхам Арктыка. Тады наша лета можа прагрэцца да 38 градусаў цяпла, а зімою ахаладаць да 44 градусаў марозу. Як гэта было зафіксавана зімою 1940 года на станцыі Лужасна ў Віцебскай вобласці.
    Самы цёплы наш месяц — ліпень, самы халодны — студзень. Аднак звычайна і яны памяркоўныя — сярэдняя тэмпература ліпеня да 18 градусаў цяпла, а студзеня — каля 9 холаду. Але ж здараюцца і ўзімку ліўні, а летам часам выпадае снег.
    Які ж ён, клімат Беларусі?
    Само слова «клімат» — грэчаскае. Яно перакладаецца літаральна як «нахіл» — нахіл зямной паверхні, на якой размясцілася наша краіна, да сонца, да сонечных прамянёў. Наш клімат робіць найперш сонца. А дакладней — сумарная колькасць сонечнай радыяцыі, якую атрымліваюць нашы палі, лугі, рэкі, азёры, лясы...
    Кліматычныя ўмовы Беларусі залежаць ад нашага геаграфічнага становішча. Мы знаходзімся ва ўмераных шыротах. У нас адсутнічаюць высокія горы, мы далекавата знаходзімся ад Атлантычнага акіяна, які называюць кухняй надвор’я ў свеце.
    Наш клімат фарміруецца сонцам, нашай зямлёй і агульным рухам атмасферы.
    Нашы вятры, дажджы, маразы, спёкі, замаразкі, засухі, туманы, буры, ураганы, град, снягі, смерчы, паводкі, віхры, высокія і нізкія тэмпературы — усё гэта і ёсць наш клімат.
    Вецер — гэта, як сцвярджаюць даведнікі, усяго толькі рух паветра над зямной паверхняй. Тая ж самая цыркуляцыя атмасферы.
    Зімою найчасцей над Беларуссю дзьмуць паўднёва-заходнія і заходнія вятры, а ўлетку — паўночна-заходнія і тыя ж заходнія. Зімнія вятры слабейшыя, чым летнія.
    А вясною па Беларусі гуляюць вятры ўсіх напрамкаў. Уся ружа вятроў!
    Якраз заходнія вятры, якія больш за ўсё ходзяць па Беларусі на працягу года, прыносяць нам умеранае, цёплае
    атлантычнае паветра — там жа Гальфстрым! Марское паветра нясе воблакі, туманы, ападкі ў выглядзе дажджу і снегу, павышэнне тэмпературы нават зімою.
    Арктычнае паветра даходзіць да нас з цыклонамі, якія рухаюцца на ўсход і паўднёвы ўсход. Тады нават летам рэзка халадае, з’яўляюцца парывісты вецер, вялікая воблачнасць.
    Трапічнае паветра, прынесенае на крылах вятроў, што дзьмуць таксама на паўднёвы ўсход, павышае тэмпературу, робіць сухім паветра летам і моцныя адлігі зімою.
    Чамусьці над нашай зямлёю часцей за ўсё дужаюцца цыклоны і антыцыклоны, а мы тады да свайго незадавальнення маем няўстойлівае надвор’е.
    А яшчэ ж вецер — гэта бура, віхор, шквал. Смерч — гэта калі хуткасць ветру дасягае 50—100 метраў у секунду. Але ж і штармавы вецер 20 метраў у секунду можа нарабіць бяды.
    Самым бяскрыўдным здаецца нам віхор. Хоць ён і малодшы брат смерча. Хоць і ён, як разыдзецца, можа патаптаць наша жыта, a то і падняць з зямлі чалавека, нават у трактары, і ўпусціць потым з вышыні са сваіх абдымкаў.
    Мы віхор недалюбліваем. Нават у сне яго не хочам бачыць. А калі ўбачылі — то нас быццам бы чакаюць клопаты, неспакой, сварка, бойка. А калі сасняць віхор дзяўчаты — ім кажуць, што да іх прыйдуць у сваты чэрці.
