У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Нават пасля смерці мы даверліва кладзёмся ў яе — мякенькую, родненькую...
Зямля — святая для нас. I мы, змушаныя пакідаць яе не па сваёй волі, бярэм з сабою жменьку роднай зямлі — так спакайней, надзейней нават на чужыне.
Зямля — наш абраз. I мы молімся на яе.
Зямля дае нам і хлеб, і сілу. Мы кланяемся ёй, а калі ідзем араць і сеяць, збіраемся на жніво,— апранаем самую чыстую, самую святочную вопратку.
Бо і зямля — наш бог...
Калі яна спіць — стараемся меней трывожыць яе. Калі квітнее — ад радасці гатовы ўсю яе пакласці сабе за пазуху.
Яна, наша зямля, малаплодная, гліністая, пясчаная, сугліністая, балоцістая — наша святыня. 3 садамі і без іх, з рэкамі-азёрамі і без рэк-азёраў — святыня. 3 буйным коласам на ніве і з пабітым градам калоссем — святыня.
Бо зямля — гэта яшчэ месца, дзе стаяць спрадвеку нашы хаты, моцна трымаючыся за глебу ці траву вугламі ды падмуркамі. Бо яна, зямелька наша,— гэта яшчэ наш край, наша краіна, наша Дзяржава.
I мова — таксама наша святыня. Бо яна ў душы і ў сэрцы. Адабраць часова яе можна, а ўкрасці, прысвоіць — нельга, немагчыма.
Мова — адзін з найважнейшых элементаў для стварэння любой дзяржавы. Як сказаў філосаф, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан: «Нацыя далучаецца да вечнасці праз сваю мову і культуру, сімвалічна выяўленую ў нацыянальнай мове».
Мову, як і ўсе святыні, нельга абражаць. Бо яна вечная і абавязкова ўспомніць некалі пра любога свайго крыўдзіцеля.
А нашы сімвалы? Гэта Сафійка, Сафійскі сабор у Полацку, гэта Наваградак і наша слынная рака Нёман. Канечне, і Дняпро, і Дзвіна, і Прыпяць — таксама наш скарб. Але ж Дняпро пачынаецца ў Расіі і заканчваецца на Украіне, Дзвіна нараджаецца на Валдаі і цячэ ў Балтыку, ГІрыпяць пачынаецца на Украіне і заканчваецца на Украіне, хоць прыўзняўшыся на Беларусь амаль цалкам аддае сябе нам. А Нёман пачынаецца ў нас. 3 нашых чыстых крыніц, блакітных азёр, з нашых шапаткіх дажджоў, з нашай расы. Ен зноў жа — наш сімвал.
Сімвал — ды яшчэ які сімвал! — наша гістарычная рака Няміга. Яе няма, але яна ёсць! Мы, няўдзячныя, пазбавілі яе сонца, травы, ветру. Усяго таго, без чаго ракі не бывае. Мы загналі яе ў трубы. Яна — рака-вязень. Цяпер гэта маленькі ручаёк, булькае недзе ў нас пад нагамі ў Мінску і выцякае ў Свіслач. Як нейкая каналізацыйная вада.
А яна ж, гэта рака, вядомая спакон веку. Яе помняць стагоддзі. Памятаеце: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі». На ёй ваявалі, за яе паміралі нашы дзедзічы.
Думаецца, што ўрэшце і мы ўспомнім, што яна — наш сімвал, і пакажам Нямізе і яе рэчышча, і яе траву, і неба ды сонца над ёю.
Бо святыні таксама могуць не паважаць тых, хто з непавагаю адносіцца да іх.
Сярод жывёл сімвалам Беларусі, вядома ж, з’яўляецца магутны цар беларускіх лясоў, гаспадар Белавежскай пушчы яго вялікасць Зубр.
Гэты асілак пакідае тыя лясы, дзе яго перамагаюць ашуканствам — ён прызнае толькі сумленныя паядынкі: сіла і адвага ворага павінна быць намнога большая за ягоную.
Ен п’е толькі чыстую ваду.
Любы, нават самы моцны боль, зубры пераносяць без адзінага гуку — моўчкі.
Наш паэт Мікола Гусоўскі, расказваючы папу Льву X у Рыме пра паляванне на зубра, крыху і перабольшваў яго моц і сілу:
Волатным целам сваім ён настолькі вялікі, Што, калі раняць смяротна і ранены ўкленчыць, Трох паляўнічых садзіцца ў яго між рагамі...