    Бура ў Мінску ў жніўні 2002 года вырвала з карэннем 123 дрэвы, якія, падаючы, раздушылі чортаў тузін легкавых аўтамашын. А ўжо ўраган 2005 года ў тым жа Мінску паваліў 1000 дрэў і паламаў яшчэ болей легкавікоў. А колькі нашых палеткаў паклаў, павытаптаў ён!
    Шквалісты вецер, які гуляў па Беларусі годам раней пашкодзіў 191 вёску на Брэстчыне, адключыў ад электраэнергіі 267 вёсак на Міншчыне, нават сарваў 20 лістоў ацынкаванай бляхі з царквы ў вёсцы Буйнавічы на Магілёўшчыне. Іншым разам ураган, які нядоўга сваволіў па Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях у 61 вёсцы садраў дахі з 70 хат і каля сотні сельгаспабудоў, фермаў.
    Вельмі моцны ўраган, які ўварваўся ў самы вядомы ў Еўропе наш лес — у Белавежскую пушчу — нарабіў там столькі клопату, разбірацца з якім нам давялося цэлы год.
    Ён валіў-ламаў, як саломіны, выварочваў з карэннем векавыя, стагадовыя, дзвесцегадовыя, трыстагадовыя дрэвы. Сосны, елкі, ясені, нават маладыя дубы. Неба адразу стала цёмнае — ад сарванай з дрэў і паднятай у паветра хвоі. Усё так грукатала і грымела, быццам зусім нізка пралятала цэлая эскадрылля самалётаў.
    Ураган «працаваў» усяго толькі тры хвіліны. За гэты час ён праклаў па пушчы палосу шырынёю 300—400 метраў і даўжынёю ў чатыры з паловаю кіламетры.
    Усяго за тры хвіліны ў Белавежскай пушчы загінула 180 гектараў рэліктавага еўрапейскага лесу.
    Але цар-дуб, сямісотгадовы старажыл пушчы, не скарыўся стыхіі — з яго ўрагану ўдалося адламаць толькі дзве вялізныя галіны. Засталася жывою і беларуская цар-сасна.
    Усяго тры хвіліны. I столькі бяды.
    Вось такую сілу і такі голас часам маюць нашы ўраганы.
    Калі з месцаў высокага ціску паветра перамяшчаецца туды, дзе болып нізкі ціск.
    Але ж нашы вятры нярэдка, нават часцей за ўсё бываюць і ласкавымі-ласкавымі. Як кацяняткі. Тады мы іх ледзь улоўны павеў адчуваем тварам — вачыма, шчокамі, вуснамі. А калі вятры пяшчотныя — на іх нам ніяк не нацешыцца: яны і пагладзяць, і абдымуць, і прыгалубяць.
    У нас шчасліваю лічылася тая сям’я, у якой ад гаспадыні, якая паліць у печы, пахне дымам, а ад гаспадара, які працуе ў полі, пахне ветрам.
    Мы задобрывалі свае вятры, каб яны не ленаваліся круціць нашы ветракі, прыганялі на нашы палеткі статак дажджлівых воблакаў, а пры пажарах — сціхалі, сцішваліся.
    Свае моцныя дажджы беларусы называюць ліўнямі, ці залеваю, некаторыя з іх для нас каплюны, ці церабуны, a цёплыя, імжыстыя, шапатлівыя — гэта нашы грыбасеі.
    Так, дажджы — нашы сейбіты! Яны сеюць не толькі грыбы. Пра ціхі, спакойны дождж мы гаворым, што ён кладзе нам у грады золата. I правільна гаворым — пасля такіх дажджоў і ў градах, і на полі, і на лузе ўсё расце і бучнее!
    Недарма нашы продкі-язычнікі дождж лічылі нябесным малаком, якое поіць зямлю і ўсё, што на ёй расце. I яшчэ мы
    верылі, што дождж — гэта Божая раса, якая змывае з чалавека ўсе грахі, хваробу і нават сум.
    I ўвогуле, верылі мы, дождж — гэта наша багацце, наша шчасце.
    Робім мы ў дождж вяселле — будзем шчаслівыя. 3 дажджом засяляемся ў новую хату — будзем багатыя. Выбіраемся ў дождж у далёкую дарогу — значыць, наперадзе нас чакае толькі ўдача.
    Але ж ёсць у нас яшчэ і дождж з градам. Такі дождж — вораг нашага хлебасея. Бо можа за лічаныя хвіліны пабіць, знішчыць, вымалаціць усё, што мы так цярпліва і клапатліва вырошчвалі, пра што так рупіліся.
    Дождж з маланкай, громам і перунамі — гэта ўжо навальніца. Маланка і гром палохалі нас, а перуны прыносілі адны засмучэнні: пярун падпальваў нашы хаты, нашы свіраны, нашы хлявы, забіваў вельмі дарагіх для нас кароў і коней, a то квапіўся і на нас саміх. Нягледзячы на тое што мы крыху і ведалі ўжо, як ад яго ратавацца: у лесе — ніколі не садзіліся пад высокае дрэва, а на полі ўкленчвалі там, дзе стаялі, дзе заспела навальніца.
    Самаю страшнаю для нас бывае вераб’іная, ці рабінавая, ноч, якая буіпуе недзе ў сярэдзіне жніўня, калі ў ёй збіраецца зараз столькі перуноў, маланак і грому, якім аж цесна не толькі ў небе, але і на зямлі. У тую ноч мы завешваем усе вокны, каб хоць не бачыць гэтага жаху.
    За лета ў нас бывае 25—30 дзён з навальніцамі.
    Нашы дажджы — гэта нашы воблакі. Колькі яны падымуць вады ўвышыню, столькі потым і выльюць на нас.
    Туманы — гэта таксама нашы воблакі. Тыя, што ў нас пад нагамі. На траве і на вадзе. На Беларусі за год здараецца да 100 дзён з туманамі.
    Нашы воблакі зімою засцерагаюць зямлю ад выхалоджвання, а летам — змяншаюць награванне яе ад сонечных промняў.
    У нас пераважае пахмурнае надвор’е — колькасць воблачных дзён на Беларусі вагаецца ад 135 на поўдні да 175 на поўначы.
    Над нашай зямлёй часцей за ўсё бывае нізкая воблачнасць. Якраз тая, якая дае нам дажджы. Значыць, вільгаці
    нам хапае, і таму Беларусь адносіцца да краін дастатковага ўвільгатнення.
    Аднак наша вада размяркоўваецца не заўсёды раўнамерна: у адным месцы нашы пасевы вымакаюць, а літаральна побач, кіламетраў за дваццаць, яны выгараюць ад засухі. Самым мокрым месцам на Беларусі сіноптыкі называюць Наваградак.
    Бывае здараюцца ў нас і паводкі. He толькі вясновыя ці асеннія, але і летнія. Гэта тады, як ідзе шмат дажджоў. Калі за кароткі час выпадае месячная, a то і болыпая норма ападкаў. Калі ўзроўні вады ў рэках падымаюцца да двух метраў. Самы наш даждлівы месяц — ліпень, калі дажджы здараюцца праз дзень.
    Шчодрыя ападкі нараджаюць нашы паводкі. Летам ад вялікіх дажджоў, узімку — пры адлігах. Адзін-два разы за лета і восень. Яны здараюцца на Бугу, Бярэзіне, Сажы, а на Нёмане — па 5-6 разоў у год.
    Аднак самымі мнагаводнымі ўсё ж бываюць нашы веснавыя паводкі. Гэта калі ў нашых паўночных рэках вада раптам падымаецца да 0,5—1,5 метра ў суткі. Калі на Палессі прытокі Прыпяці — Піна, Ясельда, Стыр, Гарынь — зліваюцца ў адзінае суцэльнае мора. Калі па вуліцах Гомеля, прылеглых да Сожа, плаваюць на лодках. Калі перапаўняецца Бярэзіна ля Барысава, а Дзвіна затапляе Верхнядзвінскі ды Шаркаўшчынскі раёны. Калі экстрэмальная сітуацыя ўзнікае на Бугу і Нёмане. Аднак часам палохаюць нас і засухі. У асобныя гады нашы палі па 20—30 сутак не бачаць ні кроплі дажджу. А ў Мінску ў жніўні — верасні 1951 года ападкаў не было аж 50 сутак...