Дык каго ж яшчэ між жывёл, калі не гэтага равесніка маманта, выбіраць нам у свае сімвалы?!
Сярод птушак, вядома ж, сімвал Беларусі — наш бусел. «Зямля пад белымі крыламі» — гэта пад крыламі бусла. «Белы бусел ляціць над Палессем, над ціхім жнівом» — гэтая песня таксама пра нас і пра яго.
Буслы любяць нашы дрэвы і нашы хаты — і на тых, і на другіх бацяны ладзяць свае буслянкі. Як прыгожа выглядаюць іх буслянкі на нашых стрэхах! Мы верым: яны ратуюць нашы хаты ад маланак і перуноў.
У нашай краіне штогод выбіраецца самая нашая птушка птушкаю года. I не дзіва, што першаю такою птушкаю-сімвалам быў асвечаны белы бусел. Потым была пліска, альбо сітаўка. Тая, што нібыта спявае хвосцікам. Ці то дырыжыруе сама сабе: хвосцік уверх-уніз, уверх-уніз. Пасля амялушка. Птушкаю Беларусі 2003 года абраны верабейка, 2004 — лас-
таўка, 2005 — кнігаўка.
Верабей — крыху скандальны, крыху задзірысты, дужа гарэзлівы, вельмі шумлівы. Прыляцеў ён да нас аднекуль з Міжземнамор’я, ды так і застаўся з намі назаўсёды. Нават у вырай не ляціць — і зімуе каля нашых хат. Так спадабалася яму Беларусь. Скок-скок-скок... Пырх-пырх-пырх...
Гняздуецца ён толькі ля хат. Харчуецца насеннем раслін, палыну, трыпутніку. Любіць тыя расліны, якія не вытоптваюцца. I Беларусь, можа, любіць таму, што яна, знаходзячыся на ўсіх скрыжаваннях Еўропы, таксама не вытоптваецца...
Які ж ён наш, беларускі, гэты верабейка!
3 раслін беларускім сімвалам стаў васілёк. Сінявокі, як і мы, беларусы. Сінявокі, як і нашы азёры. Памятаеце: «I тчэ забыўшыся рука заміж персідскага узора цвяток радзімы васілька».
У жыце — гэта пустазелле. На лузе — гэта трава. А для нас — радасць.
Валошка... Старажытны сімвал Беларусі.
I яшчэ наша святыня — зерне. Звычайнае зернетка. Звычайны колас. Бо як сказаў Максім Танк, «Коласу — вырасціць жменю зярнят».
Да нашых святынь хочацца аднесці каня і карову. Бо гэта — наш скарб. А кожны скарб ужо сам па сабе і ёсць святыня.
А той старажытны чатырохметровы човен, які ляжыць у глыбіні, на дне ракі Шчара? Сімвал гэта ці не? Яму не менш як трыста гадоў. Ляжыць у іле і вадзе — і як новенькі. A падымі на сонца і паветра — увачавідкі спарахнее.
He чапайце нашых сімвалаў! Каб не спарахнець!
«Пагоня» — старажытны наш сімвал, гістарычны знак з выяваю конніка з занесеным над галавою мячом.
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла пра пагоню пісаў у сваім прывілеі:
«У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён не быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю».
Значыць, «Пагоня» — сімвал абароны Бацькаўшчыны. Яшчэ ў XIII стагоддзі «Пагоня» зрабілася сімвалам на беларускіх землях.
«Пагоня» была на 30 з 40 харугваў войска ВКЛ, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве.
Статут ВКЛ 1566 года юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «Пагоня» за этнаграфічнымі беларускімі землямі.
3 19 верасня 1991 года па 7 чэрвеня 1995 года «Пагоня» была дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь.
Цяпер у нас новы герб. Ен амаль цалкам паўтарае герб БССР, якая ўваходзіла ў свой час у Савецкі Саюз. 3 некаторымі адрозненнямі: замест сярпа і молата ў промнях узыходзячага сонца з’явіліся абрысы нашай краіны, ды чырвоныя стужкі заменены на чырвона-зялёныя, і з іх зніклі словы: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»
Такі наш дзяржаўны сімвал сёння.
Нашы галоўныя сімвалы: герб, сцяг, гімн.
Нашы святыні — храмы, мошчы святых, намоленыя абразы. Кожная ікона ў кожным храме — святыня. I дакрануцца да іх душою — ужо знайсці сваё апірышча ў жыцці.
А міфалагічным сімвалам Беларусі была, ёсць і застаецца назаўсёды папараць-кветка.
Пра яе наша энцыклапедыя піша:
«Папараць жаночая, качадыжнік жаночы, папараць сямейства многаножкавых. Расце ў сырых лясах па ўсёй Беларусі. Спораносіць у сярэдзіне лета... Карэнне кароткае... Чаранкі ліста лускаватыя... Пласцінкі тонкія...»
Такая, здавалася б, звычайная расліна. I гэта — наш сімвал? Сімвал, ды яшчэ які!
Ужо тысячагоддзі мы пераконваем сябе, што адзін раз на год, у ноч на Купалле, у самую поўнач гэтая не вельмі самавітая расліна зацвітае такою прыгожаю і агністаю кветкаю, якая асвятляе ўвесь лясны гушчар. Лічылася, што той, хто адшукае і сарве тую кветку — а гэта, вядома ж, павінен быць адважны і сумленны чалавек,— робіцца празарліўцам: ён пачынае разумець гаворку дрэў, травы, птушак, звяроў, a зямля яму тады адкрывае ўсе свае скарбы.
Мы кажам, што хтосьці бачыў яе, што камусьці яна ўпала ў лапаць, калі ён ноччу шукаў у лесе згубленага каня. Але ўсё гэта толькі наша насалодная мана.
Папараць не цвіце! Ніколі не цвіла, не цвіце і ніколі, хутчэй за ўсё, не зацвіце.
Мы ведаем пра гэта, злуемся на гэта, але самі ўсё роўна настойліва і ўпарта шукаем тую кветку.
Бо ў гэтым павер’і — наша мара пра шчасце.
I шчасце кожнага з нас паасобку, і шчасце нашай краіны — Беларусі.
Бо нашых нацыянальных каштоўнасцей на Беларусі засталася толькі дзясятая частка. Усё астатняе знаходзіцца ў іншых гарадах і краінах — у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Кракаве, Вільні, Кіеве, Львове. Наша зямля ўваходзіла ў склад іншых дзяржаўных утварэнняў і таму большасць нашых скарбаў і рэліквій забіралася ў сталіцы гэтых дзяржаў.
Няхай жа вечна нашай будзе кветка — папараць!
I зноў жа вернемся да Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Мы шукаем яго. А пошукі згубленай святыні заўсёды яднаюць нацыю. Нават ствараюць яе.
Кажуць, што наш полацкі Крыж быццам бы знаходзіцца ў Маскве — у нейкіх запасніках нейкага музея. Ці то ў Піцеры, у Эрмітажы. Ці, можа, у сховішчах Уфы альбо Самары.
Кажуць, што калі яго прывезлі ў сталіцу, Лаўрэнцій Берыя, разумеючы, якую ён каштоўнасць бачыць, аж прыцмокваў языком.
Кажуць нават, што наш Крыж захоўваецца дзесьці ў ЗША ў сейфе Перапонта Моргана. Кажуць, калі прадстаўніку гэтай багатай сям’і перадавалі паперу з пытаннем пра Крыж, у таго затрэсліся рукі.
I ляжыць ён недзе ў схове, але той, хто ўкраў, не можа ім пахваліцца — быццам і не мае ён нашай каштоўнасці.
А мы — маем. У душах і сэрцах маем.
А цяпер — яшчэ і ў копіі: гэты шэдэўр Богшы, узноўлены мастаком з Бярэсця Міколам Кузьмічом, вернуты ў Полацк. 3 нагоды асвячэння Жыватворнага Крыжа Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, у гэтым старажытным горадзе прайшлі ўрачыстасці, адбылося пасяджэнне Сінода Беларускай Праваслаў-
най Царквы. У Полацкім Богаяўленскім саборы мела месца ўрачыстая служба, а ў Крыжаўзвіжальным саборы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра адбыліся літургія і пакланенне крыжу.
Другое нараджэнне Крыжа Еўфрасінні Полацкай, здаецца, з’яднала ўсе пласты насельніцтва Беларусі, нашы рэлігійныя і свецкія ўлады. Мы нарэшце зразумелі: каб пабудаваць сваю дзяржаву, нам патрэбны свае святыні.